Па лесе ледзь чутна цягнуўся гук чалавечага голасу. Лош ведаў ягонае прызначэнне ― гэта галасілі з аблавы, на якую Комань выцягнуў весь род ― і паселішча, і выселкі, а самых спрытных пяцёх ― Буга, Лошну, Бычаня, Воя і Доўбеня адправіў у розныя бакі па звярыных сцежках. І працяглы гэты енк азначаў журбу.
“У Звонкім Бары”, ― зразумеў Лош. Ён паставіў ногі ўшыркі, склаў далоні гаршком, набраў поўныя грудзі паветра і высока, адрывіста некалькі разоў прагаласіў у напрамку пачутага гуку. У ягоным галашэнні чулася радасць і гонар за сябе ― ён ізноў самы спрытны, самы ўдачлівы! Потым стаў прыслухоўвацца. Праз нейкі час пачуў у адказ такія ж радасныя гукі. Цяпер ён ведаў, што людзі павярнулі дадому і хутка ўжо будуць у сваіх цёплых хатах. І толькі праз некаторы час, як зусім звечарэе, ён дабярэцца туды і сам са сваёй ношай. А зараз Комань адправіць у розныя накірункі легканогіх юнакоў, каб павыгуквалі з лесу астатніх, што, як і Лошна, пайшлі па звярыных сцежках неабсяжнага лесу радавой акругі, размешчанай на вялікіх абшарах левага берагу ракі Нёман і яго прытоку Маўчады, дзе дрыгавічы здолелі, як ім здавалася, трывала замацавацца сярод яцвяскіх родаў.
У лясных нетрах Ваўчынага Логу самотная ваўчыца чакала свайго вернага ваўка. Зграя адраклася ад яе, калі яна стала няздольнай да палявання з-за пералому косткі нагі. Каб Шэрак да той пары не быў важаком, яе разарвалі б. Але Шэрак стаў перад ёй, пысай да зграі і аскаліў іклы. Кожны воўк ведаў сілу гэтых іклаў, і ніводны не рызыкнуў накінуцца. Тады зграя пакінула іх, а Шэрак перастаў быць важаком ― ён застаўся са сваёй ваўчыцай…
Праз нейкі час яна хутчэй адчула, чым зразумела, што воўк не вернецца. Ніколі. Адчай завалодаў ёй, але яна не выла, каб не выдаць свайго месцазнаходжання. Цяпер яна здолее з’есці хіба што мыш ці якое-небудзь падла. Але яна яшчэ не павінна памерці, бо ў сваім нутры адчувала пачатак новага жыцця…
Калі Лош падбягаў да свайго паселішча, якое называлася Ведзмядзі, на небе ўжо зіхацела мноства вялікіх і малых зорак, а дрэвы пачалі патрэскваць ад марозу, пакрысе набіраламу моц. Патрэсквалі і бярвенні ў зрубах невялікіх хатак, якія мясціліся, паўзапарошаныя снегам, на пагорку, што цягнуўся ўздоўж Маўчады. Над хатамі паднімаліся белыя слупы дымаў. У паветры пахла смажанінай ― жанчыны рыхтаваліся да свята...
Людзі роду Команяў вялі надзвычай суровае жыццё, поўнае цяжкай працы, ваенных ліхалеццяў, перасоўвання з месца на месца дзеля пошуку лепшай долі. І ў гэтым жыцці было шмат стратаў, у тым ліку чалавечых. Менавіта таму ўсе, што бралі ўдзел у пошуках сына Крыны, былі вельмі ўзрушаныя, калі даведаліся аб выратаванні малога. Усё так добра скончылася якраз напярэдадні Вялікіх Зімовых Свят, і ўзрадаваная жанчына паабяцала назаўтра выставіць пачастункі.
Да паловы ночы людзі падыходзілі да хаты Крыны, каб спытаць, як там малы. А дзяцюк салодка спаў на лаве пад цёплай мядзвежай шкурай, так і не прачынаючыся пасля таго, як пабачыў свайго стрыечнага брата Лошну ў дзікім незнаёмым лесе.
Ніхто ўжо не называў яго старым імем, бо ўсе разумелі ― тое, што здарылася ― гэта знак, і цяпер імя хлапчука будзе назаўжды звязана з апошнім здарэннем. У тыя часы людзі не насілі выпадковых імёнаў, бо, як яны лічылі, ўмелі распазнаваць знакі багоў. Таму, калі на другі дзень хлопчык расплюшчыў вочы, ён убачыў над сабой ласкавае аблічча маці і пачуў сваё новае імя.
― Ну што, выспаўся, Воўчы Абгрызак? – смяючыся спытала яна і патрэсла малога за нос: ― Ну дык падымайся, есці пара, Воўчы.
Не паспеў ён прызвычаіцца да новага імя, як набегла чарада яго адналетак. Яны мацалі яго, тузілі, смяяліся: “Воўчы, Воўчы, Воўчы…”
Але апошні гук не прыжыўся, і ўжо праз дзень усе называлі яго Воўч.
Глава 2.
