А перагаворшчык працягваў:
― Калі пераможа наш конязь, вы аддасцё палон і тое дабро, што нарабавалі, а мы адпусцім вас з мірам! Калі пераможа ваш куніг, мы сыдзем, адкуль прыйшлі!
Нейкі момант пасля гэтай прамовы доўжылася цішыня. Потым прагучаў голас Команя:
― Каня мне!! ― куніг хутка спускаўся з выдмы.
Адначасова напераймы рушылі ваяводы з розных частак яцвяскага войска. Яны добра ведалі нораў свайго правадыра. Яшчэ ніхто не заставаўся жывы з тых людзей, што кідалі яму выклік. Але рана, якую атрымаў куніг, надта саслабіла яго. Магутны Вінсэ і невысокі, камлюкаваты Трайга падбеглі, калі Комат садзіўся на свайго гарачага жарабца. Яны паспелі з дзвух бакоў схапіцца за аброць у той момант, калі жывёла ўжо станавілася на дыбкі. Жарабец не змог перасіліць Вінсэ і Трайгу і нізка асеў на заднія ногі. Комат ледзьве утрымаўся ў сядле.
― Адыйдзі!! Забью!!! ― дзікім голасам прагыркаў ён, выхапіў з похваў меч і замахнуўся. Вінсэ і Трайга не прыслабілі хваткі, не зрабілі ніякіх рухаў, каб абараніцца, і не адвярнулі твараў, чакаючы, на каго ж з іх прыйдзецца ўдар правадыра.
― Комат!!! Раздумайся!!! ― грамавым голасам крыкнуў, падбягаючы, вож крысменцаў Скума.
Конь Комата хутка перабіраў нагамі і зноў спрабаваў падняцца на дыбы. Куніг круціў над галавой меч:
― А-адпусці!! Забью!
Але ваяводы моцна трымалі аброць.
― Куніг!! Ці акрамя цябе няма герояў у яцвягаў?! ― крычаў падаспеўшы вож злінцаў Вада, хапаючы яго за стрэмя.
Нейкі час конь з вершнікам і трымаючыя яго людзі напружана моўчкі тапталіся на месцы.
― А-а-а!! Пярун вас трэсні! ― і Комат з сілай увагнаў меч у похвы…
Нейкі час яцвяскія правадыры раіліся. Памаранскі ваявода цярпліва чакаў адказу. Сярод простых ратнікаў запанавала цішыня. Нарэшце ад яцвягаў наперад выехаў Скума. Яму даручылі абвясціць рашэнне ваеннай рады яцвягаў.
― Наш адказ на вашую прапанову! Нашаму слаўнаму кунігу няма роўных у двубоі! Але ён паранены і страціў многа крыві!
Скума пачакаў, як адрэагуюць памаране на гэтыя словы. Памаране маўчалі. Гэта можна было лычыць праявай паважлівага стаўлення да ранення Комата.
― Што датычыць да здабычы, то яна і так нашая! І ніхто не зможа яе адабраць.
Глухі гоман прайшоў па радах памаранскіх вояў:
― Чаго Кашэба чакае?
― Навошта збіраў нас?
― Што тут размазваць, ваяваць трэба!
Скума падняў руку:
― Але мы таксама не жадаем непатрэбнай крыві. І таму прапануем тры двубоі. Першы ― вершнікі на мячах! Другі ― пешыя на сякерах! Трэці ― пешыя з дзідамі! У знак павагі да вашага конязя і вашай смеласці, што вы прыйшлі малым лікам і гатовыя біцца, за кожную перамогу памараніна мы аддамо траціну палону. Пасля двубояў вы адыходзіце і больш не перашкаджаеце нашаму руху.
Памаранскі перагаворшчык скрыгатаў зубамі, калі паварочваў каня. Ён нічога не прамовіў, паехаў да Кашэбы.
Скума застаўся чакаць адказу. Таксама без шалома, цяпер ён быў даступны да трапнага стрэла.
