Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Комат таксама выйшаў з будана і, неспяшаючыся, пакрочыў уніз уздоўж рэчышча Лебяды. Сцяжына прывяла яго да берага Нёмана. Перад ім адкрылася шырокая даліна. Адразу пасля ўпадзення Лебяды Нёман варочаў рэчышча амаль на поўдзень. Вячэрні цень ад высокага лесу ўжо накрыў пакаты левы бераг з поплавам, далей распачынаўся неабсяжны лес, што займаў весь вялікі рог паміж Нёманам і Шчарай. Ён быў ужо цёмны, над ракой пачала збірацца смуга. Злева, на ўсходзе, адкуль цёк Нёман, захаджалае сонца яшчэ залаціла вершаліны і бронзавыя ствалы магутных хвой. Птушыны гоман паступова змаўкаў. У небе з’явіліся імклівыя постаці першых кажаноў. Цішыня на рацэ ніколі не бывае поўнай, бо многа рознай жыўнасці знаходзіць прытулак у яе нетрах і па берагах. Вось і цяпер раз-пораз біла па вадзе рыба, самотныя чаплі і зграі качак вярталіся ў гнёзды, аднекуль здалёк з процілеглага боку ракі, даносіўся глухі мядзвежы румз. Праз нейкі час пачуўся нарастальны тупат многіх капытоў, і да вады, якраз насупраць таго месца, дзе стаяў Комат, выбег гурт туроў. На перадзе вялікі бык з моцнымі доўгімі рогамі, а за ім турыцы і маладняк. Бык падбег да вады і стаў, высока падняўшы галаву і пільна ўглядаючыся ў розныя бакі. Ён стаяў так, пакуль астатнія пілі ваду, і толькі пасля ўсіх напіўся сам. Ізноў падняў галаву, і Комату здалося, што іх позіркі сустрэліся. Тур усім сваім выглядам паказваў, што нікога не баіцца. Комат любаваўся магутнай постаццю звера, а той даволі доўга глядзеў на яго праз шырокую стужку вады , што павольна цякла паміж імі. Потым тур матнуў рогамі, коратка рыкнуў, статак сарваўся з месца і з тупатам выдаліўся, знікаючы у бліжэйшым падлеску.

Комат разважаў. Хоць карэнныя ўладанні яго роду былі даволі далёка адсюль, на Нарэве, ён добра ведаў, што цяпер лёс яцвяскіх плямёнаў вырашаецца менавіта тут, на Нёманскіх абшарах, Не толькі ў страчаных землях справа, а ў тым, што яго племя, яго яцвягі могуць прызвычаіцца да страт, і змірыцца са становішчам народа-ізгоя, а да чаго гэта прыводзіць, ён бачыў сам, ды і дзяды распавядалі. Што засталося ад тых роднасных яцвягам плямён, што сядзелі калісьці па ўсёй Ясельдзе, Піне, Пцічы, на Волме, Гайне, Случы, Лані?... Навала іншапляменных прыхадяў паступова і няўмольна паглынала нават саму памяць аб іх, каго знішчаючы ці змушваючы сысці з наседжаных месц, каго прымаючы ў сваё асяроддзе. Яцвяскія кунігі гублялі зямлю, людзей, цэлыя роды і плямёны, гублялі ўладу...

На некалькі момантаў увагу Комата адцягнулі магутныя воплескі, што знянацку раздаліся недалёка ад берага. Калі ягоныя вочы знайшлі гэтае месца, на вадзе разыходзіліся вялікія кругі ― паляваў жэрах.

