Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Уся дружына Волада, яцвягі Комата і лепшыя паляўнічыя з Ведзьмядзёў і Старыцы ― амаль два сарака мужоў, на адлегласці дзесятка крокаў адзін ад аднаго, прыгатаваўшы лукі, дзіды і суліцы, замаскіраваныя хто як змог зялёнымі галінамі і маладымі елкамі, моўчкі напруджана ўглядаліся ў глыбіню леса. Звонкі Бор месцаваўся на спусцістых узгорках непадалёк ад Нёмана. Вялікія простаствольныя хвоі стаялі рэдка, амаль без падлеску, змыкаючыся высокімі кронамі. Вось удалечыні сярод дрэў замільгалі хуткія, невыразныя яшчэ, постаці жывёл. Першыя набеглі казулі. Яны нібыта ляцелі ў паветры, толькі крыху датыкаючыся вострымі капытцамі да імху, і ўрэшце апынуліся перад засадай. Паляўнічыя адкінулі маскіроўку і сустрэлі іх стрэламі з лукаў. Некаторыя казулі са страху пранесліся паміж стралкамі і выратаваліся. Астатнія пачалі паварочваць назад, на імгненне падстаўляючы мысліўцам бокі, і тут жа падалі, забітыя трапнымі стрэламі. Астатнія уцякалі ў адваротным кірунку, ды ўжо набеглі вялікімі скачкамі алені, сярод якіх там-сям размашыстай рыссю несліся больш высокія гарбаносыя ласі. Гэтых білі хто з лукаў, хто суліцамі. Вялікі лось, ад сполаху здзічэла варочаючы вачамі, нагнуў рагатую галаву і кінуўся проста на Скробла. Той ледзь паспеў сустрэць звера дзідай. Ад сутыкнення конь пад паляўнічым асеў на заднія ногі, але вытрымаў, толькі глуха, не разжымаючы губ, коратка заіржаў. Лось захрыпеў і заваліўся на бок. Дзіда моцна засела сярод костак жывёлы і вырвалася з рук. Мысліўцу прыйшлося злезці з каня. У гэты момант мелкімі скачкамі на вялікай хуткасці набеглі дзікі. На не паспеўшага яшчэ дастаць дзіду Скробла папёр вялізны сякач. Ён упаў у адным кроку ад паляўнічага, пранізаны стрэламі Лошны і Ліса, якія стаялі ў засадзе паабапал Скробла.

Волад і Комань палявалі побач, кожны паспяваў непрыкметна сачыць за суседам. Вакол іх ужо ляжала поўдзесятка забітых казуль, два аленя біліся ў апошніх сутаргах. Міма Комата паспрабаваў прарвацца дзік, але куніг імгненна прыгваздаў яго дзідай да зямлі. Волад меткім кідком суліцы зваліў другога.

…У ланцугу загоншчыкаў Воўч і Ежка трымаліся разам, і як і ўсе, павольна прасоўваліся наперад, імкнучыся вырабіць як мага болей шуму і гаму.

― А-а-а-А! О-о-о-О! – крычалі яны, і моцна стукалі палкамі па дрэвах. Юнакі не бачылі звяроў, якіх гналі да засады, не ведалі, што ўжо ёсць першая здабыча, і не таропка пераходзілі ад дрэва да дрэва.

Раптам ззаду пачуўся трэск карчоў і тупат. Паміж юнакамі пранёсся вялікі алень, накіроўваючыся чамусці ў сярэдзіну аблаўнага кальца.

― Вось дурны! Ён жа быў у небяспецы, а зараз яго падстрэляць, ― пашкадаваў аленя Воўч.

― Воўч! А чаму ты ў яго суліцу не кінуў? Маглі быць са здабычай!

― Не ведаю! Надта нечакана! А ты?

― Для паляўнічага не павінна быць нечаканасцей! ― з прыкрасцю на сабе і сябра прабурчэў Ежка, і рушыў далей. Яны зноў крычалі і білі палкамі па дрэвах.

Недзе наперадзе прагучала працяжнае нізкае мычанне.

