Нейкі час панавала цішыня. Звычайна ў такіх двубоях пераможца забіраў з пераможанага даспехі і зброю.
Але цяпер пераможцы не было.
Нарэшце, выйшла некалькі злінцаў і забралі свайго ваяра. Тое ж зрабілі і памаране. Гуд прыцішаных галасоў чуўся у абедзвух войсках. Ён доўжыўся, аж пакуль не выйшла наступная пара. З боку яцвягаў гэта быў высокі ростам і магутны ў плячах дайновец Рытэнь. Памаране выставілі не меней моцнага воя Тронзу.
Баявая сякера. Гэта страшэнная зброя ў руках дужага ваяра. Як удар трапны, то не ратуе ні тарча, ні панцыр, ні кальчуга. Калі на поле бітвы зыходзяцца двое з сякерамі, то вырашальнае значэнне мае не ўменне наносіць удары, а здольнасць ад іх увярцецца. У абодвух ваяроў былі цяжкія сякеры з шырокім лязом і падоўжанымі дубовымі дзяржальнямі-сякерышчамі. Без шчытоў, у кальчугах, яны трымалі страшную зброю аберуч. Нейкі час рухаліся па колу, пільна гледзячы адзін на другога. Вось памаранін зрабіў прытворны выпад і тут жа з кароткага замаху ўдарыў па Рытэню. Той быў напагатове, лёгка сышоў з-пад удара і адразу з шырокага замаху пацэліў суперніку ў галаву. Але Тронза гэтак жа лёгка адвёў сустрэчным рухам сваёй сякеры смяротнае лязо, толькі дзвонка стукнулася жалеза аб жалеза. Яны зноў разыйшліся і нетаропка рухаліся па колу, трымаючы сякеры наперавес. Ізноў замах, і сыход. Замах і сыход. Усё хутчэй рухі ваяроў. Але цяжкая зброя ― баявая сякера. І рухі запаволіліся. Раптоўна Рытэнь зрабіў глыбокі выпад і без замаха ткнуў сякерай перад сабой. Ён дастаў кальчугу памараніна. Той пачаў падаць, толькі гэта быў падманны рух ― у падзенні ён шырока замахнуўся нізам каля самай зямлі і рубануў дайноўца па назе. Яны абодва ўпалі на пясок і тут жа ўскочылі, але параненая нага Рытэня здрадзіла яму, і ён, губляючы раўнавагу, прыпаў на калена. А сякера памараніна ўжо апісвала смяротнае паўкола. Дайновец паспрабаваў ухіліцца, падаўшыся наперад, ды супернік здолеў падправіць рух сваёй сякеры, трыху адскочыўшы назад, і ўдар, які прыйшоўся па шоламу, праламаў і моцнае жалеза, і чэрап Рытэня.
Пераможца падняў сякеру над галавой і патрос ёю ў паветры. Памаране бурна радаваліся.
― Слава Тронзе!!
― Слава памаранам!!
― Тронза герой!!
― Слава! Слава!
Яцвягі насуплена маўчалі, цяжка перажываючы няўдачу. Калі будзе прайграны апошні двубой, то акрамя палоных, яны страцяць і пачуццё перавагі над памаранамі, а атрыманыя дагэтуль перамогі будуць перакрэсленыя. Кожны памаранін зможа сказаць, што яцвягі ўмеюць толькі драпежнічаць ды рабаваць.
Настаў час Гардзея. Ён нетаропка выйшаў з шэрагу дрыгавіцкіх вояў, спакойнымі вачыма вывучаючы свайго суперніка, які таксама аддзяліўся ад сваіх, і рухаўся да месца двубоя, афарбаванае крывёю папярэдніх удзельнікаў. Выгляд гэтага памараніна не прадвесціў для Гардзея нічога добрага. Высачэнны, з моцнымі і доўгімі рукамі, ён легка трымаў цяжкую дзіду і, трохі выцягнуты, з закругленымі вугламі шчыт, акаваны тоўстымі меднымі бляхамі, і меў вельмі ваяўнічы выгляд. Такія ж бляхі былі нашытыя на грудзях і на плячах аздобленай памаранскімі арнаментамі адзёжы з тоўстай турьей скуры. Ніхто з яцвягаў і ніхто з памаран не даў бы перамогі Гардзею. І толькі дрыгавічы, якія шмат разоў бачылі яго ў справе, не гублялі веры ў свайго ваяра. Памаранін адчуваў сваю перавагу і не збіраўся марнаваць час. Ён сходу накіраваўся да Гардзея, зрабіў некалькі падманных рухаў, падкінуў дзіду ўверх, у паветры перахапіў яе знізу і раптам моцна, не выпускаючы з рук, даслаў яе проста ў неабаронены тарчой бок суперніка. Ніхто не прыкмеціў няўлоўны рух Гардзея, але лязо дзіды прайшло міма ў валасіне ад яго цела. Ды памаранін быў вопытны вой, і, адчуўшы прамашку, прадоўжыў напад, маланкава перавярнуўшы дзіду наперад тупым канцом і цаляючы ў галаву дрыгавіча. Ізноў няўлоўным наклонам галавы Гардзей ухіліўся. Памаранін адчуў няладнае і адступіў, адначасова зноў паварочваючы дзіду вострым наканечнікам наперад. На гэты раз ён з усёй сілы ўдарыў проста ў тарчу, разлічваючы прабіць яе наскрозь вострым лязом з загартаванага жалеза. У апошні момант Гардзей адхіліўся, ступіўшы ўправа і моцным ударам тарчы адбіў дзіду ўбок. Гэта было нечаканым для памараніна, які з цяжкасцю ўтрымаў тронак у руцэ. Ад удара яго трыху развярнула, і ён на кароткі момант згубіў Гардзея з поля зроку. А калі вочы яго знайшлі дрыгавіча, то ўбачыў ён тарчу, што ляцела яму проста ў твар. Інстыктыўна ён падняў шчыт, каб абараніцца, а гэта толькі й трэба было Гардзею. Абодвума рукамі ён усадзіў дзіду трыху ніжэй прыўзнятага шчыта памараніна проста пад рэбры. Магутны ваяр заваліўся на пясок, ягоныя здзіўленыя вочы шукалі суперніка. Ён так і не зразумеў, што здарылася, і памёр праз некалькіх сутаргавых уздыхаў пасля таго, як дрыгавіч выцягнуў з яго дзіду.
