Заруба хуценька зняў з сябе шырокі ільняны пояс, закруціў яго вакол галавы дзяўчыны і ўзваліў абмяклае цела на карак. Цяпер Мурэня толькі глуха стагнала. Ён не ўцякаў проста ад вогнішча, а рушыў убок ад набліжаючыхся галавешак, каб выйсці з-пад пагоні. Яму гэта не зусім удалося, але крайні пераследнік не палез аглядаць шырокі корч, у якім паспеў схавацца выкрадальнік разам са здабычай, а пабег далей, імкнучыся не адстаць ад сваіх. Заруба як мага хутчэй панёс Мурэню да коней.
Дроку ізноў не пашанцавала. Ён не толькі не паспеў выбраць сабе дзяўчыну, але і не здолеў ухіліцца ад пагоні. Калі на яго выбег бліжэйшы пераследнік, ён паспеў падумаць, ― “Ну, гэты занадта малады,” ― і пайшоў на збліжэнне. Памылкай маладога было тое, што ён не паклікаў сваіх, а самаўпэўнена ўступіў у бойку сам на сам. Дрок усё ж такі быў спрытны і бывалы баец. Ён маланкава перахапіў руку з кордам, ірвануў супраціўніка на сябе, адначасова б’ючы пад дых вольнай рукою і падставляючы падножку. Хлопец з уздохам паваліўся на зямлю, страціўшы прытомнасць і выпусціў галавешку, якая закувыркалася па траве, раскідваючы іскры. Гэтыя іскры заўважылі другія і падбеглі.
― Вось ён, злодзей!
― Бі яго!
Дрок зразумеў, што не вырвецца і голасна пракрычаў:
― Э-э-эх! Не чакай мяне, мама! Гуляю я!
Ён стукнуў у сківіцу першага, паднырнуў і заваліў другога, атрымаў сам балючы ўдар у вуха. Адвёў яшчэ адзін удар, ізноў стукнуў сам, ды тут наваліліся на яго ўтрох, заламалі да хруста рукі, утыкнуўся Дрок-Няўдак тварам у глебу і заціх...
Бычань і Заруба пачулі як пракрычаў Дрок і зразумелі, што той уліп. Але крыкам сваім ён даў зразумець, каб яго не чакалі.
― Ах ты, трасца на яго галаву! І навошта мы ўзялі з сабой гэтага Няўдака? ― з прыкрасцю прабурчэў Заруба.
― Паехалі! Зараз мы яму не дапаможам! ― скамандаваў Бычань, ― а прамарудзім, дык і самі пападземся.
Ён падсадзіў на каня Агневу і ўскінуўся ў сядло. Агнева прыціхла, бо зразумела, што справы пайшлі складаней, чым вызначалі мужы. Заруба асцярожна паклаў поперак сядла Мурэню, а сам ускочыў на каня Дрока і ехаў побач, падтрымліваючы дзяўчыну. Ён са здзіўленнем зразумеў, што Бычань прыйняў кірунак зусім не ў бок Ведзьмядзёў, а павярнуў да ракі. Там ён праехаў каля самай вады, паказваючы напрамак уніз па плыні, потым рашуча накіраваў каня ў раку, і калі той зайшоў у глыбіню, злез з яго, рэзка павярнуў поперак стрэжаня, сам паплыў збоку. Заруба без гаворкі паўтараў ягоныя манёўры. Яны пераправіліся на другі бераг, да якога прылягала балота, і зашыліся ў хмызы, зрабіўшы гэта вельмі ўчас, бо праз некалькі імгненняў на бераг выбеглі следапыты з паходнямі, старанна вывучаючы прырэчны пясок. Вось яны знайшлі сляды, прайшлі па ім да вады.
― Яны паплылі з коньмі ўніз па рацэ! ― сказаў першы, а другі моцна свіснуў, клікаючы астатніх. Хутка на беразе сабралася з дзесятак мужоў. Пачуўся цвёрды голас старэйшага:
― Малей! Лупач! Найда! Бярыце човен і даганяйце! Озем! Бекша! Застанецеся каля паланёнага. Астатнія ― хутчэй бяжыце за коньмі і скачыце ў пагоню берагам!
Хутка каля ракі нікога на засталося.
― Заруба, ― ціха сказаў Бычань, ― ты пабудзь тут.
І не чакаючы адказу, бязгучна накіраваўся назад да ракі. Вось ён увайшоў у ваду і нібыта растварыўся ў цёмных бруях Маўчады. Наступіла цішыня, якую праз нейкі час недзе злева парушыў аддалены тупат капытоў. Пагоня пачалася.
Бычань ясцярожна прабіраўся да паляны, дзе толькі што круціліся карагоды і гучалі спевы, а цяпер засталося толькі невялічкае вогнішча, яго падтрымлівалі двое маладых вояў, якіх пакінулі вартаваць Дрока. Дзяўчаты ўцяклі ў паселішча.
Дрок нерухома ляжаў са звязанымі рукамі і нагамі, твар ягоны і адзёжа былі забруджаны зямлёй, на скуле яшчэ не засохла вялікая драпіна. Адзін з вартавых узяў з вогнішча галавешку, наблізіўся да Дрока і пасвяціў на ягоны твар.
― Я цябе, мабыць, ведаю, ― прамовіў ён, ― тваё імя Дрок Няўдак. Ты сапраўды такі няўдачлівы? Нават нявесту сабе ўмыкнуць не здолеў.
Дрок са злосцю глядзеў на маладога.
