Хутка набягаючая цемра, суправаджаная хмарамі і восеньскім дажджом, спыніла кровапраліцце да новага дня.
Дзень дрыгавічы выйгралі.
На Івезі, на рэштках старажытнага гарадзішча, увесь гэты час, без перадыху, кіпела цяжкая праца, у якую ўцягнуліся старыя і малыя. Зробілі шмат. Спачатку цягалі з ракі ладдзі. Самыя вялікія прыйшлося разрубваць на кавалкі. Іх клалі па краю амаль круглай пляцоўкі сярод маладых яшчэ дрэў, што выраслі пасля пажару, які знішчыў не толькі лес, але і сляды пабудоў апошніх карыстальнікаў гарадні, якія сышлі адсюль невядома калі. Потым валілі дрэвы, укопвалі засекі. У прамежкі клалі чоўны. У сярэдзіне гарадзішча дрэвы пакінулі, каб служылі прыкрыццём ад стрэл для жывёлы і дзяцей. Потым валілі дрэвы перад гараднёй і цягалі іх уверх, нарошчвалі завалу. Пакінулі толькі адзін выхад, у кірунку лугавіны і недалёкага хваёвага бору. З бярвенняў па-хуткаму зрабілі моцную браму. Ад цяжкай працы людзі падалі без сілаў, але Комань нікому не даваў адпачываць да самай ночы.
Падвечар з Маўчады пачалі прывозіць параненых і забітых. Над Івеззю пачуліся жаночы лямант і пранізлівы дзіцячы плач. Комань з ганцом паслаў Лошну загад адыходзіць, мяркуючы, што пакуль мазоўшы падыйдуць, у іх яшчэ будзе поўдня. Лош пакінуў груды толькі зранку. Ён усю ноч імітаваў падрыхтоўку да абароны, прымушаючы сваіх папераменна стукаць сякерамі па дрэвам. Перад ранкам адаслаў ваяроў на Івезь, каля сябе пакінуў лёгкі човен і дзвух моцных грабцоў. Яны сышлі з завалы толькі тады, калі мазаўшане пачалі новы напад, выдаткаваўшы пэўны час на яго падрыхтоўку.
Ліўцы з воклічамі забеглі на пажаданы адхон, размахваючы мячамі, але ваяваць не было з кім.
― “Дасталі мяне гэтыя дрыгавічы!” ― моўчкі злаваўся Спіслаў, ― “Ізноў сышлі некуды! Маглі б выйсці на адкрыты бой, дзе усё вырашылася б за нейкую частку дня. Дык не, ганяйся за імі па лясам ды балотам! І самыя яны цягучыя, нібыта іхняя дрыгва!” ― кіпела нутро конязя, ― “Што ж на гэты раз прыдумалі? Але я ад вас не адчаплюся. Толькі літасці ўжо не будзе ― столькі ваяроў забілі або папсавалі!”
Глава 41.
У прусах
Яцвяскае войска доўга яшчэ стаяла ў баявым парадку, назіраючы за сыходам памаран. Толькі пад вечар, разаслаўшы выведку па ўсім накірункам, Комат дазволіў разыйсціся па племянным стойбішчам. На досвітку пачалі пераправу праз Вістулінскі заліў. Пакуль на плытах перапраўлялі коней і адабранае ў памаранаў быдла, ладдзі паспелі зрабіць па дзве ходкі, перавозячы вояў і застаўшыхся палонных, а на вёрткіх чоўнах некаторыя грабцы збіліся з ліку, лётаючы з аднаго берага на другі, ды на чоўны шмат не нагрузіш. І хоць у гэты дзень надвор’е спрыяла і хваляў амаль не было, усіх пераправіць не ўдалося. А ўвечары узяўся вецер, які не супакоіўся ні ноччу, ні ўранку. Перавальваючыся праз выдмы на касе, ён разганяў досыць высокія хвалі і ў заліве. Уранку некалькі чоўнаў перакуліліся. Цяпер праз заліў маглі праходзіць толькі ладдзі. Тыя чоўны, што заставаліся каля касы, пазвязвалі па чатыры бок да бока і перавозілі, прычапіўшы да кармавых брусаў ладдзей. Адну такую звязку хвалі разбілі. Чоўны нейкі час боўталіся на паверхні, а потым, набраўшыся вады, пайшлі на дно. Астатнія ўдалося перавезці. Комат загадаў сачыць, выглядваючы дракары, якія маглі з’явіцца як ад Труса ― гарадзен быў зусім недалёка на паўднёвым беразе заліва, так і з процілеглага боку ― з праліва. Але дракары не з’явіліся, і Комат зразумеў, што ім удалося абхітрыць варангаў, бо хутчэй за ўсё, тыя чакалі іх на Вістуле, думаючы пажывіцца, калі яцвягі са здабычай будуць вяртацца.
Яны цягнуліся уздоўж берага яшчэ два дні, пераадольваючы вусці невялікіх ручаін і рэчак. Гэта ўжо была зямля прусаў. Некалькі разоў выведнікі здалёк бачылі конныя раз’езды, якія не ўступалі ў перамовы. Комат таксама не імкнуўся на кантакт з імі, бо быў упэўнены, што гэтыя пруссы знаходзяцца пад уладай варангаў, якія сядзелі ў Труса. Разам з тым, ён строга наказаў не заходзіць ў паселішчы, якія часам сустракаліся на беразе, хоць яны і былі пакінутымі на ўсялякі выпадак жыхарамі, ― канфліктаваць з прусамі не было сэнсу.
