Увесь час маўчалі, напружана працавалі вёсламі. Калі даволі многа адмахалі ад Рудавы, наперадзе здаўся Ашчэп ― невялічкі паляўнічы прытулак у выглядзе прыземістага будана, зробленага з тоўстых жэрдак і трыснягу. Прысталі і сядзелі ціха, прыслухоўваючыся да навакольных гукаў, якіх шмат даносілася з бліжэйшага лесу і больш дальняга балота. Калі запэўніліся, што сярод іх няма гукаў, створаных чалавекам, Роздум некалькі разоў па-птушынаму свіснуў. Праз нейкі час Шэры насцярожыўся. З нешырокага ручая, што ўпадаў у Нараў трыху вышэй па плыні, данесліся ціхія выплескі і, праз нейкі час адтуль выйшаў човен. Правіў чоўнам Ятэль, і быў ён не адзін. На дне, на бярэмі сена ляжала Баюта, клапатліва накрытая шкурай аленя. Жывая. А быццам і нежывая. Твар збялелы і нерухомы. Вочы адкрытыя, часам яна марудна пераводзіла іх з аднаго чалавека на другога, не пазнаючы. Дзяўчыну вынеслі на бераг. Роздум развёў вогнішча, паклікаў Воўча і доўга вядзьмарыў каля агню, часам штосці шэптам тлумачачы. Яны раз-пораз адыходзілі ў лес, прыносілі нейкія травы, кідалі іх адны ў вогнішча, другія ў гаршчок, што прымацавалі над агнём. Роздум увесь час нашэптваў, Воўч прыслухоўваўся, імкнуўся зразумець і запомніць, і калі вядзьмар паўтараў заклён, далучаў і свой голас. Але нічога не дапамагала.
Ятэль надта хваляваўся за сястру, часам употай выціраў рукавом слязу. Няўжо ўсе іхнія потугі пойдуць прахам, і Баюта памрэ? Гэтае пытанне хвалявала і астатніх, таму было нявесела. Нават сонца, якое прабілася скрозь смугу, не падняло настрою вандроўнікам. Так моўчкі яны і граблі рэшту дня.
Лясныя насельнікі не падзялялі іхняга смутку. Безліч птушак лётала, плавала, нырала, крычала, шчабятала і свістала. Часам чулася бульканне бугая. Чаротаўкі сустракаліся на кожным кроку, без стомы пырхаючы са сцябла на сцябло. Царом па птушыных галасах быў журавель. Асцярожны, ён амаль не паказваўся людзям, але раптоўнае блізкае курлыканне біла па вухах, аддаючы эхам ад лясных купін, што месціліся на далёкіх узвышшах.
Лёгкія чоўны рухаліся досыць хутка, нягледзячы на тое, што пхнуліся супраць плыні. Гэтым днём разлічвалі як мага хутчэй прасунуцца скрозь край Дзікага Балота, дайсці да Мядзянвы і павярнуць па ёй на поўнач. Наступнымі днямі пройдуць да вытока, дзе іх чакае цяжкі волак. Потым Рось. І як яшчэ далёка да Нёмана! А тым болей да Маўчады.
Шэры раптам схамянуўся і ледзь чутна заскуголіў, паводзячы носам. З-за зваротка насустрач няспешна выйшаў човен. На ім сядзеў і драмаў стары яцвяг, у якім Ятэль адразу пазнаў паляўнічага Мінтеля. Ён жыў адзінцом, падоўгу знікаючы ў балотах або ў лесе. Стары расплюшчыў вочы і адразу пачаў мацаць рукамі, шукаючы лук, але ўбачыўшы Ятэля, супакоіўся.
― Ну-у, дзеду! Цябе супастат ужо пяць разоў мог бы падстрэліць, ― сказаў Чмель, калі чоўны параўняліся.
― Ятэль, што гэта за людзі?― разгублена спытаў Мінтэль, пераводзячы погляд з адного на другога, ― І чаго гэта вас чорт нясе да Дзікага Балота?