… Надыходзіць час да рашучых дзеянняў. Цяпер яцвягі змогуць сабраць вялікае войска, бо ўдалося на нейкі час загасіць спрадвечнае вогнішча няпростых міжродавых і міжпляменных стасункаў, і падпарадкаваць іх воле Усеагульнага Сходу, які збіраўся напрыканцы зімы ў Вялікай Пушчы. Не толькі яцвягі, але таксама дайновы, галінды, надровы далі згоду на ўдзел у вайне. Надыйшла пара вярнуць Панямонне яцвяскім кунігам, якія спрадвеку ўладарылі на гэтай зямлі. Яны даўно ірвуцца сюды і заўсёды гатовыя выцягнуць мячы з похваў, але нельга на скрут галавы кідацца ў такую справу ― трэба размеркаваць сілы, прыгатаваць зброю, харчовыя прыпасы, нарэшце, падабраць зручны момант.

А пакуль… Пакуль трэба адцягнуць увагу дрыгавічоў нечым, каб яны не здагадваліся як мага даўжэй пра сапраўдныя намеры яцвягаў і іхніх саюзнікаў…

На золаку Комат падняў Скробла і яшчэ дзесятак сваіх вояў:

― Збірайце коней і зброю. Едзем да куніга Волада.

Адзінадцаць вершнікаў з карэннага яцвяскага роду Комата пры зброі, зладжанай рыссю прасоўваліся ўслед за Скроблам па добра знаёмай яму звярынай сцежцы. На чале атрада ехаў сам куніг, маючы ў галаве дзёрзкую задуму. Воі ўжо звыкліся з тым, што ў найболей важкіх справах Комата заўсёды брала ўдзел жанчына ў мужчынскай вопратцы. І ўсе ведалі ― там дзе Ятвінга, рана ці позна будзе горача.

Воладу даклалі, што з таго боку Нёмана на плыту перапраўляецца яцвяскі пасол. Конязь разам з Команем выйшлі насустрач. На беразе ўжо збіраліся вольныя ад паўсядзённых абавязкаў воі і ўсюдыісная хлапечая чарада.

Плыт быў невялікі, звязаны з кароткіх хваёвых бярвенняў. Чацьвёра грабцоў шпарка працавалі вёсламі, плынь амаль не зносіла іх. У сярэдзіну плыта быў ўваткнуты даволі высокі тронак са сцягам Комата, які трапятаў і пахлопваў на свежым ветры. Там жа стаяў высокі гожы ваяр, падтрымліваючы тронак. Ён быў апрануты ў урачысты яцвяскі строй, на плячах ягоных была накінута мядзвежая шкура футрам вонкі, ікластая галава звера служыла ў якасці шалома. Гэта быў Скробл. Ён ганарыўся даручэннем і нерухома стаяў, расправіўшы плечы і высока ўзняўшы галаву. Праз малы час, калі наблізіліся да берага, бярвенні чухрануліся па жвіры, грабцы ўтыкнулі вёслы ў дно і плыт стаў нерухома.

― Прывітанне слаўнаму дрыгавіцкаму кунігу Воладу Нёманцу ад яцвяскага куніга Комата Нарэўскага! ― прамовіў Скробл.

Волад адмеціў сабе, што нядрэнна працуе яцвяская выведка, а ў голас адказаў:

― Прывітанне яцвяскаму пасольству! Гонар і пашана конязю Комату! Запрашаю сысці на дрыгавіцкую зямлю.

На плыт кінулі сходні, змайстраваныя з маладых бярвенцаў і пасол сышоў на бераг.

― Куніг Комат запрашае ў госці, ― Скробл прыклаў руку да сэрца і нахіліў галаву, ― і прапануе суместнае паляванне, а таксама важкую бяседу.

― Калі куніга справы адарвалі так далёка ад родных нарэўскіх пушч, то перадай яму, што дрыгавічы запрашаюць яго ў Ведзьмядзі, ― прапанаваў Волад, паглядзеў на Команя, той амаль непрыкметна кіўнуў галавой ― будзе пачэснае баляванне, а яшчэ нашыя асочнікі выявілі шмат аленей і тураў ў глушыцкім лесе, то наладзім і вялікае паляванне ў загон. А потым і пагаворым.

