Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Сонца тым часам хілілася да нізу, і надыйшла пара выбіраць месца пад начлег. Але вакол віднелася толькі багна ды балотная трава. І ніводнага грудочка. Месцамі на паверхні балота сярод раскі сустракаліся нейкія палосы адкрытай вады, быццам нядаўна тут праплыў човен, але слядоў ад вёслаў не было відаць. Гэтыя палосы ішлі ў розныя бакі, часам мянялі напрамак, часам канчаліся раптам або гэтак жа раптам з’яўляліся. Вандроўнікі азіраліся ў трывозе, адчуваючы нядобрае. Шэры шчаміўся пад ногі Воўчу. І тым не меней раптоўны моцны выплеск заспеў іх знянацку, прымусіўшы ўсіх здрыгануцца. Выплеск здарыўся зусім блізка, яны нават убачылі пырскі зялёнай вады праз напаўпразрыстую заслону з балотных раслін.

Яшчар!

Шэры ціха скавытаў пад нагамі ў Воўча, людзі сядзелі, баючыся паварушыцца.

Недзе далёка пачуўся яшчэ выплеск.

Яшчары!

Яны трапілі ў самае логава. І колькі ж іх тут бадзяецца, галодных і ненажэрных?

Першым апамятаўся Роздум:

― Ну што паселі, сябры? Хіба першы раз нам быць каля іх? Сонца яшчэ не села, будзем грэбці!

І ён раптоўна заспяваў вясёлую яцвяскую песню, што чуў у ваенным лагеры каля вусця Бебжы:

― Ой, не дамся! ой, не дамся

Я ў палон да пруса-а-а-ой!

Лепей , братцы, павешуся,

Лепей утаплюся-а-а-ой!

Востравух адурэла паглядзеў на Роздума, і падхапіў:

― Лепей, братцы, павешуся,

Лепей утаплюся-а-а-ой!

Роздум працягваў, заграбаючы ў такт вяслом:

― Ой, не хочу! ой, не хочу

Дрыгвічу ў няволю-у-у-ой!

Лепей скочу я з абрыву,

Калі няма долі-ы-ы-ой!

Да Роздума і Востравуха далучыўся і Чмель:

― Лепей скочу я з абрыву,

Калі няма долі-ы-ы-ой!

Роздум падняў руку і песня абарвалася. Прыслухаліся. Ціха было на балоце.

― Ой, не буду! ой, не буду

Ў мазура рабыня-а-ай-ой!

Лепей хай мяне прыцісне

Ды цяжкою скрыня-а-ай-ой!

Гэты куплет падхапілі ўсе:

― Лепей хай мяне прыцісне

Ды цяжкою скрыня-а-ай-ой!

Яны граблі ўва ўсе сілы і гарлапанілі:

― Не пайду я! не пайду я

Ў палон да варанга-а-а-ой!

Лепей, братцы, захлынуся

Недаспелай брага-а-ай-ой!

Шэры вылез з-пад ног Воўча, выцягнуў пысу ўверх і пачаў падвываць. А песня працягвалася:

― Ой, не трэба! ой, не трэба

Мне ў паны куява-а-а-ой!

Лепей, людцы, задушуся

Вузкаю халява-а-а-ой!

Хочу быці! хочу быці

Я сярод яцвяга-а-аў-ой!

Толькі тут змагу здаволіць

Жыццёвую смагу-у-у-ой!

― У-у! У-у-у-у-у-у-у! ― гэта Шэры не паспеў скончыць разам з усімі, што, пасля імгненнай паўзы, вызвала дружны рогат. Ён здзіўлена глядзеў на раптам звар’яцеўшых людзей, і не ведаў, крыўдзіцца яму ці не.

Ішоў час, а яны граблі і спявалі. Усе песні, якія ведалі. Страх з журбою пакінулі іх. Узышоў месяц, прабіваючы тусклае святло скрозь начную смугу. А яны спявалі і граблі.

Сілы ўжо пакідалі іх, калі надыйшоў ранак.

Глава 32.

Дрэвіла і Ізгой

Першы раз Дрэвіла адчуў на сябе чыйсці погляд, калі пераходзіў пяшчаную пустэчу паміж высокімі, з рэдкімі падлескамі, хваёвымі барамі. Ён не азірнуўся, не падаў выгляду. Падумаў, што гэта які-небудзь звер, што ў той жа час апынуўся каля гэтай прагаліны, назірае за ім, і таму без увагі паглыбіўся ў лес на працілеглым боку пустэчы.

Другі раз гэта здарылася, калі ён ізноў спусціўся ўніз і выйшаў да хмызнякоў, што раслі ўздоўж балота, па ўскрайку якога працякаў ручай. Дрэвіла меўся папоўніць вадою мех, бо днямі стаяла спякота, і піць прыходзілася часта. І на гэты раз ён не азіраўся відавочна, рухаўся нібыта звычайна, але так, каб можна было непрыкметна аглядзець усе накірункі. Ён нікога не ўбачыў, аднак інстынкт выведніка, спрактыкаваны і не аднойчы правераны, падказваў, што хтосці за ім назірае.

― “Хто? Чалавек ці звер? А можа, Лазавік хоча прычапіцца?” ― разважаў пра сябе Дрэвіла, ― “Што ж, зараз праверым.”

