І не знайшлося аніводнага здрадцы.
Доўга чакалі зручнага моманту і, нарэшце, дачакаліся. Калі далёка на захадзе обры пацярпелі паразу ад ваяўнічых франкаў, зразумелі ― час надышоў. Шуганула раптоўна і паўсюдна людскім гневам, што збіраўся з пакалення ў пакаленне, і не ўтрымаць было гэты гнеў ні ў якіх рамках. Не літавалі ні старога, ні малога, такая заўзятая жыла нянавісць да прыгнятальнікаў.
І згінулі обры.
Тады акрыялі людзі, адчулі сваю чалавечую годнасць. Але ў былы дулебскі звяз плямёнаў паверыць ужо не маглі. Мужы з той пары не хавалі далёка мячы і дзіды, суліцы і лукі са стрэламі ― заўсёды былі гатовыя ваяваць, каб змыць крывёю ганьбу былога рабства. Берзічы першымі рушылі праз багну на поўнач. Там замест разбуранага Зімна непакорлівы конязь і вярхоўны святар Хацімір каля вялікай ракі Прыпяці, на месцы старадаўняга капішча, дзе збіралася не адно пакаленне вяшчуноў і правадыроў, выношваючы думы пра будучае паўстанне, сярод непраходных балот каля вусця Гарыні, заснаваў гарадзен-крэпасць Хатомель. За берзічамі пацягнуліся другія плямены. Пабудавалі яшчэ адну цвярдыню ― Хільчу. Таксама каля вялікага воднага шляха Прыпяці, і таксама ў зацішным месцы. Тут не было конязя, правілі гарадзенам і навакольным людам выбраныя ад сямі вольных плямёнаў сем радцаў.
Так складаўся новы звяз плямёнаў ― дрыгавіцкі. Разжываліся дабром, жывёлай, гаралі глебу, дзе толькі было магчыма, палявалі, лавілі рыбу. Жыццё станавілася больш сытае, жанкі нараджалі часцей, і праз нейкі час цесна стала на грудах сярод балот. Тады частка плямёнаў і родаў перайшла Прыпяць, асвоіла больш сухое Загароддзе, і па прытоках паднялася да узвышшаў. Да іх ахвотна далучаліся і бужане, таксама нашчадкі дулебаў. Паступова адчулі сваю сілу, найбольш рызыковыя імкнуліся яшчэ далей. Раз пачаўшы рух на поўнач, яны больш яго не спынялі. Гэтае імкненне расцягнулася на стагоддзі. Прыгажосць пагорыстага ляснога краю вабіла да сябе. Не на пустое месца прыходзілі яны, назвы ў рэк і азёр ужо былі, і далі ім гэтыя назвы людзі, што жылі тут раней. Дрыгавічы пашыралі ўладанні, убіраючы ў свой племянны звяз нешматлікіх тутэйшых жыхароў з балтскіх плямёнаў, большасць з якіх не баялася прыхадняў, ладзіла з імі і заставалася ў сваіх паселішчах, паступова змешваючыся з дрыгавічамі. Здаралася ўсялякае: яны ваявалі паміж сабой і мірыліся, рабавалі і бывалі абрабаванымі, хадзілі ў набегі і пасылалі пагоні, навязвалі адно аднаму сваю волю, сваіх багоў, свае звычаі; паволі змешваліся, і вось ў адным месцы прыхадні “паглыналі” старажылаў, а ў другім наадварот. Самыя непакорлівыя з тутэйшых адыходзілі на захад, бо з поўначы іх таксама ціснулі крывічы. Адыходзіць было куды ― зямля гэтая была заселена слаба.
Часам новыя пасяленцы даволі смела і далёка адрываліся ад сваіх і ўкліньваліся сярод тых, хто тут сядзеў са спрадвечных часоў. У іх ліку было і некалькі дрыгавіцкіх родаў, якія ў выніку пошукаў лепшай долі і новых зямель не толькі выйшлі да Нёмана, але й здолелі замацавацца паміж рэдкімі старадаўнімі паселішчамі яцвягаў, і ўжо вырастала пакаленне, якое лічыла гэтую зямлю сваёй радзімай…
Глава 1.
Дрыгавічы. З’яўленне Воўча
Малы дрыгавічонак поўз па снезе з апошніх сілаў і ўжо нават не плакаў. Ён не памятаў, як апынуўся ў гэтым месцы з незнаёмымі дрэвамі і карчамі. Гэта быў не іхні лес ― там ён знаў кожнае дрэва, кожны пянёк. Ён ужо забыўся, як пайшоў па следзе зайца, што прабег ноччу зусім недалёка ад іхняй курной хаткі, якая стаяла сярод другіх такіх самых, на траціну ўкапаных у зямлю, усе з трысняговымі стрэхамі, з малымі дзвярыма і ваконцамі, і самі невялічкія, пад высокімі смалістымі хвоямі. Там было цяпло ад незгасальнага агеньчыка каменнага агменю ў куце адзінага памяшкання хаты. І вось цяпер ён не ведаў, куды падацца, але поўз па глыбокім снезе наўздагад. Малы быў дужым паквольным хлапчынам з роду Команяў, як і ўсе дзеці, якія здолелі выжыць з немаўленства, і ў крыві ягонай кіпела ўпартая прага жыцця.
Завіруха шчыра і хутка замятала сляды.
