― Тры дзесятка. Можа, адзін сарок ― адказаў Волад.
― Не густа, але лепей чым нічога. То што, дамовіліся?
― Так, куніг, згода. Але з адной умовай.
― І што за ўмова?
― Ты пакінеш закладніка.
Толькі на адно імгненне прамарудзіў Комат з адказам:
― Што ж, хай будзе так. Я рады, што мы дамовіліся. Выходзіць, цяпер мы саюзнікі?
― Выходзіць. І гэта, здаецца, ўпершыню пад тутэйшым небам.
― За гэта трэба выпіць добрай медавухі!
― То запрашаю зноў да стала! ― Волад зрабіў жэст у кірунку вогнішчаў, ад якіх чуліся спевы, хмяльныя ўскрыкі ды жарты. Да мужчынскіх галасоў прымешваліся і кплівыя жаночыя. Баляванне працягвалася.
Над Маўчадай ззяў ясны месяц. Вялікімі і малымі зоркамі быў шчодра абсыпаны весь небасхіл, ён здаваўся сёння надзвычай велізарным і глыбокім. Воўч з Ежкам і чарадой аднагодкаў, стаміўшыся ад падзей і ўражанняў мінулага дня, з захапленнем глядзелі на безліч вялікіх і малых зорак на небе, ні розумам, ні пачуццямі няздольныя ўявіць сэнс светабудовы, і недзе ў глыбі душы разумеючы нікчэмнасць тлумачэнняў вешчуноў і старцаў.
Закаханыя пары, што разбрыліся ад вогнішчаў у розныя бакі, шукаючы адзіноты, каб аддаца пачуццям і ласкам, таксама зачаравана ўглядаліся ў небасхіл, яшчэ не разумеючы, што перажываюць самыя лепшыя моманты ў сваім жыцці.
Начны ветрык праляцеў над ракой, утвараючы на плыні рабізну, у якой мноствам іскрынак зайгралі адлюстраванні месяца і зорак. Рака здавалася жывой істотай, якая таксама не засталася абыякавай да чар зорнага неба…
Назаўтра Волад параіўся з Команем наконт прапановы Комата. Улічваючы ваяўнічыя настроі вояў, асабліва моладзі, было вырашана склікаць веча. Сход быў вялікі, якога яшчэ не бачылі ў Ведзмядзях, бо на ім прысутнічалі не толькі ўсе мужы племені Команя, але і дружыннікі Волада ды яцвягі ― у якасці назіральнікаў, вядома. Вось супакоілася першае ажыўленне і наперад рашуча выйшаў Волад:
― Шаноўныя мужы і ваяры! Свята прайшло, настае час растання. Я не буду доўга гаварыць. Учора мною, вашым конязем, быў заключаны ваенны звяз з яцвягамі на адзін ваенны паход.
Праз некалькі імгненняў маўчання, веча пачало наракаць:
― Як гэта? Без нас, без веча…
― Ці даўно мы рубаліся з імі?
― А як жа помста за нашых братоў, што загінулі?!
― Хіба можа нараўскі яцвяг быць саюзнікам дрыгавічу?
― Штось ты, княжа, робіш не тое!
― Табе , хіба, надакучыла быць нашым конязем?!
― То другага абярэм!
Волад спакойна чакаў, пакуль крыкуны ахалонуць. З натоўпу выйшаў Комань і стаў побач з Воладам. Ён падняў руку і крыкнуў , перакрываючы гоман:
― Ціха, балбатуны! Кажу так, бо крычыць той, хто не ведае спрадвечных звычаяў! Мы ў міры з яцвягамі. І конязь Волад дамовіўся не аб ўсеагульным звязе, калі плямёны аб’ядноўваюцца і выбіраюць адзінага правадыра, на што сапраўды патрэбна згода Вялікага Веча. Прапануецца малы звяз на адзін паход. Конязь вольны сам прыймаць рашэнне. Акрамя таго, вы можаце не ведаць усіх акалічнасцей, якімі ён кіруецца. І выгнаць яго не можаце, бо выбраны ён не нашым племянным вечы, а на Вялікім Вечы дрыгавічоў, а таксама крывічоў, бужан, і радоў з іншых плямёнаў, што паселі на Шчары, Ізве, Плісе, Сэрвечы, Ушы і іншых прытоках Нёмана.
Веча прыціхла. Мужы абдумвалі пачутае. Комань дадаў:
― І ці не вы крычалі на мінулым вечы пра набег?
― А-а! Набег!
― То так адразу і сказалі б, а то ваенны паход-ваенны паход.
― Ваенныя паходы рознымі бываюць!
― Усе роўна, абы мячом памахаць, а то іржа згрызе ў похвах!
Цяпер Волад падняў руку:
― Пойдзе адзін сарок. Два дзесяткі з вашага племені і два дзесяткі з маёй дружыны. На чале будзе мой сотнік Віхура. Павядзе куніг Комат.
― Ну, што, супляменнікі? ― спытаў Комань, ― Хто пойдзе?
― Я! Я пайду! ― хутчэй за ўсіх адазваўся Дрок Няўдак.
― І я!
― Я таксама!
Маладыя ваяры, а іх была большасць, гарачыліся ― усім хацелася пайсці за славай і здабычай. І толькі сталыя воі не спяшаліся даваць згоду, бо наперадзе была касавіца, а там і ўраджай збіраць трэба. Кожныя рукі будуць патрэбныя на гаспадарцы. Не самы лепшы час для вайны. Ды толькі і маладых было зашмат, і тады Комань голасна сказаў:
― Ціха! Супакоіліся! Будзем цягнуць жэрабя. Падыйдзіце сюды, хто жадае пайсці.
