Урэшце коратка прашамацела трава, і на паляне з’явілася дзіўная істота. Сапраўды яшчар, памерамі з добрага сабаку, ён быў зусім чорны, аж ільсніўся. Перапончатыя лапы шырока расстаўленыя, а на галаве, высока ўзнятай на тонкай шыі, сядзела як быццам бы сапрўдная ярка-чырвоная карона. Рухаўся ён парывіста, часта заміраў нерухома, і толькі галаву нахіляў то ў адзін, то ў другі бок, а то паднімаў уверх, углядаючыся выразнымі разумнымі вачамі то на Коматку, то на юнакоў з Шэрым, якія стаялі за дрэвамі, як істуканы, не дыхаючы.
― Жы-ыўчык, Жы-ыўчык, папі малачка, ― напаўголасу прыгаворваў Коматка, і яшчар паслухмяна прыпаў да місы. Калі ён выхлябаў усё малако, Коматка прысеў і пагладзіў яго па шыі:
― Ну што, Жыўчык, як жывеш, дзе бегаеш? Бачыш, у мяне новыя браты. Ты іх не бойся, яны свае. А як твая карона, расце паціху? ― Коматка хацеў дакрануцца да яе, але Жывойт не даўся, ― Ну, тады дай лапу, ― і яшчар з гатоўнасцю падняў пярэнюю лапу, за якую Коматка яго трыху патрымаў, ― Ну што, пойдзеш ужо?
Жывойт павярнуўся, зрабіў уперавалку некалькі крокаў, потым павярнуў галаву, уважліва паглядзеў на Шэрага, матнуў доўгім хвастом, і раптам знік, як і не было.
Хлопцы стаялі, як зачараваныя, Коматка засмяяўся:
― Вось бачыце! А вы не верылі.
Праз момант Шэры нібыта прачнуўся, заскуголіў, падбег да таго месца, дзе стаяў Жывойт, унюхаўся ў след. Поўсць на карку паднялася. Але па следу не пабег, а толькі здзіўлена глядзеў то на Воўча, то на Комаітку, нібыта чакаючы ад іх нейкіх тлумачэнняў…
Глава 26.
Пачатак вялікага набегу на поўдзень
У той час, калі яцвяскае войска рухалася да варангскага мора, дрыгавіцкія роды, а з імі бужане ды крывічы, якія паселі ў Панямонні, выстаўлялі ратнікаў для паходу на поўдзень. Пакуль што няшмат войска прасоўвалася ўверх па Нёману, таму рухаліся з перасцярогай, са зброяй напагатове, бо ўсёткі пераважалі ў гэтых месцах яцвягі, і далёка не ўсе з іх мелі добрыя стасункі з прышлымі, было нямала і такіх, што ставіліся адкрыта варожа. Ішлі шпарка, хто вадой, хто па сушы ― па пяшчаным пусткам і звярыным сцежкам уздоўж рэчышча. Даліна Нёмана, увогуле досыць шырокая, парослая дзе ядлоўцам, дзе дубамі, часам звужалася, заціснутая абрывістымі берагамі з высокімі хваёвымі борамі. Некаторыя з дрэў, падточаныя плынню, валіліся на жоўтыя пяшчаныя схілы, спаўзаючы ў ваду разам з добрымі кавалкамі грунта. Каменныя перакаты дастаўлялі дадатковыя клопаты падарожнікам.
Нёманская нізіна моцна выгіналася да поўначы, каб у сваім імкненні на захад абыйсці Вялікае Ўзвышша, і гэта дадавала адлегласці рачному шляху да вытокаў ракі.
Праз тры дні дабраліся да вусця Бярэзіны. Ужо недалёка засталося да тых месц, дзе канчаюцца яцвяскія паселішчы і пачынаюцца непадзельныя уладанні дрыгавічоў, якія ў спрадвечныя часы паселі на волаках паміж Нёманскіх і Прыпяцкіх прытокаў.
Конязь Волад, чым далей адыходзілі ад Ведзмядзёў, тым больш думаў над словамі Команя на растанні. А казаў яму Комань, што не верыць ён у трывалае замірэнне з яцвягамі, што якім бы доўгім не быў шлях да Варангскага мора, адтуль можна вярнуцца хутчэй, чым з паўдзённых краін, асабліва з Царграда, калі правадыры пацягнуць сабранае войска туды. Ды і пайшло яцвягаў у набег на памаран не надта многа. І што не здарма ўзрасла на парубежжы актыўнасць яцвяскіх выведнікаў і назіральнікаў. Гэтыя думы давялі конязя да таго, што ён вырашыў застацца, бо надта лёгка тут можна страціць тое, што наладжвалася дзесяцігоддзямі. Але каб не гнявіць семірадцаў, палову сваёй дружыны і ўсіх панямонскіх ваяроў, што сабраліся ў набег, ён адправіў далей да Прыпяці, паставіўшы на чале вопытнага ваяводу Ўласа, і наказаўшы перадаць семірадцам, што на парубежжы з яцвягамі неспакойна, і калі пачнецца вайна, то сваімі сіламі конязь іх не стрымае.
