Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Конязь з дружынай, якая спявала бадзёрую паходную песню, уязджалі ў Ведзьмядзі. Дарослыя стаялі каля сваіх хат і глядзелі хто з цікавасцю, хто з радасцю, а хто і незадаволена. Дзеці усіх узростаў вялікай чарадой беглі побач ― яны сустрэлі гасцей яшчэ перад паселішчам.

…Яцвяскі назіральнік хутка выбіраўся з укрыцця на другім беразе Нёмана. Пакінуўшы прыбярэжныя хмызы, ён перасёк кавалак адкрытага, амаль без падлеска, хваёвага бору і выбег на непрыкметную сцежку, якую можна было палічыць за звярыную. Праз нейкі час сцежка прывяла яго да густога цёмнага ельніку. Яцвяг паглыбіўся ў гушчар, паднырнуў пад ствол паваленага дрэва і выбег на невялічкую паляну, да прыземістага будана, шчыльна накрытага яловымі галінамі.

― Гунар, ты тут? ― прыцішаным голасам запытаў ён.

З будана выглянуў другі яцвяг:

― Што здарылася, Курпа?

― Конязь Волад прыехаў з дружынай у Ведзьмядзі. Спяшайся, трэба папярэдзіць Комата.

― А ты?

― Я буду назіраць далей. Перадай, што ў ягонай дружыне сем дзесяткаў вершнікаў.

― Добра. То я пабег.

Гунар бязгучна знік у гушчары на процілеглым куце паляны. Праз поў-сарака палётаў стралы, ён выбег да невялічкага балотца, паабапал якога быў такі ж маленькі поплаў з высокай зялёнай травой, на ім пасвіліся два каня. Пачуўшы крокі, коні перасталі скубсці траву і паднялі галовы. Адзін з іх коратка заіржаў, прызнаўшы гаспадара. Збоку з’явілася постаць маладога ваяра. Ён апусціў лук і аслабіў жылу з абапёртай на яе стралой, потым зняў яе і паклаў назад у калчан:

― Ваўкі паблізу рыскалі. Не адважыліся падысці, пачулі мяне.

― Скробл, ты заўсёды напагатове. Малайчына!

― Што-небудзь здарылася, дзядзька Гунар?

― Збірайся, Скробл! Паедзеш да куніга Комата, павязеш вестку. Да дрыгавічоў куніг Воладат прыбыў. На палюддзе. З ім малая дружына з дзвюма саракамі вершнікаў.

Скробл пабег наперадзе свайго каня па вузкай, аднаму яму вядомай звярынай сцяжыне, якіх было безліч у прынёманскіх лясах. Калі дасягнулі пясчанай пустэчы, яцвяг ускочыў на каня і паехаў рыссю, абмінаючы рэдкія карчы. Шлях у яго наперадзе быў няблізкі.

Глава 14.

Агляд ведзьмядзёўскіх вояў

Назаўтра зранку конязь сказаў Команю:

― Збірай сваіх мужоў. Са зброяй і з баявымі конямі. Будзем глядзець.

На бліжнім ад паселішча поплаву, роўненька вышчыпанаму хатнім быдлам, каля вялікага радавога дуба з густой кронай пачалі збірацца ваяры роду Команяў. Каля траціны на баявых конях, а хто не меў каня, то пешшу. Прыбылі і мужы з Перуновай Старыцы. Відовішча пёстрага натоўпу засмуціла Волада, бо далёка было гэтаму зборышчу да дружыннікаў. Комань спрабаваў ўнесці парадак у гэты натоўп. Ён аддзяліў конных ад пешых і уладкаваў усіх у адзін доўгі шэраг. Каля некаторых вояў трымаліся вялікія сабакі, падобныя на ваўкоў. Яны касіліся на сваіх гаспадароў, нібыта чакалі каманды і шчэрылі іклы, калі конязь пачаў абыходзіць войска. Спачатку ён падышоў да конных. Коні былі сапраўды баявыя, бо шнары і адмеціны на іхніх мордах і тулавах казалі за сябе. У некаторых адрубаны кончык вуха ці парваная ноздра. Сёдлы і скураная збруя з жалезнымі цуглямі мала ў каго новая, але ва ўсіх дабротная і моцная. Жывёлы добра дагледжаныя, але не ўкормленыя.

― Чаму худыя коні?!

― Дык пасля зімы, конязь, ― адказаў Комань, ― яшчэ не ад’еліся на веснавой траве.

― А што, мала сена нагатавалі на зіму?

Комань прамаўчаў. Хіба адкорміш сенам каня, яму авёс патрэбен. А збожжа нават людзям не хапае да навіны. Вось цяпер яшчэ дружыну трэба карміць…

Узбраенне вершнікаў было хужэйшае, чым у дружыны, але конязь разумеў, што большага дабіцца цяжка, ды і не такое ўжо дрэннае яно. А вось калі падышоў да пешых, то злосць пачала апаноўваць ім. Хто з дзідай, хто з суліцай, мала ў каго добрыя лукі, мячы толькі ў некаторых. Раптам вочы Волада спыніліся на мужу, які ў руках трымаў адну толькі дзіду, сам босы, ў залатанай вопратцы. Вочы конязя пабялелі ад гневу.

― Ці ты гэта, Гардзей?!

― Ага. Я гэта, княжа.

― Дзе твая зброя?! Ты ж узяў багатую здабычу ў апошніх баях! І конь у цябе быў, і сякера, і тарча! Дзе гэтае ўсё?!

― Прадаў, княжа. А каня ваўкі задралі.

― Што!? Зброю!? Прадаў! Каня прашляпіў! Прапіў!! ― і конязь з размаху заехаў Гардзею па сківіцы.