Так Гардзей выратаваў гонар яцвягаў і здабыў славу сабе і дрыгавічам.
Памаране вярнулі палову сваіх палонных. Цяпер, паводле дамоўленнасці, яны павінны былі сысці. Але наперад ізноў выехаў перагаворшчык.
― Наш конязь прапануе сустрэцца з вашым кунігам для размовы.
― Я прыймаю прапанову, ― адказаў Комат.
Яны сустрэліся сам-насам на тым месцы, дзе толькі што адбыліся двубоі. Вярхом на конях, без шаломаў, яны паднялі правые рукі, паказваючы, што не маюць падступных задум.
― Я, Барнім Кашэба, конязь памаран, жадаю гаварыць з табой, як з ваяводам яцвяскім.
― Я, Комат Нараўскі, куніг яцвягаў, слухаю цябе, ваявода памаранскі.
― На гэты раз твой верх, куніг Комат Нараўскі. Я выканаю дамоўленнасць і адвяду сваё войска. Але другім разам так не будзе.
― Што ж, конязь Барнім Кашэба, вайсковае шчасце пераменлівае. На гэты раз багі спрыялі менавіта нам.
― Мы бачым у вашым войску дрыгавічоў. Хіба паміж вамі мір? Яны ўжо не прасоўваюцца на вашыя землі?
― Не мір, але замірэнне. Яно не навек. Што датычыць гэтых дрыгавічоў, то тут мы маем свой разлік.
― Гэта вашыя з імі справы, куніг. Пярэйдзем да нашых. Мы прапануем выкупіць палонных.
― Палонныя ― здабыча каштоўная. Чым будзеце плаціць?
― Можам аддаць некалькі нашых ладдзей, ― Кашэба рукой паказаў на свае судны, Ёсць добрая зброя. І, нарэшце, бурштын.
― Плаванне на вялікіх ладдзях не ўваходзіць у нашыя пляны, ― сказаў Комат і спытаў, ― Якая зброя?
― Маем тузін свейскіх мячоў.
― То добра, за кожны меч аддамо па пяць палонных.
― Згода. А бурштын?
― Бурштын ― добры тавар. Па кашэлю бурштыну за палоннага.
― І за дзяцей? ― запытаў Кашэба.
― За дзяцей па поўкашэля, ― цвёрда адказаў Комат.
― Што ж, хай будзе так. Жадаю нам больш не сустракацца.
― На ўсё воля багоў.
Яны зноў паднялі правыя рукі, павярнулі коней і раз’ехаліся.
Памаране выкупілі яшчэ палову рэшты палону.
На Веверыцу і яе дзяцей выкупу не хапіла, бо не было ў памаранскім войску нікога з яе радні, каб пахадайнічаць за яе.
Моўчкі вяртаўся Барнім Кашэба наперадзе памаранскай конніцы па амаль белым пяску ўздоўж хвалістага мора. Па правую руку цяжка ішлі на вёслах супраць ветра, з прыбранымі ветразямі, ладдзі. На ладдзях акрамя вояў, налягаючых на вёслы, былі размешчаны вызваленыя з палону супляменнікі. Хмурны быў конязь. Вужлакі гулялі пад барадой, прыкрасць панавала ў пачуццях. Не ад таго, што аддаў яцвягам дарагія мячы і весь запас бурштыну, і свой, і той, што ахвяравалі людзі. Гэтае яшчэ нажывецца. А ад таго, што не мог размаўляць з ворагам з пазіцыі сілы, як падабае моцнаму конязю. Дагнаць! Разбіць ўшчэнт! Не толькі вярнуць нарабаванае, а правучыць, каб больш непанадна было нават глядзець у гэтым кірунку.
― “Косткамі лягу, а аб’яднаю памаран!” ― кляўся ён сабе, ― “Пад жорсткай уладай, разам павінны дзейнічаць усе роды, усе плямёны, вялікія і малыя, калі вораг урываецца ў гэтую зямлю! А хто не захоча, таго сілай змусіць ― усе павінны несці ваенны цяжар пароўну…”
Прайдуць дзесяцігоддзі, і па прозвішчу конязя, намаганнямі яго, і многіх ягоных нашчадкаў, стане вядомым не толькі сярод памаран, а і далёка ва ўсе бакі племянны звяз кашубаў, або, як яны самі завуць сябе, ― кошэбі. І калісці зноў народзіцца Барнім Кашэба, які ўпіша сваё імя ў скрыжалі гісторыі. Зменяцца часіны, дзяржавы, эпохі, пракоцяцца па памаранскім землям многія войны, але кашубы-кошэбі не згубяцца ў смузе няўмольнага часу…