Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

― Снапы пачакаюць! Дрэвіла прыйшоў!

Пачуўшы імя Дрэвілы, Лош кінуў падводу і падбег.

― Кліч Команя, ― слабым голасам сказаў Дрэвіла, ― вайна на парозе, браце. Трэба паспець расказаць, што ведаю. Здаецца, я доўга не працягну. Кепска мне.

Лош выдбег на пляц пасярэдзіне паселішча і моцна стукнуў па доўгаму кавалку жалеза, што вісела на сталбе каля капішча. Працяглы гук разыйшоўся па акрузе.

Пакуль чакалі Команя, Лош прынёс Дрэвіле збанок малака і ежу. Потым дапамог яму дакульгаць да сваёй хаты, пасадзіў на прысьбу.

― Комань, здрада! ― пачаў гаварыць Дрэвіла, калі той з’явіўся, ― Куніг Комат адмыслова прывабіў нашых вояў у набег на памораў, каб паслабіць моц дрыгавічоў на Нёмане. Думаю, што іх усіх заб’юць у канцы набегу, а яцвяскае войска Комата адразу прыйдзе сюды.

― Лошна! Бі трывогу! ― загадаў Комань.

Над Маўчадай і Нёманам панесліся частыя ўдары трывожнага біла.

― Дрэвіла, дарагі ты мой чалавеча, як жа ты здабыў гэтыя звесткі? ― спытаў Комат, абдымаючы выведніка за плечы.

― Я асабіста чуў размову Комата з яцвягамі на іхняй заставе.

― А напарнік твой, Ветыш?

― Загінуў. Але даў мне магчымасць адарвацца ад пагоні.

― Што з нагой?

― А-а! Прыйшлося шчапіцца з нейкім ізгоем.

― Не з нашых?

― Здаецца, не.

― З яцвягаў?

― Не ведаю. Не размаўлялі мы. Забіў я яго.

Веча было кароткім. Вырашылі паслаць дазоры ўніз па Нёману і гатавацца да сыходу з паселішчаў уверх па Маўчадзе, у тайныя схованкі, якія былі прыгатаваныя на такія вось патрэбы. Калі дазоры не знайшлі ніякага войска на Нёмане ажно да ўпадзення Росьвы, трыху супакоіліся, і адважыліся скончыць жатву. Па начах, пад святло месяца і паходняў, малацілі снапы. Большую частку зерня і другія прыпасы, якія не маглі ўзяць з сабою, закопвалі ў патаемныя ямы, закідвалі іх усялякім смеццем і галінамі дрэў. Увесь гэты час дазоры пільна сачылі за наваколлем. Дзень праходзіў за днём, усё было спакойна, але Комань не даваў увайсці жыццю ў мірную каляіну. На Маўчадзе стаялі гружоныя ладдзі і чоўны, якія былі гатовыя ў любы момант рушыць.

Конязь Спіслаў Лівецкі, паддаўшыся на ўгаворы, за якімі маўкліва адчувалася пагрозлівая магутнасць набіраючай моц людскай супольнасці, не заўсёды добраахвотнай, даў згоду на далучэнне да Мазаўшанскага звяза плямён. І хоць ён і здолеў агаварыць для сябе пэўную долю самастойнасці, але адразу пагоршыў адносіны з бужанамі, на мяжы з якімі па леваму берагу ракі Лівец месцілася ягонае племя. Тым не меней, маючы даўнія свойскія сувязі з нараўскімі кунігамі, і калі тыя прапанавалі прыняць удзел ў вайне за Панямонне, то ў яго было толькі адно пытанне: што ён і ягоныя дружыннікі будуць мець? А калі атрымаў адказ “што ў дрыгавічоў ды крывічоў захопіш, тое табе і будзе”, то адразу пачаў гатаваць атрад. Усю дружыну ён не мог зрушыць, асцерагаючыся бужанаў, асабліва цяпер, напрыканцы жніва, калі было што парабаваць, таму ўзяў у паход толькі дзве сотні. Ён сабраўся досыць хутка, і на чоўнах ды невялікіх ладдзях па Лівецу і Бугу спусціўся да Нарава. Тут даведаўся, што войска Комата яшчэ не вярнулася з набегу на памаран, ды яго і не будуць чакаць, праз дзень рушаць, каб не тоўпіцца празмеру на волаках ды малых рэках на шляхах да Нёмана. А Комат дагоніць.

Спіслаў даў сваёй дружыне адпачыць палову дня, і за гэты час сцяміў, што калі ён будзе рухацца разам з усім яцвяскім войскам, то ўрваць добрую здабычу будзе цяжка ― не дапрэшся. Таму ён прапанаваў яцвяскім правадырам, што пойдзе ў авангардзе. Тым не вельмі хацелася адпускаць без усялякага кантролю хоць і саюзнікаў, але ўсёткі чужынцаў, таму яны пагадзіліся пры ўмове, што з ліўцамі пойдзе адзін сарок яцвяскіх вояў. Спіслаў з неахвотай, але прыняў гэтую ўмову.

І вось цяпер ён рухаўся, апярэджваючы на поўдня-дзень перадавое войска яцвягаў.

Ястр і другія знахары ўпарта змагаліся за жыццё Дрэвілы, ды на гэты раз перамагчы смерць не здолелі. Нага загнаілася дзесьці ў сярэдзіне сцягна, яе разрэзалі, але смяротная зараза ўжо дайшла да вантроб. Выведнік памёр моўчкі, сашчаміўшы зубы.

