І толькі пра умыкнутую калісьці Арэську не было аніякіх звестак.
Глава 12.
Трызненне Воўча
Час ішоў. Маладзік раз за разам ператвараўся ў поўню, зімы змяняліся летамі. Вялікае Замірэнне ўсё яшчэ мела сілу, хоць і прадракалі старцы блізкую вайну. Кожнае лета праводзілі з пасталеўшай моладдзю абрад уступу ўва дарослае жыццё. Юнакі станавіліся воямі, дзяўчаты – нявестамі. Воўча, яго сябраў Ежку, Росціка, Ворліка і другіх хлопцаў увосень таксама павінны былі прыняць у стан дарослых, а пакуль ім яшчэ трэба было шмат пазнаць пра дарослае жыццё.
Лошна амаль кожны дзень, а часам і Нор, вучылі Воўча вайсковай і паляўнічай справе ― біцца мячом і сякерай, кідаць суліцу, страляць з лука, валодаць дзідай, ладзіць ловы і карыстацца вудамі і бучамі. На кані ён ужо трымаўся ўпэўнена, і пакрысе асвойваў прыёмы коннага бою. Яго сяброў таксама вучылі іхнія бацькі, альбо дзядзькі ці старэйшыя браты. Калі сябры збіраліся разам, то дзяліліся тым, чаму іх вучылі родзічы. Нягледзячы на тое, што ўжо былі па-сапраўднаму ўцягнутыя ў кола цяжкай сялянскай працы, яны знаходзілі яшчэ час, каб пагуляць-пабегаць разам. Праходзілі апошнія месяцы іхняга дзяцінства.
...Воўч трызніў. Гэта было не першы раз. Ён выкрыкваў незразумелыя словы, твар ягоны макрэў ад напруджання. Першыя разы Крына думала, што сын памірае. Але калі Воўч прасынаўся, то ўсё праходзіла, ён станавіўся здаровы і вясёлы. Гэта адбывалася не кожную ноч, ды даволі часта.
― Ці ты помніш, сынок, што з табой было ноччу? ― пытала Крына.
― Я бачыў незразумелыя рэчы, матуля. Мне было страшна і надта цікава. Я не разумею, што гэта. Часам мне сняцца знаёмыя рэчы, а часам зусім дзівосныя, якіх я ніколі не бачыў і не чуў пра іх.
Крына вырашыла паведаць Ястру. Вяшчуна гэта вельмі зацікавіла, і ён наказаў, каб юнак прыйшоў у бажніцу.
― Колькі ты маеш летаў?
― Дзесяць і яшчэ тры гады мінула.
― Даўно бачыш дзівосныя сны?
― На памятаю, калі пачаліся.
― Сядзь каля мяне. Распавядай пра які-небудзь.
― Апошні раз я бачыў вялікія будынкі, зусім не падобыя на нашыя хаты. Каля іх праяжджалі вазы, ды толькі зусім іншыя.
― А людзі? Ты бачыў людзей?
― Так, бачыў.
― Яны падобныя на нас?
― Не, непадобныя. У іх адзенне другое.
― А абліччы?
― Абліччы падобныя.
― А коні?
― Былі. Я бачыў некалькі вершнікаў.
― А тыя вазы? На што яны былі падобныя?
― Яны былі, як... – Воўч сумеўся, голас ягоны задрыжэў, ― яны былі падобныя на жывыя істоты... У іх... вялікія вочы. Яны... румзалі, як ехалі...
Ястр прыкмеціў, што юнак бляднее і кожнае слова вымаўляе з цяжкасцю.
― Досыць! Прыходзь заўтра.
― Добра, дзед Ястр.
І Воўч пабег да сваіх сяброў.
Ястр некалькі дзён запар распытваў хлопца. Апошні сон Воўча яго надта занепакоіў. Той бачыў Ведзмядзі, але спаленыя, разбураныя.
Тады Ястр склікаў да сябе вяшчуноў з другіх паселішчаў.
Быў цёплы веснавы дзень, таму сабраліся далей ад людзей, на паляне сярод лесу, каля старадаўняга капішча. Кругом верашчалі на розныя галасы птушкі. У паветры стаяў змешаны з розных раслін і кветак прыемны пах. Жыццё буйна і разнастайна праяўляла сябе, і толькі істуканы пагрозліва і нерухома глядзелі на збор мужоў. Акрамя дрыгавіцкіх вешчуноў Стрэхі, Схована, Дроба і Залогі, прыйшлі таксама Бусел з Крывічоў і Хрон з Бродаў ― паселішча бужан. Яны разам памаліліся, прынеслі ў ахвяру багам пеўня, прыклаліся да мёду і прысмакаў ― пачастункаў Ястра. Потым селі колам на скурах, пад якія быў падсцелены сухі трыснёг, і Ястр пачаў гутарку:
― Яшчэ раз прывітаю божых мужоў са слаўных дрыгавіцкіх, крывіцкіх і бужанскіх родаў! Хай жа багі і надалей спрыяюць нашаму звязу і нашай згодзе. Дзякуй, што адгукнуліся, што не забылі дарогу да Ведзмядзёў. Заклікаў я вас таму, што маю цікавага хлопца. Хачу параіцца з вамі, досведнымі і мудрымі. Таму прашу паслухаць, што буду гаварыць.
