Ведзмядзі выгарэлі дашчэнту. Сярод дымлівых развалін, там дзе толькі што стаяла паселішча, сядзела на калодзе старая Аўдзя. Яна хісталася з боку ў бок і ціхенька выла.
У дзвух ваяроў, што раскопвалі магілу Дрэвілы, у першую ж ноч адняліся рукі, ― у тыя часы праклёны частей дасягалі мэты, ды і стары Ікла быў не просты дзед ― аднім з заняткаў яго было вядзьмарства. Многія з ліўцаў плявалі ў бок сваіх пацярпелых:
― Так вам і трэба! ― і кідалі непрыязныя позіркі ў бок конязя Спіслава, ― па ягоным загадзе здзейснілася гэтае блюзнерства.
Лівецкі знахар спачатку адмаўляўся як-небудзь дапамагаць пацярпелым, бо быў адначасова і святаром. Магілы ― свае ці чужыя, ― лічіліся для яго недатыкальнымі, тым болей, што багі ў дрыгавічоў амаль тыя ж, што і ў мазаўшанаў, але пад пагрозамі Спіслава павінен быў заняцца імі. Не адзін дзень ён выдаткаваў, каб лёкамі і вядзьмарствам вярнуць няўдачлівых ваяроў у лад.
Глава 38.
Барсуковіца
Сонца паволі хілілася да зямлі, трэба было зноў думаць аб начлегу. Рака прыціскалася да правага берагу, і там было шмат падыходзячых месц, каб спыніцца, ― яцвягі не падманулі. Але Роздум не даваў каманды, а калі Ясельда павярнула ўлева, і позірку адкрыўся даволі шырокі прыток, ― гэта, мабыць, была Смаляніца, ― то адразу звярнуў у яе.
― Але ж яцвягі не раілі… ― пачаў гаварыць Востравух.
― Вось менавіта таму і пойдзем сюды, ― рашуча абсёк яго Роздум.
― Да барсукоў! Да барсукоў! ― радаваліся Воўч з Ежкам.
Шэры выцягнуў пысу ў кірунку руху і ледзь чутна скавытаў.
― Роздум, а чаго гэта ты сказаў яцвягам, што мы вернемся? ― спытаў Чмель.
― А-а! Няхай думаюць, што вернемся.
― І не шкада табе тавару?
― Што тавар? Жыцце б захаваць!
Нейкі час граблі супраць плыні Смаляніцы ў пошуках зручнага месца і, нарэшце, спыніліся на параўнальна высокім беразе, на невялічкай паляне каля пачатку доўгай грывы хмызоў уздоўж балота. Тут сапраўды віднеліся барсучыныя норы, але здавалася, што яны вельмі старыя і даўно пакінутыя. Шэры спрабаваў залесці ў адну, ды доўгія лапы заміналі, таму цікавасці ягонай хапіла не надоўга.
Канечне, трэба камусьці вартаваць, але ўсе замардаваныя, а паляна ўтульная і бяспечная, да таго ж у іх Шэры. Яны ледзь прымусілі сябе выцягнуць чоўны на бераг, развесці невялікае вогнішча, засмажыць дзічыну, што дасталася ім ад яцвягаў і падсілкавацца. Нягледзячы на прахалодны вечар, ніякога будана не рабілі. Засыналі хто-дзе, накрыўшыся пустым мехам або радном. Воўч, як заўсёды, апрануў яцвяскі падарунак ― ваўчыную шкуру, якая цяпер была для яго і даспехам, і накідкай ад дажджу, і коўдрай. Выразная галава звера, на якой паблісквалі шкляныя вочы, зручна лягла на цемя. Шэры спачатку незадаволена рыкаў, калі бачыў Воўча ў гэтым уборы, нават спрабаваў сцягнуць яго з гаспадара, хапючы зубамі за пысу або вухі, але потым прывык…
Праз кароткі час дружныя сапенне і храп сустракалі надыходзячую цемру.
Можа быць, што яцвягаў яны і падманулі, але не падманвалі яцвягі іх, калі не раілі спыняцца на начлег каля Барсуковіцы. Так называлася ўрочышча ― непрыкметнае ўзвышша, якое цягнулася на добры дзесятак палётаў стралы ўздоўж рэчкі, і ўсё гэтае ўзвышша было парыта барсукамі, якія жылі тут ужо не адзін дзесятак гадоў. Норы пад зямлёй цягнуліся глыбока ўніз і далёка ўшыркі, яны разгаліноўваліся ў мудрагелістую сістэму, мелі шмат уваходаў і выхадаў, пашырэнняў і памяшканняў. У самых ніжніх днямі, а ў лютую частку зімы і кругласутачна ляжалі на посцілках з пахкага разнатраўя барсукі. У летнюю пару кожную ноч, як толькі сонца пачынала закочвацца за дрэвы, яны выходзілі на паляванне. Вось і цяпер з розных нор выйшлі двое маладых барсукоў і амаль адразу сутыкнуліся нос ў нос. Незадаволена пабурчэўшы, пашыбавалі ў розныя бакі ў пошуках спажывы. Яны маглі з’есці усё, што траплялася ім па дарозе, ― жабу, змяю, яшчарку, чырвяка. Так і было заўсёды. Але не ў гэты раз. Пах смажанага мяса настойліва казытаў ў насах. Што ж гэта такое? Гэта трэба з’есці!