Ведзмядзёўцы і многія ваяры з іншых паселішчаў шчыльна стаялі вакол пахавальнага вогнішча, калі прыйшла вестка ад дазору: ад Росьвы ўверх па Нёману рухаецца войска. Усе разумелі, што трэба тэрмінова адыходзіць, але непахаваным Дрэвілу пакінуць ні ў кога не з’явілася нават у думках. Чакалі, пакуль дагараць тоўстыя палены разам з целам слаўнага выведніка і ваяра, адначасова рылі на могільніку неглыбокую яму. Потым пахавальны гаршчок з попелам і некаторымі асабістымі рэчамі Дрэвілы паклалі на дно, запоўнілі магілу грунтам і зверху зрабілі невялікі насып. Курган яны насыплюць, калі вернуцца ― такі, які заслужыў слаўны выведнік.

Калі пачалі сыходзіць, асноўная маса народу вадой, многія конныя і пешыя воі берагам, то некатоыя старыя, адчуваючы, што ў цяжкім спадарожжы будуць толькі лішнім клопатам для суродзічаў, наадрэз адмовіліся садзіцца ў ладдзі і чоўны:

― Мы застанемся. Нас не крануць. Каму мы патрэбныя? Мы не перажывем гэтай вандроўкі. Усе адно хутка паміраць. То лепей тут.

Былі слёзы, упрошванні. Таго-сяго ўгаварылі і пасадзілі ў чоўны. Але, калі адплывалі, то на беразе засталіся тры згорбленыя постаці, якія доўга махалі рукамі ўваслед. Гэта былі старцы Ікла і Грыб, а таксама падслепаватая баба Аўдзя. Нічога не зробіш ― дрыгавічы людзі вольныя.

Вось і конны дазор зняўся з вусця Маўчады, моўчкі праехаў скрозь Ведзмядзі, і растварыўся ў карчах за ваколіцай.

Яцвягі з мясцовых навялі Спіслава на паселішча дрыгавічоў. Напалі на досвітку, мяркуючы заспець знянацку. Калі ліўцы зразумелі, што спазніліся і вялікай здабычы не возьмуць, то залютавалі. Урываліся ў дамы, крышылі ўсё запар, шукаючы прыхаванае дабро. Знаходзілі мала, ад злосці палілі будынкі. Стары Ікла не вытрымаў, калі падпальвалі ягоную хату, вырваў з рук маладога ліўца паходню, кінуў на зямлю і пачаў затоптваць полымя. Адначасова ягоны малады ваўкападобны сабака таксама напаў на ворага, і лівецкі вой зарубаў мячом спачатку сабаку, а потым і старога.

Убачылі свежую зямлю на магіле Дрэвілы, падумалі, што схітравалі дрыгавічы і закапалі на могільніку дабро. Узяліся раскопваць. Грыб стаў пранізлівым старэчым голасам праклінаць капальнікаў:

― А каб вас Пярун забіў! Што ж вы робіце ― гэта ж магіла! Нельга! А каб у вас рукі адсохлі! А ліхаманка на вас і на ўвесь ваш род!

Яго пратыкнулі дзідай і скінулі ў разрытую магілу Дрэвілы. Суправаджалым яцвягам на спадабаліся паводзіны ліўцаў, і яны спрабавалі спыніць самаўпраўнасць саюзнікаў, але тыя толькі раз’юшана агрызаліся:

― Пайшлі вы ў балота!

― Настаўнікі знайшліся!

― Вы нам не ўказ!

Тады яцвягі грэбліва адышлі ў бок і моўчкі назіралі. Яны не пажадалі нават прыймаць удзел у дзяльбе збожжа ― адну схованку знайшлі-такі ліўцы.

Калі следапыты даклалі Спіславу, што людзі з паселішча сышлі ўверх па Маўчадзе, ён вырашыў пераследваць іх. Яцвягі запратэставалі:

― Нам трэба рушыць па Нёману! Так вырашыла ваенная рада!

― Вам трэба, вы і рухацейся! А я сваёй здабычы не выпушчу! ― такі быў адказ Спіслава. На тым конязь з яцвягамі і разышліся, бо тыя вярнуліся на Нёман чакаць асноўныя сілы.

Яцвяскі ваявода перадавога войска, махнуў рукой:

― Няхай самі даюць сабе рады.

Ён быў пахмурны і незадаволены пачаткам паходу, бо выходзіла, што хтосьці папярэдзіў дрыгавічоў, а яцвяскія кунігі спадзяваліся не толькі вярнуць Панямонне, але і падпарадкаваць сабе тутэйшых насельнікаў, хай бы яны былі дрыгавічамі, крывічамі, бужанамі, або яцвягамі, якія перайшлі пад руку іхніх конязяў. Ну, ды ваенныя дзеянні толькі пачынаюцца. А ліўцы-мазаўшане? На кой ляд было іх клікаць? У іх мэта нарабаваць і ўцячы. Можа быць, нарвуцца дзе-небудзь ― дрыгавічы ваяваць умеюць, асабліва па лясах, не кажучы пра балоты ― там ім наогул няма роўні. А яцвягам трэба замацавацца, вярнуць пад сваю руку спрадвечныя рачныя шляхі ды волакі. Спачатку трэба трывала сесьці на Нёмане, а ўжо потым ганяцца па нетрам за збеглымі. Сілаў і сваіх павінна хапіць, ― рыхтаваліся доўга і старанна. Калі Комат са сваім войскам надоўга не затрымаецца на Вістуле, то збярэцца моц, якой даўно не было ў яцвягаў.

61
{"b":"822260","o":1}