Комань і Ястр, не згаворваючыся, знялі шапкі, паднялі рукі да неба:
― Дапамажы нам, Велес!
Ім туравалі дзеці і дарослыя:
― Дапамажы, Велес...
Глава 4.
Бадзягі і мысліўцы
Над магутнымі лясамі Верхняга Панямоння цягнуліся светлыя сцюдзёныя хмары. На зямлі ўсё яшчэ панавала змрочнае глухазім’е. Нізкае сонца часам выглядвала, ды не грэла, а толькі крыху падвясельвала наваколле.
Прайшла амаль палова кароткага зімовага дня, калі мысліўцы пад’ехалі да паляўнічай буды, складзенай невядома калі з тоўстых хваёвых бярвёнаў. Тут яны спешыліся, далі коням сена і хутка пакрочылі ў глыб лесу, пакінуўшы жывёл на волі, каб яны маглі адбіцца і збегчы ад драпежнікаў, калі тыя апынуцца паблізу.
…Мядзведзь з восені бадзяўся па лесе. Ён быў галодны і люты. Старыя хваробы не далі яму, як усім ягоным сабратам, залегчы ў салодкі зімовы сон. Ён быў вельмі раззлаваны, бо адчуваў сябе нядобра ў заснежаных нетрах, дзе цяжка было здабыць ежу. Часам магутна румзаў, чым наводзіў страх на іншых насельнікаў лесу, і ўсе яны імкнуліся схавацца ў нару ці ў дупло, або проста збегчы далей. Верагоднасць галоднай пагібелі даводзіла яго да адчаю, і звер быў гатовы нападаць на ўсё жывое, абы чаго-небудзь з’есці. Таму, калі ён напаткаў след іншага мядзведзя, то адразу пачаў пераследаваць яго. Той падняўся з бярлогу нядаўна, менавіта ад гэтага румзання, бо сон ягоны быў не такі глыбокі, каб не пачуць смяротнай небяспекі. Спрасонку ён яшчэ не адчуў голаду, але адразу сцяміў, што саступае ў моцы таму, хто румзае, і ўцякаў, пакуль што нетаропка, старанна прыслухоўваючыся да наваколля. На яго след набрылі і мысліўцы. Пасля нядоўгага пераследу яны ўбачылі аднаго мядзведзя і адначасова пачулі румзанне другога. Вопытныя паляўнічыя адразу зразумелі, што голас падае больш магутная жывёла.
― Спачатку гэтага, ― крыкнуў Буй, паказваючы на след. Пачалася пагоня. Мядзведзь уцякаў, паступова набываючы жвавасць, што абяцала выматаць паляўнічых дашчэнту. Яны доўга беглі, выцягнуўшыся жывым ланцугом па добра бачных на снезе адбітках шырокіх кіпцюрастых лап. Буй бег першы. Вось ён параўняўся з нізкаватым гушчаром і ўжо абагнуў яго, як раптам уваслед яму кінуўся нібыта цень. Звер паспеў збочыць, зрабіць невялікі крук, вярнуцца блізенька да свайго следа і залегчы ў засаду. Ён без аніякага гуку ўсёй сваёй вагой наваліўся на паляўнічага. Буй круціўся, бы вужака, ды жывёліна была шустрэйшая. Пачуўся трэск разадранай вопраткі і глухі стогн. Доўбень, які бег другім, ускочыў верхам на мядзведзя і спрабаваў загнаць лязо корда яму пад сківіцу, але не змог утрымацца, калі той крутануўся, і адляцеў убок. Падбеглі астатнія. Тады мядзведзь пакінуў Буя, злосна рыкнуў і папёр на пераследнікаў, яшчэ больш раз’юшваючыся на хаду. Слаў выйшаў наперад, дастаючы з-за пояса доўгі корд. Звер падняўся і на задніх лапах пайшоў на яго, але раней, чым яны сустрэліся, дзве дзіды, мінуючы Слава, з маху ўтыркнуліся ў бакі мядзведзя. Той страшна зароў, магутнымі лапамі біў па тронках, але зламаць моцныя дубовыя стрыжні не здолеў, а Бычань і Лошна, быццам урослыя ў зямлю, моцна трымалі дзіды ў руках. На дапамогу ім кінуліся Доўбень і акрываўлены ды збялелы Буй, ён у гарачцы здолеў падняцца на ногі, а потым і Вой са Славам схапіліся за тронакі, па якіх ужо бруілася гарачая мядзведжая кроў. Усе яны так і стаялі ў неймаверным напружанні, пакуль звер не пачаў памалу асядаць у снег.