― Добры дзень, дзядуля! ― адказаў Ятэль, ― пэўна, вы ўжо даўно не былі дома. Гэта дрыгавічы, госці нашыя. А цяпер мы з імі ў Дайнову едзем, таксама ў госці.
― І як гэта вы ўжо паспелі падружыцца з дрыгавічамі? Але, калі людзі вы добрыя, то добры дзень вам усім.
І, канечне ж, ён убачыў Баюту, якая па-ранейшаму ляжала на дне чоўна.
― А што з дзяўчынай здарылася?
― Прыхварэла, дзядуля, ― адказаў Ятэль, ― але нічога страшнага.
― Хіба гэта Баюта, краса нашая?
― Яна, дзеду, яна.
― А-яй! Не пазнаць, збялела ўся. І навошта вы яе з сабой цягнеце? Паварочвайце чоўны назад. Там вешчуны дапамогуць. Бо наперадзе доўга людзей не сустрэнеце.
― У нас свой лекар ёсць, ― гаворку падтрымліваў толькі Ятэль.
Мінтель даўно не бачыў людзей, яму было ў жадобу пагаманіць. Прыйшлося хлопцу расказваць пра ўсе навіны. Змаўчаў толькі пра ахвярапрынашэнне. Стары паляўнічы паказаў сваю здабычу, а яна была немалая, ― разабраная тушка казулі, старанна накрытая травой, поў-тузіна яшчэ неабшчапаных качак, а на прытарочанай да чоўна тоўстай лазіне выгіналіся пад вадой пара добрых шчупакоў.
Дрыгавічы маўчалі. Настрой быў нядобры, а стаў яшчэ хужэй, нягледзячы на тое, што стары Мітель падарыў ім на абед пару качак. Прайшоў пэўны час, калі ён адплыў у сваім кірунку, а вандроўнікі прадоўжылі шлях.
― Вешчуны не даруюць нам! Для іх выкраданне ахвяры ― гэта вялікая абраза, і пакараннем можа быць толькі смерць! Цяпер яны пашлюць за намі пагоню, ― сказаў пргнечаны нежаданай сустрэчай Ятэль.
Сталі падлічваць, колькі патрабуецца часу, каб моцным грабцам дагнаць іх. Выйшла найбольш дні тры. Калі яны не будуць стаяць на месцы, а Мітель не будзе спяшацца да Рудавы. Але ён будзе спяшацца, бо вязе мяса, якое можа сапсавацца.
Схавацца? Дык яцвягі высачаць па слядах. Зрабіць засаду? Лепей было тады забіць Мінтэля. Нікому з іх не хацелася забіваць старога без віны. Не па-людску. Трэба ўцякаць. Але як уцячы ад хуткіх чоўнаў, калі на іх будзе па па трое ці чацвёра моцных грабцоў? А як дагоняць, то жывымі уцекачам не застацца. Усе пойдуць у ахвяру Яшчару.
Так думаў кожны з іх, адначасова не забываючы грэбці. Вось і вусце Мядзянвы.
― Я прыдумаў! ― знянацку сказаў Роздум, ― Мы не пойдзем па Мядзянве.
― Як гэта? ― запытаў Востравух, ― а куды ж мы пойдзем?
― Слухайце мяне, ― Роздум пачакаў, пакуль чоўны збяруцца разам, ― у Дзікім Балоце мае свой пачатак не толькі Нараў. Адсюль жа выцякае і Ясельда, толькі не на захад, як Нараў, а ў процілеглы бок.
― А як жа мы дахаты патрапім? ― спытаў Чмель задуменна.
― Не ведаю, ― адказаў Роздум, ― але калі пойдзем па Мядзянве, то ніяк не патрапім, бо нас дагоняць.
― А куды ж тады мы патрапім? ― Воўч абводзіў вачамі твары дарослых спадарожнікаў, шукаючы адказу.
