― “Ён згубіў след,” ― зразумеў Дрэвіла і раптам успомніў, што ўсе свае рэчы, у тым ліку лук, суліцы і меч павесіў на ніжніх галінах, каб не заміналі лезці на дрэва. Тыя галіны не былі ля самай зямлі, але калі гэтая пачвара падыме вочы даверху, то ўбачыць і досыць лёгка зможа завалодаць ягонай зброяй. І тады…
― О-о-ў-у-о-о-о-о!!! ― Дрэвіла знянацку з усёй сваёй моцы зароў унутрычэраўным голасам, пераймаючы мядзведзю, скочыў на канцы галін і заслізгаў па іх уніз, зрэдку хапаючыся за калючыя лапіны, каб сцішыць ход і не разбіцца.
Калі ён апынуўся на зямлі, там ужо нікога не было. Па адбітках на тоўстым моху выходзіла, што след быў чалавечы. Ён не паспеў вырашыць, добра гэта ці дрэнна, як успомніў, што многія нячысцікі могуць ператварацца у каго захочуць і імітаваць якія захочуць сляды.
― “Перайду Зэльву і падумаю, як ад цябе пазбавіцца!” ― вырашыў выведнік.
Перапраўляўся на прадвячорку. Пазбегнуць балота ўсёткі не ўдалося. Нешырокае ў гэтым месцы, яно спачатку мела цвёрдае дно пад нагамі, але перад адкрытаю вадой Дрэвіла патрапіў на дрыгву. Старанна выбіраў месца, куды можна было ступіць. Купіны з густой травой, напаўзгнілыя слізкія ствалы невялічкіх дрэў, што ўпалі, не вытрымаўшы суровых умоў, часам можна было паставіць нагу шчыльна да камля маладога дрэўца, якое яшчэ чаплялася за жыццё ў гэтым мокрым хісткім асяроддзі. Да адкрытай вады было ўжо зусім блізка. Дрэвіла паправіў на плячы зброю, зрабіў наступны крок… і праваліўся праз ненадзейны дыван з пераплеценых карэнняў балотных раслін. Ён хацеў намацаць пад сабой цвёрдае, але ногі боўталіся, не знаходзячы аніякай апоры. Дрыгва хутка зацягвала. Дрэвіла паклаў на паверхню звязаныя разам суліцы і, абапёршыся аб іх, рызыкуючы зламаць тонкія тронакі, дацягнуўся да моцнага ствала маладой бярозы. Схапіўшыся за яго, неймаверным высілкам вырваў сябе з дрыгвы і, адпіхнуўшыся ад выратавальнага дрэўца, апынуўся ў адкрытай вадзе ракі. Плынь панесла яго, і Дрэвіла паплыў з дапамогай толькі ног, бо рукі былі занятыя зброяй, да процілеглага берага. Калі пад нагамі з’явілася цвёрдае дно, ён азірнуўся… На тым беразе, адкуль ён сышоў, з хмызняку тырчала кудлатая галава з пранізлівымі вачамі. Пачвара з цікавасцю назірала за барацьбой чалавека з дрыгвой, захапілася, і неадразу сцяміла, што чалавек таксама глядзіць на яе. У наступны момант яна знікла, але Дрэвіла паспеў улавіць на ёй выраз разгубленнасці.
Выведнік вылез на бераг і атуліўся сярод бліжэйшых дрэў. Ён не спяшаўся адыходзіць ад ракі, залёг у высокай траве, і назіраў. Калі нячысцік пойдзе за ім, то тут Дрэвіла яго і сустрэне.
Звечарэла, потым і зусім сцямнела. Ніхто на рацэ не з’явіўся.
…Ізгой зразумеў, што надышла пара дзейнічаць рашуча, бо калі ён прамарудзіць, то ягоная ахвяра сыдзе са знаёмых месцаў і зладзіцца з ім будзе цяжэй. Ён не рызыкнуў перапраўляцца скрозь Зэльву па следзе чалавека, бо добра памятаў той раптоўны страх, што апанаваў ім, калі зверху яліны хтосьці зароў і пачаў валіцца проста на яго. Ён цяпер сам не разумеў, як здолеў тады збегчы. Таму адвярнуў далёка ўбок, знайшоў спадручнае месца, і без прыгод пераплыў раку. Сустрэча з позіркам сваёй, як ён лічыў, ахвяры, збянтэжыла. Ён доўга знаходзіўся пад уплывам гэтай акалічнасці і ачуўся, калі ўжо стала зусім цёмна.
― “Пара!” ― сказаў ён пра сябе, і пашыбаваў да знаёмага месца, якое мімаволі паўстала ў ягонай галаве. Чым больш ён думаў, тым больш разумеў, што месца гэтае было найлепшым для ажыццяўлення мэты ― вузкая гарлавіна паміж выгібамі Зэльвы якраз насупраць таго балотца, дзе перапраўляўся чалавек. Яму не мінуць гарлавіны, калі пасунецца шукаць выйсця з даліны ракі. Ізгой са спрытам звера залез ў густую крону яліны, якая стаяла панад звярынай сцежкай.
― “Тут я цябе й перайму,” ― вырашыў ён і прыгатаваўся чакаць, калі чалавек апынецца пад ім.
Ішоў час. Месяц выйшаў з-за крон дрэў і паціху пакаціўся па небу. Чалавек не з’яўляўся.
