Тым часам многія маладыя жанкі і мужы парамі адна за другой пачалі адыходзіць ад застолля да ракі. Нікога не саромеючыся, здымалі адзенне і з шумам і віскамі кідаліся ў ваду. Рака кішэла аголенымі целамі. Плёск і вясёлыя крыкі разносіліся далёка па Маўчадзе. Любоўны запал апанаваў мужоў і жанчын. Пары спалучаліся ў ярым цялесным каханні, не вельмі хаваючыся ад ішых, занятых тым жа. Некаторыя рабілі гэта ў струменях Маўчады, другія качаліся ў высокай прыбярэжнай траве. Гэта не лічылася грахом у купальскую ноч. Стогны гарачай знямогі луналі над далінай ракі. Мужы не сачылі за сваімі жонкамі, жонкі не пільнавалі мужоў.
Ястр і Комань частаваліся медавухай, усміхаючыся ў доўгія вусы. Яны былі задаволеныя. Адзіная ў годзе такая ноч. Купала даваў усім шанец на працяг роду, на прыбытак, выпраўляючы той склад, калі жонка ці муж не маглі альбо не жадалі зачаць новае жыццё адзін ад другога. Прысутнасць дружыны Волада на свяце гарантавала прыток свежай крыві ў патомства племені.
Ланя захмялела ад святочнай медавухі. Яна не бачыла, куды падзеўся Лош, і цяпер ёй прапанова Ястра не здавалася такой ужо непрымальнай. Калі станісты дружыннік наблізіўся, яна не адпіхнула яго.
― Красуня, ты мне да спадобы. Хадзем купацца разам! ― прамовіў з запалам малады муж, і, узяўшы Ланю за руку, уладна пацягнуў да ракі. Ланя нібыта і падалася адразу, але калі той пачаў занадта смелымі рукамі здымаць з яе вопратку, штосці раптам найшло на кабету, яна наводмаш храснула дружынніка па сківіцы і пабегла, усхліпваючы, прэч, дадому. Толькі на момант згубіў яе з поля зроку малады вой, тут жа паімкнуўся дагнаць, схапіць сваю здабычу, але той ужо не відаць і не чутна ў цемры.
Лошна патаемна ўвесь час сачыў за Ятвінгай. Калі яе пачаў абходжваць воладаў дзесятнік, сам не заўважыў, як апынуўся каля жанчыны. На момант сустрэліся вачамі супернікі, але разумны дружыннік не стаў насядаць, адступіўся – маладых кабет было многа на ігрышчы. Так Лош і Ятвінга апынуліся ва ўзаемных абдымках. З гэтага моманту яны нікога і нічога не бачылі вакол. Яны не заўважылі, як засталіся сам-насам, як здымалі адзін з другога вопраткі і ўжо да самага ранку не разлучаліся. Раз за разам Лош уваходзіў у пругкае цела згаладалай па ласках жанчыны, раз за разам прыймала яго Ятвінга… Яны не ведалі, колькі гэта доўжылася, а калі ноч пачала шарэць, абое зразумелі, што ўжо не змогуць жыць адзін без другога.
Купальская ноч кароткая. За хмяльнымі радасцямі абавязкова прыходзіць пахмелле. Чым больш выпіта медавухі і піва, тым пахмелле цяжэй. Па-рознаму дрыгавічы вярталіся ў будзённыя турботы наступнага дня. Адны лягчэй, напіўшыся крыштальнай вады з халоднай крыніцы, браліся за штадзённую працу. Другія сумавалі, успамінаючы пра сябе прыгоды чарадзейнай ночы. Пад пагрозай выгнання з роду забаранялася тачыць лясы, альбо папракаць наконт таго, хто з кім быў і што рабіў у начы на Купалу. Як бы там ні было, да поўдня жыццё ўвайшло ў прывычную каляіну.
Лошна не вярнуўся ўранку да хаты. Развітаўшыся з Ятвінгай, ён доўга бадзяўся па лесу, абдумваючы тое становішча, у якім апынуўся. Да нядаўняга часу адна толькі Ланя панавала ў ягоным сэрцы, а цяпер вось яшчэ Ятвінга. Ён разумеў, што гэта не проста купальская прыгода, і адмовіцца ад Ятвінгі не зможа. Але як жа з Ланей? Лош успомніў, як яна аднойчы сказала пра другую жонку, ды добра ўсведамляў, што сказана гэта было ў роспачы. А на самой справе ці зможа яна дзяліць яго з іншай? А як другія дзеляць? У многіх мужоў па двое, па трое жонак. Дык то ў другіх. І што? Усе яны ладзяць? Многія пазабівалі б адна адну, каб не баяліся кары! Але ёсць і такія, што ладзяць…
Ланя праплакала рэшту ночы. Калі ўранку Лош не прыйшоў дахаты, раптам ясна зразумела, што не будзе ўжо ў іх так, як было раней, і ад гэтага стала яшчэ горш на сэрцы. Потым у звыклых справах крыху супакоілася, а калі муж нарэшце з’явіўся, ужо здолела усміхнуцца яму:
― Ну што, саколік мой, дзе лётаў, што шукаў?
― Ланя, нам трэба пагаварыць.
― Аб чым жа?
