Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Раптам ён сустрэўся позіркам з Норам. Раб адразу адвёў вочы.

Нор.

На самой справе Ніканор. Верыць у адзінага бога, які меў постаць чалавечую. А чалавек слабы. Дык у чым жа сіла гэтай веры? Пра Нора не скажаш, што ён слабы. Быўшы рабом, не скардзіўся на лёс, цярпеў. А між тым добра валодае разнастайнай зброяй. Многа чаго карыснага паказаў. За доўгія гады паміж Лошам і Норам завязаўся ланцужок прыязні, бо Лош меў да яго стасункі не як да подлага раба, але як да чалавека, адчуваючы ў ім немалую душэўную сілу. Стаць сябрамі ім замінала рознае становішча ў жыцці. Хутка ён перастане быць рабом...

― “Я не жадаю губляць яго,” ― падумаў Лош. Але што рабіць ― дрыгавічы трымалі рабоў да тэрміна.

Ад гэтага роздуму яго адарвала занадта гучная гаворка мужоў. Ён прыслухаўся.

― Комань! У мяне няма жонкі. Няхай Плава будзе маёй! ― патрабаваў захмялелы Дрок.

― У Плавы жалоба па Славу. Пабойся багоў!

― Тады няхай Доўбень аддасць мне дзяўчыну, што адабралі ў яцвягаў. Яна мне падабаецца!

Доўбень падняўся: ― Што ты сказаў? Ідзі і дабудзь сабе. А маё – гэта маё!

― Ну, дык прадай.

― Яна не рабыня! І не для такога няўдака.

― Гэта я няўдак?! А ну, хадзем, пабачым, хто ёсць хто!

― Ну, пойдзем!

Доўбень імкліва наблізіўся да Дрока, паспрабаваў узяць яго за вопратку ля грудзей, але той адвёў руку Доўба, а кулак ўжо ляцеў да сківіцы суперніка. Доўб крыху адхіліўся, адбіў удар плячом, зрабіў падманны выпад каленам і ў тое ж імгненне заехаў Дроку паміж вачэй. Той нібыта асеў, ды гэта таксама быў падман. Схапіўшы абедзьвюма рукамі за вопратку Доўбеня, ён турзануў таго па ходу апошняга ўдару і Доўб урэзаўся ў працілеглае дрэва.

Дзеці, што апынуліся паблізу, ўцякалі ад раз’юшаных мужоў у розныя бакі, кабеты пішчалі.

― Ах, ты так! ― байцы сталі рыхтавацца да сур’ёзнай сутычкі. Вось яны ізноў зблізіліся... Але тут Комань схапіў абодвух за каўнеры і трэснуў ілбамі аднаго аб другога.

― Вам што, мала небяспек?! Дык заўтра пойдзеце ў дальні дазор! Разам! І няхай толькі хто-небудзь з вас не вернецца! ― Комань шчапіў зубы і павольна дадаў: ― Другога спалю жыўцом, як здрадніка.

З прыкрасцю адпусціў іх:

― Зразумелі?!

Яны стаялі, сапучы і кідаючы пагрозлівыя позіркі адзін на другога. Доўбень ачуўся першы:

― Дрок, так мы заб’емся. Ці мала ў нас агульных ворагаў? ― прамовіў ён, папраўляючы адзёжу.

― Маеш рацыю, Доўб. Навошта гэта нам? ― міралюбна адказаў Дрок і пацёр пераносіцу.

Пасля яны абняліся і пайшлі за чаркай медавухі. Дрыгавічы былі страшныя ў гневе, але адыходлівыя.

Лош падумаў: ― “Вось так і ў мяне хто-небудзь запатрабуе аддаць крывічанку, і прыйдзецца біцца за яе, нібыта няма больш важных спраў.” Ён ізноў сустрэўся позіркам з Норам, які сядзеў ўбаку ад вогнішча, назіраючы за святам, і раптам яго ахінула здагадка – яны ж даўно пераглядваюцца, з той пары, калі дзяўчына акрыяла. Яна не раба, а ён хутка будзе вольны.

― Нор! Падыйдзі сюды.

― Слухаю, гаспадар.

― Ці падабаецца табе Зарыца?

Пытанне было нечаканае. Нор шырока расчыніў здзіўленыя вочы і нейкі час глядзеў на Лошну.

― Гаспадар мой! ― нечакана ён упаў на калені і абхапіў ногі Лоша, ― аддай мне яе ў жонкі! Век буду ўдзячны! Буду маліцца за цябе! Вельмі да спадобы яна мне! Назаўжды буду раб твой!

Лош узяў Нора за плечы, дапамог падняцца:

― Не раб мне патрэбны, а сябар верны, каб да смерці.

― Жадаў бы таго, гаспадар, але я не вольны.

― А калі станеш вольны, тады што?

― Хацеў бы жыць побач... Аддай мне Зарыцу.

― Яна будзе твая, але калі сама згодная, бо вольная яна.

Нор уважліва паглядзеў у вочы Лошу і зразумеў, што той гаворыць шчыра. Вялікая радасць загарэлася ў вачах. Ён ізноў хацеў упасці на калені, ды Лош не даў.

― Не трэба. З гэтага імгнення мы роўныя. Пасля заканчэння тэрміну пойдзеш, куды захочаш. Крывічанка будзе твая, калі схоча. Гэта ўзнагарода табе за труды твае многія і цяжкія на карысць маёй сям’і. Вырашыш застацца ў нас – буду дапамагаць.