― Я перадам тваю прапанову, конязь, ― Скробл пакланіўся, вярнуўся на плыт і даў знак грабцам. Тыя наваліліся на вёслы. Адначасова юнакі знялі сходні, і плыт падаўся назад.

Праз кароткі час на тым жа плыце прыбыў Комат.Астатнія яцвягі пераправілася разам з усімі коньмі ўплаў. Пасля цырымоніі сустрэчы, калі падняліся з поплаву да паселішча, .асаблівую ўвагу ў дрыгавічоў выклікала жанчына-ваяр, апранутая па-мужчынску. Лошна і Ліс адразу пазналі Ятвінгу.

― Прывітанне, знішчальніца рысяў?

― Прывітанне дрыгавічам-следапытам, ― з усмешкай адказала Ятвінга.

Тут апынуўся і Дрок з сябрамі. Усе добра памяталі зімовы пераслед. Дрок запытаў:

― А-а-а! Паляўнічая за жаніхамі? Ці знайшла сабе мужа?

― А хіба ёсць годныя? Усе нейкія крыху крывыя ці касыя, ― аджартоўвалася Ятвінга.

― То ўкрадзі мяне ― не сцішаўся Дрок, ― бачыш, я не касы і не крывы.

Ён павярнуўся ў адзін, потым у другі бок. Вакол пачалі збірацца перасмешнікі.

― Ай ды жаніх!

― Першы хлопец у Панямонні!

― Быў бы добры , ды есць занадта шмат!

Мужы смяяліся, Ятвінга таксама.

Да іх наблізіўся Скробл. Ён быў ужо без мядзвежай шкуры, апрануты як і астатнія яцвягі.

― Гэй! Дрыгавічы! А што гэта вы кабету абступілі. Ці ў вас сваіх няма?

Дрок падняў рукі ў гору:

― Ведаем-ведаем! Пасол недатыкальны. А таксама і ўсе госці. То запрашаем у Ведзьмядзі.

― Так! Калі ласка!

― Запрашаем!

Была шчодрая вячэра з мёдам і півам.

Глава 16

Вялікае паляванне

Яшчэ было цёмна, калі асочнікі паехалі ў лес дасочваць звера і планаваць апошнія дэталі палявання. На золаку пачалі прасоўвацца на азначанае каля стоку рэчкі Глушыцы месца загоншчыкі. Тут збіраліся мужы і юнакі з Ведзьмядзёў і іншых паселішчаў, ― ім наказалі пра паляванне з вечара. Многія прыйшлі з ваўкападобнымі сабакамі. Ад гэтага месца уздоўж ланцуга невялікіх балотаў асочнікі разводзілі загоншчыкаў на зыходныя рубяжы, і расстаўлялі ўсіх шырокай дугой, левае крыло якой упіралася ў адзін з прытокаў Маўчады, а правае даходзіла да рэчкі Паруды, што ўпадала ў Нёман. Гэтае правае крыло і пачало першым рух загона, выганяючы аленей і казуль з рогу паміж Парудай і балотам. Загоншчыкі ішлі нетаропка. Яны голасна крычалі, гудзелі ў дудкі, стукалі дзідамі і палкамі па дрэвах, сабакі шнарылі паміж карчамі. Важакі дзікіх статкаў, пачуўшы аблаву, павялі іх на поўдзень, паднімаючы па ходу з лёжак кабаноў, але хутка нарваліся на цэнтр ланцуга загоншчыкаў, які з такім жа шумам і гоманам пачаў рухацца насустрач, змушаючы гурты паварочваць ў патрэбным кірунку ўздоўж Глушыцы. Амаль адначасова рушыла і левае крыло загона, якое прыціскала звяроў да рэчкі, і тым прыходзілася пераходзіць неглыбокую ў гэтым месцы плынь на другі бераг. Паўкола аблавы паступова сцягвалася, пакідаючы адкрытым толькі напрамак да Звонкага Бору. Туды беглі напалоханыя звяры, пачынаючы змешвацца і губляць сваіх важакоў.

24
{"b":"822260","o":1}