Сёй-той з памаран браў напагатоў стралу, каб паспець застрэліць гэтага нахабнага яцвяга, бо Кашэба не павінен згадзіцца на такую зневажальную прапанову. Напруга ўзрастала з кожным імгненнем. Адзіны заклік заставалася пачуць воям, каб рынуцца на ворага.
Але памаранін вярнуўся. Ён пад’ехаў да Скума і скрозь зубы прамовіў адно слова:
― Згода.
Перагаворшчыкі раз’ехаліся. І памаранскія, і яцвяскія воі мімаволі павесялелі, зразумеўшы, што вялікай крыві на гэты раз не будзе. Усё вырашаць героі. З многіх дабраахвотнікаў, што жадалі здабыць славу, выбіралі самых годных. Ад яцвягаў, каб выбраць вершніка, прыйшлося цягнуць жэрабя паміж ваяводай пакемцаў Вінсэ і ваяводай злінцаў Вада, бо ўмельствам, смеласцю і лютасьцю ў баі, а таксама папярэдняй славай, яны былі роўныя. Жэрабя выпала Вада. На двубой з сякерамі выходзіў дайновец Рытэнь, бо не было яму роўных паміж ваяроў усіх яцвяскіх пляменаў.
Калі пачалі выбіраць трэцяга воя, слова нечакана запатрабаваў Віхура:
― Ніхто не сумняецца, што яцвягі ўмеюць біцца і адвагі ў іх даволі. Але дрыгавічы дасюль не былі ўбаку. І хоць нас нямнога ў вашым войску, але мы просім даць і нашаму вою магчымасць здабыць славу сябе і дрыгавічам.
― Ды вас тут жменя, чаго высоўвацца! ― прагучаў голас з натоўпа яцвяскіх ваяроў, ― гэта наш набег, нам і біцца!
― Так! Сядзелі б сабе ціха! ― падтрымаў яго другі.
― Свой набег ладзьце, там і здабывайце славу!
Вінсэ падняў шчыт і пастукаў па ім мячом. Галасы сціхлі.
― Я не згодзен! Дрыгавічы ў бітвах паказалі сябе не горш за нас. Я абавязаны свайму пабраціму Доўбеню з роду Команяў жыццём. І я такі не адзін!
― Праўда!
― Гэта так!
― Пашанаваць! ― гэта былі галасы тых яцвягаў, што пабраталіся з дрыгавічамі.
― Ну і што з таго!
― У бітве ўсе воі павінны выбаўляць сваіх! ― не згаджаліся іншыя.
― Вось менавіта, сваіх! ― у спрэчку ўступіў Комат. Галасы прыціхлі, ― А калі свае, то маюць права!
Комат паглядзеў у вочы Віхуры:
― Але ці ёсць у вас годны вой? Надта шмат залежыць ад гэтых двубояў.
― Ёсць такі баец! На дзідах яму няма роўных ні сярод нас, ні сярод вас! ― Віхура азірнуўся, ― Гардзей, выходзь!
Гардзей выйшаў з натоўпу і ўздых разчаравання пранёсся ў радах яцвягаў, бо ў іх вачах нічым гэты вой не паказваў, што мае выбітныя здольнасці. Ён быў сярэдняга росту, апрануты хужэй многіх, без абарончых даспехаў, калі не лічыць безрукаўкі з тоўстай бычынай шкуры, з невыразным тварам і шэрымі вачамі, якія спакойна аглядалі натоўп. У руках ягоных была невялікая круглая тарча, зробленая з дубовых плашак і абцягнутая таксама бычынай шкурай, пакрэмзаная шматлікімі баявымі адмецінамі. Рэзка выпіраючы сталёвы умбон тарчы паказваў, што ўжываецца яна не толькі для абароны. У правай руцэ Гардзей трымаў тронак дзіды са ствала маладога граба, таўшчынёй з руку. Доўгі і востры сталевы наканечнік зіхацеў на сонцы. Кароткі корд на шырокім поясе, расшытым дрыгавіцкім узорам, завяршалі яго ўзбраенне.
