Ястр слухаў і задуменна глядзеў паверх суразмоўцаў. Думкі ягоныя луналі недзе далёка. Потым перавёў позірк на чакаючых яго слова вешчуноў:
― Вось што я скажу вам, сябры мае: да сарака зім узросту ён павінен жыць так, як і ўсе, каб добра разумець сваіх людзей. Ён будзе ратаем, паляўнічым і ваяром. Такі звычай продкаў дрыгавіцкіх. Калі багі будуць яго ахоўваць, Воўч стане святаром і вешчуном. Калі-небудзь... А цяпер што будзем рабіць? Што скажаце наконт прадказання Воўча?
― Я лічу, што трэба верыць маладому празорцу, ― сказаў Бусел.
― Здаецца, да нас ідзе Ліха ліхое, ― дадаў Схован
― Гэта вайна, ― падсумаваў Залога.
― Трэба пасылаць ганца да Волада, ― прапанаваў Хрон.
З ім пагадзіліся ўсе.
Але не паспелі.
Глава 13.
Конязь Волад і ягоная дружына
Конязь Волад апярэдзіў ганца. Ужо неаднойчы прымаў ён сігналы з заходняга парубежжа аб актывізаціі яцвягаў. Умовы Вялікага Замірэння не давалі магчымасці трымаць войска на кардоне ― гэта ўспрымалася б, як недавер ці пагроза. Ён ведаў ад выведнікаў, што яцвягі збіраюць войска ў Вялікай Пушчы, каля паселішчаў, якія змесцаваліся уздоўж Нарава і яго прытокаў, праводзяць там вялікія паляванні і ігрышчы. Не ведаў толькі, куды гэтая сіла будзе накіраваная яцвяскімі правадырамі. Конязь таксама збіраў ваяроў, але добра разумеў, што яцвягі на гэты раз могуць сабраць намнога больш моцнае войска, чым ён разам з бліжэйшымі саюзнікамі. Гэта надта турбавала конязя, і ён бачыў толькі адно выйсце ― апору на вольных вояў усіх дрыгавіцкіх плямёнаў. Ды не так проста было накіраваць гэтыя сілы сюды ― на Панямонне, бо і ў другіх кірунках у дрыгавічоў былі свае праблемы. Паляне, згуртаваўшыся вакол вялікага гарадзена Кіебы, з дапамогай ільменьскіх русаў абвясцілі свой самастойны каганат, зрабіўшы дзёрзкі выклік хазарам, і севяране з вяцічамі, вымушаны былі падпарадкавацца ім. А ў каганаў апетыты моцныя. Вось ужо і над плямёнамі Радзіма занесены меч. Таму семірадцы ― правадыры прыпяцкіх дрыгавічоў, павінны былі трымаць вялікія сілы на ўсходзе. Ды казалі семірадцы: калі будзе занадта цяжка ― пасылай ганцоў, дапаможам, бо хоць і разсяліліся дрыгавічы па вялікіх абшарах, усе мы нашчадкі Дрыговы, а значыць ― браты. Волад заўсёды памятаў гэтыя словы, і ведаў, што дапамога будзе. Але ці паспее своечасова? Ён добра разумеў: пакуль не пачнуцца ваенныя дзеянні, семірадцы не пашлюць войска на Панямонне. Таму на пачатку вайны прыйдзецца разлічваць толькі на свае сілы.
Цяпер конязь Волад з малою дружынаю пад выглядам палюддзя прасоўваўся па лясах Верхняга Панямоння. Дарог амаль не было, таму прыходзілася пракладаць шлях самім, балазе не адны толькі гушчары трапляліся вандроўнікам, але і поплавы, і пустэчы. Волад наўмысна выбраў сухапутнае падарожжа замест болей лёгкага па рэках, каб яшчэ раз добра вывучыць мясціны магчымай вайны. Яму падабаўся гэты неабсяжны край, з пагоркамі, з вяршын якіх раптоўна адкрываліся цудоўныя далягляды такога хараства, што дух займала, і з доламі, дзе ў змрочных нетрах шырокіх абалонаў хаваліся-круціліся незлічоныя рэчкі і ручаіны, ціха дзвонячы крышталёвай вадой.
