― Канчайце балбытаць! ― абарваў іх старэйшы, ― налягай!
Плюханне вёслаў узмацнілася, і тут жа пачало аддаляцца. Уцекачы яшчэ трохі пачакалі, каб не выдаць сябе, адцёрлі з ілбоў халодны пот, і павеславалі ўверх па Ласінцы.
Ніхто з іх не заўважыў, што адна галіна вярбы, за якую хтосьці з іх трымаўся, трыху надламалася.
Ласінца пятляла зусім мала і праз нейкі час павярнула на поўдзень ― туды, дзе была зямля дрыгавічоў. Усім надта хацелася верыць, што небяспека мінула, што яны падманулі пагоню.
Востравух не здарма меў такое імя. Ён, як і ўсе ягоныя продкі вызначаўся вострым слыхам, і першы пачуў тое, што ніхто з іх чуць не жадаў бы ― ледь улоўнае шлёпанне вёсел за спіной.
Яцвягі дайшлі да мыса Жабер, спаткалі там сваіх супляменнікаў, якія нарыхтоўвалі рыбу, ад іх даведаліся, што уцекачы там не праплывалі, і павярнулі назад, зазіраючы ўва ўсе патаемныя куткі ўздоўж берагу. Паступова яны дабраліся да Ласінцы, выявілі надломаную галіну, і ўпэўнена паплылі ўверх па плыні.
Праз нейкі час шлёпанне яцвяскіх вёслаў ужо чулі ўсе.
Ніхто не заўважыў, як Востравух сабраў усю сваю зброю, ― лук, шчыт, пук стрэл, суліцы і меч. Корд, як заўжды, быў за поясам.
― Чмель, павярні да берагу, ― сказаў ён. Чмель, які сядзеў спераду, здзівіўся, але падпарадкаваўся. Востравух не стаў чакаць, пакуль човен уткнецца ў бераг, а злез проста ў ваду. На выплеск усе азірнуліся. Малыя не разумелі, што робіцца. Дарослыя, а з імі і Ятэль адразу здагадаліся. Роздум моўчкі глядзеў на Востравуха, у вачах ягоных можна было ўбачыць захапленне і падзяку.
― Усё! ― прамовіў Востравух, калі вылез на бераг, ― не памінайце ліхам! І не марнуйце час.
― Дзядзька Востравух! ― высокароднае сэрца Ятэля не дало яму ўсядзець, і ён устаў у чоўне на ўвесь рост, ― я застануся з вамі!
― Гэта нічога не дасць, Ятэль. Табе трэба зберагчы сястру, ― адказаў дрыгавіч, і звярнуўшыся да ўсіх, дадаў ― Не марнуйце час, кажу. Грыбіце!
― Бывай, Востравух! Задай ім жару! ― сказаў Роздум і з усёй сілы налёг на вясло.
Востравух праводзіў вачыма чоўны, без слоў развітваючыся з людзьмі, якія ў гэтым цяжкім вандраванні сталі яму вельмі блізкімі.
Усе азіраліся на яго, да малодшых таксама дайшоў сэнс адбываючагася. У Баюты па шчаках цяклі слёзы, вочы разшырыліся ў нямым крыку. Воўч разумеў, што трэба сказаць што-небудзь.
― Дзядзька Востравух… ― вымавіў ён, далей аніяк не знаходзіліся словы, потым знянацку перахапіла дыханне.
Востравух моўчкі падміргнуў яму і памахаў рукою. Чоўны зніклі за чарговым завароткам рэчкі, і ён адразу стаў гатавацца да сустрэчы з яцвягамі.
Трэба адзначыць, што месца, дзе дасведчаны Востравух высадзіўся на бераг, не было выпадковым. Калі ён гатаваў зброю, то адначасова сачыў за мясцовасцю, дзе яны праплывалі. Нягледзячы на тое, што Ласінца была невялічкай рэчкай з вузкай далінай, на яе плыні сустракаліся і лясістыя грудкі, і балоцістыя месцы. На такім вось грудку і апынуўся Востравух. Ніжэй па плыні быў досыць шырокі для такой рачулкі плёс, з аднаго боку грудок абыходзіла плынь, а з другога была дрыгва, зрэдку парослая чэзлымі хвойкамі ды бярозкамі. Калі ён аглядзеўся, то застаўся задаволены, бо па сухому да грудка было не падабрацца і можна не засцерагацца, што яцвягі зайдуць да яго збоку ці са спіны.
Удары вёслаў чуліся ўсё гучней. Але Востравух ведаў, што нейкі час у яго яшчэ ёсць. Каля вады расла густая і высокая трава. Ён трыху адступіў назад і вытаптаў сцежку ўздоўж рэчышча, прымінаючы траву так, каб застаўшаяся на беражку расліннасць з вады здавалася некранутай, а ён за ёй мог утойліва перасоўвацца. Яшчэ паспеў кінуць у ваду некалькі невялікіх сухіх сукаватых елак, якія валяліся на грудку, калісьці зваленыя бурай. Сухастоіны павольна паплылі, вострымі галінамі чапляючыся за дно і за карчы, якія звесіліся амаль да самай вады, пераадолелі плёс, а потым зусім застапарыліся, перагарадзіўшы ўсю шырыню рэчкі. Востравуху гэта спадабалася. Цяпер засталося зручна раскласці суліцы.
