Юнакі з натугай сталі паднімаць канцы радна над вадой. Атрымлівалася марудна, бо тканіна была хоць і ветхая, але занадта шчыльная для такога ўжывання. Калі яны ўсё ж такі паднялі канцы, то ўбачылі ў радне мітусню рыбак, у асноўным мелкіх, але на дне магла быць здабыча і буйнейшая. Эх! Надта ж павольна вада выцэджваецца, і трымаць цяжка.
― Цярпіце, хлопцы! Вышэй паднімайце! І канцы пачынайце паступова зводзіць. Ё-о-осць рыбка!
У наступны момант штосці моцна стукнула па дну радна, раптам па паверхні паказалася вялізная бронзавая рыбіна галава з маленькімі вочкамі і адначасова раздаўся магутны выплеск-удар раздвоенага, памерам з добрае вясло, хваста, абліўшы пырскамі твары хлопцаў. Ад нечаканасці яны выпусцілі радно і ўпалі ў ваду.
― Эх вы ёлупні!! Не ўтрымалі! ― лаяўся ў роспачы Чмель.
З берага разносіўся звонкі смех Баюты.
― Радно дзе?! Трымайце! ― крычаў стары.
Радно вылавілі, вылезлі на бераг, селі на траву, ўгнуўшы галовы ў плечы. А Баюта яшчэ доўга не магла спыніць смех, аж пакуль Чмель не абарваў яе:
― Сціхні ўжо! І так усю рыбу распалохалі!
Баюта закрыла рот рукамі, а плечы яе яшчэ доўга трэсліся пад сукураною камізэлькай…
Пасядзелі, пачакалі трыху, ізноў палезлі ў ваду. Такая рыбіна ўжо не патрапілася, але ўвогуле рыбалка была паспяховай. Плотак, якіх была большасць, і другую падобную дробязь адразу засмажылі на вогнішчы, а ўюноў, ― іх таксама нямала выцягнулі разам з глеям, нанізалі на дужую скураную аборку і апусцілі ў ваду ― напотым.
Пакуль яны займаліся рыбай, Баюта таксама не сядзела. Яна хадзіла каля чоўна, дзе барсукі дабраліся да харчоў, часам прысядала, або нават станавілася на карачкі. Каля яе спрабаваў круціцца Шэры, але Баюта яго прагнала. Калі рыба была прыгатаваная, дзяўчына падышла да раскладзенага абруса.
― А гэта мая здабыча.
Чмель паглядзеў на Баюту. У яе ў падоле ляжала некалькі добрых кавалкаў хлеба, а таксама тузін жменяў рознай крупы, ужо пачышчанай і правеянай, а ў вольнай руцэ яна трымала амаль цэлы каравай хлеба, крыху забруджаны зямлей, ― усе, што ўдалося знайсці.
― Ах ты дочачка, ах ты малайчынка, ― не ўтрымаўся ад хвалы Чмель.
― Каравай закаціўся пад корч, і барсукі яго не ўбачылі, ― Баюта радавалася, што ад яе таксама была карысць.
― Гэй! Паляўнічыя вяртаюцца! ― пракрычаў з дрэва Ятэль.
Падплылі Роздум з Востравухам. На дне чоўна ляжалі пара зайцоў і невялікая казуля.
― Ну, што? Усё спакойна? ― спытаў Роздум.
― Так. Амаль што, ― адказаў Чмель, і паглядзеў з усмешкай на Воўча з Ежкам, якія разам з Шэрым сядзелі на беразе ракі і боўталі нагамі ў вадзе.
Яшчэ нейкі час разбіралі тушкі забітых звяркоў, потым смажылі іх на вуголлях.
Сонца высока ўжо стаяла над галовамі, калі яны змаглі працягнуць свой шлях.
― Эх, колькі часу прамаруджана! ― не стрымаўся Роздум.
Яны яшчэ не ведалі, які кошт ім прыйдзецца заплаціць за гэтую затрымку.
Глава 39.
Тры двубоі
Барнім Кашэба не здолеў сабраць дастаткова войска і караблёў, каб напэўна перамагчы ў адкрытым баі яцвягаў. Але ён не адступіўся ад далейшага наладжвання пагоні. На тузін вялікіх марскіх ладдзей, якія былі ў наяўнасці, і кожная магла змясціць паўтара сарака ваяроў, ён пасадзіў усё пешае войска і частку конніцы. Астатнія вершнікі перасоўваліся берагам. Вецер хоць і не быў зусім папутны, але тым не меней ўдалося скарыстаць ветразі. Судны аддаліліся ад берага, каб не заміналі прыбярэжныя выспы, і ўпэўнена пераадольвалі сапраўдныя марскія хвалі, ― памаране былі добрымі мараходамі.
Кашэба з перадавой ладдзі ўглядаўся наперад. Вужлакі гралі пад кароткай барадой.
― “Эх, каб дагнаць іх на вадзе!” ― думаў ён, ― “Тут бы мы з імі хутка расправіліся!”
Але на вадзе нічога не было відаць. І толькі калі наблізіліся да пачатку Вялікай Касы, пачуўся голас востравокага дазорнага:
― Ладдзі на беразе! Управа па носе!
