Лош і Доўбень чакалі, зарыўшыся ў снег так, што іх незаўважыла б нават і сава. Двое вершнікаў пад’ехалі да каштоўнага груза і спешыліся.
― Ха-ха! Дзе нашыя крывічанкі? ― весела па-яцвяжску прамовіў адзін, і ў Доўбеня закіпела кроў: гэта быў Шэпет.
Яны напалі ў той момант, калі яцвягі нахіліліся, каб узяць пакінутыя жывыя ношы. Лош дзеўбануў незнаёмага ваяра дзяржальняй корда па галаве, і той без гуку паваліўся ў снег. Доўбень, з усіх сілаў адштурхнуўшыся нагамі ад ільду, ляцеў на Шэпета. Але яцвяг быў вопытны вой. Ён паспеў развярнуцца, і, хоць дрыгавіч меў перавагу ў руху, выкінуў у твар яму пяцярню. Два целы ўпалі і запручаліся ў снезе. Лош падскочыў і наваліўся зверху...
Яцвягі ляжалі, звязаныя, цяжка дыхаючы. Па тварах паволі разыходзіліся цьмяныя кругі крывападцёкаў. Яны з-пад ілбоў са злосцю глядзелі на дрыгавічоў, якія стаялі над імі і моўчкі думалі, што ж цяпер рабіць з палоннымі.
― Доўб, забіваць нельга, ― прамовіў Лош.
― А трэба было б. Ды Стырх апамятаецца, ― Доўбень трымаўся за параненае вока.
― Мы прыдумаем што-небудзь цікавейшае. Мы іх адправім да сваіх.
―Ты што, звар’яцеў?!
― Не! Лаві іхніх коней!...
Праз некаторы час поўня нібыта знарок прабілася скрозь смугу, каб убачыць дзівосную з’яву. Яцвягі сядзелі на сваіх конях, але... задам наперад.
― Лош, гэта занадта ганебна, ― сказаў Доўбень.
― Нічога, пацерпяць. Няхай бы не хлусіў Стырх, што шкоды не рабілі.
― А і то праўда. Будуць ведаць дрыгавічоў!
Доўбень штурхнуў кулаком пад рэбры яцвяжскага каня, і той няхочучы рушыў. За ім пацягнуўся другі. Жывёлы крочылі панура, нібыта адчуваючы ганьбу вершнікаў.
Яцвягі з нянавісцю глядзелі на крыўднікаў.
Лош і Доўбень паднялі сваіх коней і, трымаючы іх за аброці, глядзелі ўслед смешным постацям, якія павольна сыходзілі ў смугу. Калі недарэчныя вершнікі ад’ехалі на палёт стралы, яны паглядзелі адзін на аднаго, без слоў ускочылі ў сёдлы і галопам паімчалі наўздагон. Дагналі, моўчкі павярнулі яцвягаў перадам да грыў, выцягнулі мячы з похваў, плазам угрэлі коней па азадках, і тыя, храпануўшы, панесліся ўніз па Нёману...
А праз нейкі час і дрыгавічы, клапатліва прытуліўшы да сябе дзяўчат, саграваючы іх сваім цяплом, нібыта на крылах ляцелі на баявых конях у бок Ведзьмядзёў.
― Адкуль вы, дзяўчаткі? Як цябе завуць, красуня? ― запытаў Лош у той, што была на ягоным сядле. Але дзяўчына не змагла адказаць. Ці не захацела. Занадта многа давялося перажыць ім у апошнія дні.
...Комань выставіў заслон супраць Стырха, але той не вярнуўся: мабыць, умыканне дзяўчат не было галоўным у іх вандраванні, ды і замірэнне ўсёткі...
Глава 6.
Пахаванне Вялікага Ваяра
Род Команяў правіў трызну па Славу, знакамітаму ваяру, вядомаму далёка за межамі зямлі племені Корчакаў. Прысутнічала многа народу з іншых родаў і плямёнаў. Пад жаночы плач і галашэнні славутыя мужы, часта змяняючыся, неслі цела Слава, убранае ў баявы строй і пакладзенае на насілы. Гэта былі ваяры, якія не аднойчы побач са Славам удзельнічалі у шматлікіх войнах, што даводзілася весці дрыгавічам то з суседнімі плямёнамі за валоданне нейкай часткай зямлі або воднага шляху, то даючы адпор прыхадням, ласым да чужога дабра, то, наадварот, у набегу, у пошуках хуткай здабычы і славы, і нават паміж сабой ― такі ўжо быў час.
Цела прынеслі на высокі бераг Нёмана, да загадзя складзеных у некалькі пластоў драўляных плах, і паклалі наверх. Жанчыны заенчылі, загаласілі мацней. Ястр падняў запаленую паходню і прамовіў:
― Белабожа, бацька багоў нашых! Вялікае дзякуй табе, што ў створаным табой свеце жыў сярод дрыгавічоў вялікі ваяр Ваіслаў!
― Пяруне, сыне Белабога! Вялікае дзякуй табе, што сярод грому і агністых стрэл тваіх пражыў слаўнае жыццё адзін з лепшых дрыгавічоў!
Потым ён падзякаваў другім багам, якія спрыялі Славу пры зямным жыцці, а напрыканцы сказаў:
― Зніч-божа! Ты сорак і тры зімы таму запаліў зорку Ваіслава на радасць нам! Цяпер вызвалі душу нябожчыка ад цяжкіх людскіх турбот! ― з гэтымі словамі Ястр прыклаў паходню да пахавальнага вогнішча. Сухія галіны хутка ўзгарэліся на марозным паветры, полымя ўзнялося высокае і яркае. Такім было жыццё Слава-Ваіслава! Такім ён застанецца ў памяці дрыгавічоў.