― Я хачу ўзяць другую жонку.
Хоць і гатовая была Ланя да такой гаворкі, усё роўна крыўда здушыла горла. Але справілася з сабой:
― Я ж сама прапанавала. І гэта Ятвінга?
Здзіўлена паглядзеў Лошна на жонку:
― Так, Ятвінга.
― А дзе цяпер маё месца будзе?
― Дзе было, там і будзе.
― Э-эх, Лошна Заманавіч! Хіба гэта магчыма?
Яны доўга сядзелі моўчкі.
― Ланя, а можа, паладзіце, ― сказаў Лош. Ён зрабіў рух, каб узяць жонку за плечы, але тая не дазволіла, адвярнулася:
― Можа й паладзім…
Падвечар у Ведзьмядзі прыскакаў ганец. Да Волада. Хутка стала вядома, што дрыгавіцкія семірадцы з Прыпяці клічуць дружыну, і наогул, усіх добраахвотнікаў ў набег. І не куды-небудзь, а на Царград. Ізноў збіралі веча і цягнулі жэрабя. На гэты раз з Ведзьмядзёў, Вусьця і Руды з дружынай ад’яжджалі тры дзесяткі конных і пешых вояў. Лошу зноў не дасталася доўгай трэскі, калі цягнулі жэраб, і ён заставаўся. Сярод тых, каму пашанцавала, былі Нор, Каліна і Бор, а таксама Лупач і Озем з Вусця.
Моўчкі праважалі ладдзі і чоўны, на гэты раз ўверх па плыні Нёмана. Частка войска на конях і з абозам рушыла да Руды па берагавых сцежках. Ізноў многія маладыя жанчыны ўпотай змахвалі слязу.
На твары Команя гулялі вужлакі. Не падабалася яму становішча, у якое трапляў род. З сямі дзесяткаў сталых вояў на месцы заставаўся толькі трыху больш за адзін сарок. Ён адвёў Волада ў бок і штосьці ціха, але даволі доўга, гаварыў яму. Волад выслухаў з усмешкаю, але ўважліва. Потым жартаўліва абняў суровага правадыра ведзьмядзёўцаў:
― Усё будзе добра, Комань. Чакайце нас са здабычай. Вось як вернемся, ― мы з поўдня, а першая ватага з захаду, ды ўсе са здабычай! Што ты тады скажаш? Зажывё-о-ом!
Потым адхіліўся і больш сур’ёзна дадаў:
― А наконт яцвягаў, ― ты ж ведаеш, да памор’я таксама шлях няблізкі. Ды і замірэнне ўсёж-такі. Яно ім больш, чым нам патрэбнае. Ну, а як што не так, то адыйдзеш у лес, як заўсёды.
Глава 22 .
Вялікая Пушча
Рось нарэшце скончылася. Вузкая ручаіна яшчэ праследжвалася сям-там па балоце, але нават нешырокі даўблёны човен ужо не мог прасоўвацца, бо днішчам чапляўся за вязкі глей. Адсюль трэба было цягнуцца волакам, калісьці пракладзеным яцвягамі паміж вытокамі Росі і Мядзяны, а апошняя праз вялікі балотны масіў выводзіла да спрадвечна яцвяскай ракі Нараў.
Комат з трыма воямі паехаў у выведку. Куніг добра ведаў волак, але паехаў у другім кірунку. Вершнікі выбраліся на высокі бераг і праз дрымучы лес ледзь бачнымі звярынымі сцежкамі падаліся на паўдневы ўсход. Ехалі даволі доўга. Калі ўжо можна было падумаць, што гэты векавы лес ніколі не скончыца, наперадзе стала святлей, дрэвы зрадзелі і, нарэшце, расступіліся. Куніг са спадарожнікамі выехалі на вялікую пагорыстую пустэчу. Яны выбралі мэтай самы высокі ў акрузе груд, які меў назву Лазіскава Гара і прышпорылі коней, пасылаючы іх у галоп. Там месцавалася адна з яцвяскіх застаў, дзе ў старожы сядзелі коматавы воі з нараўскіх плямён. Яшчэ здалёк іх пачулі сабакі і брэхам настарожылі людзей. Калі да вяршыны заставалася некалькі палётаў стралы, два вершнікі выехалі насустрач, ― яны здалёк пазналі Комата.
Пасля прывітанняў і сытнай вячэры Комат застаўся сам-насам са старшым воям ў невялікім будане, напалову ўкапаным у зямлю. На заставе было спакойна і яцвягі адчувалі сябе ў небяспецы. Спадарожнікі Комата паснулі. Дазорныя, як заўжды, на ноч забралі з сабой сабак і пайшлі ў дазор на край пустэчы, бліжэй да лесу.
― Ну што, куніг ― ці ўдалася табе твая задумка?
― Удалася, брат Стакуць. Сорак вояў дрыгавіцкіх здзёр я з Маўчады і вяду з сабой. Ды яшчэ трох гандляроў з юнакамі.
― Вельмі добра. На сорак мячоў аслабіў ты дрыгавіцкае парубежжа. Гэта дапаможа нам, калі прыйдзе час. Панаселі на нашыя землі, ліха на іх!
― Цяпер нядоўга ўжо чакаць засталося.