Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Донюш быў адным з тых, хто прагнуў здабыць агняцвет. Жыццёвыя страты вымучылі яго, а непакорлівая натура патрабавала дзеяння. Ён выпіў медавухі і пашыбаваў у лес. Эх, калі б пашанцавала! Усе страты можна было б вярнуць. Ціха ступаў па начным лесе бывалы ваяр і мыслівец, ніводны сучок не храбуснуў пад нагамі. Вось і запаветнае месца. Якую ж папараць выбраць? Можа, гэтую? Ці гэтую? Не! Лепей тую вунь, на невялічкай палянцы – густую і высокую. Донюш расклаў пад папараццю святочны абрус, загавораным нажом правёў вакол выбранай расліны разору і пачаў маліцца. Ён адчуваў, што надыходзіць тое самае адзінае імгненне, калі цуд магчымы, але нічога не здаралася. Тады у роспачы падняў вочы да зорнага неба:

― Купала-божа! Дапамог бы ты мне. Хіба мала ахвяр я табе даваў? Дай і ты мне…

Заўзята маліўся Донюш, а калі зрок вярнуўся да выбранай расліны, здалося яму, што слабы агеньчык бліснуў на вершаліне папараці. Сэрца здрыганулася:

― Няўжо!? Так і ёсць! Вось яшчэ! І яшчэ!.

Нібыта жывыя істоты пульсавалі агеньчыкі на лісьцях расліны.

― Не празяваць бы!

І не вытрымаўшы, не даўшы агняцвету разгарэцца, схапіў агеньчыкі ў далонь і пабег дахаты. Душа ягоная заходзілася ад радасці:

― Нарэшце! Цяпер я самы ўдачлівы! Самы багаты! Самы шчаслівы!

Але што гэта? Донюшу здалося, што агеньчыкі варушацца, і зусім яны не гарачыя. Ён расціснуў далонь, паглядзеў. І хоць няслушнае было святло ад зорнага неба ў цёмным лесе, адразу сцяміў:

― Гэта ж звычайныя светлякі, як я адразу не зразумеў? Хіба медавуха розум адбіла.

Запуліў Донюш казурак куды папала, упаў тут жа на лясны мох, абхапіў галаву рукамі. Плечы трэсліся ад бязгучнага плачу.

…Кароткая ноч прайшла хутка, і калі першыя промні сонца дакрануліся да вершалін самых высокіх дрэў, Ястр на беразе Маўчады распачаў малітву Купале. Людзі падыходзілі да ракі. Сонца паднімалася над астраверхімі ялінамі і адлюстроўвалася ў расе на поплаве безліччу рознакаляровых іскрынак. Усе распраналіся, дзеці і моладзь спачатку боўталіся ў роснай траве, потым з шумам і крыкамі увальваліся ў раку, паднімаючы пырскі, якія ззялі маленькімі вясёлкамі на сонечных промнях. Сталыя людзі, памаліўшыся Купале, павольна заходзілі ў ваду, даючы прахалодным бруям лашчыць стомленыя ад цяжкай працы целы. Дарослыя стрымлівалі пакуль-што малодшых, не дазваляючы залішняй дзёрзкасці. Усе купальскія ўцехі адкладваліся на ноч, а цяпер праводзілася рытуальнае абмыванне, частка спрадвечнага купальскага абраду.

Волад з дружынай ранішняе купанне праводзілі на асобнай частцы ракі, якая за лукавінай не была відаць з паселішча. Яны таксама дачакаліся Ястра, каб той зладзіў адпаведную малітву. Потым, распрануўшыся, павольна ўваходзілі ў ваду. Маладосць брала сваё, і вось ужо завязалася вясёлая валтузня з пырсканнем, нурцамі і плясканнем па вадзе. Гэта працягвалася даволі доўга, голыя воі выбягалі на бераг, разганяліся і скакалі ўваду з абрыву. Яны былі ўпэўненыя, што ніхто старонні іх не бачыць, але памыляліся. Некалькі занадта смелых і цікаўных дзяўчат сачылі за імі з карчоў і ледзь стрымліваліся ад рогату, а калі маладыя мужы пачалі выходзіць да адзёжы, то адна з іх не вытрымала-такі і пырскнула смехам. Мужы спачатку разгубіліся ад нечаканасці, закрываючыся вопраткай, потым таксама засмяяліся і пагрозліва крыкнулі да карчоў:

― Ох, не злуеце дзікіх туроў!

― Ну, пачакайце!

― Прыйдзе вечар, тады паквітаемся!

Удзень свята працягвалася спакойна, пілі медавуху ды квас, елі прысмакі. Часам збіраліся невялікімі гуртамі каля ракі, хаваліся пад вербамі ад спякотнага сонца, драмалі, з асалодай выкарыстоўваючы вольны ад працы дзень, якіх за лета былі адзінкі.

Усе нібыта назапашвалі сілы дзеля вячэрніх падзей.

Сонца не спяшалася да захаду, яно таксама цешылася і радавалася, па-святочнаму шчодра аддаючы зямлі сваю гарачыню.

Ды прыходзіць вечар нават у самы доўгі дзень. І вось Купала уласна паклікаў людзей да галоўнай частцы свята. Першымі ля прыгатаванага вогнішча з’явіліся дудары. Яны сталі невялікім паўколам, прыклалі дудкі да вуснаў, і палілася ўрачыстая і радасная, поўная жыцця мелодыя. У гэты ж момант каля іх вясёлым натоўпам замітусіліся дзеці. Потым жанчыны разаслалі на траве паводаль ад вогнішча доўгія ільняныя абрусы, і няспешна раскладалі на іх святочныя стравы і пітво, што мужы прынеслі ў кошыках. Разсаджваліся рэдка, бо ведалі, што прыйдуць дружыннікі, і трэба будзе запрасіць іх да агульнага стала. Тыя не заставілі сябе чакаць, але прыбылі таксама не з пустымі рукамі ― хто нёс мех з медавухай, хто вэнджаную рыбіну ці кавалак дзічыны. Ведзьмядзёўцы іх прывіталі і разсаджвалі паміж сабой.

