Яшчар прыйшоў.
Натоўп яшчэ некаторы час стаяў, углядаючыся ў Нараў. Некалькі разоў вада завіравала, кожны раз усё вышэй па плыні. Больш Яшчар нічым не праявіў сябе.
Вяшчуны былі задаволеныя.
…Роздум з Ятэлем былі ўжо пад вадой, калі човен з ахвярай адыходзіў ад берага. Яны прасоўваліся па дну, дыхаючы праз трысняговыя цыбукі з пустой сярэдзінай, цягнучы з сабой мёртвага белага казла. Бліжэй да сярэдзіны ракі, асцярагаючыся выявіць сябе, утыкнулі цыбукі ў дно і далей прасоўваліся на ўдыхнутым запасе паветра. Ім удалося адгадаць тое месца, куды павінны былі падплыць вешчуны з ахвярай. На шчасце, цёмнае дно чоўна прыкавала да сябе ўсю ўвагу вадалазаў, бо калі б яны зірнулі ўздож русла, то невядома, ці хапіла б ім мужнасці працягваць рабіць далей тое, што яны надумалі. Вялікая вострамордая пачвара з шырока растаўленымі перапончатымі лапамі павольна сплаўлялася па плыні над прыдонным багавіннем і амаль не варушылася, толькі крыху падпраўляючы накірунак свайго руху доўгім хвастом. Скрозь празрыстую тоўшчу вады пачвара добра бачыла човен. Але калі пачуўся воплеск скінутай ахвяры, першымі каля яе апынуліся вадалазы. Роздум умомант перарэзаў нажом вяроўку з камнем, а Ятэль закрыў далонню рот і нос Баюце. Удвох яны хутка пацягнулі страцілую свядомасць дзяўчыну да вусця Рудавы, пакінуўшы на дне тушу казла і не забыўшыся прыхапіць утыркнутыя ў дно дыхальныя цыбукі. Але пачвара не была згодная з гэтым і, зрабіўшы некалькі спрытных рухаў перапончатымі лапамі, ўмомант апынулася побач з людзьмі, якія ўбачылі яе галаву знянацку на адлегласці выцягнутай рукі. Роздум інстыктыўна выкінуў руку з нажом да пысы пачвары і патрапіў акурат у нос. Відаць, гэта аказалася балюча, бо тая сутаргава крутанулася ўбок і ўверх. Перад тым, як хвост плюхнуў па паверхні вады, яна здолела зачапіць ім Роздума. Удар быў моцны, і дрыгавіч выпусціў цыбук, які тут жа знясло плынню. Ды не гэта турбавала вадалаза, а верагоднасць паўторнага нападу. Ён варочаўся ў замучанай вадзе і шукаў вачыма пачвару. Тая не заставіла чакаць. Яна хутка прыйшла ў сябе, зрабіла плыўны разварот і накіравалася да крыўдніка. Пачвара была ў сваёй стыхіі і адчувала перавагу над чалавекам. Яна прывыкла, што, апынуўшыся пад вадой, людзі не былі здольнымі на сур’ёзны супраціў, і заўсёды станавіліся лёгкай здабычай. Але боль у носе ад бліскучага джала ў руцэ гэтага чалавека, які зусім не выглядаў бездапаможным, яшчэ не прайшла, і калі ў поле яе зроку трапіла белая туша казла, яна пачала сумнявацца, запаволіла рух, і, нарэшце, выбрала больш легкую здабычу. Схапіўшы казла, хутка паплыла супраць плыні. За гэтых некалькі імгненняў Ятэль здолеў адцягнуць пад вадой Баюту крокаў на дзесяць. У Роздума ў лёгкіх канчалася паветра. Ятэль азірнуўся на яго, адразу сцяміў, дастаў з рота свой цыбук і, заціснушы пальцам дзірку, працягнуў яго у напрамку Роздума. Той з апошніх сілаў падплыў, прыпаў ротам да выратавальнай трысціны і жадна пацягнуў паветра. Дыхнуўшы пару разоў, перадаў яго назад Ятэлю. Так яны папераменна дыхаючы, усё цягнулі і цягнулі лёгкае цела Баюты, якое ўжо не падавала ніякіх адзнакаў жыцця. І цягнуць яе пад вадой трэба было яшчэ даволі доўга, каб не пабачылі і не пачулі з таго берага Нарава, дзе натоўп і вешчуны ужо лічылі дзяўчыну забранай Яшчарам.
…Ноччу невядомыя сякерай пасеклі драўляныя выявы багоў на капішчы. Людзі не згадзіліся з багамі, якія не здолелі абараніць маладое жыццё дзяўчынкі, што была для многіх не проста маленькім чалавечкам, а светлым праменьчыкам у цяжкім і жорсткім жыцці. Са згубай яе некаторым яна ўжо здавалася не проста чалавекам, але добрым духам, да якога можна звяртацца з сваімі жалобамі і просьбамі.
Вешчуны не сталі шукаць вінаватых, моўчкі адрамантавалі, што можна было, а што высеклі наноў з ліпавых калод.
Можа быць, яны выбралі не тую ахвяру.
Глава 28.
