Лош працягнуў ваўчанё хлопцу. Воўч з зацікаўленнасцю ўзяў на рукі пушысты камячок:
―А чаму ў яго вушкі светлыя, і на карку амаль белая поўсць?
― Ну дык я ж кажу, гэта ад таго ваўка, ад Шэрака, ― Лош усміхнуўся, а потым сур’езна сказаў: ― а ты думай, чым будзеш карміць. Ведаеш, з яго можна нядрэннага сабаку выгадаваць. Калі будзеш з ім добры, ён прыме цябе за маці, і слухацца будзе, і вучыцца ў цябе, нават твае звычкі перайме.
― Але, можа, ён табе не патрэбны? ― умяшаўся Ліс, ― то тады Росціку аддамо.
― Патрэбен! Гэта мой! ― і Воўч подбегам панёс ваўчаня да хаты.
Ліс таксама аддаў сваіх ваўчанят у добрыя рукі. Не ўсе яны выжывуць у няволі, але шанец выгадаваць з іх паслухмяных сабакаў сапраўды быў, бо шэрыя плямы на караку азначалі, што ў родзе гэтых ваўкоў быў замешаны сабака, і цяпер ўсё залежала ад таго, ці не пераможа ваўчыная існасць сабачую, бо калі гэта здарыцца, то рана ці позна яны сыдуць у лес. Некакторыя з гэтых шчанюкоў-ваўчанят, гасападары якіх не пашкадуюць часу на іхнюю вывучку, праз два-тры гады ператворацца ў грозных баявых сабакаў.
Глава 17.
У набег
Калі Волад з Коматам пад’яжджалі да Ведзьмядзёў, іх сустракалі прыемныя пахі смажанай на вогнішчы свежаніны. Жанчыны накрывалі вялікі стол. Удзельнікаў балявання было шмат, таму для большасці падрыхтавалі месцы на пакрытай маладой травой зямлі непадалёк ад вогнішчаў.
За стол па запрашэнню Команя селі госці: усе яцвягі, првадыры дрыгавіцкіх родаў з Вусця і Руды, ― Багрым і Дайгод. На чале сядзелі Комань і Волад, каля іх, на пачэсным месцы, Комат. Не забыліся і пра вешчуна і старцаў. Ястр, а каля яго Ікла і Грэнь размясціліся праваруч ад Команя. Вялікая конаўка з хмельнай медавухай стаяла перад Воладам. Стол быў завалены мясам дзічыны і маладой зелянінай. Тут былі чарэмшына, карэнні розных раслін, пабегі лебяды і крапівы, і шмат чаго іншага.
Волад падняўся з лавы і людскі гоман заціх.
― Сябры мае! Дарагія нашыя госці! Слаўны куніг Комат! Шаноўныя дрыгавічы! Віншую нас усіх з удалым паляваннем! Шмат дзічыны вэндзіца ў гэты момант у акрузе, а гэта значыць, што будзем сытыя і моцныя! Не ўсё прайшло гладка. Загінуў добры паляўнічы Мычко з роду Дайгода. Пашана і павага яму і ягонаму роду! Памянем яго. Пакалечана нага ў дружынніка Зваля. Што ж рабіць? Не забава гэта, а мужчынская праца, з сваімі цяжкасцямі і стратамі. Ці нас можна збянтэжыцць імі? Не! Аддаем пацярпеўшым і загінуўшым пашану, ― Волад замоўк, памаўчалі і ўсе астатнія. Потым ён падняў конаўку вышэй, ― ну, а жывым ― жывое!
Конязь павярнуўся да бажніцы:
― Але найперш аддзячым багоў што спрыялі нам сёння. Няхай дапамагаюць і заўседы. Ястр ужо паклаў на ахвярнае вгнішча лепшае з нашай здабычыі. Мы ж дадамо: Слава Ярыле! Слава Велесу! Слава Дзявое! І вялікі ім усім дзякуй! Слава нам усім, ― ваярам і паляўнічым, гасцям і тутэйшым!
― Слава! Слава! ― закрычалі мужы.
― Слава конязю Воладу!
― Слава кунігу Комату!
― Слава дрыгавічам!
― Слава яцвягам!
Шматгалоссе здравіцы разносілася далёка па даліне Маўчады, выплёскваючыся на разнатраў’е поплаваў і лёгка дасягаючы процілеглага берагу Нёмана. Сонца павольна апускалася ў лес, што падпіраў вострымі вершалінамі светлае яшчэ неба.
Волад адпіў з конаўкі і перадаў Комату. Той таксама адпіў і перадаў Скроблу, што сядзеў праваруч ад яго. Конаўка пайшла па колу. Тое ж было і каля вогнішчаў. Пачалося баляванне. Па меры таго, як праходзіла першая конаўка, мужы накідваліся на ежу. Рабы і жанчыны падносілі стравы і медавуху. Калі выпілі другі раз, жанчыны разселіся паміж мужамі. Адразу стала жывей, паўсюль чуліся размовы і воклічы. Пасля трэцяй конаўкі пачаліся спевы.
Калі дрыгавічы і яцвяскія госці добра разгуляліся, Комат нагнуўся да вуха Волада і ціха прамовіў:
― Конязь, трэба пагутарыць.