―” І дзе ж цябе нячысцікі носяць?” ― думаў ізгой, седзячы на яліне.
Прайшло яшчэ нямала часу, калі ён зразумеў, што чалавек не з’явіцца. І як ён ні ўглядаўся і ні прыслухоўваўся да гукаў начнога лесу, прысутнасці таго не выявіў.
― “Та-ак! Няўжож ты залёг спаць?” ― разважаў ізгой, ― “Не! Павінен быў адыйсці куды-небудзь, бо бачыў мяне на тым беразе.”
Ён яшчэ нейкі час прасядзеў на дрэве, потым, адчуўшы безнадзейнасць гэтага сядзення, бязгучна спусціўся на зямлю, і , імкнучыся гэтак жа бязгучна ступаць па лясным падсціле, павольна пасунуўся да ракі.
Толькі адзін раз, зусім ціха, хруснула сухая галінка пад ягонай нагой.
А Дрэвіла ўсеткі пачуў. Ён даўно ўжо ляжаў нерухома, замаскіраваўшыся мохам і травой, пад разгалістым карчом ляшчыны і назіраў у няясным святле маладога месяца за высокай ялінай, якая стаяла на пярэсмыку паміж петлямі Зяльвы. Ён залёг тут раней, чым сюды прыйшла таямнічая пачвара, бачыў, як тая лоўка залезла на дрэва. Дрэвіла таксама зразумеў зручнасць гэтага месца для засады і тое, што калі невядомы высочвае яго, то рана ці позна прыйдзе сюды. Але да апошняга моманту ён не ведаў, з кім мае справу ― з чалавекам ці з нячысцікам. І толькі калі хруснула галінка, яму стала зразумела ― гэта чалавек! Цяпер усе ягоныя дзеянні былі накіраваныя супраць чалавека. Перамогшы суперніка ў чаканні і цярпенні, ён набыў важную первагу, бо той вымушаны быў перасоўвацца, а яму не было патрэбы варушыцца, а толькі чакаць.
…Калі Дрэвілу, як і другіх іншых юнакоў з розных родаў, калісьці адабралі ў дружыну да конязя, то, падвучыўшы крыху ваярскай справе, аддалі іх усіх на нейкі час у рукі да самых дасведчаных выведнікаў. Тыя вучылі маладых рукапашным прыёмам бою, і пільна прыглядаліся да іх, вышукваючы такіх, з якіх можна было б зрабіць сабе памагатых. У Дрэвіле такія здольнасці заўважылі, а калі прыглядзеліся лепей, дык вывявілі ў ім і рэдкі дар адчуваць прысутнасць і рух жывой істоты, не бачачы і не чуючы яе. З часам ён стаў знакамітым сярод выведнікаў Волада…
Ізгой, без конца бадзяючыся па лесе і нярэдка трапляючы ў небяспечнае становішча, таксама паступова набыў падобныя здольнасці.
Цяпер яны знаходзіліся ў некалькіх кроках адзін ад другога, і добра адчувалі гэта, імкнучыся нічым не выдаць сваю прысутнасць. Ніхто не жадаў пачынаць першы. Абодва былі ў страшэннай напрузе. Ноч марудна цягнулася, пасылаючы да іх з розных бакоў свае гукі. Але ізгой і выведнік прагнулі пачуць толькі той гук, які будзе азначаць пачатак дзеяння суперніка.
Дрэвіла адчуваў ізгоя і ведаў ягоны намер.
Ізгой адчуваў Дрэвілу, але не ведаў, у якім той становішчы – спіць, знаходзіцца ў паўдрымоце, ці гэтак жа прыслухоўваецца да наваколля? Ён жадаў ведаць гэта напэўна, сцісківаючы ў адной руцэ булаву, а ў другой камень, які падабраў тут жа.
― “Зараз я цябе ўхайдокаю,” ― думаў ізгой, ― “і ўсё, што ты маеш, будзе маім!”
Ён з апошніх сілаў стрымліваў сябе, чакаючы сам не ведаючы, чаго. І такі дачакаўся, бо з-пад карча ляшчыны, што знаходзіўся проста перад ім, пачулася соннае сапенне.
Ізгой кінуў камень, але не ў корч, а трыху ўбок, каб адцягнуць увагу і не быць сустрэнутым выстаўленай суліцай. Адначасова ён скочыў да карча і з усёй сілы апусціў дубіну, са здавальненнем адчуваючы, што патрапіў у пругкае. Радасць была нядоўгай, бо ў гэты ж момант штосці рэзанула яго пад каленам і ён зенчыў ад болю. Ён яшчэ здолеў перахапіць дрэвіліну руку з нажом, але, спрабуючы вывернуць яе, тут жа атрымаў скрушальны ўдар кулаком у кадык.
― Ах ты ж гад! ―прамовіў Дрэвіла, выціраючы корд і хаваючы яго ў похвы, ― дастаў такі мяне сваёй булавой, ― і знясілена апусціўся на зямлю побач з кудлатай істотай, адчуваючы, як вышэй калена ўзмацняецца пульсавалы боль. Маладзік выглянуў з-за воблака, асвятліўшы твар ворага. Той паміраў, кроў булькала ў горле. Але вочы былі ясныя і позірк асэнсаваны.
― Ты хто? ― спытаў Дрэвіла.
― Я! Я! ― паміраючы штосьці жадаў сказаць, але бульканне ў горле замінала яму, ― ізгой я… ― разабраў Дрэвіла.