Калі дружына сышла, неяк сумна стала ў Ведзмядзях, але праз дзень-другі цяжкай сялянскай справы жыццё паступова ўвайшло ў прывычную каляіну. У сем’ях, адкуль мужы падаліся з Коматам, адчуваўся недахоп працоўных рук, ды ўсе яны ведалі, што не застануцца без дапамогі, бо яшчэ досыць дужымі былі звычаі родавога ўкладу жыцця.
Касавіца доўжылася. Да болі ў пупах упіраліся мужы, валілі густую траву на сенажацях, каб паспела высахнуць, пакуль няма дажджу. Яны яшчэ дакошвалі дальнія закуткі, а бабы з дзецьмі ўжо варушылі і разбівалі траву ў пракосах, ― так яна сохла хутчэй, а праз дзень-два добрага надвор’я гатовае сена гарнулі ў доўгія валы, а потым складвалі ў невялікія капы. Падлеткі, якія яшчэ не дараслі да касьбы, але ўжо маглі спраўляцца з коньмі, верхам пад’яжджалі да капы, саскоквалі на зямлю, падбівалі пад сена доўгую жэрдку, зверху перакідвалі вяроўку, вязалі яе за канцы жэрдкі, адзін з якіх чаплялі да конскага хамута, паганялі коней і цягнуў копы на больш высокае месца ― туды, дзе трэба будзе ладзіць стажок. Жанчыны разам з меньшымі дзецьмі, а таксама старымі, што маглі яшчэ трымаць у руках граблі, падграбалі астатняе сена, і за імі заставалася чыстая прастора з калючым сцяблом ад зрэзанай травы. Яна яшчэ паднімецца, дасць і другі, і трэці ўкос, каб толькі сваечасова прайшлі дажджы.
Але цяпер даждж непатрэбен!
Пакуль што стаяла сонечнае, хоць і занадта спякотнае надвор’е ― яно было ў гэтую пару на вагу золата. Ды надвор’е ў Панямонні можа змяніцца вельмі хутка. Таму мужы, калі толькі скончылі касьбу, без перадыху ўзяліся складаць спелае сена ў стажкі, часам акідваючы трывожным позіркам далягляд, на якім пачалі з’яўляцца высокія белыя аблокі. Складаць стажкі ўмелі ўсе мужы, ды не ўва ўсіх яны атрымліваліся як трэба, каб у дождж не прамакалі, буру вытрымлівалі і вока цешылі. Таму найбольш умелыя заўжды былі наверсе з граблямі і камандавалі тымі, хто доўгімі драўлянымі віламі-сухарамі з трыма зубамі ― два знізу, яны нібыта санкі слізгалі па зямлі пад сена, і трэці зверху, ён збіраў пахкія сцеблы ў шчыльныя бярэмі, ― падавалі сена наверх.
― Так, Нор, цяпер кладзём ваколіцу! ― камадаваў Лош, і той набіраў з капы сухарамі сена, і клаў бярэмя за бярэмям па крузе па краю стажка. Лош тролькі трыху падпраўляў яго. Ятвінга, якая дагэтуль грабла разам з жанчынамі, кінула граблі, падабрала вольныя вілы, і таксама пачала падаваць сена наверх. Там, акрамя Лоша, былі яшчэ Ланя і Зарыца, якія старанна тапталіся, пераходзячы па колу следам за Лошам.
― Добра тапчыце, бабанькі! ― падбадзёрваў іх Лош, ― хто добра стажок здолее ўтаптаць, той з малаком будзе зімаваць!
Кабеты і без таго старанна гойсалі ўсёй сваёй вагой па сену. Ланя ў адказ крычала Лошу:
― А ты, Лошна Заманавіч, кладзі стажок роўна, каб вецер не перакуліў, бо тады зусім малака те пабачыш! ― і голасна смяялася разам з Зарыцай.
Наўкол хутка раслі і другія стажкі. Праца ішла весяла, бо працавалі ўсе разам. Хтосьці жартаваў, хтосьці смяяўся, а хтосці спрабаваў зацягнуць песню.
