Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

На пачатку раптоўнай сутычкі Вінсэ паспеў толькі скамандаваць “да бою!”, і яму ўжо нічога не заставалася, як біцца нароўні з радавымі вершнікамі. Самыя адчайныя паморы рваліся да яго штандара. Цяжка прыйшлося правадыру пакемцаў. Ужо не бачыў і не чуў ён поруч сябе сваіх найблізкіх паплечнікаў. Прыходзілася самому варочаць мячом і шчытом, а не камандаваць войскам. Вось ізноў двое памораў адразу налягаюць, а за імі яшчэ! Няўжо ж загінуць прыйдзецца?

Але Віхура таксама ўбачыў штандар Вінсе, і павёў галаву калоны проста да яго, карыстаючыся тым кароткім момантам, калі вораг яшчэ не ачухаўся ад іхняга раптоўнага нападу. Дрыгавічам хапіла набранага разгону, каб прабіцца да яцвягаў. А за імі ўрываліся дайновы, цяжкімі сякерамі рубаючы памораў і разпалавіньваючы іхняе войска на часткі.

Доўбень правіў свайго каня трыху наперадзе ад Віхуры. Ён вынесся проста на Вінсэ, калі той зваліў магутным ударам мяча аднаго з памораў, які напаў на яго, але другі ўжо занёс над шаломам Вінсэ сякеру. Доўбень моцна шпорамі даслаў каня, той аж зароў ад болю, але скочыў наперад, і дрыгавічу ўдалося ў апошні момант дастаць лязом мяча адкрытую ад даспеху шыю памора.

Дрыгавічы і дайновы злучыліся з яцвягамі. Прыбыўшая калона сваім націскам надала цяпер ужо агульнаму войску рух па колу. Гэта быў спачатку спантанны інэрцыйны рух конніцы, каб яго спыніць, патрэбен быў нейкі час, але Вінсе тут жа вырашыў скарыстацць яго.

― Разганя-а-а-й! ― крыкнуў ён сваім ваярам, і накіраваў каня па вонкаваму краю гэтага кола, надаючы яму яшчэ большую хуткасць. У гэты момант паморскія воі займалі досыць статычнае становішча, яны не мелі агульнага плана на працяг бітвы. Стрэламі з лукаў у іх атрымоўвалася зрэдку заваліць аднаго-другога вершніка, хоць тыя і прыкрываліся шчытамі. Збянтэжанныя паморы не паспелі пераладзіць сваё войска, у той час як раскручаная шаленай скачкай аб’яднаная конніца яцвягаў, дрыгавічоў і дайноваў знянацку разарвала сваё кола і, ператварыўшыся ў спіраль, ўдарыла па ворагу з усёй энергіяй свайго руху. Для памораў гэты ўдар апынуўся фатальным. Лязо спіралі разразала паморскае войска, частка якога пападала ў сярэдзіну і гінула. А спіраль раскручвалася шырэй, і ўсё больш памораў трапляла ў смяротную пастку.

Сярод жалезнага грукату бою, конскага іржання і чалавечых крыкаў пачуўся выразны гук рога. Паморы адступілі і кінуліся да бліжэйшага лесу. Нейкі час яшчэ працягвалася пагоня.

Калі ўсё скончылася, Вінсе пад’ехаў да Віхуры, прыклаў руку да сэрца, пакланіўся:

― Я і мае воі заўсёды будзем удзячныя!

Потым ён знайшоў вачыма Доўбеня, пад’ехаў да яго, абняў:

― Як зваць цябе, адважны ваяр?

Доўбень я, ― сціпла адказаў той, потым расправіў плечы, ― Доўбень Лабанавіч! З роду Команяў!

― Цяпер ты брат мне, Доўбень Лабанавіч з роду Команяў.

― Рады мець такога брата, ваявода!

― Для цябе я Вінсэ, з роду Кімена, з пакемскага племені.

― Няхай будзе так.