Волад паглядзеў у вочы Комату. Яны былі цвярозыя, але выразны бляск іх паказваў на тое, што нарэшце надышоу той момант, дзеля якога і была наладжана іхняя сустрэча.
― Хадзем, куніг, прагуляемся ля Маўчады, там і пагаворым.
Яны выйшлі з-за стала, далі сваім людзям знакі, каб заставаліся на месцах, і нетаропка падаліся да ракі. Каля берагу павярнулі вверх па плыні, дзе шырокі поплаў на некалькі палётаў стралы доўжыўся да высокага змяшанага лесу. Чым далей адыходзілі ад застолля, тым меней чуліся гукі балявання, а начное неба ўжо не здавалася такім цёмным, бо нябачныя скрозь яркі свет вогнішчаў зоркі цяпер ярка ззялі па ўсім небасхіле. Узыходзячы маладзік выглядваў паміж высокіх дрэў.
― Я слухаю цябе, куніг, ― сказаў Волад.
― Ёсць прапанова, конязь. Даўно ўжо нашыя дружыны не былі ў вартай справе.
Волад унутрана напрогся:
― Пад вартай справай ты, канечне, маеш на ўвазе вайну.
― Не тое, каб вялікую вайну, але калі мы паміж сабой ў міры, то чаму б нам не з’яднаць сілы і не пазвінець мячамі.
― Але дзеля гэтага патрэбен агульны супраціўнік.
― Не толькі супраціўнік, а і агульная выгада.
Волад, трохі памарудзіўшы, прамовіў:
― Што ж, дагэтуль мы больш ваявалі паміж сабой. Аднак, калі яцвягі і дрыгавічы здолелі дамовіцца аб замірэнні, то чаму не пайсці і далей? Я так разумею, конязь, што ўцябе ёсць дакладная прапанова.
Комат спыніўся, зблізку глянуў у твар Волада:
― Ёсць, конязь! Дзеля гэтага і прыехаў.
Цяпер яны пільна ўглядаліся адно аднаму ў твар, у няслушным святле маладзіка імкнучыся ўбачыць выраз вачэй.
― То гавары.
Комат не адводзіў позірку:
― Ці ведаеш ты пра такія плямёны, як памаране?
― Чаму ж не ведаць? За Вістулай, на беразе мора.
― Ну, дык вось гэтыя самыя памаране добра разтлусцелі на бурштыне, маючы магчымасць гандляваць не толькі ўздоўж усёй Вістулы, але і па Бугу, Нараву, і шмат яшчэ па якіх рэках.
― Чаму менавіта памаране? Ёсць яшчэ вільцы, ды і куршы з прусамі.
― Ну, пра прусаў ты пажартаваў, бо добра ведаеш, што гэта нашыя браты. А чаму памаране? ― Комань узяў Волада за плячо, ― Таму што глядзі як спраўна можа атрымацца: з Нарава ў Буг, з Буга ў Вістулу. Каля вусця сыходзім на левы бераг, ваюем памаранаў, потым вяртаемся да Вістулы, перапраўляемся на правы бераг і мы ўжо ў прусах, а яны нас не выдадуць.
― А як да гэтага аднясуцца самі прусы? ― запытаў Волад.
― Конязь, гэта ўжо мая справа, ― без роздумаў адказаў Комат, ― не ўсе яны, канечне, будуць радыя, але ёсць там у мяне надзейныя сябры, а нязгодныя патрываюць.
Волад маўчаў. Штосці не падабалася яму ў прапанове Комата. А і адмовіць нельга, бо адразу пачнуцца падазроны, што дрыгавічы з саюзнікамі нешта гатовяць супраць яцвягаў. З другога боку, той, хто пойдзе з Коматам, адразу стане закладнікам, і ў выпадку парушэння міру з яцвягамі лёс іхні будзе адназначны ― пагібель. Як жа тут лепш зрабіць?
Маўчанне зацягнулася. Комат зкосу глядзеў на Волада і іранічна ўсміхаўся. Так яны нетаропка крочылі, пакуль не скончыўся поплаў. Наперадзе над невялічкім балотцам нізка вісела начная бялёсая смуга, за ёй паўставала цёмная сцяна лесу.
― Добра, куніг Комат! ― вырашыўся Волад, ― я прыймаю тваю прапанову. Але становішча маё не зусім простае. Ты ведаеш, абшар дрыгавіцкіх плямён і іх саюзнікаў вялікі. На поўдні зараз неспакойна. Я чакаю вестку з Прыпяці. Менавіта там выкоўваецца агульны лёс дрыгавічоў. Адтуль мы чэрпаем сілы, калі не хапае сваіх, туды мы пасылаем дапамогу, калі яна там патрэбная. Я павінен быць напагатове адправіць на Прыпяць сваіх вояў у любы момант.
Комат засмяяўся:
― От, гэтыя дрыгавічы! Любіце вы ствараць вялікія звязы. Конязь, твае інтарэсы тут, а не на далёкай Прыпяці. Думаеш, яцвягі не ведаюць, што на думцы ў тваіх семірадцаў? Яны цябе пацягнуць на Дняпро і далей. Паўдневым конязям не дае спакойна спаць багаты Царград. Але гэта не мае справы. Прабач, што засунуў свой нос не туды, куды трэба. ― Комат ізноў крыху памаўчаў, а потым проста спытаў: ― І колькі ты зможаш вылучыць?