Ён палічыў жадаючых. Іх набралася больш за паўсотні. Комань ссунуў шапку на лоб і ў задуменнасці пачухрыў патыліцу сваімі тоўстымі пальцамі.
― Эй, мальцы! Дзе вы там? Хадзіце сюды! – пазваў падлеткаў і, калі яны падляцелі вясёлым натоўпам, даручыў ім накалоць трэсак, два дзясяткі доўгіх, і для астатніх кароткіх. Двое старэйшых падлеткаў спрытна расшчапілі адзін бок бервяна да сэрцавіны, загналі кліны, каб расшчэп не зыходзіўся. Калі трэскі былі гатовыя, іх перамяшалі, вялікія з малымі, утыркнулі ў шчыліну і кліны павыймалі. Комань абушком абрадавай сякеркі падраўняў тырчашчыя канцы. Бервяно падвесілі двума вяроўкамі да галіны радавога дуба, пад якім і сабралася веча.
Маладыя ваяры падыходзілі да бервяна і цягнулі трэску. Калі хто выцягваў доўгую, то паказваў яе Команю. Той ківам галавы згаджаўся, што ўсё зроблена правільна, адначасова запамінаючы пазначанага. Лёсаванне праходзіла без мітусні, ў цішыні. Людзі паважалі жэрабя, бачачы ў ім волю багоў і пакорліва падчыняліся яму. Сярод ведзмядзёўцаў, якім пашчасціла, апынуўся-такі Дрок Няўдак, а таксама Доўбень, Бычань, Вырва, Жадан і Конабрат.
Скіба не любіў хадзіць у набегі. Адбіраць сілай дабро ў людзей, а тым болей забіваць кагосьці, каб узяць чужое, было не па ім. Яму падабалася працаваць на зямлі. Гатаваць ляды, гараць глебу, сеяць, назіраць, як зерне на полі набірае сілу – гэта яму да спадобы. Ізноў жа, даглядаць быдла, ладзіць борці, гадаваць пчол, частаваць сваіх і гасцей сабраным самому мёдам, ― такая праца часам была сапраўднай асалодай для яго. Да таго ж яму падабаліся словы Ніканора, калі той распавядаў пра хрысціян, пра заклік Хрыста добра ставіцца да людзей, аддаваць сваё, не браць чужое. Гэта было штосьці зусім новае і незвычайнае ў параўнанні з адносінамі з іхнімі багамі, дзе панавала правіла “ты – мне, я – табе”, і ніяк не вязалася з набегамі, дзе доблесцю лічылася абрабаваць чалавека, а калі той супрацівіцца, то і забіць яго. Але, калі паглядзець з другога боку, удалы набег мог даць магчымасць хутка стаць багатым, альбо хоць бы задаволіць надзённыя патрэбы сям’і, ― купіць каня ці яшчэ якое быдла, здабыць зброю для сябе і сваіх родзічаў, прывесці раба, які будзе абрабляць ляды і пасвіць статак. Ды і калі адмовіцца цягнуць жэрабя, то ніхто не зразумее яго, будуць лічыць баязліўцам. Толькі хворы, стары ды яшчэ знявечаны не цягнуў жэрабя. Таму ён падышоў да бервяна, як і ўсе, і … выцягнуў доўгую трэску.
Яшчэ тузін ваяроў склаўся з Перуновай Старыцы, Вусця і Руды. Гардзей цягнуў жэрабя апошні. Усё ў той жа вопратцы, сяк-так зашытай пасля вучэбнага бою, ён падышоў, і як бы нехаця выцягнуў трэску, і яна апынулася доўгай. Вочы ў Гардзея загарэліся, і ён з вызавам паглядзеў на Волада.
Лошна, Ліс, Ніканор і астатнія не патрапілі ў лік выбраннікаў жэрабя.
Комат прыглядаўся да пазначаных ваяроў і задаволена ўсміхаўся. Маладыя, здаровыя і вясёлыя. Надта ім хочаца прыгод. Не ведаюць яны, якія “прыгоды” іх чакаюць…
Калі па заканчэнню веча натоўп разыходзіўся, да Команя неўзаметку наблізіўся дружыннік Бачыла. Мала хто, нават у дружыне, ведаў, што гэта галоўны выведнік Волада. Але Комань у сілу сваёй пасады быў пасведчаны у многія дзеянні Бачылы і адразу зразумей, што ў таго ёсць нейкая справа. Тое, што сказаў выведнік, збянтэжыла:
― Комань, трэба паслаць ў яцвягі разам з ваярамі гандляроў.
Комань не адразу зразумеў:
― Якіх гандляроў?
― Няўжо ў Ведзьмядзях няма чаго прадаць?
― Ды чаму ж? Ёсць. Мёд, напрыклад. Воск таксама. Ёсць трохі ільнянога сукна. Але ці гэтым здзівіш яцвягаў?
― Усё роўна. Пойдзе, калі скінеш кошт. Конязь яшчэ дасць трохі срэбных дырхемаў. Дзеля таго, каб можна было купіць бурштыну, што прывозяць да яцвягаў з узбярэжжа прусы. Але гэта не галоўнае.