І ён пайшоў ад балота, ведаючы, што ні аднавокі, з доўгаю пугаю ў руках, барадаты Лазавік, ні брудны таўстун Балотнік, ніколі не выходзяць з балота. Нават гаспадар усіх балотных нячысцікаў Кадук, а і той рэдка калі пакідае балота, ды і то гэта можа адбыцца толькі на світанні, а таксама ў поўдзень ці ў самую поўнач. Праўда, шкоды супраць людзей ён любіць выдумваць. Дрэвіла хутка вярнуўся ў лес і палічыў, што адарваўся ад назірання.

Але ненадоўга.

Калі ён ізноў наблізіўся да Зэльвы, якая ў гэтым месцы нясла свае прахалодныя струмяні на поўнач, то ў трэці раз адчуў на сваёй патыліцы чужы позірк. Увечары, калі ўсе рэчы набываюць смутныя абрысы, Дрэвіла на момант сярод дрэў прыкмеціў кудлатую, падобную на чалавека, постаць, якая тут жа знікла.

І Дрэвіла зразумеў, што мае клопаты.

― “Няўжо я патрывожыў Лешага? Няўжо выпадкова перайшоў яго любімую сцяжыну?”

Ён ведаў яшчэ з маленства, што Лешы ― пярэварацень, можа мяняцца ў росце і прыймаць разнастайныя абліччы ― чалавека, звера, птушкі. Але ведаў і як ашукаць яго. Таму раптам змяніў кірунак руху і нейкі час крочыў у іншы бок. На невялічкай паляне спыніўся і прамовіў да лесу:

― Я пайду туды, ― паказаў рукой на поўнач, а сам схаваўся сярод ядлоўцаў, пераапрануў верхняе адзенне навыварат, перавярнуў шапку задам наперад і хуценька папоўз, а потым, прыгнуўшыся, пакрочыў у іншы бок ― на ўсход.

Не дапамагло.

Калі ён пачаў шукаць месца пераправы праз Зэльву, то знянацку азірнуўшыся на нейкі незразумелы шум ззаду, ўбачыў прыгажуна аленя, які бег на вадапой, і, натыкнуўшыся на чалавека, рэзка кінуўся ўбок, не разбіраючы дарогі і ламаючы малады падрост. У гэты ж момант многа далей на звярынай сцежцы, Дрэвіле ізноў на імгненне трапіла на вочы не паспеўшая своечасова схавацца змрочная кудлатая постаць.

― “Та-ак! штож ты за нячысцік такі?” ― думаў Дрэвіла, ― “Ты не Балотнік, і не Лешы. Лешы не стаў бы так доўга хавацца ад чалавека, а ты не падыходзіш блізка, нібыта баішся мяне. Ну і чорт з табой, я буду рабіць сваю справу. Канечне, з засцярогай.”

І ён, нібыта ні аб чым не здагадваючыся, пачаў выбіраць месца пераправы. Гэта была нялёгкая задача, бо Зэльва мела даволі шырокую і балоцістую даліну, якая добра праглядалася на вялікай адлегласці. А яму трэба было знайсці такую мясцовасць, дзе даліна была як мага больш вузкай, каб лес падступаў бліжэй да рэчышча. Ён падняўся на высокі пагорак, адкуль рака добра была відаць на многія палёты стралы. Каб убачыць мясцовасць яшчэ далей, залез на высокую яліну, прымасціўся на адной з галін спіной да ствала, прыставіў далонь да ілба над самымі вачыма, і доўга вывучаў даліну. Прыгожае царства раслін адкрывалася яму ў абодва бакі, пакуль бачыла вока. Тут панавала мноства адценняў зялёнага колеру, ад змрочных цёмных ельнікаў да светлых бяроз і амаль бялявых крон таполяў, сярод якіх укліньваліся кучаравыя шапкі дубоў ды клёнаў. На ўзгорках мясціліся хваёвыя бары са стройнымі бронзастволымі дрэвамі. І зверху, і знізу снавалі па сваіх справах птушкі. Журавель некалькі разоў пракурлыкаў за бліжэйшым гаем. Далёка на поўначы, на самым гарызонце, праз шырокі прастор балота, віднеўся светлы дым яцвяскага паселішча. На поўдні таксама былі балоты хоць і не такія шырокія. Але болей усяго Дрэвіла ўглядаўся ў той кавалак рэчышча, што быў проста перад ім. Тут высокія берагі найболей блізка падыходзілі адзін да другога. Некалькі невялічкіх прытокаў праз лес прабіваліся да Зэльвы, хаваючыся ў непралазных гушчарах. Ён выглядзеў падыходзячае месца і пачаў бязгучна спускацца ўніз, ступаючы нібыта па лесвіце па зручным яловым галінам, якія раслі гарызантальна ад ствала. Паглядзеў уніз скрозь мноства гэтых галін, тырчашчых са ствала ў розныя бакі і трыху замінаючых бачыць зямлю пад дрэвам і… Проста пад ім, абапёршыся адной рукой аб ствол ягонай яліны, стаяла незразумелая постаць і збянтэжана круціла касматай галавой ў розныя бакі.

50
{"b":"822260","o":1}