Развітанне дзвух палоў дружыны было нядоўгім, па мужчынску стрыманым. Тыя, хто вяртаўся з Воладам, конна, адзін за адным гужам становячыся на вузкую звярыную сцежку, хутка знікалі сярод густога лесу. Волад вырашыў рухацца па сушы, па лясным нетрам, маючы надзею скрытна вярнуцца да Маўчады, да самых заходніх дрыгавіцкіх паселішчаў на Нёмане, якія нямінуча трапяць пад удар яцвягаў, калі тыя распачнуць вайну. Другая палова воладавой дружыны, да якой па меры руху далучаліся добраахвотнікі, працягвала ісці ўверх па Нёману.
Стаялі ясныя спякотныя дні, і той, хто ўмеў назіраць, заўважаў, як паступова гарбы Вялікага Ўзвышша пакрытага лясамі, сярод якіх сям-там жаўцелі пяшчаныя пустэчы, заставаліся ззаду, а з правай рукі ў далечыні віднелася Паўднёвая Града ― апошняе значнае ўзвышша перад царствам бяскрайніх прыпяцкіх балотаў. Праз два дні ўвайшлі ў землі дрыгавічоў, яшчэ некалькі дзён, пакінуўшы ў баку Нёманец, праціскваліся да балоцістых вярхоўяў Лошы, а калі яна даволі рэзка павярнула на поўнач, увайшлі ў невялічкі прыток, што ішоў у патрэбным кірунку. Да войска далучаліся мясцовыя воі, яны па звілістаму рэчышчу ў цеснай балоцістай нізіне вывелі да невялічкіх лясных азярцоў, ад якіх пачынаўся волак. Чоўны цягнулі без хітрасці ― ўпрагаліся пяцёра чалавек і валаклі, не выгружаючы паклажу, па мелкаму раўчуку, прабітаму сярод неглыбокага балота, на якім пад нагамі на глыбіні дзе па калена, дзе па пояс, быў даволі цвёрды грунт. Плыты распускалі і перацягвалі па бярвенням. Вершнікі наадрэз адмовіліся ўпрагаць баявых коней у якасці цяглавай сілы, баючыся навярэдзіць іх, таму жывёл пераводзілі ад грудка да грудка, дзе пакідалі пад аховай пасвіцца, пакуль самі вярталіся і перавалаквалі астатняе. З ладдзямі прыходзілася ўпірацца з усіх сілаў. Там, дзе было зусім мелка, пракладвалі ўздоўж раўчука доўгія роўныя хваёвыя ствалы, на іх клалі драўляныя каткі і валаклі: адны цягнулі спераду, упрогшыся ў лейцы, другія пхалі ззаду, упіраючыся ў карму, трэція з бакоў падтрымлівалі, каб ладдзя не завальвалася на бок, яшчэ некалькі вояў падбіралі за ладдзямі каткі і пераносілі іх наперад. Дзе з жартам, дзе з лаянкай, ― адна за адной ладдзі перасоўваліся па волаку да грудка, які ўсе называлі Востраў, і спыняліся тут на кароткую прадышку, знайшоўшы сухое месца.
Далей волак раздвойваўся. Рэзка ўправа адыходзіў старадаўні шлях на Случ, таму рака і мела такую назву, бо злучала Нёман з Прыпяццю. Яна хоць і віхляла, як і ўсе тутэйшыя рэкі, але мела больш-меньш сталы напрамак на поўдзень і ўпадала ў Прыпяць непадалёк ад схаванага сярод багны Хільчына ― аднаго з галоўных гарадзенаў дрыгавічоў, які выконваў ролю асноўнай базы для пранікнення ў Панямонне. Сюды і павалакліся Ўлас з дружыннікамі і нёманскімі дрыгавічамі. Астатнія пасунуліся ў ранейшым кірунку, бо там быў волак хоць і даўжэйшы, але ішоў ён да рэчкі Шаці, па якой за дзень можна было дайсці да Пцічы ― ракі, больш паўнаводнай за Случ, яна таксама ўпадала ў Прыпяць, праўда, значна ніжэй.
― Ну, вось, дацягнуліся да Сярэдзіны, ― паказаў праваднік на буданы, што мясціліся на невысокім грудку, і дапытліва паглядзеў на Ўласа, ― адсюль яшчэ можна перакінуцца на Шаць, па ёй шлях лягчэй.
― Не, браце! ― цвёрда адказаў ваявода, ― нам трэба на Случ.
Улас меў надзею заспець каля Хільчына семірадцаў, і перадаць як мага хутчэй тую вестку, што даручыў Волад.
На невялікай Крывой Градзе спыніліся на адпачынак. Паўдзённая спякота і цяжкая праца выціскалі салёны пот на вопраткі людзей і поўсць коней. Людзі і жывёлы пакутвалі ад аваднёў. Малады конь дружынніка Зыля спачатку доўга матляў галавой, спрабуючы адагнаць дакучлівых казурак, потым не вытрымаў, падбрыкнуў, і з іржаннем панёсся ў дальні канец грады. Зыль тут жа падхапіўся і кінуўся наўздагон.
― Вазьмі зброю! – крыкнуў Улас.
Зыль вярнуўся, схапіў суліцу, ― меч і корд былі пры сабе, і пабег за канём, якога ўжо не было відаць за хмызамі. Ён бег па следу на траве і прыслухоўваўся. Тупата не было чуваць.
― “Зашыўся ўжо недзе ў карчы”, ― падумаў дружыннік і паклікаў: ― Гнеды! Гнеды!
Каня не было чуваць. Зыль ізноў пабег па следу. Раптам наперадзе пачулася частае тупаценне і кароткае іржанне, а праз момант дзікі конскі енк. Зыль панёсся на ўсю нагу на гук.