Яцвягі былі ўпэўненыя, што іх ніхто не чуе, ды памыляліся. Дрыгавіцкі паўзун-выведнік даўно назіраў за заставай, вывучаючы маршруты начных яцвяжскіх дазораў. Не застаўся без увагі і прыезд Комата. Днём немагчыма было падабрацца блізка з-за сабак. А калі дазоры з сабакамі адыйшлі, выведнік рызыкнуў. Бязгучна, зліўшыся з асяродзем, ад карча да карча, сам замаскіраваны мохам і раслінамі, падпоўз пад самыя дзверы будана. Ён выслухаў усю размову Комата і Стакуця, і гэтак жа бязгучна адпоўз назад. Калі да леса, дзе яго чакаў напарнік, заставалася чвэрць палёту стралы, ззаду пачуўся брэх. Такі ўнюхалі! Сабака асцярвянела ірваўся да паўзуна, але ў апошнім скачку быў звалены кінутым насустрач нажом, коратка енкнуўшы. Стрэлы старожы свіснулі над галавой. Цяпер трэба бегчы. Вось і лес. Тут чакае напарнік. Удвух можна адбіцца! Але што гэта? Страла прабіла навылет, прайшоўшы скрозь рэбры. Напарнік кінуўся да яго.
― Дрэвіла, слухай, ― прашаптаў паўзун, ― Комат задумаў здраду! Яцвягі гатуюць напад. Перадай Воладу. Цяпер уцякай! Я затрымаю пагоню.
― Але ж, Ветыш, адаб’емся!
― Не адаб’емся! Гэта вельмі важна! Бяжы! Думаць няма калі. Прыхіні мяне спіной да дрэва, дай лук. Вітай, Дрэвіла. Не памінай ліхам…
Набягаючая старожа нарвалася на стрэлы. Прыйшлося зайсці збоку. Яцвягі ўзялі Ветыша жывым, але пакуль давалаклі да заставы, ён памёр ад ран.
― Ці ён быў адзін? ― спытаў Комат.
― Мабыць, адзін. Уранку праверым па слядах.
Гэта была памылка, бо пад ранак абрынуўся густы лівень, які змыў усе сляды на пясчанай пустэчы ў наваколлі Лазіскавай гары, а па лясной сцежцы, па якой уцякаў Дрэвіла, ужо пасля дажджу прабег статак кабаноў. Гэта давала шанец пазбегнуць пагоні. Але ці ўдасца самотнаму выведніку прапхнуцца скрозь яцвяскія лясы, перайсці рэкі і балоты, і дабрацца да сваіх?..
…Волак заняў два дні. Ім даўно не хадзілі, прыйшлося чысціць ад пораслі. Чоўны пераносілі на руках, ладдзі ставілі на каткі з ствалоў дрэў. Запрагалі коней, запрагаліся людзі. І цягнулі, цягнулі. Воўч з Ежкам таксама працавалі. Яны падбіралі ззаду каткі і хуценька пераносілі іх наперад, раскладаючы перад суднам, якое валаклося. Нарэшце сталі на невялічкі пакуль струмень Мядзяны. Прасоўваліся цяжка, бо русла пятляла і было месцамі заваленае дрэвамі, якія прыходзілася разбіраць. У справу ішлі сякеры. Коней ізноў вялі берагам па звярыным сцежкам. Сталі насупраць узгорка, які маў назву Гара Судава. Наверсе віднелася старая бажніца яцвяскага племені судаваў-судзінаў. Чалавечага жытла ў акрузе не мелася. Толькі каля рэчышча Мядзянвы адгадваліся парослыя дрэвамі рэшткі колішняга паселішча, даўно пакінутага.
― Не замацаваліся тут людзі, ― ў роздуме прамовіў Комат, ― надта дзікае і глухое месца. Вось выйдзем на балота, самі ўбачыце.
Сурова глядзелі счарнелыя выявы судзінскіх багоў на людзей, быццам бы папракаючы за сваю закінутасць. Высячаныя з тоўстых дубовых калод, яны павольна паддаваліся ўплыву няўмольнага часу, былі дзе трэснутыя, дзе нахіліўшыся, некаторыя пачалі развальвацца. А ўвогуле былі падобнымі на дрыгавіцкія.
Да бажніцы прывялі дзікага казла, якога злавілі ўчора. Жывёлу зарэзалі, злілі кроў на ахвярны камень, дасталі сэрца і таксама паклалі на ахвярнік. Памаліліся. Воўч і Ежка ўжо добра разумелі яцвяскую мову, якая не надта моцна адрознівалася ад дрыгавіцкай. У пачатку ў малітвах ўсё было так, як і ў дрыгавічоў. Але напрыканцы Комат сказаў:
― То дапамажыце нам, багі нашыя шаноўныя, прайсці скрозь Дзікае балота без страт і выйсці да Нарава. Няхай не сустрэнуцца нам Яшчары. Адвядзіце іх ў бок ад нашага шляху.
Яцвягі ўзялі заколатага казла і панеслі да ракі. Паклалі тушу ля самай вады і Комат працягваў малітву:
― Вазьмі, Яшчар, ахвяру нашую. Бяры звера, не чапай людзей. Абыйдзі нас бокам, дай прайсці да Нарава!
…Калі ўранку ўсталі, казла на месцы не было. Па следу зразумелі, што туша была сцягнутая ў ваду. Можна было ўбачыць некалькі невыразных адбіткаў вялізных лап. Гэта быў добры знак, ― Яшчар прыняў ахвяру.