Сваіх загінуўшых і параненых вояў, а таксама трафеі, прывязалі да тых коней, што страцілі вершнікаў і бегалі, непрыкаяныя, па полю. Іх лавілі, супакойвалі. У гэтай кароткай бітве загінулі паўтара дзесятка яцвягаў і дайноваў, а таксама дрыгавічы Апара з Перуновай Старыцы і Везнюк з Руды. Праз кароткі час паехалі далей. Мёртвыя памаране засталіся ляжаць там, дзе загінулі.

Цяпер Вінсэ не папракаў Комата.

У дарозе яшчэ многія яцвягі пабраталіся з дрыгавічамі і дайновамі.

Сонца паднялася ўжо досыць высока, калі Вінсэ скамадаваў павярнуць на поўдзень ― цяпер, нарэшце, яны вярталіся да месца асноўных падзей. Амаль адразу наехалі на шырокі след конніцы. Зусім нядаўна тут праходзіла войска. Гэта паморы з берагавых радоў спяшаліся на дапамогу сваім. Войска не саступала колькасьцю атраду Вінсэ. І малады правадыр зразумеў, што можа не паспець да развязкі бітвы, бо калі паморскія войскі злучацца, то ў Комата не хопіць сілаў, каб ім процістаяць. Таму ён загадаў ехаць так хутка, каб толькі не загнаць коней.

Паморскі ваявода, які вёў войска на дапамогу сваім, што сядзелі ў аблозе, не здагадаўся выставіць ззаду заслон, бо яму не прыйшла нават думка, што яцвягі могуць апынуцца ззаду. Ён спыніў сваіх вершнікаў на апошні прывал, калі да яго пад’ехаў ганец ад абараняючыхся на засеках:

― Хутчэй, конязе! Выбаўляй ― насядаюць яцвязі!

І не паспеўшыя адпачыць коні і людзі ізноў рушылі наперад.

Яцвягі даехалі да месца прывалу памораў адразу, як тыя зняліся. Перадавы дазор нават бачыў апошніх вершнікаў памораў.

― Вінсэ! Коні не вытрымаюць без перадыху! ― крыкнуў сцішана Віхура.

― Так, трэба спыніцца хоць ненадоўга, ― згадзіўся Вінсэ.

Спешыліся. Агаладалыя коні жадна кінуліся зрываць траву. Час ішоў марудна. Воі напружана чакалі, разумеючы, што ад таго, ці дагоняць яны атрад памораў, будзе залежыць зыход бітвы, а, можа быць, і ўсяго іхняга набегу.

… Комат бачыў, як збіраюцца на версе схілу радасныя паморы, гатуючыся да рашучага нападу, як за іх спінамі з’яўляюцца толькі што прыбыўшыя вершнікі на разгарачаных конях, і разумеў, што ў яго ўжо няма чаго дадаць на шалі бітвы.

Апошнія вершнікі памораў яшчэ заязджалі ўва ўмацаванне, як конніца Вінсэ знянацку абрынулася на нічога не разумеючае войска і, злавіўшы кароткі момант разгубленнасці, пасеяла смуту, жах і смерць па ўсёй плошчы ўмацавання.

― Вінсэ! Паспеў! ― Комат выхапіў меч з похваў, ― Напера-а-ад!! Я-а-ацве-е-езь!! ― грамавы ягоны крык-румз у момант абудзіў ад здранцвення тых вояў, што туліліся за загародамі:

― А-а-а-а!!! Я-а-а-ацвезь!!! ― зараўлі яны ўва ўсе глоткі і рынуліся наверх, перакульваючы непатрэбныя ўжо загароды. Комат на гарачым жарабцу імчаў наперадзе атакі коннікаў. Воі з яго роду прыкладвалі ўсе намаганні, каб абагнаць і прыкрыць правадыра. Але да таго, як ім гэта ўдалося, страла паморскага лучніка праслізнула пад шчыт, знайшла на Комаце неабароненае даспехам месца і упілася ў перадплечча. Комат на хаду выцягнуў стралу і разам з іншымі ўрубаўся ў рады памаран.

