― Трайга, ты не думай, што яцвягі могуць забыцца пра свае страты. Ты, канечне ж, маеш рацыю. Дык ведай, што адразу пасля заканчэння гэтага паходу ўсё сабранае войска не будзе распушчана, а адразу рушыць да Нёмана, чаго аніяк не чакаюць дрыгавічы.
― Вось гэта добра. А што будзе з гэтымі дрыгавічамі, якія ідуць з намі?
― А колькі іх…
У гэты момант наляцеў парыў ветра, зашамацела лісце, і Востравух, як ні імкнуўся, не ўчуў заканчэння размовы. Але і пачутае каштавала таго, каб сунуцца так далёка ад родных хат і прыкідвацца гандлярамі.
Калі Востравух вярнуўся да ладдзі, там ужо быў Віхура, і дрыгавічы правялі сваю кароткую раду. Вырашылі, што выведнікам як мага хутчэй трэба вяртацца дамоў. Віхуры з войскам прыйдзеца ісці далей з яцвягамі, як нічога й не было, бо сысці зараз з усім дрыгавіцкім войскам ― гэта значыць выкрыць дабытыя звесткі. Ды і дагоняць яцвягі на сваёй зямлі.
― Я думаю, што зараз мы ім патрэбныя, нічога яны нам не зробяць, а потым будзем лавіць момант, ― задумліва прамовіў Віхура.
Глава 25.
Трагедыя на Рудаве. Жывойт
У тым месцы, дзе рэчка Рудава падыходзіць шчыльна да Нарава, паміж двума рэчышчамі ўкліньваецца невялікае вузкае ўзвышша, якое не дае сысціся струменям, таму яны нейкі час цякуць побач, то збягаючыся зусім блізка, то трохі разыходзячыся, кожны ў сваёй даліне. Часам плынь падыходзіць да карэннага берагу і амаль неўзаметку, але няўмольна ўгрызаецца ў пясчаную выдму. Тут утвараюцца стромкія земляныя абрывы. І зусім невысокія быў гэты абрыў на Рудаве, не больш, чым ў два сажані, але і на ім невялічкая калонія ластавак-берагавушак зрабіла свае норы-гнёзды. Сюды і прывёў Коматка сваіх старых і новых сяброў, паназіраць за птушкамі, а калі ўдасца, то і злавіць якую, каб патрымаць у руках і лепей разглядзець. Яцвяскія юнакі ўзялі з сабою лукі і па поўтузіна кляновых, востра заменчаных срэл. Залеглі недалёка ад абрыва ў прыбярэжнай траве і назіралі як раз-пораз ластаўкі падляталі і лоўка хаваліся ў норах, каб праз кароткі час ізноў выскачыць адтуль і ляцець у неба. Шэры, які ў вандроўцы добра падрос, моўчкі ляжаў побач з Воўчам, быццам разумеючы, што робіцца. Раптам намнога большы за ластаўку сілуэт з’явіўся ў небе і адразу каменем упаў да нор. Гэта сыч распачаў сваё паляванне. Ён цаляў проста на ластаўку, ды на гэты раз берагавушка апярэдзіла драпежніка і паспела схавацца ў нару. Другія птушкі паднялі гвалт, і сыч, нехаця замахаўшы крыламі, нізка паляцеў ўздож берага.
― Ён вернецца, ― прашаптаў Шутрэйка і згатовіў лук для стральбы.
Усе затаіліся. Чакаць прыйшлося даволі доўга. Нарэшце юнакі зноў прыкмецілі драпежны сілуэт. Цяпер сыч атакаваў скрытна, падлятаючы нізка, каля самай вады. У момант, калі ён ужо быў схапіў бядовую ластаўку, тры стралы ўзвіліся ў паветра. Трапіла толькі адна, але гэтага хапіла, каб драпежнік, бязладна пляскаючы крыламі, упаў да падножжа абрыву, адпусціўшы берагавушку. Хлопцы ірвануліся да птушкі. Шутрэйка з Коматкам першымі падбеглі да самага падножжа, імкнучыся схапіць сыча. І тут штосьці нягучна лопнула ў абрыве, пачуўся нібыта працяжны ўздых. Вялікі кавалак зямлі з’ехаў уніз, і Шутрэйкі з Коматкам не стала. Голасна і часта закрычалі ластаўкі.
Першым апамятаўся Воўч і рынуўся туды, дзе толькі што бачыў зніклых. За ім Ежка з Анкадкам. Яны сталі рукамі адгортваць зямлю.. Ім здалося, што капалі доўга, але выніку не было. Адчай пачаў апаноўваць юнакамі.
― Анкадка, бяжы за дарослымі!
Анкадка пабег, завываючы ад страху.
Удвох яны зноў адкідвалі пяшчаны грунт. Шэры бязладна круціўся побач, коратка скуголячы.
― Дзе ж яны? Дзе ж яны? ― у роспачы паўтараў Ежка. І тады Воўча нібыта нейкая сіла падняла на ногі. Ён стаў, працягнуў рукі наперад і заплюшчыў вочы. Губы яго нешта бязгучна шапталі. Вось ён здрыгануўся і паказаў месца амаль каля самай вады:
― Тут! Капай хутчэй!
Яны з падвоеным спрытам зноў і зноў адкідвалі зямлю. Шэры кінуўся дапамагаць, спрытна рыючыся ў пяску кіпцюрыстымі лапамі.