― Віхура, ці разумеюць твае дрыгавічы, што, калі ваш баец прайграе, то, акрамя яго жыцця, мы ўсе страцім траціну палону? ― запытаў Комат, прыжмурыўшы вочы, нібыта хаваючы ў іх падспудныя агеньчыкі, ― а гэта нашмат больш, чым вашая агульная доля здабычы. Ці згодныя вы рызыкнуць усім, што магло б вам належыць?
― Так, згодныя! ― не задумваючыся адказаў Віхура, ― Але, куніг, павінна быць і ўзнагарода за перамогу.
― Ты ведаеш, узнагарода ― гэта зброя пераможанага.
― Гэта для пераможцы. А для астатніх дрыгавічоў? Мы ж згадзіліся рызыкнуць усёй нашай здабычай.
― Чаго ж вы хочаце, дрыгавічы?
― Каб ты нас болей не падзяляў сярод розных атрадаў, і ўсе мы маглі трымацца разам да канца паходу.
Комат дапытліва паглядзеў ў вочы Віхуры. Той вытрымаў гэты доўгі пранізлівы погляд.
― Ну, гэта няцяжка, ― усміхнуўся Комат, ― дый хутка канец паходу.
Першымі выехалі вершнікі.
Супернікам Вада быў знакаміты памаранін, у добрым даспеху, з доўгім мячом, на жвавым жарабцу. Яны здалёк прышпорылі коней, і, набіраючы хуткасць, рынуліся адзін да другога, трымаючы мячы на выцянутай наперад і ўверх руцэ, джалам трыху ніжэй шалома, каб ударыць зверху ўніз над тарчой, ў неабаронены твар або шыю. Вось яны зблізіліся, два ўдары зліліся ў адзін гук, ― мячы былі адбіты шчытамі. Коні аднеслі іх ў процілеглыя бакі. Вершнікі хутка іх развярнулі, імкнучыся апярэдзіць адзін другога пачаткам новага нападу, і ўсё ж адначасова прышпорылі коней. Тыя, коратка зароўшы, вялікімі скокамі, пераходзячымі у галоп, пачалі новае збліжэнне. Цяпер вершнікі трымалі руку з мячом ззаду на замаху, і ў момант збліжэння рэзка выкінулі наперад свае шчыты, разлічваючы, што супернік згубіць раўнавагу і тады ўдасца яго дастацць мячом. Але ўзаемны ўдар апынуўся такім моцным, што яны абодва на нейкае імгненне пахіснуліся і не змаглі рубануць мячамі. Да таго ж, іхнія шчыты разваліліся і прыйшлося іх адкінуць. Гэта было супадзенне ― вершнікі дасюль думалі і дзейнічалі аднойкава, чым заваражылі ўсіх, хто глядзеў на двубой. Коні ізноў раз’ехаліся, і зноў былі развернутыя і дасланыя насустрач. Цяпер толькі конская шыя і майстэрства былі абаронай. Але вершнікі не думалі абараняцца. На гэты раз перад самым сутыкненнем яны паступілі па-рознаму. Вадо рэзка прыгнуўся ніжэй грывы каня ў кірунку суперніка і знізу маланкава выкінуў руку з мячом. Памаранін наадварот, гэта жа рэзка прыўстаў на страмёнах і з шырокага замаху, з прасадкай, рубануў. Дзейнічалі яны па-рознаму, але вынік ізноў выйшаў аднолькавы ― вершнікі зляцелі з коней і як нежывыя грукнуліся аб зямлю. Ашалелыя жывёлы далёка разбегліся па калідоры паміж войскамі. Вада памёр адразу, зарубаны страшэнным ударам. Памаранін паспрабаваў падняцца, але з горла ў яго пайшла густая кроў, і ён моўчкі паваліўся на бок. Усе ўбачылі, што тулава ягонае было наскрозь пратыкнута мячом яцвяга.