Надыйшоў час туроў. Важак бег нетаропка, часта азіраючыся на свой гурт, уваслед за ім паслухмяна трухалі турыцы, а таксама цяляты, якія трымаліся ў сярэдзіне статка. Тур на бягу ўглядаўся ў ланцуг паляўнічых, шукаючы слабое звяно. Ён наўмысна пакуль што накіроўваўся на двух вершнікаў, якія сядзелі на вялікіх конях з папонамі. Калі да іх засталося пара тузінаў крокаў, важак раптоўна змяніў кірунак і, імгненна пераходзячы на галоп, штосілы панёсся лявей, дзе, як яму здалося, быў большы прамежак паміж паляўнічымі. Статак паслухмяна паўтараў ягоны манёўр.

― Э-эх! Збягуць! ― крыкнуў Волад і, прышпорыўшы каня, кінуўся напярэймы. Комат рушыў туды ж. Тур набраў найбольшую хуткасць, калі перад ім паўстаў адзін з воладавых дружыннікаў. Конь пад ім, адчуўшы небяспеку, уздыбіўся і замалаціў у паветры пярэднімі капытамі. Тур, не зважаючы на гэта, на ўсёй хуткасці ўдарыў шырокім ілбом яму пад грудзі. Адзін з рагоў увайшоў паміж рэбраў, і конь з дзікім перадсмяротным узвізгам заваліўся на спіну, прыціскакючы да глебы вершніка. Тур ледзь не ўпаў разам з канём, але рог ягоны з трэскам пераламіўся, тым самым вызваляючы галаву ад важкай конскай тушы. Важак хутка павярнуўся наўкол сябе, ацэньваючы становішча. Гурт падбягаў. Тур кінуўся ў прабіты ім у ланцугу стралкоў пралом, але з дзвух бакоў напярэймы гналіся другія вершнікі. Важак паспяваў вырвацца, ды не паспяваў ягоны статак. І тады тур, нізка і грозна мыкнуўшы, знянацку развярнуўся і скочыў да бліжэйшага паляўнічага. Малады дружыннік паспеў утыкнуць у карак зверу суліцу. Тур быццам і не заўважыў джала, што ўпілося ў яго і ўдарыў каню ў бок, якраз туды, дзе на стрэмя абапіралася нага вершніка. Ад нечаканасці дружыннік сцісла і тонка ўскрыкнуў і разам з канём паваліўся на зямлю. А раз’юшаны важак вызначыў новую ахвяру, і гэта быў Комат. Яцвяг яшчэ раз прышпорыў каня і, калі той наблізіўся да тура, ціскам каленаў паспеў крыху памяняць напрамак ягонага руху, тым самым пазбягаючы сутыкнення, і ўсадзіў дзіду ў шыю быка. Імкнучыся зваліць звера, налёг на дрэўка, але яно не вытрывала і з сухім трэскам зламалася. Тур стаў, пахіснуўся, вялікія выпуклыя вочы, налітыя крывёй, пільна глядзелі на крыўдніка. Рэшта дзіды варушылася ад сутаргава скарачэння цягліц. Важак кінуўся да Комата, у якога ўжо не засталося зброі, акрамя мяча і корда, а і тых ён не паспяваў выцягнуць з похваў. Ды падыспеў Волад, збоку ўдарыў сваёй дзідай туру проста пад сэрца. Тым часам гурт турыц і цялят ужо адбягаў ад ланцуга засады, прадраўшыся на волю коштам жыцця свайго важака. Услед ім прагучаў апошні рык адважнай жывёлы, і зусім не перадсмяротная журба чулася ў ім, а баляванне жыцця. Апошнім адбягаў малады тур. Ён не вытрымаў, спыніўся і азірнуўся на павольна асядаючага на хваёвыя шпількі важака, яшчэ не разумеючы, што цяпер ужо ён у статку самы дужы. Пільна паглядзеў, павярнуўся і пабег наўздагон ацалелым.

Астатнія паляўнічыя забілі яшчэ толькі турыцу і дзвух цялят.

― Ты бачыш, конязь Волад, што значыць добры важак у статку?! ― запытаў Комат.

