― Гэй, Кударка! ― з-за навіслага над вадой карча пачуўся ціхі голас. Малады яцвяг не падаў выгляду, што яго гэты воклік заспеў знянацку, але запаволіў ход чоўна. Гэта быў голас Будзіра ― бывалага воя і паляўнічага з іхняга роду. Не аднойчы ўжо вучыў ён Кударку быць заўсёды пільным. Вось і цяпер…
Будзір выплыў на чоўне з-за карча. Вочы ягоныя смяяліся.
― Ты куды так шпарка? ― запытаў ён.
Кударка расказаў пра сваё адкрыццё.
― Там былі дрыгавічы? Гэта цікава, ― Будзір задумаўся, ― а ведаш што? Давай іх дагонім.
― Давай, дзядзка Будзір, ― з легкасцю пагадзіўся малады яцвяг. З Будзірам ён пайшоў бы на любую справу.
Яны схавалі адзін човен у чароце пад карчом, а на другім хутка павеславалі туды, адкуль прыплыў Кударка.
Вандроўнікі добра падсілкаваліся. Цяпер ужо старэйшых пачало цягнуць у сон. Ятэля таксама адазвалі з дрэва, але ён хутка паеў і зноў залез на верх. Роздум паглядзеў на сваіх спадарожнікаў, якія паляглі ў цяньку і гатовыя былі паснуць.
― І вы спадзяецеся, што за намі ўжо не будзе пагоні? ― спытаў ён, ні да каго не звяртаючыся асабіста і гледзячы ў далечыню на лес з процілеглага боку балота. Пытанне было зададзена напаўголасу, але імгненна прагнала ад усіх дрымоту. Чмель і Востравух дружна прыўсталі.
― Я так не думаю, ― сказаў Чмель.
― Надта мы абразілі яцвяскіх багоў, ― дадаў Востравух.
― Ну, дык якога нячысціка мы тут разселіся-разлягліся!?
Пачалі збірацца, ды ў гэты момант Ятэль падаў голас з дрэва:
― Бачу човен з дзвума чалавекамі! Яшчэ далёка, на поўдзесятка палетаў стралы.
― Будзем сустракаць тут, ― прыказаў Роздум, ― ты, Ятэль, злазь з дрэва, але так, каб цябе не бачылі. Я мяркую, што гэта яшчэ не пагоня.
― Думаеш, тутэйшыя яцвягі? ― спытаў Чмель.
Роздум маўкліва кіўнуў галавой.
Пакуль яцвягі падплылі, яны паспелі выцягнуць чоўны на бераг і паставіць іх на бок, зрабіўшы прымітыўнае абарончае збудаванне для юнакоў і Баюты. Дарослыя, а з імі і Ятэль, пасталі за дрэвамі, прыгатаваўшы лукі і стрэлы.
Будзір і Кударка не хаваліся за тарчамі, паказваючы, што не збіраюцца ваяваць. Калі яны апынуліся ў трох дзесятках сажняў ад лагера, Роздум крыкнуў:
― Хто б вы ні былі, стойце! Далейшае прасоўванне будзем лічыць нападам!
Яцвягі спынілі човен, схапіўшыся за атожылкі чароту, вольныя рукі выцягнулі ўбакі, ізноў паказваючы мірныя намеры.
― Хто вы? І што вам трэба? ― спытаў Роздум.
― Мы тутэйшыя яцвягі з роду Карнады. А вы хто і адкуль?
― А мы дрыгавіцкія гандляры з Панямоння. З намі двое яцвягаў з Нарава.
Надта здзівіліся Будзір і Кударка і прайшоў нейкі час, пакуль размова працягнулася.
― Няўжо вы прапхнуліся праз Дзікае Балота?!
― Так. Мы плывём адтуль.
― Не можа быць! Што ж заставіла вас так рызыкаваць?
― А які ж гандляр без рызыкі?
― Але праз Дзікае Балота ніхто не ходзіць! ― усё яшчэ не верылі яцвягі.
― Каб мы ведалі, што будзе так страшна, то таксама, напэўна, не пайшлі б.
― Вас не маглі не папярэдзіць.
― Нас папярэджвалі, ды мы не паслухалі.
Яцвягі памаўчалі. Потым прапанавалі:
― Дык пакажыце нам свой тавар.
― Мы амаль распрадаліся на Нараве, але сёе-тое ёсць. Падыходзьце, толькі зброю пакіньце ў чоўне.
― Добра-добра.
Далейшыя размовы адбываліся ўжо не так напруджана, бо кожны бок пераканаўся, што небяспекі няма. Тым не меней, па прывычцы ўсе паводзілі сябе з засцярогай, ― так, каб не падставіцца пад нечаканы ўдар. Яцвягі купілі па просценькай зброшцы, нават не купілі, а абмянялі на тую ежу і дзічыну, што апынулася ў чоўне. Калі Будзір убачыў жалезныя страмёны, то стаў падбухторваць Кударку:
― Ах, якія страмёны. Купі, ты ж марыш аб баявым кані.
Кударка загарэўся, але купіць не было за што. Ён з шкадаваннем скроб сябе патыліцу, не мог адарваць вочы ад страмёнаў.
― Паехалі ў нашае паселішча, там я знайду чым заплаціць!