― Прабач нас, браце! ― пачаў абрадавую замову Бычань.
― Прабач нас, браце наш, мядзведзю! ― падхапілі астатнія, ― Аддай нам сваю сілу! Аддай нам сваю адвагу! Няхай мы будзем дужымі! Няхай мы будзем разумнымі, як браты нашыя ― мядзведзі!
І кожны з іх нібыта адчуў, як выходзіць магутная душа з паміраючага звера, і кожны меў надзею, што хаця б частка гэтай моцы ўвальецца ў ягонае цела, і яе хопіць на ўсё астатняе жыццё, каб быць такім жа магутным і адважным, як гэты мядзведзь.
Праз некалькі імгненняў цёмная туша ляжала нерухома на акрываўленым снезе, а каля Буя завіхаліся суродзічы. Ключыца была зламаная, глыбока раздзёртае разам з вопраткай плячо, на твары ― сляды кіпцюроў, з якіх хутка капала кроў. Яны дасталі з-пад снегу імху, прыклалі да ран, перавязалі чыстымі анучамі, і цяпер адсопваліся, седзячы пад вялікай ялінай. Усе разумелі, што самае цяжкае яшчэ наперадзе, і то адзін, то другі сустракаліся вачыма са Славам. Выматаны пагоняй, неймавернымі унутранымі высілкамі ён трымаўся яшчэ, каб быць карысным. Кожны разумеў позіркі Слава, усе ведалі, што час ягоны наблізіўся, і момант гэты ўражваў сваёй непазбежнасцю.
Буй быў бледны, але розум ягоны заставаўся ясны.
― Ідзіце, я зладжуся з сабой. Хутка вечарэць пачне. Бычань, цяпер ты старэйшы.
Паляўнічыя падняліся і павольна, зберагаючы сілы, пабеглі па сваіх слядах у адваротны бок, туды, адкуль чулася магутнае румзанне. Усе падабраліся, на суровых тварах выраз рашучасці і трывогі ― надта ж небяспечны гэты звер, а браць трэба жывым.
І вось яны сышліся. Магутны касматы звер і пяцёра людзей. Мядзведзь падняўся на ўвесь рост, пачаў на месцы пераступаць з лапы на лапу і ў такт шырока матаць галавой. Потым раптам сцішыўся і прысеў, люта ўглядаючыся ў людзей, што падступаліся да яго. Слаў нетаропка абапёр аб бліжэйшую хвою дзіду, зняў похвы з мячом, дастаў з-за шырокага пояса корд, і склаў усё гэтае тут жа. Ён акінуў апошнім поглядам сяброў і выйшаў наперад. Мядзведзь засяродзіўся на чалавеку, які высунуўся з шэрагу, ізноў узняўся на заднія лапы, каротка рыкнуў і хутка рушыў насустрач. Чалавек і звер узялі адно аднаго ў абдымкі, нібыта лепшыя сябры. Жывёла вантробна зараўла. Слаў паспрабаваў падставіць нагу і зваліць мядзведзя, але дзе там... Той разявіў зяпу з вялікімі белымі ікламі, каб ухапіць чалавека проста за твар, ды Слаў з апошніх сілаў адхіліў галаву ад выскаленай пашчы, і тады звер з маху усадзіў яму іклы паміж шыяй і плячом. Пачуўся хруст, і Слаў абмяк. Але Доўбень ужо прасунуў паміж нагамі мядзведзя доўгае дрэўка дзіды і, трымаючыся за другі канец, шпарка бег вакол звера, пакуль той не паваліўся, на момант задраўшы заднія лапы. Лош імгненна накінуў на адну з іх пятлю з моцнай вяроўкі, Бычань тое ж самае зрабіў з другой. Раз’юшаны звер грыз Слава, лічачы, што