Сонца павольна спускалася за высокі лес за Маўчадай. З’явіўся Ястр, а з ім крочылі Комань і Волад. Святар падышоў да вогнішча, узяў з рук юнака запаленую паходню і распачаў урачыстую малітву. Усе ўсталі і таксама маліліся Купале. Жанчыны ціхенька пачалі абрадавую песьню. Па меры ўзмацнення голаса ведзьмара мацнеў і хор. Ястр паднёс паходню да вогнішча, і полымя хутка ахапіла сухую драўніну. У гэты момант у хор уступілі мужчынскія галасы. Вялікае купальскае вогнішча разгаралася, людзі патрохі адыходзілі ад спякотнага полымя, складаючы вялікае кола. Дудары мацней дунулі ў дудкі, да іх далучыліся бубны, трэскалкі і званочкі. Цяпер наўкол вогнішча стаяў шум і гам. Юнакі прынеслі саламяную постаць Ярылы ў поўчалавечага росту. Ніжэй пояса ў яго боўталася досыць вялікая выява мужчынскай вартасці, зробленая з маладога дубовага ствала, якую ніхто не спрабаваў прыкрыць. Вось Ярылу паднеслі да рушнікоў з прысмакамі. Старадаўняя абрадавая песня гучала ўва ўсю моц. Конаўка з хмяльной медавухай хадзіла ад аднаго да другога бесперапынна. Хтосці штурхнуў нібыта незнарок Ярылу і той упаў. Страшна закрычалі мужы і загаласілі жанчыны:

― Памёр!

― А-а-а-а!

― Памёр Ярыла!!!

― Ой-ёё-о-й!

― Паднімі яго, мо, жывы яшчэ!!

Ярылу паднялі, пачалі катурхаць. Нехта паднес да твару кубак, другі падаваў кусок вэнджанага мяса. Нічога ўжо не патрэбна Ярыле.

А збоку ад асноўнага вогнішча ўжо разгараецца другое ― невялікае, зробленае адмыслова для Ярылы. Шасцёра юнакоў паднялі саламяную постаць і, адыходзячы задам наперад, панеслі да вогнішча, асцярожна апусцілі на набіраючае сілу полымя. Дзяўчаты плачуць горкімі слёзамі і спяваюць:

― Памёр ён, памёршы!

Не ўстане ён болей!

А быў ён харошы!

Як жыці нам далей?!

Хутка згарэў Ярыла. Тут жа справілі па ім памінкі. Пілі-елі. Не гаравалі, а весяліліся, бо ў купальскую ноч пераходзіць моц Ярылы да людзей. Кроў у жылах пачала кіпець.

Абрад працягваўся. Ізноў наблізіўся да вялікага вогнішча Ястр, падняў рукі да неба і стварыў чарговую малітву:

― Разыдзіся цемра, разгарайся дабро, заззяй святло!

Яры ясна сонца краснае, стані-стань долу, яко Род велі!

Стані-стань долу, з неба да зямлі!

Ястру паднеслі кубак. Ён трыху надпіў, астатнее з размаху пырснуў у вогнішча.

― Шуміце воды светлапенныя!

Шамаціце, дубы векавечныя!

Ззяйце, мячы заліхвацкія!

Распладзіся, зямліца бо ярая,

Васплымі полымю, іскразар’е,

Ды дзееце славу велізарную

Самому Купале Сваро-о-жычу!

― Го-о-ой! Го-о-о-й! Слава Купале! Слава Сварожычу ― падхапіў натоўп.

Пачыналася ігрышча. Моладзь весела скакала вакол вогнішча, якое было ў поўнай сіле. Гулялі ў “яшчар”, ў “раўчук”, ў многія іншыя гульні. Ды ўсё гэта прызначалася для юнакоў і дзяўчат, якія не сталі пакуль што мужамі и жанчынамі. Дарослыя дзеля смеху таксама часам прыймалі ўдзел у гульнях. Але для іх пачыналася галоўнае дзеянне Купалля.

Нор, які адарваўся ўжо ад нядаўняй сваёй рабскай мінуўшчыны і ўвайшоў у смак вольнага жыцця, да гэтай хвіліны прыймаў даволі актыўны ўдзел ва ўсіх падзеях свята. Цяпер ён апошні раз прыклаўся да конаўкі з мёдам, потым падняўся, пакланіўся людзям, узяў Зарыцу за руку, і нетаропка, але цвёрда пакрочыў да паселішча. Ён добра ведаў, што зараз будзе тут адбывацца, але, як хрысціянін, не мог прыняць гэтага. Зарыца некалькі разоў азірнулася са шкадаваннем, разумеючы, што для іх з Норам свята на гэтым скончылася, але бяспярэчна пайшла за мужам. Старыя таксама пацялёпкаліся дахаты ― іхняя кроў даўно ўжо адшумела-адкіпела, ім не было што рабіць на далейшым працягу свята, а медавухі яны ўжо напіліся ўдосталь. Сышлі і ўдовы Слава. Для іх траур па мужу будзе доўжыцца яшчэ не адзін месяц. Многія дружыннікі са шкадаваннем глядзелі прыгажуням ува след.

35
{"b":"822260","o":1}