Вяшчуны, задобраныя хвалебнымі словамі і смачным мёдам, згодна нахілілі галовы. Ястр расказаў пра Воўча і ягоныя трызненні. Мужы памаўчалі трыху, абдумваючы пачутае. Першым загаварыў Стрэха:
― Багі пасылаюць папярэджанне, гэта відавочна.
― Так, набліжаецца бяда, ― дадаў Хрон.
― Калі багі папярэджваюць, то трэба спрабаваць прадухіліць, ― сказаў Схован.
― Усё залежыць ад таго, што бачыў твой хлопец ― непазбежнасць ці верагоднасць, ― выказаў сумненне Дроб.
― Ястр, няхай Бусел пагаворыць з хлопцам па-свойму, ― умяшаўся ў размову Залога.
Усе паглядзелі на Бусела, сівога ад перажытых гадоў і многіх нягод, але моцнага яшчэ мужа. Пра ягоны дар падпарадкоўваць сябе чалавека словам і сілай погляду ведалі далёка за межамі крывіцкага племені, што прыйшло і асела на Прынямонне некалькі людскіх пакаленняў таму.
― А ты не змарнуеш мальца, Бусел?
Той не спяшаўся адказваць, разважаў. Потым прамовіў:
― Хто яго ведае? Не павінен. Лічу, што трэба рызыкнуць.
Тады Ястр падняўся:
― Не дзеля таго я вас паклікаў, каб спыняцца на палове дарогі, ― ён павярнуўся да бліжэйшага хмызняку, ― Воўч! Выходзь! Я ведаю, што ты тут!
Нейкі час нічога ў адказ не было чутна. Потым у карчах зашамацела, і на паляну вылезла дзіўная постаць, уся абвязаная галінамі вярбы з маладым лісцем, са здзіўленымі вачамі. Гэта быў Воўч. Вяшчуны мімаволі усьміхнуліся.
― Дзед Ястр, як жа ты здагадаўся?
― Эх ты, пластун дрыгавіцкі. Я ўсё ж такі вядзьмар, многае бачу і ведаю, што звычайны чалавек не прыкмячае. Хадзі сюды!
Ён падвёў Воўча да Бусела. Той узяў хлопца аберуч за плечы:
― Нічога не бойся, ― потым пільна паглядзеў у вочы, і калі Воўч пад ягоным позіркам павольна здранцвеў, рэзка прыказаў: ― Кажы, што ты ведаеш пра разбураныя Ведзмядзі?!
Воўч заплюшчыў вочы і пачаў запаволена, ціхім голасам гаварыць:
― Я бачу спаленае жытло, раскіданыя абгарэлыя кроквы, вакол валяюцца розныя рэчы ― пабіты посуд, кускі вопраткі, дзіравыя кошыкі.
― А людзі? Ты бачыш каго-небудзь з людзей?
― Не. Людзей няма.
― Адкуль ты ведаеш, што гэта Ведзмядзі?
― Бо вакол дрэвы. Знаёмыя дрэвы. І бажніца нашая.
― Ці бачыш яшчэ што-небудзь?
― Бачу, нібыта сабака ляжыць. Ой! Дык гэта ж сабака дзеда Іклы! Ён у крыві...
― Што яшчэ бачыш?
― Бачу… Постаць… Гэта дзед Ікла ляжыць! Ён зарубаны!..
Воўча пачало трэсці, ён збялеў, ногі ягоныя падкасіліся.
― Бусел!! Канчай! Навярэдзіш хлопца! ― рашуча прамовіў Ястр.
Бусел жэстам далоні паказаў, ― не замінай, ― мацней здавіў плечы Воўча і сказаў:
― Забудзь тое, што бачыў, сынок.
Ён прыцягнуў Воўча бліжэй, паклаў свае шырокія далоні яму на галаву і доўга штосьці шаптаў, нахіліўшыся над юнаком. Потым спакойным голасам прамовіў:
― Прачынайся! ― і адпусціў.
Воўч расплюшчыў вочы і незразумела паглядзеў на вешчуноў.
― Ідзі, гуляй, ― сказаў яму Ястр, калі хлопец зусім акрыяў, і падштурхнуў яго да карчоў.
Адправіўшы Воўча, моцна задумаліся.
― Ясна, што гэта напад, ― перарваў маўчанне Стрэха, ― і здаецца мне, што хлопец бачыў не верагоднасць, а непазбежнасць, бо не было нейкіх незвычайных праяў.
― Гэта можа здарыцца і назаўтра, і праз дзесяць дзён, і праз год, ― сказаў Схован.
Раптам Ястр схамянуўся, ўстаў і падыйшоў да карчоў:
― Эй! Воўч! Ты яшчэ тут?!
― Мы ўжо дадому ідзём, дзед Ястр, а што? ― з далечыні пракрычаў Воўч.
― Воўч! А хіба ў дзеда Іклы сабака ёсць?
― Не-а! Але ёсць шчанюк! Ужо немалы, рыкае часам!
Ястр махнуў рукой і вярнуўся да кола жрацоў:
― Нейкі час у нас ёсць.
Цяпер ужо ніхто не сумняваўся, што Воўч ― прыродны празорца і вельмі сур’ёзна адносіліся да пачутага.
― Твой хлопец прадбачыць будучыню, такіх людзей вельмі мала нараджае зямля, ― выказаў сваё меркаванне Бусел.
― Трэба яго гатаваць у прыслугі багам, ― прапанаваў Стрэха.
― Так-так. З часам добры святар будзе, ― падтрымаў яго Схован.