Паход яцвяскага войска. Сутычка на вадзе
Вялікая флатылія на разнастайных плаўсродках павольна і даволі бязладна прасоўвалася па Нараву, займаючы амаль ўсю яго немалую ўжо ў гэтых месцах шырыню. Людскі гоман, песні ды конскае іржанне далёка разносіліся па густым, настоеным на разнастайных травах паветры. Стаяла добрае сонечнае, амаль без ветру, надвор’е. Дыхалася лёгка, няцяжкая праца не займала ўсіх. Хто ляніва веславаў, ўтрымліваючы свой човен, ладдзю або плыт у патрэбным напрамку, хто драмаў ці проста ляжаў, гледзячы ў бездань сіняга неба, дзе па сваіх справах ў розных кірунках праляталі птушкі. За бортам чаргаваліся дубровы з велічнымі камлюкаватымі дрэвамі, густы змешаны лес, і стройныя хвойнікі на спусцістых грудах. Калі сустракаліся шырокія поплавы, плыты прыставалі да берага, і з іх зганялі коней, каб папасвіліся ды пабегалі. Некаторыя воі спрабавалі прасоўвацца верхам, часам гэта атрымлівалася, але нядоўга, бо густыя непралазныя зараснікі зноў падступалі да самай вады, змушаючы вяртаць коней на плыты. І тады толькі пешыя выведнікі знаходзілі вузкія звярыныя сцежкі, каб сачыць за наваколлем, засцерагаючы войска ад раптоўнага нападу.
Уладанні яцвягаў скончыліся, пачаліся землі мазаўшан. Зрэшты, людзей не было відаць. Пахаваліся, адыдучы ў лясныя нетры. Нават калі сустракаліся зрэдку паселішчы, то бязлюдныя. Комат загадаў нічога не чапаць, бо ў планы войска не ўваходзіла канфліктаваць з мазоўшамі, якія былі добрымі ваярамі, і маглі сабраць значнае войска. Тутэйшыя правадыры па паводзінах чужынцаў зразумелі, што, хутчэй за ўсё, на гэты раз ім нічога не пагражае, і некаторы час іхнія раз’езды толькі сачылі за войскам з далекіх узгоркаў, знікаючы ў лесе пры набліжэнні флатыліі. Але ў хуткім часе Комату паказалі на далёкі абрывісты бераг, дзе ён убачыў невялікі конны атрад са сцягам. Куніг перабраўся з ладдзі ў лёгкі човен, паклікаў з сабой бліжэйшага воя, і на дзвух вёслах яны шпарка паплылі, далёка апярэджваючы астатніх.
― Вы яцвягі, гэта мы бачым! ― крыкнулі з высокага берага, калі човен Комата наблізіўся, ― а вось пра вашыя намеры не ведаем!
― Нашыя намеры вас не датычаць. ― адказаў Комат.
― Калі войска рухаецца, дык камусьці чакаць бяды!
― На гэты раз не мазоўшам! Наш шлях ― да мора!
― Чаму мы павінны верыць!?
― Таму, што кажу я ― Комат Нараўскі!
На беразе вершнікі аб чымсці нягучна параіліся паміж сабой.,
― Пра Комата ведаем! Слоў на вецер не кідае. Калі хочыце патрапаць памаран, дык добрай вам плыні. Але на ўсялякі выпадак папярэджваем, што зямлю мазаўшан ёсць каму бараніць!
― Хто б у гэтым сумняваўся! ― адказаў Комат, ― а з кім маю гонар размаўляць?
― Я Збышко, ваявода конязя мазавецкага.
― Што ж, прывітанне конязю ад Комата Нараўскага!
Човен Комата адышоў ад стромкага берага на стрэжань як раз у тую хвіліну, калі падплывала асноўнае войска. Стала ціха і на рацэ і на беразе. Мазаўшане моўчкі глядзелі на яцвяскую флатылію, яцвягі ― на вершнікаў, як бы аддаючы павагу, ды ў гэты момант з ракі хтосьці звонкім голасам крыкнуў:
― Гэй! Мазоўшы! Хто з вас тоўшчы?! ― і ўсе яцвягі грымнулі гучным смехам.
Вершнікі нічым не адказалі, не смяяліся, толькі вужлакі хадзілі пад бародамі. Яны бачылі, што яцвягі сабралі досыць вялікую сілу, і добра, калі яна пройдзе міма, бо каб даць адпор такому войску, трэба выдадкаваць нямала часу на збор раці, здольную процістаяць яму.
Праходзіў дзень за днём. Паліла сонца, ішлі дажджы. Усё далей яцвягі адыходзілі ад родных мясцін, а з імі і жменя дрыгавічоў, волей лёсу ўцягнутая ў чужую справу. Рух войска ўвайшоў у нейкі парадак, які склаўся болей сам сабой, чым па загадам правадыроў, дзе кожны атрад, кожны вой знайшоў сабе падыходзячае месца. Дрыгавічы апынуліся ў сярэдзіне, бліжэй да пераду войска. Побач з імі ўжо які дзень трымаліся яцвягі з роду Скрундзя, са Шчары, з другога боку рухаўся даволі вялікі атрад дайноваў. Пад час вандроўкі воляй-няволяй людзі знаёміліся, завязваліся сяброўскія, а часам і непрыязныя стасункі, як і заўсёды, дзе ў адным месцы збіраецца шмат мужоў.