Лош часам сустракаўся позіркам з Ятвінгай, калі тая кідала на стажок чарговае бярэмя. Ён бачыў, што для яе зусім няцяжкая гэтая справа, хоць і лічылася яна мужчынскай, і часам мімаволі любаваўся прыгажосцю яе рухаў і спрытам.
― Нор, Ятвінга! ― зноў камандаваў ён, ― цяпер будзем класці пазаваколіцу! ― і тыя пачалі кідаць сена бліжэй да сярэдзіны стажка, а Лош укладваў яго так, каб яно добра прыціснула ваколіцу. Потым і пазаваколіцу прыціснулі яшчэ трэцім колам сена, завалілі сярэдзіну і зноў пачалі класці новую ваколіцу.
― Нор, глядзі, ці не пара зацягваць? ― пытаў Лош зверху.
Нор крыху адышоў, паглядзеў на стажок:
― Я лічу, што яшчэ пару радоў трэба паднімаць гэтак!
― Што ж, так і зробім!
Праз два рады з кожным слоем Лош пачаў зацягваць ваколіцу трыху ў сярэдзіну. Калі стажок ужо быў даволі высокі, перакінулі вяроўку, і Лош загадаў жанчынам спускацца ўніз, бо зверху было ўжо цесна. Адзін канец Нор трымаў знізу, а па другім з віскам з’ехалі адна за другой Ланя і Зарыца.
― Ой, гэта мы так высока былі!? ― не паверыла Зарыца, паглядзеўшы на стажок знізу.
А ў Лошны надышоў самы адказны момант ― завяршэнне стажка. Калі наверша зрабіць дрэнна, то згніе ўсё сена. Таму ён надта старанна ўкладваў і ўтоптваў, прыпляскваў граблямі апошнія порцыі сена. Потым гэтакжа па вяроўцы з’ехаў на зямлю, адышоў на тузін крокаў, паглядзеў з аднаго боку, потым з друга, і застаўся задаволены ― стажок атрымаўся высокі, стройны і дужы. Цяпер гэтае сена не замочыць аніякі дождж, і не раскідае вецер.
Сонца садзілася чыста, воблакі кудысці зніклі. Заўтра таксама павінен быць сонечны дзень. Да паселішча вярталіся ўпрыцемках. Раса, якая выпала на траву, калі толькі зайшло сонца, прыемна халадзіла босыя ногі. Над Маўчадай плыла працяглая песня. Халадала. Ланя прыціснулася да Лоша. Ятвінга глядзела на іх, і заўважыла, што сэрца яе пачало біцца хутчэй ― у першыню за апошнія тры гады, з той пары, калі яна згубіла ўсё ― мужа, дзяцей, хату…
Глава 19.
Уніз па Нёману
Яцвяска-дрыгавіцкі атрад павольна сплаўляўся ўніз па плыні Нёмана. Рака апісвала вялікія петлі па шырокай даліне, то злева, то справа ўпіраючыся ў карэнныя цвёрдыя пароды і, перад тым, як адвярнуць, угрызалася ў высокія берагі. Пад гэтымі месцамі ўтвараліся глыбокія віры з пахаванымі пад тоўшчай вады дрэвамі і карчамі, якія былі змыты з паверхні зямлі вясновымі паводкамі. І трэба было добра папрацаваць весламі, каб адарвацца ад чарговага віра, які пагрозліва круціў па колу ваду, імкнучыся уцягнуць у глыбіню ўсё, што было на праверхні.
“Гандляры” плылі на асобнай ладдзе, не самай вялікай па Нёманскім меркам, але на ёй лёгка размясціліся ўсе мяхі з іхнім таварам, зброя і няхітрая паклажа падарожнікаў. Яны таксама паставілі ветразь, ― невялічкі, каб не абганяць плыты.