Нарэшце дапхнуліся да больш буйной ракі. Гэта была Паслёнва. Як толькі яцвягі, па загаду Комата, пачалі ўваходзіць у вусце, дык адразу натыкнуліся на заслон. Прускія ваяры натапырыліся дзідамі з абодвух берагоў, а на вадзе, трыху вышэй па плыні, перагароджвалі рэчышча некалькі ладдзяў, таксама з воямі. На бераг да самай вады выехаі два вершнікі, па знешняму выгляду яны не адрозніваліся ад астатніх вояў. Адзін зусім малады, але ўжо з адзнакамі вайсковай доблесці – шнарамі на твары. Другі быў трыху старэйшы.
― Хто вы такія, і навошта працеся ў наш бок?!
― Мы яцвягі, ідзем з памаран дадому!
― Хто ваш правадыр?!
― Куніг Комат Нараўскі!
Нейкі час вершнікі напаўголасу раіліся паміж сабой.
― Мы не ведаем Комата Нараўскага. Але да нас дайшлі весткі пра яцвягаў, якія сплаўляліся па Вістуле.
― Дык гэта мы і ёсць!
― Але як вас занесла сюды?!
У гэты момант ад яцвягаў наперад выйшла ладдзя, у якой стаялі Комат і Вінсэ. Яны трымаліся з годнасцю. Вінсэ сказаў:
― Комат Нараўскі, наш ваявода, якога мы выбралі на час паходу, каб кіраваў усімі яцвягамі, аж пакуль паход не скончыцца. Вы яго не ведалі, бо ягоная вотчына знаходзіцца на супрацьлеглым ад прускага парубежжа боку вялікага абшару яцвяскіх зямель. Наш набег на памаран увянчаны поспехам! І ў гэтым вялікая заслуга куніга!
Ён павярнуўся да яцвягаў, якія напружана стаялі, моцна трымаючы зброю напагатове, і выклікнуў:
― Слава Комату!
― Сла-а-а-ава!! Сла-а-а-ава!! ― пракацілася па натоўпу яцвягаў.
А Вінсэ працягваў прамову:
― Цяпер вы ведаеце Комата Нараўскага. І гэта кажу вам я ― правадыр пакемцаў! Ці, можа, таксама скажаце, што не ведаеце такога?!
― Дык ты, мабыць, Вінсэ!? ― з нейкай доляй сумневу запытаў малодшы з вершнікаў.
― Так! Гэта Вінсэ! Гэта мой пабрацім! ― голасна адказаў хтосьці з прусаў.
― Вінсэ гэта!
― Канечне!
― Мы таксама яго ведаем! ― пацвердзілі другія прусы.
Тады старэйшы вершнік усміхнуўся і прамовіў:
― Што ж, для братоў нашых шлях адчынены.
Ланцуг плытоў, ладдзяў і чоўноў павольна уцягваўся з заліва ў раку. Пачыналася цяжкая шматдзённая праца, якая была немінучая пры руху супраць плыні. Але ўжо не было той напругі, якая прысутнічала ўвесь час набегу, калі трэба было чакаць небяспекі ў любы момант. Цяпер яны знаходзіліся на зямлі прыязных да яцвягаў прусаў. Канечне, за харчы і за дапамогу на волаках трэба будзе плаціць з агульнай здабычы, але гэта ўжо клопат Команя.
Нягледзячы на частыя дажджы, сярод яцвягаў панаваў вясёлы настрой, бо яны адчувалі хуткае вяртанне дадому. Чаго нельга было сказаць пра дрыгавічоў. Хоць цяпер яны і трымаліся разам, Віхура не бачыў ніякай магчымасці выслізнуць з яцвяскага войска. Ён падзяліўся сваімі здагадкамі, што яцвягі хочуць расправіцца з імі напрыканцы паходу, толькі з некалькімі самымі блізкімі сябрамі-дружыннікамі, не жадаючы, каб пра гэта пазналі маладыя воі, і стварылі якое-небудзь глупства. Але ягоны настрой нейкім чынам перадаваўся ўсім дрыгавічам. Што рабіць? Нават, калі яны змаглі б адарвацца ад яцвягаў, іх адразу выкрылі б прусы, паселішчы якіх даволі часта сустракаліся абапал Паслёнвы. Віхура чакаў падыходзячых абставін.
Рака мела шырыню ў поў-сарака сажняў і была досыць паўнаводнай. Сустрэчная плынь не была надта імклівай, і да вечара большасць чаўноў і некаторыя ладдзі дайшлі да паселішча Бран, дзе Комата і правадыроў плямён запрасіў да свайго агменю вож мясцовых прусаў. Віхура таксама быў у ліку гасцяў. Іх прывялі да вялікага падстрэшка і пасадзілі за стол, дзе было шмат прысмакаў, любімага прусамі напою з кабылінага малака і медавухі. На чале стала сядзелі ў багатых адзеннях магутны вож многіх пляменаў прусаў куніг Вармо і яго жонка Эрма.
― Прывітаю сяброў і пабрацімаў нашых на прускай зямлі! ― сказаў Вармо, ― тут вам не будзе недахопу ў добразычлівых адносінах і ў сытнай ежы. Дык выпьем жа нашай бражкі за ваш поспех! ― і першым прыклаўся да кубка.