― Адыйдзі ўжо! Кругом людзі, дзеці, ― яна са смехам адштурхнула яго. Потым ласкава пагладзіла па шчацэ, ― няўжо ты не стаміўся, родненькі? І ціхенька прашаптала ў самае вуха: ― То пачакай ужо да вечара.
Нягледзячы на гарачае ўзаемнае каханне, багі пакуль-што не давалі ім дзяцей. Пакрысе гэта пачынала трохі турбаваць абодвух, але вялікае пачуццё не давала падступіцца адчаю.
― Э-эх! ― Лош уздыхнуў на ўсе грудзі. Гарачая хваля жадання з неахвотай пакідала яго. Паглядзеў на Нора. Той стаяў з апушчанай галавою.
― Эй, Нор! Ці не паклаў ты вока на маю жонку?!
― Як можна?! Ты мой гаспадар, як можа раб… ― ён з дакорам паглядзеў на Лоша, а потым нечакана дадаў, ― Але я муж, і кабета патрэбная мне.
― Ты ж разумееш, што ажаніцца табе можна толькі з рабыняй. Гэта працягне тэрмін твайго рабства. Ды й няма ў Ведзмядзях рабыні, якая падыйшла б табе.
Потым яны ізноў секлі і валілі дрэвы. І так дзень, другі, трэці... І ўжо не злічыць тых дзён з цяжкай працай, якая можа выматаць любога. Ды у родзе Команяў людзі былі моцныя. Добрыя ляды будуць, багата хлеба дадуць!
Глава 8.
Выкраданне, таямнічы чужынец і пагоня
Ў адзін з такіх дзён, калі цемра апускалася на Ведзьмядзі і людзі вярталіся з лядаў, выявілася, што знікла дзяўчынка ― Арэська. Ёй ішоў чатырнаццаты гадок, ужо гатавалася ў нявесты. Маці яе, Плоця, загаласіла са страху, але Комань крыкнуў:
― Заціхні! Не хавай заўчас!
Ён абвёў позіркам людзей, што згрудзіліся каля ўваходу ў паселішча і ўласна загадаў:
― Ліс, Вячка, Рост! Вазьміце паходні, абыдзіце вакол, шукайце след!
Запаліўшы паходні ад агмяню бліжэйшай хаты, следапыты паглыбіліся ў лес. Святло паходняў віднелася ўсё меней, тры агеньчыкі ледзь прабіваліся паміж стваламі дрэў.
― Бычань, рыхтуй пагоню, ― ціха прамовіў Комань.
― Ты думаеш...
― Не ведаю. Трэба быць напагатове.
Людзі тапталіся, спачуваючы Плоце, употай уздахалі. Сям’я Арэські стаяла ў купе. Плоця, невялічкая шэравокая жанчына, прыціснула кулачкі да шчок і ціхенька скуголіла. Бацька, сівавусы Куна, з пакалечанай у даўнія часы нагой, стаяў з каменным тварам, абапіраючыся на кій. Ён не мог, як у былыя гады, сесці на баявога каня і адправіцца наўздагон ці то тацю ці то зверу. Уся надзея была на маладых.
Бычань з пяцёркай узброеных ваяроў чакалі вестку ад следапытаў. Чарада мальцоў круцілася каля коней, якія былі ўжо пад сёдламі. Застялыя жывёлы рылі капытамі снег, фыркалі, сцісла іржалі.
― Вяртаюцца! Вяртаюцца! ― тонка закрычаў Воўч, які першы прыкмеціў, што адна з паходняў пачала набліжацца.
― Не ўсе! Адзін толькі! ― паправіў яго больш старэйшы Шчэнь.
― Гэта Вячка! ― разгледзеў востравокі Ворлік.
Усе ў трывозе чакалі надыходзячага следапыта.
― Умыканне! ― выдахнуў Вячка, ― След чужынца ў кірунку Звонкага Бору!
― Бычань! Хутчэй! ― гаркнуў Комань.
Шасцёра коней з вершнікамі пратупаталі каля натоўпу і гусам па лясной сцяжыне паімчалі да Звонкага Бору.
― Ну ўсё! Разыходзцеся! ― голасна скамандаваў Комань, але людзі не спяшаліся па хатах.
Мальцы ізноў закрычалі:
― Астатнія!
― Бягуць!
Рост з Лісам замкнулі кола, прасачыўшы ўсе сляды да таго месца, адкуль пачыналі. Яны былі узрушаныя і адрывіста крычалі, падбягаючы:
― Комань! Яшчэ адзін след!
― З дрэва! Невядома чый!
Комань з прыкрасцю прамовіў:
― Эт! Пярун на яго!
Ён зняў шапку, запусціў пяцярню ў валасы на патыліцы, імгненне думаў:
― “Такі следапыт, як Ліс, не зразумеў след?.. Гм! Так пакідаць гэта нельга” ― і аддаў яшчэ адзін загад:
― Лошна! Рыхтуй сваіх.
Выявілася, што след пачынаўся знянацку, нібыта чалавек саскочыў з неба, і вёў ад паселішча ў бок Ваўчынага Логу. Ён не належыў нікому з жыхароў Ведзмядзёў, бо следапыты ведалі адбіткі і старых і малых.