Безліч птушынага і звярынага насельніцтва кожнае імгненне давала вестку вопытнаму слыху і зроку падарожнікаў аб сваім існаванні. То папераджальны крык птушкі, то шалёны тупат капытоў і трэск зламаных галін ад успуджанай жывёліны, то ціхае шамаценне мелкага звярка ці паўзуна пастаянна суправаджала вершнікаў.
Конязь ехаў у галаве перадавога гурта. Спераду быў толькі дазор, які выбіраў дарогу для ўсёй дружыны. Мерная язда спрыяла глубокім думкам, што апанавалі конязя. А думаў ён апошні час аб адным: як сустрэць тую навалу, што пагражала ягоным землям. Да недаўняй пары здавалася, што час спрыяе яго княству. Замірэнне з ваяўнічымі яцвягамі давала добрыя ўмовы дрыгавічам, каб сабрацца з сіламі. Маладыя ваяры раслі і набіраліся ўмення ў ратных гульнях. Жыццё наладжвалася. Яму ўдалося аб’яднаць розныя роды і плямёны, якія знайшлі прытулак на гэтай зямлі, што было вельмі няпроста. Дрыгавічы з крывічамі не заўсёды лёгка знаходзілі ўзаемнае пагадненне. Яшчэ цяжэй было з астатнімі: акрамя тутэйшых насельнікаў, якіх часам было цяжка атаясамліваць з яцвягамі або другімі плямёнамі ― так перапляліся сямейныя і радавыя стасункі, ― новыя хвалі дрыгавічоў і бужан, што пастаянна прыходзілі сюды са сваёй прарадзімы ў пошуках лепшай долі, асобныя роды драўлян, палян, лотвы, славен, севяран, высяленцы з паморскіх земляў, нават старадаўнія неўры і волаты, што аселі тут у спрадвечныя часы ― усе яны на данны момант прызнавалі ўладу конязя Волада, але ўсе гэтыя плямёны і роды мелі сваю карысць. Трымаць гэтае зборышча пад рукой аднаго конязя было складана, ды да гэтай пары ўдавалася. Але ніхто не ведаў, як яны павядуць сябе ў выпадку новай вайны. Цяжкія думкі напружылі конязя. Бліжнія дружыннікі бачылі стан Волада і ведалі, што зараз лепей яго не чапаць.
Напэўна, дазор занадта далёка адарваўся ад дружыны, бо інакш не можна было вытлумачыць тое, што здарылася апасля. Калі асноўны атрад на чале з конязем вышкрабаўся з чарговага гушчару на прагаліну, з другога боку сюды ж выбег вялізарны тур, раз’юшаны ад нядаўняй сутычкі з супернікам, з вачамі, налітымі крывёю. Звер без роздуму кінуўся ў кірунку ехаўшых на яго вершнікаў. Коні ад знянацкасці шарахнуліся ў бакі. Волад таксама не паспеў як-небудзь грунтоўна ацаніць становішча, але ў галаве мільганула шальная думка ― “Вось гэта мне якраз зараз і патрэбна!” ― і калі конь пад ім устаў на дыбы, ён легка саскочыў на зямлю і пабег насустрач раз’юшанаму туру. Той таксама выбраў мэту, зароў і, пагрозліва нахіліўшы доўгія рогі, панёсся на ворага. Волад, калі ўжо здавалася, што не мінуць яму смяротнага сутыкнення, рэзка адхіліўся, адначасова хапаючы рукой востры рог тура. Ногі ягоныя адарваліся ад зямлі і апісалі шырокую дугу. Але і тура таксама занесла. Конязь першы цвёрда стаў на ногі, перахапіўшы рогі аберуч. Ён упёрся нагамі ўшыркі і перанёс весь цяжар цела на галаву звера. Так яны стаялі некалькі імгненняў у страшэннай напрузе. Цягліцы ў абоіх закамянелі, жылы набрыялі. Тур гнеўна захроп, пераступіў нагамі, каб рыўком адкінуць ворага, але Волад апярэдзіў, і рэзка штосілы крутануў рогі, заламваючы іх адначасова ўверх. Пачуўся трэск храсткоў, і тур павольна заваліўся на бок. Ён шкроб капытамі зямлю, здзіўлена круцячы вачамі. Перадсмяротны румз разнёсся па пушчы. Звер заціх і выпрастаў ногі.
