“Ізноў груганнё. Ізноў здалёк.” ― падумаў ён, ― “Непасрэднай пагрозы яшчэ няма, але і дабра няма. Ці не знак гэта, што недастаткова прыносім ахвяры багам, што патрабуецца самая вялікая ахвяра?!..”
Ён рашуча падняўся, выйшаў з бажніцы, прычыніў дзверы з высокім ― да калена, парогам і накіраваўся да Команя.
Род Команяў быў моцны: сем дзясяткаў вояў мог выставіць у выпадку вялікай патрэбы. Два леты таму на вечы вырашылі, што цесна стала ў Ведзьмядзях, і таму некаторыя малодшыя мужы, якія цяжка ўжываліся з галавамі сваіх сем’яў, узялі жанок, дзяцей, рабоў, частку быдла, і сышлі з Ведзьмядзёў, заснавалі ніжэй па плыні Нёмана выселкі. За новым паселішчам і дагэтуль не ўмацавалася яшчэ трывалай назвы, таму пакуль што яны так і называліся ― Выселкі. Тады маладыя ўзрадаваліся, што адрываюцца ад апекі старэйшых, і з запалам будавалі зрубы новых хат на новым месцы, а дапамагаў ім увесь род. Старэйшыя бурчэлі, незадаволеныя, што часткова страчваюць уладу, ды кожны разумеў: так лепей для ўсіх, і гэта добры знак ― павелічэнне колькасці сем’яў.
Ястр быў адзіны пасярэднік паміж людзьмі роду Команяў і багамі, як на Ведзьмядзі, так і на Выселкі, і таму слова яго мела вагу.
― Зойдзеш? ― запытаў Комань і, калі Ястр кіўнуў, адчыніў дзверы і гучна сказаў у хату:
― Ярына! ― гэта была старэйшая жонка Команя. ― Вазьмі дзяцей і сыдзі куды-небуць.
Жанчына хуценька сабрала дзетак і пабегла да суседняга будынку.
Суразмоўнікі пільна глядзелі адзін аднаму ў вочы: Комань, сталы муж магутнага целаскладу, з густым цёмна-русым валоссем на галаве і барадзе, і Ястр, які мала саступаў у росце, але быў не такі шырокі ў плячах, з доўгай барадой і прыкметнай сівізной.
― Комань, багі патрабуюць ахвяру. Вялікую...
― Што ты надумаў, Ястр? ― ціха запытаў Комань, ужо здагадваючыся, куды гне вядзьмар.
― Сам разумееш, не мне гэтае патрэбна, ― таксама ціха адказаў той. ― Бяда вісіць над родам нашым.
― То дамоўся з багамі, на тое ты і святар.
― Богі гневаюцца на нас. Бяда набліжаецца. Груганнё кружыць над паселішчам.
― То адвядзі бяду.
― Я адвяду. Ды толькі... патрэбна ахвяра, вялікая, ― ён цяжка ўздыхнуў. ― Патрэбен... чалавек... юнак.
Комань падняўся ― высокі, галава пад бэльку. У вачах ― няўмольнасць:
― Юнака не дам, ― ціха, але цвёрда прамовіў ён, ― выдумай што-небудзь іншае. Можа, тура альбо лася. Ці зубра. Зловім самага лепшага.
Ястр пакруціў галавою.
― Кагосьці з іх таксама трэба, але гэтага недастаткова, ― ён глыбока задумаўся, пачаў пальцамі перабіраць нізку бурштынавых пацерак. ― Каб было лета, я б сказаў ― мядзведзь. Ён бліжэй да чалавека.
Комань узяў яго за плечы:
― Ну, дык давай мядзведзя!
― Нельга з берлагу.
Комань адпусціў плечы вешчуна, адступіў на крок. У вачах яго было здзіўленне:
― Адкуль ведаеш пра бадзягаў, стары прайдзісвет?!
― Ды ўжо ж ведаю...
...Яны стаялі паўколам ― лепшыя ваяры і паляўнічыя роду: Буй, Бычань, Вой, Лошна, Доўбень і Слаў. Непадалёк тапталася ўся ведзьмядзёўская дзятва і многія дарослыя, каму здарылася быць у гэты час у паселішчы. Усе шасцёра ваяроў былі ў збройным чыне. У кожнага ― цяжкая дубовая дзіда з вострым жалезным джалам на канцы, баявая сякера, меч у похвах на перавязі і доўгі корд за шырокім поясам. Лукаў не бралі ― для палявання, якое мелася адбыцца, яны былі недастаткова эфектыўнымі. Насупраць ваяроў стаяў Комань, уважліва ўглядаючыся ў твар кожнага:
― Усе гатовыя? Ніхто з жонкай не аскароміўся? Ты, Доўбень, увечары дзе валачыўся?
― Ну што ты, дзядзька Комань? Ты ж наказваў. Хіба ж я дзіця?
― Я кажу, бо ведаю, што не ўсім даспадобы звычаі продкаў. А хто іх не трымаецца, той слабне, бо ад яго адварочваюцца багі і прашчуры, якія дапамагаюць нам. А як слабне чалавек, дык слабне і род чалавечы. Я не пра вас кажу, але ўсе памятаюць, як забілі Жолну з Руды, бо ён пахваляўся начнымі подзвігамі з жанкамі, а потым спатыкнуўся на паляванні, і з яго віны загінулі людзі ад зубра. Гэтую ганьбу роду прынёс адзін з найдужэйшых. І яе нічым не змыеш. А тое ж быў наш супляменнік.