Воўк вынесся з-за бліжэйшага карча і, не спыняючыся, глуха рыкнуў, зубамі схапіў мальца за каўнер кажушка і закінуў сабе на спіну. Малы ад страху моцна ўчапіўся ў ваўчыную поўсць, а звер ужо нёс яго ў нетры скрозь густую заслону завеі.
Раптам перад імі проста з-пад снегу паднялася белая постаць, мільганула лязо, і ў той жа момант па лесе праляцеў перадсмяротны ваўчыны енк. Чалавек адкінуў ваўка ўбок, хоць ён яшчэ біўся ў апошніх сутаргах, і нахіліўся над хлапчанём.
― Дзядзька Ло-о-ош!? ― прамовіў той тонкім голасам і абняў выратавальніка за калені ― падняцца сілаў не засталося. Лошна злёгку павалтузіў хлопца, але зразумеў, што нічога не даб’ецца ад яго. Ён узяў мальца на рукі, падышоў да бліжэйшай яліны і асцярожна паклаў яго на пышную зялёную лапу, што вісела амаль ля самай зямлі. Потым скінуў на снег заплечны скураны мех, зняў з сябе кароткі кажух і накрыў ім малога.
Ён вярнуўся да ваўка, які не падаваў ужо адзнакаў жыцця, абматаў заднія лапы вяроўкай, падняў яго, падвесіў на тоўстую галіну, хутка варочаючы нажом, сцягнуў са звера шкуру, і, пакуль яна яшчэ была цёплая, загарнуў у яе хлопца.
― От, цуда малое! ― прамовіў ён, асцярожна пасадзіў непрытомнага мальца ў мех, яшчэ раз добра закутаў яму галаву, узваліў ношу на плечы і імкліва пабег.
“Да цемры не дабягу”, ― падумаў Лошна і крыху запаволіў крокі, імгненна ацаніўшы адлегласць і размеркаваўшы сілы на ўсю сцяжыну дадому.
Лошна меў яцвяскае імя, па-дрыгавіцку яно азначала ласося. Так яго назвалі бацькі ў памяць пра дзеда, які быў яцвягам, але толькі пасля таго, як заўважылі ягоную імклівасць: ён добра бегаў у дзяцінстве навыперадкі з аднагодкамі, а яшчэ не баяўся вады і навучыўся плаваць і ныраць, нібыта рыба. Ягоны бацька, якога звалі Замана, калісьці закахаўся ў яцвяжанку і выкраў яе з яцвяскага паселішча. Племя рыхтавалася да вайны, чакаючы, што яцвягі будуць помсціць, але бацька Заманы на другі ж дзень, рызыкуючы жыццём, паехаў разам з сынам, які напракудзіў, да яцвягаў, прыхапіўшы тое-сёе ў якасці падарункаў. Не падарункі мелі вырашальнае значэнне, а адвага дрыгавічоў, да таго ж у яцвягаў былі падобныя з дрыгавіцкімі звычаі, і выкраданне нявесты не з’яўлялася смяротным грахом. З правадырамі і бацькамі нявесты ўдалося дамовіцца. Але заставалася яшчэ адна перашкода ― малады яцвяг, неабыякавы да выкрадзенай дзяўчыны. Ён не мог прэтэндаваць на падарункі, дый не жадаў, і патрабаваў сутычкі на мячах. Правадыры не захацелі, каб дамоўленасць, якая амаль адбылася, скончылася нечай смерцю, але не змаглі адказаць сабе ў задавальненнні паглядзець на кулачны бой. Маладыя і моцныя яцвяг і дрыгавіч спаўна ім гэтае задавальненне падалі, добра пабіўшыся. Кроў юшыла ў абодвух, калі Замана такі здолеў збіць суперніка з ног. Пасля бойкі яцвяскі вяшчун прымусіў іх пабратацца, змяшаўшы пушчаную адно аднаму кроў…
Беглася няцяжка, малады дрыгавіч знаходзіўся у росквіце сілаў, яму мінула два дзясяткі год, ен нездарма лічыўся адным з найлепшых вояў і паляўнічых у родзе Команяў, а можа, і ва ўсім племені Корчакаў, і мог бегчы доўга і без стомы. Гарачыня кароткай сутычкі з ваўком прайшла, і цяпер розныя думкі варочаліся ў галаве.
“Добра, што я выбраў менавіта гэую ваўчыную сцяжыну. Яны часта вяртаюцца па ёй у свой Ваўчыны Лог. Але каб я не пачуў ягоны рык, то не паспеў бы залегчы і закапацца ў снег”.
Лошна бег тым тэмпам, якім прывык пераследаваць звяроў падчас зацяжных паляванняў, калі бегчы трэба было падоўгу. Рып ад ягоных ног далёка ляцеў па сцішаным на надвячорку лесе. Завея непрыкметна скончылася, цягнула на мароз.
“Добра, што вецер дзьмуў у бок Ваўчынага Логу. Якраз на мяне ад ваўка. Але чаму ён быў адзін?! Ваўчаняты выводзяцца толькі ўвесну... Я, мабыць, ведаю яго ― гэта Шэрак, у яго светлая пляма на поўсці. Гэта ж ён выкраў цяля летась сярод дня, і дагнаць не змаглі ― па звярынай сцежцы на кані хутка не паскачаш.”
Лош раптам стаў, як укапаны. Хлапчук за плячыма ціха вэнькнуў ― жывы.