Роздум узяў страмены і паклаў іх у руку маладога воя:
― Бяры. Заедзем да вас на зваротнай дарозе, тады і заплаціш. А зараз мы надта спяшаемся.
Кударка быў вельмі задаволены. А Будзір спытаў:
― А чаго гэта вы падлеткаў за сабой цягнеце? Гэта ж клопат лішні.
― Так у нас заведзена ― з малых гадоў прывучаць да справы, ― знайшоў што адказаць Востравух.
― Гэта правільна, ― пагадзіўся Будзір, ― а нашыя куды плывуць з вамі?
У гаворку ўступіў Ятэль:
― Мы самі напрасіліся. Мая сястра хворая, вязём да дрыгавіцкіх знахароў.
― А што, яцвяскія не дапамаглі? ― Будзір паглядзеў на Баюту, у яе сапраўды быў стомлены хваравіты выгляд.
― Не дапамаглі. Чулі мы, што з такімі хваробамі добра спраўляюцца дрыгавіцкія знахары.
― Можа й так. У дрыгавічоў шмат знахароў. А што за хвароба?
― Нібыта каўтун, але нейкі дзіўны…
Больш яцвягі нічога не пыталі. Распавялі вандроўнікам пра далейшы шлях:
― Ясельда будзе круціцца і прыціскацца да правага берагу, там і месца заначаваць знойдзеце. А пасля таго, як прыйме ў сябе Цемру ― гэта рэчка такая, выходзіць з цемных лісцяных лясоў, ― крутане ўлева амаль да самага лесу і там, дзе ўпадае Смаляніца, пройдзе ў прыцірку да Барсуковіцы ― гэта такое месца, дзе сапраўды многа барсукоў жыве, там станавіцца не раім, ― тут яцвягі загадкава пераглянуліся з усмешкай, ― ну, а далей увойдзеце ізноў у вялікае балота Хорэва. Ясельда будзе разбівацца на рукавы і злівацца разам, а пасля балота ўжо болей сярод лесу будзе ісці. Дзе-нідзе зрэдку выплывіце на яцвяскія паселішчы, можна сустрэць і паляўнічых ― яцвягі любяць бадзяцца па лясах-балотах. Наогул, да дрыгавічоў вам плыць яшчэ доўга ― колькі дзён… ― Будзір з задавальненнем дзяліўся сваімі ведамі мясцін, па якім ім прыйдзецца перасоўвацца, апісваў прыкметы рэчак, грудкоў, лясоў, нават асобных дрэў. І дарослыя, і юнакі прагна слухалі, імкнучыся ўсё гэта захаваць у сваіх галовах.
На гэтым і разашліся. Яцвягі пагналі човен да сваёй Карнады, а вандроўнікі паграблі далей ― уніз па Ясельдзе.
Глава 36.
Адыход з памаран
Конязь Барнім Кашэба збіраў войска. На Вістуле і на даволі вялікіх абшарах па левым яе беразе разбойнічалі яцвягі. Правадыры прывістулінскіх плямёнаў, не ўсе з якіх раней прызнавалі ўладу конязя, слалі ганцоў з просьбамі пра дапамогу, абяцаючы стаць пад яго руку. Войска сабраць цяжка, бо конязь Памор’я не меў такой улады, каб загадаць усім памаранам выступіць на абарону рубяжоў, і кожнае племя, кожны гарадзен абараняўся, як мог. Конязь быў першы сярод роўных. Яго меркаванне ўлічвалася, але не болей таго. Плямёны памаран былі нябедныя, бо акрамя палёў з просам, жытам, пшніцай, ячменём, а ў апошні час і аўсом, ды таксама статкаў гавяд і парсюкоў, яны мелі яшчэ саляварні і бурштын. Прадавалі зерне свеям, салёную сялёдку куявам, мазурам, нават віслянам. Пры ўсім пры гэтым раз-пораз займаліся яшчэ і рабаваннем больш слабых суседніх пляменаў. А вось хутка сабраць значнае войска было праблемай.
На гэты раз Барніму Кашэбе дапамагаў ягоны аўтарытэт, які ён зарабляў на працягу амаль дзвух дзесяткаў гадоў. Ён разаслаў ганцоў да буйных плямён выжычан, прыссан, валюнзян, а таксама і да меньшых, такіх, як пыжычане і вальняне.
Кашэба чакаў некалькі дзён. За гэты час прыйшла вестка аб паразе прывісленскіх памаран, якія жылі вышэй Жулаваў ― дэльты Вістулы. Цяпер нічога не перашкаджала яцвягам рабаваць паселішчы, што месцаваліся на шматлікіх вістулянскіх пратоках. А там недалёка і да ўзбярэжжа, дзе жывуць самыя багатыя паморскія плямёны.
Святары ўжо які дзень, ды і ўначы, маліліся Трыгалову, ― галоўнаму свайму богу, драўляная выява якога стаяла пад вялікім дубам, абкружаным густою ляшчынаю. Яны нават знялі з вачэй Трыгалова павязку, якая звычайна заўседы была на ім, каб не бачыў людскіх грахоў, ― няхай цяпер бачыць, але не грахі, а няшчасце свайго народа, бо надта ж лютыя ворагі яцвягі…
На другі дзень пачалі прыходзіць дружыны з бліжніх плямёнаў. Колькі ж вояў набярэцца?..