Шэры слухаў дружны храп сваіх спадарожнікаў і старанна вартаваў іх. Цемра паступова акутвала наваколле, і толькі невялічкая прастора вакол патухлага вогнішча часам падсвятлялася вуголлем, якое ўспыхвала ад павеву начнога ветрыку пад суправаджэннем шуму лістоты навіслых над палянай дрэў. Малады воўк, які за лета добра падрос, разумеў, што ён цяпер павінен берагчы сваю зграю, якой па воле лёсу сталі вось гэтыя людзі, старыя і малыя, ― яны ўсе добра ставіліся да яго, і Шэры лічыў сябе паўнапраўным чальцом зграі. Калі ўсе паснулі, ён адчуў сябе важнай постаццю і ганарліва сядзеў, услухоўваючыся ў начныя шумы і ўлоўліваючы нервовымі ноздрамі лясныя пахі.
Праз нейкі час ён настарожыўся: штосьці было не так.
Барсук пхнуўся на смачны пах. Вецер дапамагаў яму трымаць кірунак, і ён усё бліжэй уперавалку, ― так ходзяць усе барсукі, ― прасоўваўся да мэты супраць ветру, які адганяў ягоны асабісты пах, а шум лістоты маскіраваў гукі крокаў. Таму Шэры яго і не выявіў, хоць і круціў старанна носам і вухамі ўва ўсе бакі, аж пакуль пры чарговай успышцы вуголля раптам не ўбачыў выцягнутую морду з дзвюма шырокімі падоўжнымі палосамі, круглым пляскатым кончыкам носа і невялічкімі тырчашчымі вухамі. Воўк зароў і кінуўся наперад. Барсук імгненна зразумеў, што перад ім яшчэ не дарослы звер і знянацку агрызнуўся, ды так шалёна, што Шэры адскочыў убок. У наступнае імгненне ў маладым ваўку прачнулася ўся моц драпежнай натуры, і ён ізноў кінуўся на барсука, імкнучыся схапіць таго за шыю. Барсук другі раз агрызнуўся, але зразумеў, што супернік не спалохаўся, і ўжо нікуды не пабяжыць, а будзе атакаваць далей. І, хоць быў ён цяжэйшы, і, напэўна, мацнейшы за Шэрага, але бойка ніколі не ўваходзіла ў ягоныя пляны. Таму ён развярнуўся і пашыбаваў назад, ― ежы ў лесе хапае. Шэры пагнаўся за ім. Калі даганяў і хапаў за тоўсты барсуковы зад, той гыркаў, клацаў сваімі не надта вострымі зубамі. Раз яму ўдалося схапіць воўка за плячо, і той адчуў, што супернік мае даволі моцныя сківіцы, на якія лепей не трапляць. Ды гэта яго не збянтэжыла, а, наадварот, разахвоціла, і ён нападаў на барсука раз за разам. Той пабег. Калі Шэраму ўдавалася-такі схапіць сваімі вострымі зубамі яго за сцягно або за бок, то барсук енчыў, нібыта парсюк, а потым ізноў гыркаў. Так яны беглі, грызучыся, падаляючыся ад лагера, і ніхто з людзей ні разу не прачнуўся ад іхняга бурчэння і енку, бо ад нечалавечай стомленнасці спалі, як забітыя.
Шэры захапіўся паляваннем, і хоць ён не разумеў, чым можа скончыцца гэтая сутычка, але паляўнічы інстынкт не даваў яму пакінуць ахвяру. Ды барсук пакуль што і не лічыў сябе ахвярай. Ён цягнуў да бліжэйшай нары. Воўк зразумеў гэта і перакрыў дарогу. Барсук пабег да другой. Шэры зноў апярэдзіў. Тады барсук падскочыў да адкрытага пясчанага грудка і на вачах Шэрага пачаў хутка закопвацца ў зямлю, кідаючы усімі лапамі пясок таму проста ў пысу. Пакуль воўк трос галавою і адфыркваўся, збаўляючыся ад калючых пясчынак у вачах і носе, уцякач больш, чым напалову зарыўся ў зямлю, так што звонку засталіся толькі тоўсты зад з заднімі лапамі, якія працягвалі адкідваць пясок, ды яшчэ кароткі хвост. Вось за гэты хвост і злаўчыўся схапіць зубамі Шэры. Ён паспрабаваў выцягнуць астатняе, з-пад зямлі прычулася прыглушанае скавытанне, барсук моцна турзануўся… і знік у пяску, які яшчэ нейкі час варушыўся на паверхні. Паранены звер енчыў пад зямлёй, паступова падаляючыся, потым ягоны енк заціх, ― напэўна дакапаўся да нары і зашыўся ў самую глыбокую яе частку. А збянтэжаны малады воўк сядзеў на пяску, нічога не разумеючы. У ягонай пашчы быў сціснуты невялікі барсучыны хвост.
У гэты самы час, пакуль Шэры ваюючы з адным няпрошаным госцем, адбег даволі далёка, на лагер, дзе моцна спалі вандроўнікі, выйшаў другі барсук. Нейкі час ён збіраў аб’едкі каля рэшткаў вогнішча, потым ягоную ўвагу прыцягнулі смачныя пахі, што зыходзілі ад чоўна, дзе быў прыхаваны весь харчовы прыпас. Хутка над палянай пачуліся апетытнае чмяканне і задаволенае бурчанне. Потым прыцюпаў яшчэ адзін барсук, потым яшчэ…