Вандроўнікі ўвайшлі ў бяскрайняе і небяспечае Дзікае Балота. Як толькі высокі бераг знік з поля зроку, над балотам усталявалася бялявая заслона смугі, якая здавалася шчыльнай і ліпкай ад спякоты. Камары, гнюс і авадні няспынна атакавалі, дзеялі многа шкоды нават добра прыстасаваным да балотнага жыцця дрыгавічам. Здавалася , гэтаму не будзе канца. Рэчышча Мядзяны гублялася сярод балотных раслін. Коні на плытах таксама многа цярпелі ад незлічоных казурак, якія заляплялі вочы і ноздры бедных жывёл. На чале першых чоўнаў стаялі сталыя вопытныя яцвягі, якія толькі па ім адным знаёмым прыкметам вялі атрад скрозь балота. Сонца так і не паказалася ні разу за ўвесь дзень. Добра, што балота было глубокае і дазваляла без вялікіх перашкод прасоўвацца не толькі чоўнам і плытам, якія прапіхваліся наперад пры дапамозе двухсажаных тычак, але і ладдзям, меўшым больш глыбінную асадку.
Безліч птушак жыло на балоце і таму не было ні імгнення цішыні, птушыны гоман і плясканне крылаў аб ваду чуліся бесперапынна. Часам у гэты шум ўрывалася нешта другое, што нельга было атаясамліць ні з якім са знаёмых гукаў, і таму страшнае. Перадсмяротныя крыкі жывёл або птушак суправаджаліся гучнымі выплескамі нейкага буйнога стварэння. Шэры ў такія моманты шчэрыў іклы і прыглушана бурчэў. Кроў стыгнула ў жылах людзей. Усе былі ў вялікай напрузе ўвесь дзень, а калі прыйшоў час станавіцца на начлег, то не знайшлося больш-меньш вялікага грудка, каб усім выйсці на бераг. Большасці прышлося заставацца у ладдзях і чоўнах. Некаторыя яцвягі заначавалі на невялікім грудку. Мінулы дзень моцна выматаў, таму пасля вячэры сон хутка змарыў людзей. Востравух, прапанаваў па чарзе не спаць і несці начную варту. Першая палова ночы прайшла спакойна. Ежка пасля Роздума адбыў свой час, абудзіў Воўча і перадаў яму варту. Смуга не разыходзілася. Воўч сядеў поруч борта ладдзі, прытуліўшы да сябе Шэрага і ўслухоўваўся ў начныя гукі. Стаяла цішыня. Толькі здалля часам даносіліся трывожныя галасы балотных птушак. Неўзабаве сярод гэтых гукаў вуха Воўча пачало ўлоўліваць штосьці нязвыклае. Гэта было ледзь чутнае плёсканне. Спачатку далёкае, яно паступова набліжалася. Шэры пачаў ціха скавытаць. Воўч напруджана ўглядаўся ў цемру. Яму здалася нейкая цёмная маса, яна павольна і бязгучна перасоўвалася ў вадзе. Воўч выпусцў Шэрага, аберуч моцна сціснуў вясло і падняў яго лопасцю ўгору. Нейкая пачвара набліжалася да ладдзі. Судна пахіснулася і на борт абапёрлася … шырокая лапа з доўгімі кіпцюрамі, якія былі злучаныя перапонкамі! Вялікая галава з ашчэранай зубастай пашчай паднімалася над ладдзёй. Шэры тонка скавытаў пад нагамі. Ліпкі страх скоўваў ногі і рукі. З апошніх сілаў пераадолеўшы яго, Воўч што-сілы ляснуў па носе пачвары вяслом. Жудасны ніто енк, ніто румз пранёсся над балотам і следам воплеск вялікага цела аб ваду. І зноў цішыня.
― Што там, Воўч? ― прачнуўшыся ад шуму, спытаў Востравух.
― Здаецца, хтосьці хацеў пажывіцца! ― адказаў адрывіста Воўч.
Востравух падняўся, падышоў да Воўча, абняў яго за плячо:
― Чуў я раней аб Яшчарах, ды не верыў. Выходзіць, дарма не верыў.
Рэшту ночы яны вартавалі ўдвух. Калі золак пачаў разбаўляць апраметную цемру, з боку грудка пачуўся працяглы стогн і нягучныя плясканні па вадзе.
Уранку яцвягі не далічыліся аднаго са сваіх, што начавалі на грудку. Як і казла мінулай ноччу, цела нехта сцягнуў у ваду, і таксама засталіся невыразныя адбіткі вялікіх лап…
Яшчару было мала той ахвяры, што людзі дабравольна прынеслі яму. Колькі ж ён возьме яшчэ?
Дзень цягнуўся ў цяжкай працы і трывозе. Твары нават самых бывалых вояў былі напружанымі і засярожанымі. Кожнага бянтэжыла наступная ноч. Мядзяна то паказвалася ў выглядзе вузкага струмяня, то знікала сярод балотных раслін, то стварала невялічкія акруглыя азеркі, з якіх няпроста было знайсці выйсце. Калі плынь рабіла занадта мудрагелістыя выкрутасы, праваднікі вялі напрасткі, праз густыя чароты, потым ізноў выходзілі на струмень. Сонца, як і ўчора, за весь дзень так і не прабілася скрозь смугу, якая выпадала на вопратку і твары драбнюткімі кроплямі. Часам да вільготнай спякоты дадаваліся смуродныя выпарэнні, якія хвалямі напаўзалі аднекуль са змрочных нетраў багны, і станавілася цяжка дыхаць. Калі змрок ізноў пачаў апускацца на балота, высунуліся на даволі вялікі кавалак адкрытай вады. Не было відаць нават невялічкіх грудкоў.