― Вакол Дзікага балота уладанні яцвягаў, ― сказаў Ятэль.
― Так, ― пацвердзіў Роздум, ― і па Ясельдзе таксама. Але не па ўсёй. ― ён паказаў рукой на ўсход, ― Дзесці там далёка жывуць дрыгавічы. Бо па Ясельдзе можна трапіць нават у Прыпяць. Не адразу толькі. Мне старыя людзі казалі, што Ясельда уліваецца ў Піну, а ўжо Піна ― у Прыпяць.
― Але да Нёмана ніводная з гэтых рэк не ідзе! ― з адчаем выклікнуў Востравух.
― Не ідзе то не ідзе, ― уступіў у размову Чмель, ― ды якімсці чынам трапляюць жа дрыгавічы ў Панямонне.
― Тут яшчэ адна акалічнасць, ― заклапочана сказаў Роздум, ― калі пагоня не будзе бачыць нашых слядоў на Мядзянве, то рана ці позна яцвягі здагадаюцца, што нас там не было. Трэба неяк хітрэй дзейнічаць.
― Дзядзка Роздум, а якія ж сляды на вадзе? ― здзівіўся Ежка.
Роздум паблажліва паглядзеў на хлопца:
― Дасведчаны следапыт, браток, знойдзе сляды. Тутэйшыя яцвягі добрыя паляўнічыя і рыбакі. І на балотах гэтых яны як дома.
― Трэба падмануць пагоню, ― прапанаваў Ятэль, ― давайце трохі праплывем па Мядзянве, наробім там слядоў, а потым вернемся і пойдзем уверх па Нараву.
Усе згадзіліся, што гэта добрая прапанова. Але на Мядзянву “рабіць сляды” вырашылі ісці толькі аднім чоўнам ― Роздуму з Воўчам.
― Вы ж глядзіце, не перастарайцеся, каб не западозрылі! ― крыкнуў ім услед Чмель.
Астатнія чоўны пайшлі далей уверх па Нараву, і вандроўнікі імкнуліся не пакідаць слядоў на нешырокай ужо ў гэтым месцы раце, якая з берагоў была парослая чаротам і другімі раслінамі, а зверху апускалі свае доўгія галіны прыбярэжныя вербы.
Роздум з Воўчам, а з імі Шэры, даволі доўга плылі ўверх па Мядзянве. Паабапал русла, пакуль бачыла вока, распасціралася балота. І толькі дзе-нідзе сустракаліся невялічкія грудкі з чахлымі дрэвамі. На адным з такіх грудкоў, да якога шчыльна падыходзіла рэчышча, яны зрабілі прывал. Трыху пад’елі, адпачылі. Потым ізноў прайшлі нейкі час у тым жа кірунку. Роздум заламаў галіну вярбы, якая схілялася да самай вады і абмінуць яе было нельга, пасля чаго яны на адным з шматлікіх пашырэнняў плыні развярнулі човен у адваротны бок.
Сонца прайшло чвэрць дзённага шляху, пакуль вандроўнікі зноў сабраліся разам. Рэчышча Нарава рабілася ўсё танчэйшае, пакуль не згубілася зусім. Адкрытая вада ў выглядзе невялічкіх азярцоў, а і тыя былі амаль цалкам зацягнутыя раскай, чарадавалася з месцамі, зарослымі трыснягом, чаротам і ідругімі разнастайнымі травамі. Гэта былі самыя глухія нетры Дзікага Балота. Людзі, нават яцвягі, амаль не бывалі тут, бо лічылі гэтыя месцы прапашчымі. Не адзін чалавек, апынуўшыся ў балоце па надзвычайнай патрэбе або ад празмернай удаласці, знайшоў тут апошні прытулак. Толькі раз у, можа, гадоў пяць, адчайныя маладыя яцвягі, каб паказаць сваю адвагу, некалькімі чоўнамі праходзілі па балоту з Нарава ў Ясельду. І рэдка калі не гублялі аднаго ці дзвух сваіх сяброў.