Да Волада кінуліся грыдні.
― Ці не паранены, конязь?!
Волад адхіліў дапамогу:
― Што, праваронілі?! ― ён яшчэ цяжка дыхаў, але шэрыя вочы смяяліся. Яго забаўляла недарэчнае становішча, у якім апынуліся дружыннікі. Тыя спачатку ад сораму адводзілі вочы, потым, бачачы добры настрой конязя, закрычалі:
― Слава конязю!!
― Слава конязю Воладу!
― Конязь Волад – асілак!!
― Наш конязь найлепшы!
― За ім і ў агонь і ў ваду!
Волад смяяўся.
― Хопіць, хопіць ужо! ― з прыкрасцю крыкнуў ён і моцны ягоны голас перакрыў разнагалоссе дружыннікаў, ― Зробім прывал. Хутка Ведзьмядзі. Вось і пачастунак будзе. Хвал! Жорна! Разбярыце тушу!
Конязь прыбыў у Ведзьмядзі пад вечар. Усе жыхары прыбеглі глядзець, пакідаўшы свае справы ― такое здаралася нячаста.
Вялікія сытыя коні няспешным намётам неслі на сабе рослых дружыннікаў, якія былі ў шаломах і кальчугах, пры поўным збройным чыне. У кожнага ў руцэ вялікая дзіда з вострым сталёвым наканечнікам, ― яна калыхалася на хаду, пастаўленная тарчма і абапёртая аб стрэмя. У другой руцэ лейцы ― гарачыя коні былі зацугляныя. Суліцы і баявыя сякеры прытарочаны да сёдлаў. На левым плячы высока і амаль ззаду трымалася круглая тарча з жалезным узорчатым умбонам. Побач сцягна лук у адмысловым чахле і калчан з сараком стрэл. На шырокім скураным поясе з пярэвяззю замацаваны похвы, а ў похвах – гонар кожнага ваяра ― іменны меч, ён вісеў з левага боку, а з правага ― кароткі шырокі корд, таксама ў похвах.
Добрыя воі ў конязя Волада. З гэтай малой дружынай ён мог увязацца ў бой з любой сілай, і ў залежнасці ад абставін вырашыць у час бітвы, ― наступаць яму ці адрывацца і адыходзіць, калі вораг занадта шматлікі. Кожны дружыннік умеў усё ў ваярскай справе. Стрэлялі з лука ў мэту з адлегласці сотні крокаў, набытая многімі заняткамі хуткастрэльнасць дазваляла ім трымаць у паветры тры стралы запар. Яны выдатна валодалі дзідай і суліцамі, на мячах маглі рубацца доўга і моцна, канём у баі правілі без рук – каленьмі і шпорамі. У бітве маглі супрацьстаяць войску з вольных мужоў ўпяцёра большаму лічбай. На іх нельга было напасці знянацку, бо траціна з іх заўсёды знаходзілася ў поўнай гатоўнасці. Адарваныя ад бацькоў у трынаццаць-чатырнаццаць год ад нараджэння, лепшыя хлапчукі з дрыгавіцкіх, бужанскіх і крывіцкіх родаў, яны потым выхоўваліся ў двары конязя. Іх навучаннем займаліся лепшыя сталыя байцы. У сямнаццаць ўжо паўнавартаснымі ваярамі бралі ўдзел ва ўсіх баях і сутычках, у якія ўваходзіў конязь. Яны станавіліся як бы яго дзецьмі, а конязь кожнаму з іх ― бацькам. У яго пыталі блаславення, калі ўступалі ў першы шлюб, з яго рук атрымлівалі каня, зброю, і дастатак у сям’ю. За яго былі гатовыя ў любы момант ахвераваць жыццём, і не ведалі больш высокага гонару, чым служба ў дружыне конязя. Калі гэтыя гожыя і дужыя мужы прыяжджалі ў палюддзе ці на пастой, то ад іх хавалі маладых жанок, як не жадалі нечаканых дзяцей. Але многія жадалі і лічылі за гонар мець дзіця ад дружынніка...