Вялікія Зімовыя Святы
Сцюжа і доўгія ночы пачалі даймаць і людзей у цесных хатах, і быдла ў яшчэ больш цесных хлявах. Хаты курэлі шызымі дымамі праз невялікія адтуліны ў дахах, адчайна змагаючыся з лютымі маразамі. Сонца нібыта зусім не збіралася больш выходзіць на белы свет. Пахмурнае надвор’е разам з завірухай і гурбамі снегу пад самыя стрэхі ды высокі змрочны лес, навіслы ўшчыльную над паселішчам, здавалася, нагоняць на людзей роспач, і скорацца яны цемры, заб’юцца ў свае нізенькія хаткі, нібыта зверы ў норы, ды будуць пакорліва чакаць далёкай вясны. І тады нячыстая сіла пачне панаваць у наваколлі.
Ды не!
Жыло ўжо ў людзях прадчуванне хуткага нараджэння новага Сонца. Яму толькі трэба было крыху дапамагчы. Калі самы кароткі дзень пачаў пераходзіць у доўгі вечар, гаспадыні загасілі старое полымя на сваіх агменях і пацёпкаліся да бажніцы, якая стаяла ў сярэдзіне паселішча. Мужы і дзятва былі ўжо там. Нехта маладым голасам пачаў спяваць абрадавую песню, прасіць у Сварога, уладальніка агню нябеснага, каб ён даў людзям новае Сонца. Паступова песню падхапілі ўсе.
Стары святар Ястр выйшаў з адчыненых дзвярэй бажніцы і вынес прылады для здабывання новага агню. Ён лёгка мог бы высекчы іскру з дапамогай крэменя. У іншых родах маладзейшыя вяшчуны ўжо даўно так і рабілі, але ведзмядзёўскі святар упарта здабываў калядны агонь старадаўнім спосабам ― пры дапамозе адмысловай палачкі-лучыны, якую ён устаўляў у адтуліну на дубовым плашчаку, абкладваў высушаным мохам і дробнымі трэсачкамі ды хутка-хутка круціў далонямі. Круціць даводзілася даволі доўга, так што многія, асабліва дзеці, пачыналі думаць, што нічога ў Ястра не выйдзе. Але інакш думаў сам вяшчун. Ён без стомы і ўсё хутчэй круціў палачку, пакуль неўзабаве не паказаўся лёгкі белы дымок, а потым і агеньчык, які ўспыхнуў адразу нясмела, але досыць хутка набраў сілу. Ястр падкінуў сухіх трэсак, потым больш тоўстых смалякоў і перанёс агонь на раскладзенае загадзя вогнішча. Заскакала полымя, хутка ахопліваючы сухія дровы. Людзі, не спыняючы спевы, узрадавана падыходзілі з паходнямі, прыкладвалі іх да вогнішча і разносілі новы агонь да сваіх хат.
Агонь прыносілі не толькі да хатняга агменю: ля кожнага двара на дарозе падпальвалі загадзя падрыхтаванае вогнішча, і цемра адступала ад хат да лесу. З ёй адыходзілі, адпаўзалі, адляталі і ўсялякія нячысцікі шукаць спажыву ў іншым месцы, бо разумелі: ў гэтым паселішчы цяпер нікога знянацку не заспееш. І старая рысь, што падкрадалася да хлявоў з разлікам пажывіцца чым-небудзь, убачыўшы вогнішчы, якія разгараліся то тут, то там, моўчкі павярнула назад у лес.
Калі людзі разнеслі агонь па хатах, на нейкі час ў паселішчы ўсталявалася цішыня ― усе збіраліся за святочнымі сталамі.
Дзеці затрымаліся на двары і, навучаныя рабамі-хрысціянамі, выглядвалі першую зорку. Крына адсунула заслон, зірнула ў вузенькае акенца і ўздыхнула:
― Э-эх! Надта пахмурна. Нічога сёння яны не ўбачаць.
Але яна памылілася. У невялікім разрыве паміж хмарамі дзеці ўгледзелі вялікую зорку, а каля яе ― некалькі меншых, і з радаснымі крыкамі ўваліліся ў хату:
― Ёсць! Ёсць зоркі!
― Дачакаліся Каляд!
― Ну! Раз дачакаліся, тады будзем садзіцца за стол.
У дальнім кутку хаты на каменным агмені весела танчыў новы агонь. Доўгі стол, які займаў добрую палову памяшкання, быў накрыты святочным ільняным абрусам з узорамі, пад якім тонкім слоем было разаслана пахкае сена. За бліжэйшы да агменю канец ніхто не сядаў ― там расклалі пачастункі прашчурам. За другім канцом на чале стала сядзеў Лош ― Лошна Заманавіч ― старэйшы муж у хаце. Побач ягоная жонка ― прыгожая і вясёлая Ланя. З другога боку ― сястра, гаспадыня хаты Крына. Потым Нор ― Ніканор ― малады і адзіны раб Лоша, што дастаўся яму ад нябожчыка бацькі: стары Замана паланіў яго ў час набегу на рамеяў, у якім бралі ўдзел ваяры з роду Команяў амаль сем зім таму. Нор быў хрысціянінам, але ў падзяку гаспадару за тое, што харчуецца за адным сталом з яго сям’ёй, а не дзе-небудзь у хляве з быдлам, як некаторыя рабы ў іншых гаспадароў, цярпліва зносіў паганскія звычаі, нішкам молячыся свайму богу. Астатнія месцы на доўгіх лавах займала дзятва: родныя дзеці Крыны і дзеці памерлай ад цяжкіх родаў сястры. Муж Крыны, Воўчаў бацька, надарваў жылы на лядах і таксама памёр два гады таму. У Лані і Лоша сваіх дзяцей пакуль што не было.