Частка паморскіх коннікаў атакавала пешых дайноваў, зачапілі і дрыгавічоў. Дрок бачыў, як адзін з вершнікаў імчыць проста на ягонага аднавяскоўца і добрага суседа Калоду, што біўся побач. Кінуўся напераймы, але не паспеў, ― зарубаны мячом, Калода валіўся ўжо на зямлю. Тады Дрок з разгону скочыў збоку на вершніка, калі той замахваўся для чарговага ўдару, і зваліў яго з каня. Яны яшчэ толькі разам падалі, як Дрок забіў суперніка кордам, знайшоўшы шчыліну паміж пласцінамі панцыра. Памаране біліся люта, але гэта была лютасць абложанага звера. Праз кароткі час бітва скончылася поўнай пабедай яцвягаў. Нямногія паморы здолелі вырвацца з кола смерці, сціснуўшы зубы ад гаркаты паразы, выносячы з сабой нянавісць да захопнікаў на ўсё астатняе жыццё і вялікае жаданне паквітацца.

У гэтай бітве на засеках загінулі амаль два сарака яцвягаў і дайноваў, а таксама дрыгавічы Калода з Ведзьмядзёў, Пляскач з Вусця, дружыннік Балыш. Яшчэ адзін дружыннік, Грэсь, быў цяжка паранены і памёр праз дзень у абозе.

А Дрок Няўдак здабыў сабе баявога каня з поўным рыштункам. Бо калі здабычу, наогул, здавалі ў агульны абоз, то нехапаючае ўзбраенне, здабытае ў бітве, на законным праве заставалася ў пераможцы.

Ноччу палілі пахавальныя вогнішчы і святкавалі перамогу.

Для войска Комата галоўным вынікам гэтай перамогі было тое, што цяпер нейкі час нічога не магло перашкаджаць займацца пошукам паморскіх паселішчаў і іх рабаўніцтвам. Жорсткія законы часу не літавалі безабаронных, у становішчы якога могло апынуцца ў гадзіну раптоўнага нападу любое паселішча, любы чалавек.

Глава 34.

Збіранне дрыгавіцкіх войскаў

Семірадцы ― уладары палесскіх дрыгавічоў ― стаялі на дазорнай вежы, змайстраванай каля самай ракі на ствале шматвяковага дуба, якіх мноства ўзвышалася па берагам Прыпяці, і прагна ўглядаліся ў рэчышча. Яны не часта збіраліся разам.

Калі лютыя обры прымучылі дулебаў, некаторыя конязі сталі іхнімі халуямі, другія ― непакорлівыя, адзін за другім загінулі ў няроўнай барацьбе. Так звяліся свае конязі, і сталі панаваць чужынцы. Тады на адным з незлічоных грудоў непралазнай дрыгвы, па таемным закліку вожаў племені берзічаў, у якім болей другіх засталося прагі да супраціву, сышліся прадстаўнікі сямі плямёнаў, якія потым стварылі звяз і сталі называцца дрыгавічамі. Да берзічаў далучыліся нерывяне, вербічы і іншыя плямёны, назву якіх праглынуў час. Яны пакляліся на крыві захоўваць таямніцу і выбралі сем паўнамоцных радцаў ― па аднаму з кожнага племені. Семірадцы сталі таемнай уладай дрыгавічоў. Калі хтосці з іх гінуў, астатнія вялі агульныя справы, пакуль племя не выбірала замену загінуўшаму. Не адно дзесяцігоддзе семірадцы жылі ў розных месцах, непрыкметна збіралі зброю і гатавалі ваяроў. Доўга чакалі падыходзячага моманту. Калі пазналі, што недзе далёка на захадзе обры пацярпелі паразу ад ваяўнічых франкаў, то зразумелі ― час надыйшоў! Знянацку паднялі паўстанне і скінулі ўладу разтлусцелых прыгнятальнікаў, жорска помстячы за векавыя крыўды. Забівалі ўсіх мужоў пагалоўна, у палон бралі толькі кабет і немаўлят. Мінулі гады, дзе цяпер тыя обры?…

53
{"b":"822260","o":1}