На тым і згадзіліся.
Калі дашлі да Нятупы, якая ўлівала ў раку струмень, мала меньшы за асноўнае рэчышча, гнаць плыты па Росі стала немагчыма. Адсюль атрад падзяліўся напалам. Коней павялі звярынымі сцежкамі, ладдзі і чоўны па-ранейшаму прасоўвалі вадой. Узняўся вецер. Лес і чарот шумелі, хістаючыся вершалінамі. Хутка тыя, што ішлі па вадзе, страцілі з выгляду конных. Гоману ў атрадзе стала меней. Не ўсе вершнікі пайшлі берагам, многія засталіся каля ладдзей, і цяпер трывожыліся за сваіх коней. Воўч з Ежкам згубілі рахунак дням. Ведзьмядзі цяпер здаваліся такімі далёкімі. Калі то яны вернуцца?
А Рось рабілася ўсё вужэйшай. Часам плынь зусім хавалася сярод чароту, потым з’яўлялася зноў, месцамі ўтвараючы невялічкія, амаль круглыя азярцы.
Глава 21.
Вяртанне дружыны. Купалле
У Ведзьмядзях жыццё доўжылася сваім парадкам. Праз заежджых гандляроў, якія прасоўваліся ўверх па Нёману, даведаліся, што прапаўшы Ежка насамрэч збег да Воўча. Цяпер дзве жанчыны ― маці юнакоў ― часта сядзелі надвячоркам на беразе, і ўглядаліся ў далёкую плынь ― туды, дзе яны бачылі апошнія ветразі сыходзячых ладдзей…
Лошна са здзіўленнем зразумеў, што таксама нудзіцца без Воўча, без ягоных пытанняў і выхадак. А яшчэ ён заўважыў у сябе нейкую павостраную ўвагу да Ятвінгі, якая трымалася паасобку, нягледзячы на тое, што ведзмядзёўскія кабеты па-добраму ставіліся да яе. Жанчыну пасялілі ў адну з хат Команя, дзе жылі ягоныя дзве жонкі – Хмара і Струга са сваімі дзецьмі. У чарзе неабходных прац, што разводзілі бытаванне мужоў і жанчын па розным месцам паселішча і яго акругі, Лош часам выпадкова сустракаўся з Ятвінгай сам-насам. Вось і сёння яны сутыкнуліся на вузкай сцежцы ля Маўчады. Ятвінга несла ў скураным меху ваду, а Лош вёў на вадапой каня.
― Прывітанне яцвяжцы Ятвінге! ― выклікнуў Лош, і ўбачыў нейкае засмучэнне у вачах жанчыны, якое яна тут жа схавала за гарэзліваю усмешкаю.
― Прывітанне дрыгавічу Лошне і яго каню!
Калі яны ўжо размінуліся, крыкнула наўздагон:
― Дзе гэта бачана, каб рыба да рыб каня вяла?! Ха-а!
Пакуль да яго даходзіў сэнс жарту, Ятвінгі ўжо не было відаць за прыбярэжнымі карчамі.
Лошу здавалася, што ён лёгка адрываецца ад думак пра Ятвінгу, але яны ўзнікалі зноў. І як ён не імкнуўся ўтаіць іх ад Лані, шчыра лашчачы яе кароткімі летнімі начамі, тая жаночым пачуццём зразумела: з мужам штосьці адбываецца. І не першы раз ужо пачала дакараць сябе за тое, што не можа стаць цяжарнай.
Аднойчы Ланя, пераступіўшы праз гонар і сорам, пайшла да Ястра. Вядзьмар сядзеў ля бажніцы, маліўся і, здавалася, нічога наўкол не заўважаў. Але, калі кабета наблізілася, кароткім рухам рукі паказаў на лаву каля сябе, скончыў малітву і пранізліва глянуў Лане ў вочы, быццам заглянуў у душу. Чамусьці позірк гэты не напалохаў жанчыну, а, наадварот, яна супакоілася, скарылася і падпарадкавалася чужой, мацнейшай за сваю, воле.
― Дзядзька Ястр, я…― пачала яна размову.
― Нічога не гавары, дочка… ― перабіў яе святар.
― Але ж я…
― Я ўсё ведаю! ― ізноў уладна перабіў яе Ястр, ― багі пакуль-што не жадаюць, каб ты зацяжарыла, і мне не вядомыя іхнія намеры. Але ў цябе будуць дзеці. Потым.
Вядзьмар уважліва паглядзеў на жанчыну і дадаў:
― Гэта не ўсе твае жаночыя турботы, цябе чакае іншае выпрабаванне. Ад тваёй вялікадушнасці залежыць, знойдзеш ці згубіш ты ў ім.
― Я не разумею цябе, дзядзька Ястр.
― Хутка зразумееш…
Стары вядзьмар глядзеў кудысьці нібыта скрозь жанчыну, напалову апусціўшы веі. Ён доўга маўчаў, Ланя ўжо падумала, што больш нічога не пачуе ад святара, але той шырока расплюшчыў вочы і прамовіў:
― Ведаеш, набліжаецца Купалле. У тваім становішчы цябе ніхто не мае права судзіць, калі ты паспрабуеш вырашыць сваю праблему з другім…
― Я не магу гэтага рабіць ні з кім, акрамя Лошны, мужа майго! ― Ланя рашуча ўстала і, нічога больш не кажучы, павярнулася і пашыбавала прэч.
― Тады цярпі, маладзіца, ― прашаптаў наўздагон вядзьмар.