Гардзей не варухнуўся. Ён з усмешкай паглядзеў на Волада і сказаў:

― Ты, конязь, рукамі не махай. Я чалавек вольны. Так, штосьці на хлеб абмяняў, а штосці і прапіў. Гэта было маё, не тваё. Зброю здабуду ў баі ― не прывыкаць. А біцца магу і гэтым, ― ён падняў дзіду: ― А што! Добрая зброя!

Волад паспеўшы ужо крыху астыць, адказаў з прыкрасцю:

― Што ж. Хутка ўбачым, што ты зможаш зрабіць са сваёй дзідай супраць добра ўзброенага воя.

Пешых было крыху меней за пяць дзясяткаў. Толькі некалькі мужоў мелі больш-меньш годны збройны чын.

― Зброд, а не войска! ― грэбліва скрывіўся конязь. ― Я не кажу пра конных. А зараз ― спаборніцтвы! Пачнём з лучнікаў! Выяжджаем папарна да цэляў! Адзін ад дружыны і адзін ад тутэйшых вояў! Ды спачатку адвядзіце дахаты сабак ― яны ж не зразумеюць, што сутычкі будуць не сапраўдныя!

Тут Волад незнарок падняў вочы на дрэва, а там... Хаваючыся сярод галін, пакрытых густым веснавым лісьцем, засела хіба што ўся малеча з Медзьвядзёў і са Старыцы. Канечне ж, неразлучныя Воўч з Ежкам таксама былі там.

― Та-ак. Хавацца не ўмеюць, ― адзначыў сабе конязь, але віду не падаў, а толькі хітра усміхнуўся сабе ў густую русую бараду.

Стралялі па пудзілам, загадзя зробленым з лазы. Спачатку з сарака крокаў. Патрапілі ўсе. Потым з сарака і поўсарака. Дружыннікі патрапілі, а палова апалчэнцаў прамазала. З дзвух саракоў патрапілі, у асноўным, дружыннікі. І толькі некалькі ведзьмядзёўцаў спаборнічалі на роўных. У іх ліку былі Лошна, Доўбень, Ліс, а таксама Бор, Каліна і Булаў. Не пасарамаціліся яны і тады, калі конязь загадаў страляць з коней на скаку з паўсотні крокаў.

Твар Волада пасвятлеў:

― Вось, усе бы так! Малайчыны!

Потым кідалі ў мэту суліцы і корды, біліся на мячах і сякерах. І з кожным практыкаваннем конязь рабіўся весялейшы.

Дайшла чарга і да пешых. Волад ніколі не грэбаваў пешаю раццю, бо калі яна была добра ўзброенная і абучаная, то магла вырашыць зыход бітвы, нават выступаючы супраць конніцы, асабліва калі тая губляла перавагу ў руху ў густых парадках пешых вояў і пачынаўся малападзвіжны звонку рубон на мячах і сякерах. Пакуль вершнік наносіў удар па адным, другі паднырваў пад каня і валіў яго разам з вершнікам на зямлю.

Конязь вырашыў правесці бой пешых супраць пешых і паспрабаваць у гэтай якасці таксама і сваіх маладых дружыннікаў. Ен загадаў усім апалчэнцам спешыцца і злучыцца з бязконнымі. Супраць выставіў удвая меньшую колькасць дружыннікаў. Замест сапраўдных суліц, мячоў і сякер выдалі драўляныя з закругленнымі джаламі. Гардзею памянялі ягоную дзіду на ткую ж, толькі без жалеза і з тупым канцом. Няроўныя гурты развялі на два дзесятка крокаў. Па сігналу рогу яны кінуліся насустрач. Раздаліся глухія ўдары дрэва аб дрэва. Дазвалялася падаць на зямлю ад трапнага ўдару суперніка, нават калі ён быў няшкодным, каб пазначыць страту байца. Але дазвалялася і не падаць. Бой адбыўся ўпарты, бо ведзьмядзёўцаў заела тое, што ім далі ўдвая меньшы кошт, чым дружыннікам. Ды дружыннікі паказалі сваё ўменне і хутка апалчэнцы пачалі выбываць з сутычкі адзін за другім. Каб падтрымліваць суадносіны сілаў, конязь адзываў некалькі сваіх, калі перавага дружыннікаў станавілася відавочнай.

― Зыль, Барыс, Ціхан! Выходзце з сутычкі! ― раздаваўся ягоны гучны голас, ― Влас, Шчур! Таксама!

І сілы зноў станавіліся роўнымі. Але апалчэнцы выбывалі хутчэй. Здавалася, што ўсё тут ясна, і хутка ведзьмядзёўцаў не застанецца ў полі. Ды не ўсе з гэтым згаджаліся. Калі бой набліжаўся да свайго канца, выявілася, што на правым фланзе апалчэння купка вояў заняла кругавую абарону і паспяхова адбівала ўсе наскокі дружыннікаў. Гэта Доўбень згуртаваў вакол сябе ўсё тых жа Лошну, Ліса, Бора, Каліну, Булава і, на здзіўленне, таго ж Гардзея, які паказваў цуда валодання дзідай. Ён то абараняўся, падставляючы крэпкае дубовае дрэўка пад удары нападаючых, а то сам нападаў, пускаючы ў ход то адзін, то другі канец. Яго рухі былі маланкавыя, і нават спрактыкаваныя дружыннікі не маглі адолець Гардзея. Ужо не адзін з іх апынуўся на зямлі ад удараў гардзеевай дзіды. Сутычка станавілася зацятай, ніхто не жадаў саступаць і ўдары наносіліся з усіх сілаў. Волад даў знак грыдню, і той пратрубіў у рог адбой.

22
{"b":"822260","o":1}