Вялікая ахвяра. Гаспадар, раб і здабыча
Ішлі дні. Людзям жадалася вясны, але дакучлівая зіма не саступала. Завеі часта наведваліся у Ведзьмядзі, замятаючы хаты па самыя стрэхі. Але маразы былі ўжо не такія моцныя, дзень дадаваўся, мацней прыгравала сонца, сцюжа адступала і снег павольна асядаў. Надыйшла пара, калі дзень зраўняўся з ноччу. Дрыгавічы святкавалі канец зімы. Зранку ўсе сабраліся ля капішча. Высокія драўляныя істуканы ― выявы багоў, сурова глядзелі на людзей застылымі позіркамі. Мароз яшчэ спрачаўся з сонцам, а мужы павыходзілі апранутымі толькі ў святочныя футравыя камізэлькі, скураныя парты, на нагах― скураныя поршні. Камізэлькі былі расшытыя каляровымі пасачкамі. Парты перахвачаны шырокімі ільнянымі паясамі, упрыгожанымі мудрагелістымі арнаментамі. Жанчыны, многія з якіх былі цяжарныя, апраналіся цёпла. Доўгія ваўняныя спадніцы выглядалі з-пад прыгожа расшытых кажушкоў з футравымі аблямоўкамі.
Ястр маліўся, абапёршыся на посах і схіліўшы сівую галаву. Памаліўшыся, павярнуўся да людзей, глянуў светлымі вострымі вачамі паверх галоў і загадаў:
― А цяпер вядзіце Гаспадара!
Шасцёра дужых мужоў пацягнулі да капішча мядзведзя, трымаючы канцы ланцугоў, у якія ён быў закаваны. Мядзьведзь роў, кідаўся то да аднаго, то да другога, але астатнія моцна трымалі свае канцы ланцугоў і паступова валаклі звера ў патрэбным кірунку. Ад блізкага звярынага румзу і даўкага жывёльнага паху у многіх дзяцей і жанок заходзілася душа і трымцелі каленкі. Той-сёй непрыкметна ўцёк у хату.
Равучага звера падцягнулі да ахвярніка. Ястр адмысловым нажом лоўка разрэзаў мядзьведзю шыю, і гарачая кроў палілася ў ахвярны кубак. Вантробны румз жывёліны паступова перайшоў у не меней страшны хрып. Мядзведзь слабеў і пачаў завальвацца на бок, ды мужы моцна трымалі яго, накіроўваючы струмень крыві ў ахвярнік. Гэтая кроў прызначалася багам, як дар чалавечы, бо нішто не было багам так да спадобы, як ахвярная кроў. Лепей чалавечая. Але мядзьвежая таксама добрая.
Потым тушу разабралі. Самыя лепшыя кавалкі паклалі на ахвярнае вогнішча, але засталося і людзям. Мяса смажылі на некалькіх пожагах. Елі, пілі хмяльны мёд, спявалі. Потым мужы выйшлі на шырокую пляцоўку і сталі ў кола. Пры кожным была суліца ў адной руцэ, абрадавая сякерка ў другой, у некаторых на перавязях у похвах мячы. Тут пазбіраліся ўсе вольныя мужы, што маглі насіць зброю, акрамя дазорных. Кола атрымалася вялікае. Загучала ваенная песня. Спявалі толькі ваяры. Дзеці, жанчыны і рабы моўчкі глядзелі і слухалі. Гэта была песня пра сілу і славу дрыгавічоў, пра ваенныя паходы і перамогі, пра страты і здабыткі. Спачатку спявалі павольна. Густыя мужчынскія галасы далёка ляцелі па долам Маўчады і Нёмана. Лош, як і многія, востра адчуваў урачыстасць моманта. Ён заўзята цягнуў словы песні, імкнучыся не выбівацца з мелодыі. Праваруч ад яго нізкім голасам спяваў Доўбень, далей больш высока выводзілі Ліс і Дрок. Злева тураваў Бычань, за ім Вой, потым Вячка і Рост.
― “Ух, якая мы сіла, ніякія ворагі нам не страшныя!” ― думалі маладыя ваяры, а старэйшыя не падавалі выгляду, што ўжо яны-то ведаюць, як бывае ў жыцці, ― зусім не так, як мроіцца ў маладосці.
Песня павольна змяняла рытм, паскараючыся. Воі пачалі рухацца, спачатку толькі прытопваючы на месцы, а потым прыстукваючы суліцамі і ўздымаючы над галавамі сякеркі. Паступова рухі рабіліся ўсё болей складанымі, і вось неўзабаве кола з жывых постацей закруцілася ў адным кірунку, потым наадварот. Раптам з розных частак гэтага жывога кола некаторыя воі пачалі выбягаць ўсярэдзіну. Яны ўтыкалі суліцы ў дол, разбіраліся па двое, і пачыналі шалёныя скокі. У паветры бліскала жалеза сякерак і мячоў. Ваяры рабілі выгляд нападу і абароны, не датыкаючыся да ўяўнага суперніка. Кожны мог паказаць у танцы ўсё, на што ён быў здатны. Жанчыны любаваліся мужамі, тыя адчувалі гэта і не шкадавалі сілаў. Калі жадаючых танчыць у сярэдзіне не стала, узяліся за плечы і кола хутка закруцілася па сонцу. Ногі рытмічна рабілі складаныя скокі, малюнак якіх раз-пораз змяняўся. Раптам усе сталі, як укапаныя. Танец скончыўся.