Так. Цяпер і Кашэба ўбачыў на вузкай паласе берагавога пяску стаячыя бок аб бок ладдзі насамі да вады.
― Павярнуць туды! ― скамандаваў Кашэба.
Комат не стаў чакаць, пакуль памаране іх дагоняць. Тым болей на марской вадзе, дзе яцвягі не былі спрактыкаваныя да баявых дзеянняў. Пакуль на моры паказаліся першыя ладдзі памаран, яны паспелі перанесьці на другі бераг касы чоўны і частку плытоў. На гэтым беразе на хуткую руку ладзілі ўмацаванні. Ладдзі да паловы выцягнулі на бераг і абапёрлі борт да борта насамі ў мора. На захад ад іх ўпоперак касы з часткі плытоў, развязаўшы іх і завастрыўшы канцы бярвенняў, зрабілі засекі, за імі паставілі вазы. На вяршынях некалькіх выдмаў змесцавалі лепшых лучнікаў, у складках мясцовасці паміж выдмамі засяродзілася конная частка войска. Чвэрць ваяроў была пастаўленая на ахову чоўноў, здабычы і палонных. На высокай выдме, што ўзвышалася за кармамі ладдзей, стаяў Комат, трымаючы руку на перавязі ― рана атрымалася досыць цяжкаю, і куніг трыху збялеў, але цвёрда трымаўся на нагах. Ён добра бачыў усіх сваіх і падыходзячыя судны памаран.
Вялікія марскія ладдзі не маглі падысці ўшчыльную з-за мелкаводдзя, таму кінулі з бартоў якары недалёка ад берага, трохі не даходзячы да ўмацаванняў. Кашэба даў загад чакаць. Неўзабаве ўдалечыні, на светлай паласе прыбярэжнага пяску паказаліся сілуэты вершнікаў. Калі конніца наблізілася, пачалі выгружацца ў такім месцы, куды не маглі дасягнуць стрэлы яцвягаў. Ваяры дружна скакалі цераз борт у ваду, часам ажно па шыю, выходзілі на бераг і адразу станавіліся ў баявы парадак. Кашэба нягучна падаваў каманды, нетаропка расстаўляючы дружыны па свайму разуменню. Свежы вецер і сонца хутка высушвалі намоклую вопратку. Яцвягі і дрыгавічы моўчкі назіралі за гэтымі дзеяннямі з умацаванняў. Нарэшце войскі былі гатовыя да бітвы.
Ні той, ні другі бок не жадаў пачынаць першым.
Комату гэтая бітва не была патрэбная. Пачаўшы адыход, ён ужо не павярне ізноў на паморскія землі, нават калі і разаб’е ўшчэнт памораў. Бо за гэтымі прыйдуць другія. Чым далей яго войска будзе тут знаходзіцца, тым меней шанцаў закончыць набег паспяхова, з той здабычай, што яны цяпер маюць. І не жадалася яму класьці тут жыцці сваіх супляменнікаў.
Кашэба не пачынаў, бо ўсё яшчэ меў надзею на падмацаванні. Ён не здолеў знянацку абрынуцца на яцвягаў, а для такой вось пазіцыйнай бітвы ў яго пакуль што было мала войска. Конязь добра разумеў, што калі патрывае паразу, то згубіць свой аўтарытэт, які доўгімі гадамі набываў удалымі ваеннымі дзеяннямі і мірнымі справамі. Але падмацаванняў не было відаць.
І Кашэба, і Комат, ды і большасць вояў з абодзвух бакоў добра ўсведамлялі, што ў бітве, якая мае быць, праільецца шмат крыві, многія загінуць.
Стаялі насуплена. Маўчалі. Фыркалі коні, адзвоньвала збруя, калі яны маталі галовамі або білі капытамі зямлю. Марскі прыбой адну за другой накатваў на бераг хвалі, абмываючы і без таго чысты пясок.
Сонца перайшло за апоўдзень, калі ад памаран наперад на гарачым вараным кані выехаў перагаворшчык. Адразу было відаць, што гэта не просты вой ― пад сядло падкладзена шырокая, прыгожа вышытая, папона, на галаве бліскучы з пазалотай шалом, магутныя тулава і плечы ладна аблягала кальчуга, на грудзях замацаваныя пласціны дадатковай брані. Шчыта або тарчы ў яго не было. Адзін з лепшых ваяводаў Кашэбы выехаў перад сваім войскам і, наблізіўшыся да яцвяскага строю так, што лучнікі папросту маглі б дастаць яго трапным стрэлам, грэбуючы небяспекай, зняў шалом. Без усялякіх прывітанняў прамовіў:
― Ятвязі, ворагі нашыя!! Да вас звяртаюся ад імя конязя Барніма Кашэбы з прапановай! Каб не класці на гэты пясок многія жыцці нашыя і вашыя, прапануем вырашыць лёс сённяшняга супрацьстаяння ў двубоі!!
Легкі гоман сцішаных галасоў пранёсся з абодвух бакоў і сціх.
― Наш слаўны конязь прапануе, ― працягваў перагаворшчык, ― двубой вашаму кунігу!
― Слава Барніму!! Слава Кашэбе!! ― пракрычалі ў памаранскім войску.
Яцвяскія воі маўчалі. Не ім вырашаць, што адказаць на гэтую прапанову.