менавіта той кінуў яго на снег. Гэта дало яшчэ некалькі імгненняў Лошу і Бычаню, каб падхапіцца і разбегчыся ў розныя бакі. Калі збянтэжаны мядзведзь ужо паднімаўся, яны моцна пацягнулі свае канцы вяровак. Звер ізноў упаў і зароў, уцяміўшы, што зваліў яго зусім не Слаў, і адкінуў яго ад сябе. Яшчэ раз падняўся і адразу паваліўся. Вой паспрабаваў засунуць тронак дзіды паміж выскаленымі сківіцамі, ды мядзведзь так гваздануў лапай, што тронак з трэскам разляцеўся на кавалкі. Тады Доўбень ззаду ўскочыў на карак звера, які зноў імкнуўся падняцца, і накінуўшы пятлю на храпу паміж сківіцамі, пацягнуў вяроўкай ягоную галаву назад. Цяпер звер, перакулены на снег, малаціў пярэднімі лапамі ва ўсе бакі. Па лесе неслася бесперапыннае румзанне. Лош і Бычань спрытна абмотвалі канцы сваіх вяровак за бліжэйшыя хвоі. Потым яны схапілі дзіды, здвоілі іх, падабралі зручны момант і прыціснулі тронакамі пярэднюю лапу мядзведзя да зямлі. Ён вырваўся б, але ўжо было нязручна ― тры вяроўкі абмяжоўвалі магчымасць рухацца. Апошняй вольнай лапай ён усё ж такі дацягнуўся да Бычаня і шаркнуў даўжэзнымі кіпцюрамі па руцэ, ды паляўнічы не адпусціў дзідаў. Доўбень таксама ўжо заматаў канец сваёй вяроўкі за дрэва, і яны разам з Воем наваліліся на гэтую лапу і зацягнулі пятлю...
Звер ляжаў, распяты на снезе. Ён не разумеў, што з ім, і пагрозліва роў. Мысліўцы перавялі дух, выцерлі рукавамі ілбы.
― Давай вязаць шчыльней, бо парве вяроўкі, ― прамовіў Бычань.
Гэта ўжо не было занадта цяжка, хоць мядзведзь і пручаўся ― сілы ў яго яшчэ было даволі...
Глава 5.
Нечаканыя сустрэчы
На вячэрнім золаку, наўсцяж па закутым у лёд і зацярушаным мяккім снегам Нёмане цягнуўся абоз. Першым ехаў Бычань, за ім – Лошна. Далей ішлі тры кані, упрэжаныя ў валакушы. Баявых коней не прывучалі да аглобель, таму яны нерваваліся і часам грызлі іх. Валакушы былі зробленыя з маладых елак, у якасці аглобель паляўнічыя прыстасавалі па пары ствалоў доўгіх маладых бярэзін таўшчынёй з руку. Пара валіла з ноздраў жывёлін і людзей. Аднастайны рух іншым разам мог бы супакоіць, але на першай валакушы ляжалі накрытыя мядзведжай шкурай мёртвы Слаў і паранены Буй, а на другой валаклі жывога мядзведзя. Ён часам глуха румзаў, і тады коні нервова прысядалі, дзіка касілі вачамі, і паляўнічым то вокрыкам, то ласкай прыходзілася супакойваць іх. У апошняй валакушы ляжала разабраная туша забітага мядзведзя. Доўбень ехаў ззаду. Коні шпарка перабіралі нагамі, бо добра адпачылі і пад’елі сена каля буды, дзе іх пакідалі. Кожны з паляўнічых ужо разлічваў час, калі абоз дойдзе да паселішча, ды раптам наперадзе пасля чарговага заваротка адкрыўся новы кавалак Нёмана, і на фоне далёкага берагу паказаліся чужыя вершнікі. Яны парамі нібыта выплывалі з цемры, і вось ужо можна палічыць іх ― амаль паўсарака.