Ды не скончыляся свята. Настаў час жанчын. Яны зацягнулі сваю песню, сумную і журботную, як лёс большасці з іх. Амаль усе яны былі нараджэнкамі з другіх радоў. Больш за палову жанчын траплялі ў род Команяў з роду Жораваў, мала хто па каханню, больш пад прымусам. Такі быў старадаўні звычай. А большасць дзяўчат з роду Команяў выходзілі замуж у род Корчакаў, калісці самы мнагалюдны. Ад яго і назва племені. Былі тут і былыя рабыні, цяпер паўнапраўныя жанчыны роду. Іх прывезлі ваяры з дальніх набегаў з палонам. Па заканчэнні тэрміну рабства яны станавіліся вольнымі, амаль усе заставаліся тут і выходзілі замуж за дрыгавічоў. Ды і як ты вернешся, калі нават не ведаеш, дзе яна, твая далёкая радзіма? Не многія адважваліся сысці. Былі жанчыны і з іншых плямёнаў. Каго выкрадалі сілай, каго па згодзе ― некаторых па вялікім каханні хаця б з аднаго боку.
Дзеці круціліся каля дарослых, пераймаючы іх паводзіны. Вось хлапчукі з драўлянымі мячамі наладзілі свой карагод, які хутка перайшоў ў жартоўную спачатку бойку, а потым і ў сапраўдную. Дарослыя не ўмешваліся, а толькі непрыкметна прыглядваліся да сваіх чад. Пакуль тыя вырасталі, у сям’і ўжо ведалі, хто на што здольны. Але самымі пільнымі назіральнікамі былі Комань ды Ястр. Правадыр і вяшчун, як ніхто, павінны былі ведаць характары і схільнасці юнакоў. У іх валоданні знаходзіліся тайныя спрунжыны жыцця роду. Не ўсе дарослыя нават ведалі, наколькі лёс чалавечы ў Ведзмядзях і Выселках залежыць ад гэтых дзвух мужоў, але менавіта яны непрыкметна падштурхоўвалі з маленства каго да сахі, каго да мяча, а каго да капішча. І хоць усе юнакі праходзілі суровае навучанне воінскай справе ― Комань не пускаў гэтага на самацёк, ― ды не ўсе аднойкава маглі авалодаць ёй. Тым болей, што прырода надае розным людзям неаднолькавыя душэўныя якасці. Былі ж і такія, што пеўню галаву адсекчы не маглі, а тут чалавекаў трэба забіваць у баі, ― то які ж з яго ваяр. Няхай ужо лепей за сахой ходзіць. Канечне, пры якой-небудзь варожай навале ўсе за дзіды бяруцца ― рэч не аб тым. А сярод схільных да воінскай справы трэба было яшчэ ўглядзець важакоў, якім можна было б даручыць лёсы іншых. Ястр дапамагаў Команю вызначыць характарныя рысы кожнага хлапца, яле ў яго быў і свой, асобны інтарэс. Вось ужо многа гадоў ён чакаў нараджэння таго, хто зменіць яго ― святара роду Команяў. Цяпер яго увага была прыцягнута да Воўча. Ён быў яшчэ малы, каб рабіць высновы, але абставіны ягонай кароткачасовай прапажы ў гэтую зіму насцярожылі Ястра. Як Воўч апынуўся так далека ад паселішча? Ён не залёг пад карчом ад страху і знясіляння. Ці не ўмяшаліся тут вышэйшыя сілы? Трэба лепей прыглядзецца да яго.
― Ястр, ― перарваў ягоныя думкі Комань, ― як ты думаеш, з каго з гэтых чарцянятаў, што калоцяца драўлянымі мячамі, выйдзе выдатны ваяр?
Ястр пасур’езнеў, вочы ягоныя звузіліся, на ілбе сабраліся маршчыны:
― Думаю, што з Ворліка і Жэрабя, можа быць, яшчэ з Ежкі.
― А з Воўча? ― дапытваўся Комань
― Яшчэ заўчасна гаварыць наконт Воўча, ― прамармытаў вядзьмар.
Комань пільна паглядзеў у твар Ястру, той не адвёў позірку. Яны перажылі разам шмат ліхалеццяў, рабілі цяжкія справы, харанілі многіх супляменнікаў, не адзін раз адправлялі насустрач смерці маладых вояў.
Комань усё зразумеў, больш нічога не пытаў, толькі прабурчэў напаўголас:
― Стары прайдзісвет. Усё заўважыць...
У разгар балявання маладыя пары непрыкметна адыходзілі ад агульнага вяселля, смяючыся ішлі да хат, карыстаючыся, што ў іх нікога не засталося, бо ўсе ― і старыя і малыя былі каля яркага святочнага вогнішча. Невялікія зрубы трэсліся ад заўзятай палкасці. Мужам, што мелі не адну жонку прыйшлося выдаткаваць мужчынскую сілу ў гэтую ноч, бо хмяльны мёд раз’юшыў кроў дрыгавічанак...
Лош сядзеў паводле вогнішча, знясілены ад ласак сваёй Лані. Яна ў яго была адзінай жонкай, і больш ніякая на свеце жанчына не была яму цяпер патрэбнай, бо кахаў яе больш за ўласнае жыццё. Ланя плаціла тым жа. Ён сядзеў млосны каля вогнішча і думаў, што пасля сённяшняй ночы, напэўна, будзе і доўгачаканае дзіцё.