― Знайшоў! ― крыкнуў Ежка і пачаў цягнуць за край світкі. Калі прыклаліся ўдвох, кусок тканіны адарваўся. Ізноў капалі, задыхаючыся ад напругі. Нарэшце намацалі руку, потым галаву. Паспрабавалі выцягнуць і непаздужалі. Адчайна адграбалі далей, ламаючы пазногці аб камяні, і нарэшце вызвалілі Коматку. Рот ягоны быў забіты пяском. Падцягнулі да вады і прамылі. Пачалі катурхаць і трэсці.
― Коматка, ачніся! Ну давай жа!
Коматка заварушыўся, закашляўся і пачаў дыхаць.
― Ну вось, малайчына! ― Воўч з Ежкам стомлена адкінуліся, але Шэры коратка цяўкнуў, і яны тут жа падскочылі, як уджгнутыя шмялямі.
― Шутрэйка! ― і кінуліся зноў адгортваць падступны пясок.
Яны намацалі спачатку лук. Ён быў намёртва зажаты ў руцэ Шутрэйкі. Калі юнака выцягнулі, ўжо падбягалі дарослыя. Але аніякія намаганні не змаглі ажывіць яго …
Да рудаўскіх яцвягаў прыйшла жалоба.
Каля невялічкага паселішча, дзе жыў Шутрэйкін род, склалі з тоўстых паленаў вогнішча і спалілі цела. Каменнямі вымасцілі невялічкую пляцоўку, паставілі збанок з пеплам і насыпалі невялічкі курганчык…
Шутрэйкіна сям’я бедавала, а Коматкава радня не ведала, як адгадзіць дрыгавіцкіх юнакоў. Маці Коматкі сказала:
― Цяпер я і вас сваімі сынамі буду лічыць, саколікі мае.
Дзядзька, які ў адсутнасці Комата застаўся за старэйшага ў родзе, растлумачыў Воўчу і Ежцы, што цяпер яны, па яцвяскім звычаям, з Коматкай браты-пабрацімы да канца жыцця. Па тым жа звычаям дрыгавічы абманяліся абярэгамі. Воўч зняў з шыі касцяную выяву мядзведзя, што дала маці ў падарожжа. Коматка аддаў свой, зроблены з срэбнага дырхема, у якім былі прасвідраваны дзірачкі і падвязаны кіпцюры рысі.
А яшчэ Воўчу падарылі багаты яцвяскі даспех, выраблены са шкуры ваўка з галавой у якасці шлема, амаль такі, які яны бачылі на юнаках каля вусця Зяльвы, толькі ўмацаваны жалезнымі пласцінамі. Ежку дастаўся сапраўдны баявы корд.
Трохі апасля Ежкя спытаў сябра:
― Як ты здагадаўся, дзе Коматка пад пяском? Хіба ты рукамі бачыш?
― Тады пабачыў, але не так як вачамі. Нібыта цяпло адчуў у тым кірунку.
Некаторыя чулі гэтую размову, і хутка ўжо ўсе яцвягі ведалі, што Воўч не просты хлопец…
Праз некалькі дзён, калі са стратай Шутрэйкі ўжо неяк змірыліся, але на душы было ўсё яшчэ маркотна, юнакі ціха сядзелі на беразе Нарава. Коматка спытаў ў Воўча:
― У вашых мясцінах водзяцца жывойты?
― А хто гэта такія?
― Гэта такія яшчары.
― Яшчары?! – Воўч падхапіўся, ― хіба я на Дзікім Балоце аднаму вяслом паміж вачэй заехаў! Праўда, была цемра, і я ўбачыў толькі вялізную лапу ды частку галавы.
― Што?! ― здзівіўся Коматка, ― да вас прыходзіў сапраўдны Яшчар?! Ён страшны. У нас яго мала хто бачыў. Мне не давялося. Здаецца, яго ўсе баяцца. Але я не пра таго. Жывойт невялікі, і я з ім сябрую.
― Ты жартуеш! Як гэта, сябраваць з яшчарам? ― Воўч з Ежкам з недаверам паглядзелі на Коматку.
― Не верыце! Жадаеце паглядзець?
― Н-ну, пакажы.
Коматка павёў іх да сваёй хаты.
― Маці, налі малака ў місу.
― Ізноў будзеш свайго сябра карміць?
― Так. І сябрам пакажу.
― Малако ёсць. На вось, бяры. А ён не пабаіцца прыйсці, калі незнаёмыя будуць побач?
― Не ведаю. Паспрабуем.
Яны адышлі недалёка ад паселішча, у лісцяны лес, густы, цёмны, з падлескам і амаль з голай зямлёй пад нагамі. Наперадзе паказалася сонечная пляма, туды і павёў іх Коматака. Апынуліся на невялічкай палянцы, дзе зелянела высокая трава з папаратнікамі.
― Вы застаньцеся за дрэвамі і назірайце. І трымайце Шэрага, ― шэптам сказаў Коматка, а сам прайшоў яшчэ некалькі крокаў, паставіў місу з малаком на зямлю і ціхенька некалькі разоў свіснуў.
― Жывка, Жывка, ― нягучна клікаў ён, але нікаго не было відаць. Коматка павярнуўся да хлопцаў і прашаптаў:
― Саромеецца вас. Зараз прыйдзе.
Ён ізноў павярнуўся да паляны:
― Жыўка, Жыўка, не бойся, хадзі сюды.