Леанід Сіліч
ВОЎЧ
Скрозь смугу няўмольнага часу
гісторыка-прыгодніцкі раман
Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу праваўладальніка.
Сіліч, Л.
Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу : гісторыка-прыгодніцкі раман / Леанід Сіліч. — Мінск : ІП А.М. Янушкевіч, 2017. — (Серыя «Электронная кнігарня»). — Электрон. тэкст. дан. (колькасць 0,4 Мб). — Лічбавае электрон. выд. — Загал. з тытул. экрана.
ISBN 978-985-7165-52-0.
У перадлетапісны час на хвалі агульнага прасоўвання на поўнач дрыгавіцкае піянернае племя ўклінілася сярод яцвяскіх паселішчаў і прыжылося на прыгожай зямлі Панямоння каля вусця Маўчады, уступіўшы ў складаныя стасункі з мясцовымі плямёнамі, але не страціўшы сувязі з спрадвечна дрыгавіцкім Папрыпяццем, чэрпаючы адтуль упэўненнасць у сваіх сілах і беручы ўдзел ува ўсіх значных падзеях, датычных племяннога звяза дрыгавічоў. Не ўсім яцвягам да спадобы тое, што з прыходам новых пасяленцаў гэтыя землі пачалі паступова трапляць пад уплыў дрыгавіцкіх конязяў. Яцвяскія кунігі з ліку непрымірымых песцяць надзею па хуткім часе вярнуць згублены кантроль над усім нёманскім водным шляхам. Усе людзі племені ― ад старцаў да мальцоў, ад правадыроў да простых ваяроў і земляробаў, якія вялі і без таго цяжкае, поўнае небяспек жыццё, ― апынуліся ўцягнутымі ў кола адбывалых падзей.
© Леанід Сіліч, 2017
© Афармленне. ІП Янушкевіч А.М., 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
Да чытача
Час няўмольны. У яго зманлівай смузе немагчыма разглядзець падзеі і людзей больш чым тысячагадовай даўніны такімі, якімі яны былі на самой справе. Гэта даўніна, да якой нават дакрануцца няпроста, бо ад цэлых стагоддзяў засталіся лічоныя рэчы, а і тыя ляжаць за шклом у музэях пад пільным вокам ахоўнікаў. А другія захаваны ў тоўстым пласце глебы, і толькі малая крыха іх будзе яшчэ калісьці знойдзена шукальнікамі – чорнымі або афіцыйнымі. А трэція загінулі альбо загінуць з-за нядбайнасці абыякавых людзей пад плугам трактара ці ў каўшы экскаватара. А чацвёртыя даўно з’ела іржа ці паглынуў тлён. А пятыя патрапяць-такі выпадкова ў чалавечыя рукі, ды будуць адкінутыя па непатрэбе – далёка не ў кожнага наканечнік стралы альбо керамічны абломак збанка са старадаўняга гарадзішча выклікаюць душэўнае трымценне.
Нават калі засталіся звесткі ў летапісах, сагах, хроніках, то яны надта скупыя, асабліва аб жыцці простага чалавека ― не князя або караля, а аратага, ваяра ці жанчыны, што спявала доўгімі вечарамі, падкручваючы верацяно. А ёсць жа і болей старадаўнія часіны, пра якія не гавораць нават летапісцы. Яшчэ цяжэй зразумець сэнс дайшоўшых да нас адтуль лягенд, паданняў, былін, песень. Нават у дзяцячых гульнях захаваліся цяпер для нас ужо незразумелыя падзеі даўніны…
Ёсць яшчэ навуковыя метады – археалогія, тапаніміка, лінгвыстыка… Яны шмат што могуць паведаць нават аб жалезным, нават аб каменным веку. Нізкі паклон навукоўцам і даследчыкам за цяжкую і карпатлівую працу. Ды вось бяда – навуковая этыка дазваляе ім гаварыць на старонках справаздач і манаграфій толькі сухім складам аб аб’ектыўных рэчах. Яны вельмі мала могуць паведаміць аб пачуццях, норавах, думках і маментальных дзеяннях канкрэтных людзей.
Ну дык што ж тады, адказацца ад думкі зазірнуць туды, у далёкую мінуўшчыну, пабачыць яе на ўзроўні звычайнага чалавека?
Якімі яны былі? Ці мелі акрамя цяжкай штодзеннай барацьбы за існаванне, напрыклад – каханне, або проста любімы занятак? Ці марылі аб шчасці? Любаваліся яны заходзячым сонцам і зоркамі, ці панічна баяліся цемры, злых багоў, лютых звяроў і ліхіх людзей? Напэўна, мужы добра валодалі сякерай і дзідай – ад гэтага залежыла жыццё. А што яны яшчэ ўмелі рабіць? А жанчыны? Якая роля ў жыцці належыла ім? Ці была тады мода? Ўва што гулялі дзеці? Як гатавалі ежу, і, наогул, што елі? Якое будавалі жытло? Што адчуваў малады ваяр у першай сваёй бітве з ворагам?