― Дзякуй табе, гаспадар!

― Не гаспадар ужо. Прывыкай. А зараз давай вып’ем медавухі...

Полымя вогнішча дагарала. Дрыгавічы павольна разыходзіліся па ізбам.

Назаўтра Лош паклікаў Нора і Зарыцу, паглядзеў на крывічанку і прамовіў:

― Вось табе чалавек. Дзе шукаць тваіх суродзічаў, невядома. Прыгледзься да яго. Я б хацеў, каб ты стала ягонай жонкай. Але, як надта не да спадобы, то скажы.

― Ты спас мяне ад яцвягаў. Я зраблю, як ты хочаш, ― сказала Зарыца стрымана, але шчокі яе запунцавелі. Яна стрэліла вачамі ў Лоша, потым у Нора, і дабавіла ціха: ― Да спадобы...

― Вось і добра.

Глава 10.

Веча. Учора раб, сёння – вольны

Зіма затрымалася ў той год на Панямонні больш доўга, чым звычайна. Сонца ўжо высока ўзнімалася над хвоямі, а снег не сыходзіў, толькі днём у яснае надвор’е капала са стрэхаў, і звонкая гэтая капеж будзіла ў людзях веснавы настрой.

У адзін з такіх дзён Комань сабраў Веча.

Збіраліся ўсе мужы, здольныя насіць зброю, а таксама старцы, якія замест зброі трымалі ў руках доўгія кіі з мудрагелістымі выявамі звярыных галоў у навершы. Багі ніколі не пакідалі род без такіх старцаў, якія б ліхалецці ні ўчынялі людзям. Іх было ўсяго пяцёра на ўвесь род, рознага ўзросту ― ад шасці дзесяткаў да сотні гадоў. У кожнага быў вялікі жыццёвы шлях за плячыма. Усе іх адгагодкі загінулі ― хто раней, хто пазней, у большасці ў баях, некаторыя на паляванні, і мала хто памёр сваёй смерцю.

Збіраліся каля капішча. Старцы ўжо сядзелі на вялікіх камянях, пакрытых старымі скурамі туроў, сурова паглядаючы на моладзь. Мужы стаялі паўколам насупраць і ціха гаманілі паміж сабой. Пара дзесяткаў жанчын сабраліся бязладным натоўпам далёка ўбаку, пазіралі на мужоў і ціха наракалі:

― Ізноў што-небудзь небяспечнае прыдумаюць...

― Надкучыла на месцы сядзець за зіму...

― Ага, як лета, трэба сеяць-касіць, дык яны зараз збяруцца куды-небудзь.

А немаладая ўжо Уліта злосна крыкнула:

― Што яны могуць добрае вырашыць?! Ізноў да якой-небудзь непатрэбшчыны дамовяцца! Цьфу! ― яна смачна плюнула ў бок сходу, ― пайду лепей быдла даглядаць, бо сёння іх не дачакаешся! ― развярнулася і пайшла да хлявоў.

Воўч з сябрамі паспрабавалі прабрацца бліжэй да Веча, ды толькі атрымалі кухталёў ад старэйшых юнакоў, што былі ўжо дапушчаны да сходу, але без права голасу, бо іх яшчэ не прынялі ў кола ваяроў.

У такі момант, калі толькі не было непасрэднай ваеннай пагрозы, на кароткі час здымаліся ўсе дазоры. Лошна чакаў пачатку ў асяроддзі сваіх аднагодкаў ― асноўнай групоўкі мужоў па колькасьці. Яны пяць-сем гадоў таму пачалі прыймаць удзел у вечах, з іх яшчэ мала хто загінуў, хоць кожны ўжо прыймаў удзел у баявых деяннях; некаторыя паспелі здабыць славу і шанаванне.

Ястр у адмысловым белым адзенні, аздобленым футрам ваўка-альбіноса, падышоў да выявы Перуна. Усе сціхлі. Ён прачытаў кароткую малітву: ― Дапамажы нам, Пяруне! Няхай цвёрдымі будуць рукі нашых мужоў. Дай нам усім яснасць розуму і згоду. А мы не забудзем цябе і шчодрымі будуць нашыя ахвяры…

У круг выйшаў Комань. Ён абвёў доўгім позіркам мужоў, нібыта правяраючы, ці ўсе тут.

― Мужы мае! Слаўныя дрыгавічы! Я, выбраны вамі вож, вітаю вас усіх на сённяшнім Вечы! Мы жывыя. Жанкі нашыя здаровыя і спраўна нараджаюць нам хлопчыкаў і дзяўчынак. У лесе ёсць дзічына. Поле дае ўраджай. Вось ужо некалькі гадоў жывём без вайны. Мы замірыліся з усімі яцвягамі. Маем неблагія стасункі з суседзямі нашымі крывічамі, а таксама з бужанамі і палянамі.

Але ці ўсё добра ў нашым жыцці? Не, не ўсё! Хлеб з нашага поля заўсёды канчаецца заўчасна. Чужынцы пільна сочаць за намі. Па Нёману скачуць раз’езды вершнікаў. У нас без спросу ўмыкаюць нявест. Конязь Волад патрабуе дадатковае палюддзе, бо трэба павялічваць дружыну. Жыццё нашае цяжкае. Што рабіць будзем? Як будзем жыць далей?

14
{"b":"822260","o":1}