Комань памаўчаў, насупіўшыся. Потым страсянуў галавой, мех на шапцы варухнуўся хваляй. Вочы ягоныя праясніліся:
― Ну, ды гэта не пра вас, ведаю!
Ён махнуў рукой, памаўчаў яшчэ трохі, углядаючыся ў твары лепшых мужоў рода, і працягнуў:
― Сыны мае, ваяры мае! Ізноў пасылаю я вас на цяжкую справу. Здарылася небывалае. Мядзведзі-бадзягі разгуляліся на дальніх паляўнічых угоддзях, рана ці позна прыклыгаюць сюды па быдла. Чаму яны з бярлогаў падняліся, адзін Вялес ведае, а можа быць, яны і не залягалі нават. Суняць іх трэба, такая вось справа. Можа, яна і не такая складаная была б, ды вось Ястр...
Комань азірнуўся на вешчуна, які чакаў збоку:
― Ястр, ведаеш што? Кажы сам!
Вядзьмар наблізіўся. Футравае ўбранне на ім было своеасаблівае, з мноствам дробязных дэталяў; зверху надзеты разнастайныя каралі – жалезныя, касцяныя, з зубоў звяроў і нават нетутэйшыя бурштынавыя пацеркі. Шырокі пояс быў расшыты каляровымі ўзорамі: сонцамі, зоркамі і свастыкамі. Ды не красы дзеля – у кожнай дэталі, у кожнай рэчы быў свой магічны сэнс. Ястра паважалі: ён умеў размаўляць з багамі, мог іх задобрыць і навучыць рабіць гэта іншых. Але часта з яго і пасмейваліся бывалыя ваяры, якія бачылі шмат смерцяў і нічога не баяліся. Надта ж ужо красамоўна праводзіў шаман абрады і лад адзення меў адмысловы ― яркі, маляўнічы ― куды жанчынам да яго... Але, як глядзеў Ястр на каго, то мала хто мог вытрымаць ягоны позірк спакойна. Вось і цяпер, калі ён рэзка ўскінуў свае светлыя пранізлівыя вочы, кожнаму здалося, быццам шаркнулі нечым вострым па душы.
― Багі незадаволеныя намі! Нас чакаюць цяжкія выпрабаванні і страты. Самі бачыце ― на лядах недароды, у лясах паменшала звяроў, у Нёмане даўно ўжо не лавілі вялікіх самоў. Яцвягі штосьці нядобрае наважваюць...
Ястр гаварыў, а сам дапытліва прыглядаўся да мужоў:
― Каб не было горай, патрэбная вялікая ахвяра.
Ён ізноў абвёў усіх позіркам і раптам голасна і хутка вымавіў:
― То прывядзіце жывога Гаспадара!
Воі-паляўнічыя збянтэжыліся:
― Што?!
― Жывога мядзведзя?!
― Вось дык так!
― Мядзведзя-бадзягу? Ды ён жа злы, як сто нячысцікаў!
― Ястр, а мы яго там, у лесе ў ахвяру прынясем, ― прапанаваў Буй.
Ястр маўчаў, ізноў апусціўшы вочы. Маўчаў і Комань. Сцішыліся і астатнія. Толькі ў Слава адразу загарэліся вочы. Комань заўважыў гэта і здагадаўся, а праз імгненне зразумелі і астатанія, ды ніхто не падаў выгляду. Усе ведалі гэты спосаб узяць мядзведзя ― даць яму жывую ахвяру, і, пакуль звер будзе займацца ёй, на імгненне забыўшыся пра астаніх, утаймаваць яго.
Слава цяжка параніла ў сутычцы з чужынцамі-рабаўнікамі некалькі гадоў таму. Гэта была жорская бойка, у якой прымалі ўдзел многія ваяры племені. Тады загінулі Туж, Груд, Бродзень. Рана Слава, як выявілася, была невылечнай ― звонку ўсё зацягнулася, але суліца ворага, мабыць, дайшла да вантробаў, і мужны вой слабеў з кожным годам. Ён разумеў, што ўжо не ачухаецца, і аднойчы прызнаўся блізкім сябрам, адным з якіх быў і Комань, што хацеў бы адысці да продкаў. Ды імя ў яго было Воіслаў нездарма, а таму што слаўны гэта быў ваяр і не жадаў ён ганебнай смерці ў ложку пад прыглядам сваіх жанок...
Комань прамовіў:
― Слаў… ― і зразумеў, што не можа больш падабраць словы.
Тады ён цвёрда паглядзеў Славу ў вочы, а той у адказ усміхнуўся са згодай.
Комань яшчэ раз усіх абвёў позіркам:
― Трэба было б больш мысліўцаў адправіць, ды не магу ― неспакойна наўкол. Наказаў конязь Волад трымаць вояў напагатове, выставіць дазоры ды паслаць выведнікаў на захад ― у бок яцвягаў з непрымірымых. Так што спраўляйцеся самі. Няхай вам дапаможа Велес. Камандуй, Буй.
Буй гучна свіснуў, і з-за дрэў юнакі подбегам вывелі загадзя падрыхтаваных да паходу коней. Мужы амаль бязгучна ўзвіліся на іх, і невялікі атрад бадзёрай рыссю пакінуў паселішча. Хутка перастаў быць чутным і тупат капытоў ― снег гасіў гукі.