Гэты след чужынца устрывожыў Команя больш, чым першы. З тым амаль што ўсё ясна. І хоць шкада было Арэську і яе бацькоў, але ўмыканне дзяўчат не было вялікай трагедыяй, дый умыкнулі хутчэй за ўсё суседзі, якія добра ведалі Ведзьмядзі, і знайшлі спосаб абмінуць дазоры. Можа яшчэ аб’явяцца выкрадальнікі, каб уладзіць мірнай дамовай. А вось другі... Яго трэба прасачыць дасканала, бо гэта мог быць злодзей. Каб не навёў якіх-небудзь рабаўнікоў!
― Комань, мы гатовы, ― Лошна стаяў перад ім, ладны, падцягнуты, са спакойным тварам і разумнымі вачамі.
Комань мімаволі залюбаваўся ім: ― “Добры вой і паляўнічы. Гэты высачыць, не паверне з поўдарогі. Паболей бы мець такіх пад рукой.”
У голас сказаў:
― Ідзіце па следу, пакуль можна. Нават па чужой зямлі. Нават па зямлі яцвягаў, калі спатрэбіцца. Даю вам дзень, ноч і яшчэ дзень. Але будзьце асцярожныя!
Ён павярнуўся да Лоша, вялікімі рукамі моцна сціснуў за плечы, і ціха прамовіў яму аднаму: ― Не загубі сябе і вояў. Не спяшайся. Думай.
Ліс і Рост адвялі іх да месца. След сапраўды пачынаўся ніадкуль. Воі разгублена пераглянуліся: ― Ён што, лятаць умее?
― Адтуль, з дрэў ― Буг паказаў ўгору, ― Ведзьмядзі, як на далоні. Ён сачыў за паселішчам.
― Ужо пяць дзён не было снегу, ― здзіўлена прамовіў Дрок, ― ён там сядзеў увесь гэты час? У мароз? Гэта немагчыма!
Яны пільна агледзелі суседнія дрэвы. Ліс залез наверх і знайшоў разгадку: невядомы рухаўся, пералазячы з дрэва на дрэва.
― Вось гэта зух! ― не вытрымаў Буг, ― а чагож ён злез?
Лош зразумеў, што мае справу з моцным супернікам. Па ўсім відаць, ён сачыў за паселішчам, а калі распачаўся гвалт з умыканнем, хуценька адышоў, бо яго маглі б выкрыць, шукакючы дзяўчыну. Прыйшлося спяшацца, таму саскочыў на зямлю, ― тым самым вымушана зрабіўшы памылку, што давала дрыгавічам шанец адшукаць назіральніка.
― Так, мужы! Канчайце балбатню! Справа будзе нялёгкая. Я патрабую ад усіх як мага больш увагі. Не шумець, гаварыць ціха. Асабліва, калі ўдасца наблізіцца. Хадзем!
Яны ланцугом паехалі па следзе. Ужо добра развіднела. Неба было яснае, неўзабаве заснежаныя вершаліны хвой на ўзгорках пачалі зіхацець на сонцы. З маленства жывучы ў лесе, ведаючы яго з’явы і стан у розныя пары года, следапыты па выгляду следа разумелі, што пакуль уцякач нашмат апярэджвае іх. Ехалі спачатку хутка. Потым распачаўся гушчар, прыйшлося спешвацца. Прывучаныя коні паслухмяна тупалі ззаду. Паступова адхіліліся і ад Маўчады і ад Нёміня, паглыбляючыся ў дзікі лес. Гушчар змяніўся борам з высокімі дрэвамі, яны селі на коней, потым ізноў вымушаны былі скочыць у ніз, убіўшыся ў другі гушчар, і вось ужо паўсталі наперадзе хмызы Ваўчынага Логу. Сюды людзі без крайняй патрэбы не тыцкаліся ― гэты звярыны кут прылягаў да непралазнага балота, ды і сам быў амаль непралазны з-за густога лазняку, які рос шчыльна, пруток каля прутка, ды яшчэ быў аплецены ўсялякімі в’юнамі. Тут з цяжкасцю можна было прцісквацца толькі звярынымі сцежкамі, але і тыя былі нібыта тунэлі для нізкарослых лесавікоў ― нармальнаму чалавеку па пояс вышынёй. З коньмі там толькі змарнавалі б час, бо прыйшлося б вырубваць сцяжыну. Таму Лош разпарадзіўся:
― Мы ўдваіх пайдзем па следзе, астатнія абмінайце балота. Сустрэнемся каля Біручай Крыніцы.
Лош з Лісам апынуліся ў змрочнай нізіне. Сям-там трапляліся яліны, якія здаваліся амаль чорнымі сярод шэрых і чырвонаватых лоз. След вёў іх па звярынай сцежцы, якая адмыслова звівалася, заводзячы следапытаў усё глыбей у хмызы Ваўчынага Логу. Ён нездарма меў такую назву. Ваўкі са спрадвечных часоў аблюбавалі яе непралазныя нетры, бо тут было дзе зрабіць логава для ваўчанятаў, тым болей, што ў лазняку прабіваліся на паверхню некалькі крыніц, даючы пачатак адной з незлічоных рачулак, якія праразалі бары і балоты ў сваёй павольнай плыні да Нёмана. Лош ведаў: і цяпер тут ёсць некалькі схованак, у якіх ваўчыцы з дапамогай сваіх верных ваўкоў будуць гадаваць ваўчанят, што народзяца ў сакавіку. Яны добра схаваныя, але не дай Ярыла выпадкова апынуцца каля такой схованкі, калі там вывадак. Ваўчыца маланкава накінецца і будзе бязлітасна рваць усякага, хто можа быць небяспечны ваўчанятам. Але да сакавіка яшчэ не так блізка…