Як ён ні чакаў пагоню, а чоўны з яцвягамі з’явіліся ўсё роўна знянацку. Першы выпхнуўся са заваротку, грабцы ўбачылі завалу і пачалі табаніць. Яны не здолелі цалкам загасіць рух, і човен наляцеў на дрэвы. Востравуху ужо ўзрадаваўся, што ён перакуліцца, але яцвягі валодалі чоўнам майстэрска, і здолелі ўтрымацца на вадзе. На другім чоўне ваяры былі насцярожаныя воклічам з першага, і спыніліся загадзя. Нейкі момант яцвягі задумаліся ў лёгкай разгубленнасці, але ўладныя ўказанні старэйшага навяла парадак у іх дзеяннях. Яны пачалі разбіраць завалу, што заняло пэўны час. Усё гэта адбывалася на адлегласці трох чвэрцяў палёту стралы. Востравух мог бы падстрэліць каго-небудзь з іх, ды ён вырашыў пачакаць і страляць напэўна. Яцвягі насцярожыліся, але шчытамі не прыкрыліся, і жорстка за гэта пацярпелі. Калі яны нарэшце зладзіліся з завалай і падплылі бліжэй да грудка, Востравух выпусціў адну за другой дзве стралы. На першым чоўне адзін з яцвягаў быў забіты, а другі паранены ў плячо. Яны заваліліся ў човен. Астатнія хуценька прыкрыліся шчытамі, потым выпусцілі па некалькі стрэл туды, дзе на момант убачылі стралка. Але Востравуха там ужо не было. Ён, сагнуўшыся, перабег у самы канец пратаптанай сцежкі і бязгучна зайшоў да пояса у ваду. Цяпер ён быў збоку ад другога чоўна, і з-пад нізу стрэліў, углядзеўшы шчыліну паміж шчытамі. Яшчэ адзін падстрэлены яцвяг з гучным воплескам перакуліўся ў ваду. Старэйшы прыказаў адыходзіць, і чоўны, шчыльна па баках і носе агароджаныя шчытамі, сышлі ўніз па плыні кармой наперад. Пасля кароткай рады адзін човен паспрабавалі правесці па балоту, але расліны не давалі ходу, а ступіць на паверхню яцвягі не адважваліся, бо вакол была пагібельная дрыгва. Пакуль яны пручаліся прасунуцца па ёй, другі човен пачаў абыходзіць грудок з іншага боку, праходзячы па адкрытай вадзе і тулячыся да працілеглага берагу. Востравух пакінуў без увагі першы човен, бо быў упэўнены, што ворагі там не прайдуць і выбраў зручнае месца для стральбы па другому. Ён выпусціў тры стралы запар, але яны не знайшлі мэты, бо яцвягі былі добра прыкрытыя шчытамі. У адказ таксама паляцелі стрэлы, і адна з іх упілася Востравуху ў плячо. Дрыгавіч, шчапіўшы зубы, выцягнуў яе. Цяпер яму з лука страляць было нязручна, і ён схапіў прыгатаваную суліцу. Яцвягі хутка граблі, накіроўваючы човен проста да грудка. Востравух яшчэ раз змяніў пазіцію і прыўстаў, каб прыцэльна кінуць суліцу, прыкрыўшыся шчытом. Насустрач паляцелі стрэлы. Ад першых ён захіліўся, але трэцяя прарвалася і ўвайшла аккурат пад кадык. Мужны дрыгавіч яшчэ паспеў кінуць суліцу, ды рука ўжо губляла сілу…
Уцекачы моўчкі граблі, пераадольваючы плынь і імкнуліся не глядзець адзін другому ў вочы. Кожны адчуваў сябе вінаватым перад Востравухам.
Адзін зваротак ракі, яшчэ адзін. З абодвух бакоў лес шчыльна прыціскаўся да рэчышча, часам нават змыкаючыся высока над галовамі. Сустракаліся завалы, але заўседы знаходзіўся праход і было відна, што яго прарубвалі адмыслова, каб падтрымліваць водны шлях у спраўным стане.
Роздум падняў вясло, патрабуючы цішыні. Усе уважліва ўслухоўваліся. Нічога, акрамя птушынага гоману ды ціхага цурчання вады, не было чутна.
― Маладзец, Востравух, ― прамовіў Чмель, ― добра ваюе.
Ізноў даволі доўга граблі. І зноў Роздум падняў вясло. Гэткія ж гукі ад птушак і вады.
Але цяпер да іх рытмічна прымешвалася чужое.
Шлёп-шлёп, шлёп-шлёп…
Пасляслоўе да першай кнігі
Так раскідаў лёс дрыгавіцкі род Команяў і нават усё племя Корчакаў. Ці здолеюць людзі з гэтых роду і племені выжыць? Ці здолеюць ізноў сабрацца разам? Ці не занадта суровыя выпрабаванні выпалі на іхнюю долю?
А ці магло быць у тыя часы інакш?
Мы ўсе ведаем, што звязы такіх плямёнаў, як дрыгавічы і яцвягі, а таксама крывічы, радзімічы, валыняне, паляне, драўляне і шмат іншых, яшчэ доўга будуць існаваць і дзейнічаць пасля таго часу, у які мы паспрабавалі зазірнуць. А гэта значыць, што будуць жыць людзі і адбывацца падзеі. Памяць пра некаторых з іх дойдзе да нас, але пераважная большасць будзе праглынута няўмольным часам. Потым пройдуць стагоддзі, і сыдуць з поля гістарычных падзей і гэтыя звязы плямёнаў. На змену прыйдуць новыя назвы, новыя тэрміны. Але ж людзі застануцца, ніхто іх не выража пад корань, не пераселіць агулам у далёкія краіны. Колькасцю заўжды будуць пераважаць тыя, што жылі тут спрадвеку. І ў многіх з нас цячэ іхняя кроў.