― Бачу, куніг Комат. Не ўсякі сярод чалавекаў адважыўся б на такі ўчынак, каб выратаваць сваіх, ― адказаў Волад.

― Каб не твой трапны ўдар, то невядома, ці змог бы я сказаць гэтыя словы.

― Не перабольшвай, куніг. На паляванні гэта пачэсны абавязак.

― Не ведаю, як у дрыгавічоў, а яцвягі шануюць такія ўчынкі.

― Дрыгавічы таксама.

…Мацёрая ваўчыца разумела, што са сваёй зграяй выпадкова трапіла ў аблаву. Галоўны самец, так склалася, быў яшчэ занадта малады і мала дасведчаны ў такіх справах, таму яна дала яму знак трымацца ззаду, каб прыкрываць і накіроўваць пераяркаў. Добра, што прыбылыя яшчэ былі зусім маленькія і не прымалі ўдзел у паляванні зграі, а чакалі ў логаве. Не паспеўшы выйсці на здабычу, ваўкі самі апынуліся ў становішчы пераследуемых. Мацёрая не ўпала ў паніку, як большасць капытных. Невялікая зграя, якая складалася, у асноўным, з яе дзяцей, добра адчувала настрой Мацёрай і зладжана шыбавала за ёй. Толькі адзін пераярак разгубіўся на імгненне, калі ўбачыў статак аленей, што беглі ўпоперак іхняму кірунку. Ён заскуголіў ад нецярпення і зрабіў было рух напераймы, ды кароткі ўзлай галоўнага самца змусіў вярнуцца яго на месца і, вінавата прыціснуўшы вухі да галавы, пераярак кінуўся наўздагон зграі.

Не да палявання ― выратаваць бы свае шкуры.

Ваўчыца спынілася. Нос жадна лавіў паветра, вухі напруджана падняліся і амаль зышліся канцамі. Падбегла крыху наперад, і здалёк убачыла паляўнічых, што стаялі ў засадзе. Тады яна павяла зграю ўбок ― у шчыліну паміж засадай і павольна надыходзячымі загоншчыкамі. Мацёрая паскорыла рух. Ім не хапіла зусім мала, каб праскочыць, бо правы фланг загоншчыкаў ужо сыходзіўся з ланцугом паляўнічых. Ваўчыца прыняла рашэнне імгненна. Яна яшчэ больш павялічыла хуткасць і вялікімі скачкамі пайшла на апошняга ў шэрагу вершнікаў. Конь першы ўчуў набягаючых драпежникаў і інстынктыўна пачаў разварочвацца задам, каб адбівацца капытамі. Ён не паспеў, але падвёў сваім рухам гаспадара, які не змог добра пацэліць, і кінутая ім суліца праляцела ў воласе ад галавы Мацёрай. А вось ваўчыца не прамахнулася і ў велізарным скачку пацягнулася да горла паляўнічага. Той толькі паспеў выставіць руку насустрач ашчэранай ікластай пасткі. Суседнім ад бедалагі мысліўцам была Ятвінга. Яна стрэліла з лука і патрапіла ваўчыцы ў бок у момант скачка. Чалавек і звер упалі з каня. Клыкі параненай ваўчыцы былі спрытнейшымі за корд паляўнічага. Адпусціўшы руку няшчаснага, Мацёрая з лютасцю грызанула яго за горла, тут жа ўскочыла і павяла зграю ў прабіты коштам крыві пралом. Ваўчыца праскочыла, як і тыя, што беглі непасрэдна за ёй, але пераяркі прыкмецілі, як бліжэйшыя паляўнічыя кінуліся да пацярпелага, і павярнулі назад. Галоўны самец цяпер стаў на чале рэшты зграі і павёў яе ўздоўж ланцуга загоншчыкаў. Не знайшоўшы шчыліны, ён шукаў цяпер найслабых сярод людзей. Зоркія вочы ваўка прыкмецілі дзьвух падлеткаў. Важак коратка рыкнуў і павярнуў да іх. Пераяркі паслухмяна рушылі следам.

25
{"b":"822260","o":1}