Воўч, так нечакана апынуўшыся ў сапраўднай вандроўцы з захапленнем назіраў за нетаропка праплываючымі за бартамі берагамі ракі. Маці трошкі паплакала, але пад угаворамі Ястра адпусціла яго, прашаптаўшы паганскую малітву над ягонай галавой і надзеўшы на шыю абярэг з загаворанай выявай мядзведзя, зробленай з косткі звера ў незапамятныя часы. Ён пераходзіў з пакалення ў пакаленне і служыў таму, каму быў найбольш патрэбен у сям’і.
Наперадзе пачуўся ўзмоцнены шум вады.
― Беражы-ы-ы-ся! ― крыкнулі з першага плыта.
Грабцы налеглі на вёслы, каб абыйсці чарговы перакат, дзе шумела на вялікіх каменнях вада і плынь рэзка асядала ўніз. Адзін з плытоў, на якіх былі змесцаваны коні, прайшоў даволі блізка ад каменняў і захістаўся. Коні захваляваліся, пачалі перабіраць капытамі, высока падняўшы храпы і косячы вачыма на ваду. Потым, калі плыт пайшоў раўней, паціху супакоіліся.
― Што ж яны прамаргалі, ― незадаволена прабурчэў Чмель.
― Так і коней загубіць нядоўга, ― падтрымаў яго Востравух.
― Хм, затое так весялей, ― не згадзіўся з імі малады Роздум, ― а то застаяліся.
― Застаяліся, то трэба выганяць на бераг, а не пужаць на перакаце, ― стаяў на сваім Чмель, ― што ім, доўга паваліць агароджу? Сігануць у ваду і пераламаюць косткі на каменнях.
Праз нейкі час Комат гучным голасам скамандаваў прыставаць да левага берагу, на якім віднеўся разлеглы поплаў. Яны зусім трохі не дайшлі да Лебяды, што ўпадала ў Нёман з правага боку. Выгналі на бераг коней, і тыя адразу пачалі жадна скубаць густую траву, што расла на шырокай прасторы да самага лесу. Гэта ўжо былі ўладанні племені ліпічанаў, але нікога з іх не было відаць, бо жытло іхняе размяшчалася далёка ад Нёмана ў нетрах пушчы, якая хавала іх ад нечаканых госцяў.
Ліпічаны лічыліся яцвяскім племенем, але ў сапраўднасці гэта было не зусім так. Больш за тузін зім таму, пасля чарговай вайны, калі некаторыя плямёны панеслі занадта вялікія чалавечыя страты, яцвяскі род Сверпла і дрыгавіцкі Лудзіча, што шмат гадоў жылі побач на парубежжы, здолелі пераадолець міжплемянныя непаразуменні і аб’ядналіся ў адзіны род. Звязаўшы сваё аб’яднанне перакрыжаванымі шлюбамі моладзі, яны пачалі шукаць сабе яшчэ другія роды дзеля таго, каб стварыць племя. Спусцелых радоў было шмат, і хутка да іх прыхіліўся яцвяскі род Сліжа, а, неўзабаве, і прыйшоўшыя ў Панямонне шукаць лепшую долю бужане з роду Накрыша. На беразе рэчкі Пад’яваркі правялі веча, на якім выбралі сабе вожам Ліпічну з яцвягаў. Новае племя пачало звацца Ліпічаны. Яны зняліся са сваіх ранейшых месц і пасяліліся ў нетрах пушчы. Старцы і вешчуны ўдала вызначылі месцы новых паселішчаў, бо хутка высветлілася, што на рэчышчах і ў балотах ёсць шмат руды. Праз нейкі час закурыліся дымы ў многіх печах, якія ляпілі проста на адкрытым паветры, зазвінелі молаты кавалёў, і ліпічаны пачалі прадаваць крыцу і жалеза – і Шчара і Нёман былі недалёка. Пасяленцаў цяжка было аднесці ці то да яцвягаў, ці то да дрыгавічоў, але паколькі яны добраахвотна ўвайшлі ў племянны звяз пад абарону дружыны аднаго з яцвяскіх кунігаў, дык і лічылі іх яцвягамі.