У гэты момант штосці заварочалася ў цемры каля дрэў у глыбіні лесу, зашкрэблася і застагнала. Другі вартавы ўскочыў, напруджана ўглядаючыся ў накірунку незразумелых гукаў.
― Гэй, хто там? Ці ты мядзведзь, ці ты Лясны Дзед ― ідзі сабе міма дабром!
Але стогны і трэск зламаных сукоў працягваліся, набліжаючыся да паляны. Тады малады вой адважна увайшоў у цемру насустрач гукам, выймаючы з-за пояса корд. Гэта Бычаню й трэба было. Ён адкінуў у бок сукі, якія толькі што ламаў, стогнучы і шкрабучы імі па дрэвах, паспеў яшчэ ступіць некалькі крокаў наперад і залёг пад пышным карчом ядлаўца. Ён добра бачыў постаць маладога ваяра на фоне вогнішча, які працягваў рухацца ў напрамку пачутых гукаў і, калі той параўняўся з карчом, рэзкім ударам нагі выбіў корд з рукі хлопца, рукаяткай свайго корда стукнуў яго па патыліцы і хутка пабег да вогнішча. Калі другі вартавы са здзіўленнем падняўся, ляжачы Дрок звязанымі нагамі шыбануў яму пад каленкі і хлапец паваліўся на бок. Падаспеўшы Бычань тут-жа наваліўся на яго...
Бычань з Дрокам хутка адыходзілі да ракі, а вартаўнікі сядзелі каля вогнішча, самлелыя, звязаныя спіной да спіны тымі самымі вяроўкамі.
...Калі Мурэня апрытомлела і ўбачыла, што знаходзіцца на чужым кані сярод карчоў у балоце, то надта напалохалася і заплакала.
― Мурэнечка, не плач, калі ласка, ― ушчувала яе Агнева, ― а то яшчэ Балотнік ці Лазавік пачуе. Хутка мы паедзем адсюль.
Заруба раскутаў Мурэню, паспрабаваў пагладзіць па валасах, але яна адхіснулася і папрасілася, усхліпваючы:
― Калі ты добры, то адвязі мяне дадому.
― Ну што ты, красуня? Мяне ж людзі засмяюць. Цяпер ты будзеш маёй жонкай.
Непадалёк ледзь чутна раздалося хлюпанне, яно паволі набліжалася. Дзяўчаты задрыжэлі ад страху. Мурэня пачала ціхенька выць.
― Быч! Гэта ты? ― не вытрывала Агнева.
― Мы, мы гэта, ― сцішана, але весела адклікнуўся Бычань.
Калі Заруба перасаджваўся на свайго каня, Мурэня адпіхвала яго. Тады ён сказаў цвёрда:
― Жанчына! Цяпер я твой уладар. Калі станеш добрай гаспадыняй, то будзем і жыць добра.
І Мурэня скарылася.
Бычань разумеў, што па звыклай сцежцы на правым беразе Маўчады ім лепей не вяртацца дадому, бо там яны наірвуцца на пагоню. Таму ён павёў свой невялічкі атрад у абыход. Яшчэ было цёмна, але маладзік паднімаўся паміж дрэвамі і трыху падсвечваў шлях. Хутка яны дабраліся да рэчкі Здятловы і паехалі ўздоўж берагу. Недзе каля Дзікага возера завылі ваўкі. З-падног з шумам адляцелі перапалоханыя спрасонку курапаткі. Дзяўчаты віскнулі. Не паспелі супакоіцца, як зусім блізка голасна загукала сава. Коні стрыглі вухамі. Мужы напруджана ўслухоўваліся. Па вядомым толькі вопытным паляўнічым прыкметам яны адчувалі блізкую прысутнасць драпежнага звера. Праз нейкі час заверашчаў у ельніку заяц. Пэўна трапіўся камусьці ў зубы. Бычань спыніў атрад і зноў доўга прыслухоўваўся да лясных гукаў. Тут Здзятлова паварочвала да Маўчады, у якую хутка і ўлівалася. Вельмі зручнае месца для засады. Бычань не ўлавіў ніводнага гука, які б мог зыходзіць ад чалавека. Тады ён накіраваўся да вады і перайшоў уброд на другі бераг. Астатнія рушылі ўслед. Пасля яны доўга ехалі па ледзь бачным у начы звярыным сцежкам на значнай адлегласці ад Маўчады. Нарэшце пацягнула пахам жытла...
У тую ноч з Ведзьмядзёў таксама выкралі дзяўчыну. Пагоня не дала выніку. Некаторыя бацькі ўбіваліся па дачках, але ўвогуле гэта была звычайная справа ў Ярыліну ноч. Зранку Бычань, Заруба, а таксама іх блізкія сваякі апрануліся па-святочнаму, і на чале з Команем паехалі ў Вусце ладзіць мірам начныя падзеі. Калі яны выехалі з паселішча, з процілеглага боку з Нёмана увайшлі ў Маўчаду чоўны і прысталі каля Ведзьмядзёў. Гэта прыбыў святочны натоўп з Руды ― паселішча, што стаяла на беразе ракі Ізвы пры ўпадзенні яе ў Нёмінь вышэй па плыні ад Ведзьмядзёў. Начныя выкрадальнікі з родзічамі прыехалі шукаць нялёгкай згоды з пакрыўджанымі бацькамі сваёй нявесты. Не адразу, але падвечар справы былі ўладжаныя, і праз колькі дзён адгулялі вяселлі.