Не прайшло і два дні, як адкрыўся Лані сэнс загадкавых слоў Ястра. Яна стала мімавольнай сведкай чарговай выпадковай сустрэчы Лоша і Ятвінгі, і хоць тыя нічога такога не сказалі адно аднаму, Ланя па інтанацыі гаворкі здагадалася аб тым, што яшчэ невыразна ўсведамляў сам Лош. Горка стала на душы. Слёзы душылі салёнымі лапамі горла, ды не падавала віду. Сам-насам зносіла сардэчныя пакуты. А Лош не заўважаў. У яго была свая хвароба, якая, як ён лічыў, не датычыць жонкі.. Адной з начэй, калі ўсе ў хаце, акрамя іх дваіх, моцна паснулі, Ланя перабарола сябе і, адмовіўшыся ад вінаватай, як ёй здалося, ласкі мужа, ціха сказала яму на вуха:
― Лошна, бяры сабе другую жонку.
Ледзь не да бэлькі падскочыў Лош, нібыта ўжалены шэрашнем:
― Ты што, Ланя?! Дурнап’яну наелася?
Потым стаў каля палатак на калені, абняў яе:
― Мне ніхто не патрэбен акрамя цябе, сэрца маё.
― У цябе павінны быць дзеці, ― цьвёрда прамовіла Ланя.
― Я жадаю дзяцей ад цябе, Ланечка.
― Хто ведае, колькі прыйдзеца чакаць? ― прашаптала яна скрозь слёзы.
Лош пяшчотна пагладзіў жонку:
― Супакойся, ласачка мая, дачакаемся, калі дадуць багі…
За штодзённымі працамі непрыкметна прыйшло Купалле. Калі ўжо былі зробленыя ўсе прыгатаванні, і на поплаву каля Маўчады высілася вялізнае, у тры сажані вогнішча з сухіх бярвёнаў і галін, што былі зложаныя вакол вертыкальна ўкапанага слупа, з замацаваным наверсе драўляным колам, вярнулася дружына конязя Волада.
Сэрцы Ведзьмядзёўскіх жанчын мімаволі заштырхаліся хутчэй ад гэтай навіны, прадчуваючы уседазволенасць купальскай ночы.
Напярэдадні дзяўчаты плялі вянкі, ўпрыгоджваючы іх кветкамі, а калі сонца схавалася і наступіла шэрая кароткая ноч, неслі іх да Маўчады, прыладжвалі лучыны, запальвалі агонь і апускалі вянкі ў ваду. Замужнія жанчыны таксама прыйшлі паназіраць за падзеямі, успомніць маладосць. Павольная песня бруілася разам з воднай плынню:
Ой, на святога, ой, на Купалу
Дзеўкі гадалі, вянкі кідалі,
Кідалі ў ваду, ваду хуткую.
А скажы ж ты, Маўчадушка
Пра жыццё маладзенькае,
З кім лёс дзяліці, каго любым назваці
А скажы ж ты, Рэчанька
Ці доўга ў жыцці ці доўга буду,
Нясі вяночак мой, не дай патануці…
Дзве неразлучныя сястрыцы – Любута і Бялава разам апусцілі свае вянкі ў цеплыя струмяні Маўчады. Спачатку і паплылі яны побач, быццам сёстры ў жыцці. Дзяўчаты весела смяяліся.
― Вы што, звязалі іх разам? ― пажартаваў нехта з назіраючых.
Але неўзабаве вяночкі пачалі разыходзіцца, а потым адзін з іх наблізіўся да невялікага віра і раптам пагрузіўся ў ваду. Сцісла прашыпелі згашаныя лучыны.
― О-ох! ― прастагналі назіраючыя кабеты.
― Ой, мамачкі, што ж гэта будзе!? ― прагаласіла напалоханая Любута і залілася слязамі. Разлюбіць яе сужаны Стрэшка. Не пашанцуе ёй ў жыцці!
А Бялава з напругай сачыла за сваім вянком, які адплываў усё далей, агеньчыкі трапяталі на лучынах, але не гаслі. Яна не згубіла яго з поля зроку аж пакуль ён не знік за звароткам ракі. Радасна ззялі вочы ў Бялавы, але схавала яна сваю радасць і кінулася суцяшаць Любуту:
― Не плач, Любутушка, заўтра памолімся Лелю, папросім, каб не даваў цябе ў крыўду.
Яна абняла сястру, пагладзіла па валасам, Любута і супакоілася. Да ракі прыбеглі другія дзяўчаты. Кожнай хацелася зазірнуць у будучыню. І Бялава з Любутай сталі назіраць за чужымі вянкамі.
Самыя адчайныя з Ведзьмядзёцаў які ўжо год запар ў сярэдзіне купальскай ночы цішком сыходзілі шукаць папараць-кветку. Ніводны чалавек не ведаў пэўнага выпадку, каб хто-небудзь знайшоў яе. Разважлівыя людзі не верылі ў гэтае дзіва і ніколі не хадзілі на яе пошукі. Але былі і такія, хто верыў, імкнуўся займець агняцвет, бо для яго ўладальніка збудуцца ўсе жаданні, ён убачыць схаваныя скарбы, нават калі тыя закапаны глыбока ў зямлю, а яшчэ ён будзе разумець мову ўсіх жывёл. І вось цяпер яны краліся ў глухія і зацішныя куты лесу, што азначылі для сябе загадзя, ― там раслі густыя і высокія папаратнікі, і як дзе-небудзь і з’явіцца папараць-кветка, то менавіта там.