Удзельнікі пацешнага бою паселі, цяжка дыхаючы пазнімалі вопраткі. Многія мелі ранкі і сінякі. Асабліва дасталася Гардзею. І так няновая вопратка была разадраная, а да чырвонай плямы на сківіцы, што прылажыўся конязь, дабавіліся яшчэ разадраная скура на плячы і гуз на галаве. Ён, напэўна, даўно ўжо мог выйсці з сутычкі, але Волад яго раззлаваў, і вой вырашыў паказаць, як умее біцца. А зараз Гардзей астываў, і твар ягоны ізноў набываў абыякавы выгляд.
― Конязь, ― ціха прамовіў Комань, ― ты не свары больш Гардзея. Не зусім па сваёй віне ён згубіў маёмасць.
― Што?! Як можна страціць зброю ў мірны час? Ну, калі ты просіш..., ― ён махнуў рукой, нібыта адганяючы муху, потым ажывіўся: ― а б’ецца ён до-обра, нічога не скажаш!
Конязь ізноў з усмешкай непрыкметна глянуў на дуб, павярнуўся да дружыннікаў:
Зыль! Давай сюды сваіх вояў!
Калі тузін лепшых лучнікаў дружыны наблізіўся да дрэва, Волад ціха штосці ім сказаў, потым голасна загадаў:
― Слухай маю каманду! На дубе заселі варожыя выведнікі! З лукаў! Страляй!
Свіснулі стрэлы, паляцелі ў крону дуба. У мужоў вырваўся стогн. Стрэлы свіснулі другі раз! На дубе пачалася паніка і енкі. Трэці раз свіснулі стрэлы! З дрэва пачалі сыпацца мальцы, нібыта саспелыя грушы, і разбягацца ў розныя бакі. А і чацьвёрты раз стрэлілі дружыннікі! Воўч з Ежкам з жахам глядзелі, як стрэлы з сілай ўтыкаюцца ў дрэва зусім блізка ад іх. Яны не пабеглі, як усе, а толькі схаваліся за тоўстыя сукі і не ведалі, што рабіць далей. Бацькі ў нізе збялелі ад страху за сваіх сыноў. Ды што гэта? Хіба ўжо звар’яцеў хто? Як можна смяяцца ў такое імгненне? Але тыя, хто ўцяміў, у чым справа, рагаталі ўжо ва ўсю глотку. Хутка смяяліся ўсе. Ніводная страла не зачапіла юнакоў, бо такі быў папярэдні загад конязя.
Волад наблізіўся да дрэва:
― Ну, хто там яшчэ застаўся?! Злазь!
Воўч і Ежка, а за імі Пчол, Росцік і Бычко хуценька спусціліся з дуба, і пасталі перад конязем у няроўным шэрагу, збянтэжана гледзячы на яго знізу ўверх.
― Чаму без дазволу залезлі на дрэва? Хацелі мяне, конязя вашага, падмануць?! ― пагрозліва запытаў Волад.
Хлапчукі маўчалі. Конязь падышоў бліжэй:
― Чаго маўчыце?
Ён паклаў руку на плячо Ростіку і ўжо спакойна запытаў у яго:
― А ты чаго на дрэве застаўся, а не ўцёк, як усе?
― Я... я спалохаўся...
― А ты? ― Волад павярнуўся да Ежкі.
― Мы з Воўчам схаваліся за сукі, каб не падстаўляцца пад стрэлы, ― не разгубіўся той.
― Гэта праўда? ― цяпер Волад глядзеў на Воўча.
― Так, конязь! ― цверда прамовіў Воўч і смела паглядзеў Воладу ў вочы.
― Ну што ж. Цяпер ізноў лезьце на дрэва, павыймайце стрэлы і аддайце дружыннікам.
Хлопцы зразумелі, што бура скончылася і радасна навыперадкі палезлі выконваць загад.
― Комань, на сёння досыць! ― загадаў Волад, ― Дружына таксама вольная!
Сам не спяшаўся адысці ад дуба, на якім шамацелі юнакі, з цяжкасьцю выцягваючы глыбока засеўшыя ў драўніне стрэлы. Пакуль ведзьмядзёўцы і дружына збіраліся і адыходзілі, абмяркоўваючы спаборніцтвы, вучэбны бой і ўчынкі конязя, ён непрыкметна сачыў за юнакамі, за тым, наколькі яны лоўка і смела лазяць высока на дрэве. Ён шукаў лепшых і рабіў гэта заўжды, калі прыяжджаў на палюддзе, або проста ў час прыпынку ў якім-небудь паселішчы ў сваіх бясконцых вандроўках. Гэта была частка ягонай нялёгкай штодзённай працы. Калі хлопцы павыймалі ўсе стрэлы, пакідалі іх уніз і злезлі на зямлю, конязь паклікаў да сябе Ежку і Воўча. Ён апусціўся на калена, узяў хлапцоў за плечы і запытаў:
― Як завуць? Чыі вы?
― Я Ежка, сын Доўбеня з роду Команяў, з племені Корчакаў, ― хутка прагаварыў Ежка.
Усмешка мімаволі з’явілася на твары ў Волада:
― Ведаю твайго бацьку. Добры ваяр. А ты? ― звярнуўся ён да Воўча:
― Я Воўч, сын Улеба, таксама з роду Команяў.