Калі задумваешся аб гісторыі нашай краіны, то мімаволі ўсплывае пытанне: ― Чаму мы шмат ведаем пра Старажытную Грэцыю, Старажытны Рым, пра Ранняе Сярэдневечча ў Заходняй Еўропе? Падзеі, народы, імёны. І што мы ведаем пра нашую зямлю ў гэтыя часы?
Адказ ясны: ― Мы ведаем вельмі мала, бо не было тут пісьменнасці, не было мураваных будынкаў...
Яно то так.
А гэта справядліва?
Тут таксама жылі людзі. Яны нараджаліся, паміралі. Напэўна сярод іх былі героі, знакамітыя мужы, прыгожыя, як багіні, жанчыны. Тут таксама былі бурныя падзеі, бітвы і перамогі, заўзятасць і крывавыя пакуты...
Ну дык разыйдзісь жа, смуга часу...
Пралог
Ніхто з людзей, нават з самых дасведчаных ― тых, што валодалі патаемнымі ведамі і маглі размаўляць з багамі, ― ужо не памятаў пра готаў, якія прасунуліся праз гэтыя мясціны з поўначы на поўдзень, нібыта востры нож-корд скрозь свежае сала. І ніхто не ведаў, што не ўсе яны сышлі адсюль, а былі такія, што засталіся, бо іх зачараваў край неабсяжных пушчаў, невялікіх утульных азёр і бяскрайніх балот. Яны растварыліся сярод тых, хто тут жыў спакон веку, і толькі радавая мянушка альбо назва паселішча магла паказаць на паходжанне, ды ніхто аб гэтым не здагадваўся. А, між тым, менавіта готы, якія ў пошуках лепшай долі зрушылі з прарадзімы і перасоўваліся па зямлі, нікога не пытаючы дазволу, і без роздумаў выцягваючы з похваў мячы, калі хто-небудзь жадаў ім перашкодзіць, пачалі ўсеагульную калатнечу, якая прывяла да таго, што многія плямёны ссунуліся з абжытых земляў, несучы разруху і пагібель найслабым. А можа й распавядалі вяшчуны-кашчуннікі лягенды пра готскую краіну Оюм, што існавала на поўдзень ад нараўскіх балот, або пра правадыра готаў Германарыха, які, напэўна, меў зносіны і з нашымі прашчурамі.
Потым наваліліся з усходу гуны, і цяжка прыйшлося і готам, і ўсім, хто апынуўся ў іх на дарозе. Загінула краіна Оюм, шукаў смерці ў баі і лёгка знайшоў яе, не пажадаўшы скарыцца, Германарых, а многія з ваяроў тутэйшых плямёнаў, адны як саюзнікі, другія пад прымусам, рушылі на захад, дапамагаючы “бічу божаму” Аціле і другім правадырам гунаў ваяваць і рабаваць заходнія землі. Шмат хто загінуў, іншыя здолелі здабыць ратную славу і нарабаваць чужога дабра, але мала хто вярнуўся ― на захадзе, акрамя вялікай верагоднасці згубіць сваю галаву, была яшчэ і безліч спакусаў. І гэтыя падзеі з цягам часу ператварыліся ў людскай памяці ў легенды, ды жанчыны часам страшылі непаслухмяных дзяцей імем Ацілы ― прыйдзе і забярэ ў мяшок…
А вось пра обраў памяталі яшчэ добра, распавядалі з пакалення ў пакаленне старыя малым, як тыя зруйнавалі галоўны гарадзен Зімна, як развалілі дагэтуль магутны звяз плямёнаў, прымучылі дулебаў, здзекваліся над людзьмі, бясконца доўга панавалі над усімі тутэйшымі, тлусцелі і не ведалі не тое, каб жалю да тых, хто іх карміў, а нават таго клопату, які мае чалавек да свайго быдла. Обры думалі, што заўсёды можна будзе зневажаць пакорлівых мужоў, забіваючы дзёрзкіх, замест каня запрагаць у воз жанчын, і што так будзе заўжды. Яны прымушалі ваяваць з дагэтуль прыязнымі дулебам плямёнамі ― супраць сваіх. Здаецца, раней на гэтай зямлі ніколі не было такога цяжкага прыгнёту, многія прынялі дадзенае становішча, як пакаранне багоў, як сілу, якую адолець немагчыма, і цярпліва неслі абавязкі пераможаных перад пераможцамі, губляючы свой племянны дух і апошнюю павагу да сябе. Але заставалася вялікая нянавісць, добра схаваная пад маскай пакоры, і здолелі правадыры скарыстаць гэтую нянавісць, згаварыцца, патаемна выкаваць у людзях надзею, на лясістых грудах сярод дрыгвы падрыхтаваць рашучых ваяроў, якія ўдзень гнулі спіну на обрына, а ноччу, пры святле вогнішча, гатавалі зброю і вучыліся ваярскай справе.