Пакуль шугалі тоўстыя плахі, ваяры спаборнічалі ў воінскай справе. Маладзейшыя скакалі на баявых конях навыперадкі, больш сталыя стралялі з лукаў па пудзілах, кідалі ў дрэвы баявыя сякеры і корды.
Гонар Вялікаму Ваяру Ваіславу!
...Калі вогнішча ператварылася ў вуглі, а вуглі рассыпаліся ў попел, Ястр сабраў яго разам з рэшткамі костак ў пахавальны жбан. Старэйшы з сыноў нябожчыка, высокі і камлюкаваты дваццацігадовы Булаў узяў каштоўную пасудзіну, прыціснуў яе да грудзей і павольна перанёс да ачышчанай ад снегу і чорнай зямлі пляцоўкі. Ён спыніўся, абвёў сумнымі вачамі натоўп людзей, узняў жбан высока над галавой, а потым асцярожна апусціў яго на зямлю. Малодшыя сыны дадалі дзіду, лук і некалькі стрэл. Меч дрыгавічы ў магілу ніколі не клалі. Лічылася, што гэтая каштоўная зброя, якую меў не кожны ваяр, больш патрэбная жывым. Паводле звычаю ён пераходзіў да старэйшага сына, таксама, як і баявы конь. Булаў узяў жменю пяску з кучы, загадзя падрыхтаванай побач з пляцоўкай, і высыпаў каля жбана. Тады ўсе людзі па чарзе сталі рабіць тое ж самае. Калі падрыхтаваны пясок скончыўся, пачалі насіць яго ад раскапанага непадалёк груда, але ўжо не жменямі, а скуранымі мяхамі. Журботны чалавечы ланцуг рухаўся да вечара. Яшчэ не адзін дзень рабы і вольныя людзі роду Команяў будуць насыпаць курган...
Увечары на памінках выпілі медавухі, потым сядзелі ля вялікага вогнішча, і бывалыя ваяры па чарзе ўспаміналі подзвігі Слава ў розных бітвах і сутычках. Воўч разам з усёй дзятвой з Ведзмядзёў і другіх паселішчаў, што прыбылі з дарослымі на пахаванне, круціўся паміж падпіўшых мужоў. Сівавусы стары, але моцны яшчэ Жур з Вусця павольна распавядаў:
― ...У той бітве Слаў двойчы выратаваў мне жыццё. Адзін раз тады, калі мы несліся на жамойтаў, выставіўшы дзіды, а яны гэтак жа імчалі насустрач. Такі быў пачатак той страшнай бітвы, калі дрыгавічы разам з бужанамі і крывічамі страцілі шмат добрых вояў ад аб’яднанага войска яцвягаў, жамойтаў і прусаў, але адваявалі права карыстацца ляснымі абшарамі на адлегласць дзённага пераходу, ― Жур церабіў свае вусы, вочы сталі нерухомымі, ён нібыта перанёсся ізноў у тую пару, ад якой прайшоў ужо дзясятак зім:
― Звычайна ў гэтай першай сутычцы з дзідамі мала хто гіне, бо ўсе яшчэ свежыя і пільныя. А што там... Адбіваеш дзіду суперніка, а нанесці ўдар паспець цяжка.
Воўч і ўся ягоная кампанія як зачараваныя глядзелі на старога ваяра.
― Але мой конь спатыкнуўся, і я трохі згубіў раўнавагу. Як у марудным сне глядзеў я на наканечнік дзіды моцнага жамойта, што набліжаўся да мяне, разумеючы, што адбіць яе не паспею. Не ведаю, як Слаў змог зразумець гэты момант, але ён адбіў яе сваёй дзідай, а другую, што прызначалася яму, прыняў тарчой... Вострае лязо пранеслася за волас ад майго твара... Эх! Каб не Слаў, не сядзець бы мне тут з вамі, ― Жур ізноў пацярэбіў вусы і крыкнуў: ― Ці дасць хто-небудзь медавухі старому ваяру?!
Далі конаўку, ён прагна прыпаў да яе. Выцер рукавом вусы.
― А што далей, дзядзка Жур?! Што далей?! ― закрычалі мальцы.
Жур задумаўся. Вочы яго глядзелі ў вогнішча. Старому вою было што ўзгадаць.
― Ну, раскажы, дзядзечка Жур! ― не вытрымаў Воўч.
Жур паглядзеў на хлопца, ускалмаціў яму валасы на галаве, усміхнуўся ў доўгія сівыя вусы:
― Потым мы біліся на мячах і сякерах. Спачатку на конях, а далей пешшу, бо мала хто ўседзеў верхам. Не таму што нас пазбівалі. Не! У такім цесным бою цяжка ўбачыць, што робіцца пад табой. Жамойцкія пластуны, рызыкуючы быць растаптанымі, падпаўзалі пад коней і пратыкалі ім жываты. Тады мы спешыліся і біліся ўнізе. Мне ўдалося нанесці трапны ўдар мячом. Але не паспеў я выцягнуць зброю з цела забітага, як ягоны сябар, а, можа сваяк, са страшэнным крыкам занёс нада мною сякеру. Я яшчэ паспеў прыкрыцца тарчой, ды яна б мяне не выратавала. Баявая сякера – гэта страшэнная зброя, і жамойты добра валодаюць ёю...