― І твайго бацьку я ведаў. Слаўны быў вой. Багі заўчас забралі яго, як і многіх іншых. ― уздыхнуў конязь, ― Такое нашае жыццё.
Пільна яшчэ раз паглядзеў у вочы аднаму, потым другому:
― Хочыце да мяне ў дружыну?
Юнакі пераглянуліся і радасна крыкнулі разам:
― Вазьмі нас, конязь Волад!
Конязь падняўся, патрапаў абоіх па валасах:
― Вырашым на прадзімку. Буду прыглядацца да вас.
Глава 15.
На Лебядзе. Комат
У прахалодным і ясным веснавым паветры лунаў Арол-Маркут ― гаспадар высокага неба Панямоння. Яго ўладанні распасціраліся не толькі над бліскучай стужкай магутнага Нёмана, але і на яго незлічоныя прытокі, якія віднеліся як на круглявых пагорках, што бугрыліся па ўсяму далягляду за левым крылом, так і на пляскатай нізіне справа. Далёка ў баку ужо амаль нябачным рабілася Вялікае Ўзвышша, з яго, як непаслухмяныяныя дзеці, ў розны кірунках выбягалі шматлікія ручаі, яны тоіліся ў балотах і лясах, потым складаліся ў наравістыя рэкі і ўсё роўна ўрэшце вярталіся да Бацькі-Нёмана.
Цяжка што-небудзь схаваць ад вострага вока Арла. Ведаў ён і пра патаемнае капішча, якое стаяла замаскіраванае на самай высокай кропцы Вялікага Ўзвышша. Гэта было галоўнае капішча Панямоння. Чалавек нячаста з’яўляўся там, каля яго не будавалі жытла ― сюды прыходзілі святары з розных месц толькі па самым важкім падзеям.
Маркут ляцеў уздоўж Нёмана, петлі якога паступова павярнулі на паўднёвы захад. Ён бачыў зграі розных звяроў на лясных палянах, вялікіх і малых птушак, што снавалі далёка ўнізе, нават касякі рыбін, якія паднімаліся да паверхні вады, каб падставіць спіны сонечным промням, а таксама рэдкія паселішчы чалавека.
На нейкі час увагу Арла прыцягнуў самотны вершнік, што ўпарта прадзіраўся па звярынай сцяжыне ўздож Нёмана. Потым ён убачыў і мэту яго ― некалькі буданоў каля буйнога паўночнага прытока. Маркут крыху варухнуў крылом і паправіў накірунак свайго палёту. Людзі і іх справы мала цікавілі яго...
Яцвяскі куніг Комат з нешматлікай світай прыбыў з Вялікай Пушчы на раку Лебяду не дзеля забавы. Ягоныя выведнікі назіралі за дрыгавічамі, якія моцна зачапіліся за зямлю каля Маўчады на паўднёвым беразе Нёмана. Яшчэ не так даўно землі гэтыя былі яцвяскімі. Прыхадні, ў большасці дрыгавічы, сяліліся паміж яцвяскімі паселішчамі і мірна жылі ― зямлі хапала для ўсіх. Людзі з поўдня прыходзілі сюды з даўніх часоў. Праз два-тры пакаленні прыхадні пачыналі змешвацца з яцвягамі і канчалася гэта тым, што ўжо ўсе пачыналі размаўляць па-яцвяску і лічыць сябе яцвягамі. Але так было да пары. Паступова іх станавілася ўсё больш, і неўзабаве ў некаторых паселішчах ужо не яцвяская мова была агульнай. Гэтай акалічнасцю карысталіся дрыгавіцкія ці іншыя конязі, каб перацягнуць людзей на свой бок. Некаторыя яцвягі не жадалі падпарадкоўвацца чужынцам і сыходзілі ў лясы Вялікай Пушчы, якая стаяла непрыступнай цвярдыняй на берагах Нарэва і яго прытоках. Тыя, што вырашылі застацца, падпадалі пад уладу дрыгавіцкіх конязяў. Непрымірымыя яцвяскія кунігі не маглі пагадзіцца з такім становішчам, і нават пасля таго, як былі вымушаны пайсці на Вялікае Замірэнне з дрыгавічамі, не пакідалі думкі аб тым, як ізноў адабраць страчаныя абшары. Ганцы прывозілі весткі з парубежжа. Комат старанна абдумваў розныя вялікія і малыя здарэнні ў дрыгавіцкіх землях, аб якіх рабілася вядома, і добра ўяўляў агульнае становішча спраў. Але гэтага было мала, няўрымслівы нораў патрабаваў дзейнасці, і калі яму паведалі аб ганцы з Маўчады, адкуль доўга не было вестак, то адразу загадаў прывесці яго да сябе.
Скробл увайшоў у будан і схіліў галаву, прыклаўшы руку да сэрца:
― Прывітаю цябе, слаўны куніг.
― І табе прывітанне, ваяр, ― адказаў Комат, таксама трохі схіліўшы галаву ў адказ, ― з чым прыехаў?
― Дрыгавіцкі конязь Волад прыбыў у Ведзьмядзі з дзвюма саракамі вершнікаў.
― Гэта ўсё? ― спакойна спытаў конязь, а вочы яго ўжо загараліся.
― Усё , куніг. Астатняе без змен.
― Добра. Ідзі, адпачывай да раніцы.