Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Навучаныя горкім досведам, дрыгавічы будавалі паселішчы сярод непралазных балот, заціснутых паміж мяняючымі амаль штогод свае руслы рукавамі Прыпяці, Ствігі, Гарыні. Разумнае ўладаранне семірадцаў дало добрыя вынікі. Ізноў жыхары балот, нашчадкі некалі слаўнага дулебскага звяза плямён, адчулі сваю сілу. Хазары, наклаўшы дань на суседніх радзімічаў, палян, а таксама на больш дальніх севяран і вяцічаў, не здолелі прайсці ў балоты, каб падпарадкаваць дрыгавічоў – жорсткія ўрокі ад обраў не прайшлі дарам, і жыхары балот навучыліся выжываць сярод моцных ворагаў. І вось зараз, вольныя, прымножыўшы колькасць сваіх вояў, дрыгавічы былі гатовыя ваяваць за сваё месца пад сонцам. Семірадцы сталі жыць у адным паселішчы недалёка ад Хільчына ― аднаго з умацаваных гарадзенаў, схаваных сярод балот зусім блізка ад Прыпяці.

― Ці не прыйшла пара пабудаваць нам гарадзен тут, на беразе Прыпяці? ― разважаў услых адзін з семірадцаў.

― Пінеск ужо колькі часу стаіць на Піне, бароніць нас ад яцвягаў, ― падтрымаў яго другі.

― Пасадзім у ім добрага конязя з дружынай.

― І тады ні ў каго не застанецца сумненняў, хто валадар гэтага краю.

Яшчэ зранку дазор прынёс вестку пра рушэнне вялікага войска з вярхоўяў. І хоць семірадцы ведалі, што гэта маюць быць саюзныя бужане, якія сплаўляліся не толькі з самага верху Прыпяці, а і з Тур’і, Стаходу, Стыры, Гарыні, і з больш мелкіх правых прытокаў, і ў іх не было другога шляху да Дняпра, акрамя як па праз уладанні дрыгавічоў, на ўсялякі выпадак дружыне загадалі быць напагатове. Гарадзен Хільчын і наваколлі былі напоўненыя воямі, што збіраліся сплаўляцца да Дняпра. Усе не змяшчаліся ў сценах, таму многія атрады спыніліся на беразе Прыпяці пад адкрытым небам, сёй-той ставіў невялікія буданы, зрэдку можна было ўбачыць стары трафейны шацёр. Гэта былі дальнія дрыгавічы, ім цяжка было разлічыць час, таму прыбылі загадзя. Тут жа стаяла і дружына семірадцаў. Асноўныя сілы павінны былі падцягнуцца пазней, ― строга ў прызначаны дзень і адразу рушыць далей. Не меньш ваяроў збярэцца і ў вусце Пцічы. Семірадцы усё спланавалі правільна, ― няхай праплыве міма гарадзена большая колькасць бужан, дый частка драўлян таксама скоціцца па Гарыні, а ўжо пасля іх сыдзе з месца і дрыгавіцкае войска, ― так будзе спакайней.

І вось далёка на захадзе, дзе плынь Прыпяці амаль знікае ў балотным марыве, паказаліся спачатку ледзь адрозныя ладдзі і чоўны. Прайшло нямала часу, перш чым сталі чутныя гукі выплескаў вёсел і каманды правадыроў. Плыты з коньмі, чоўны і ладдзі з бужанскімі ваярамі займалі ўсю шырыню ракі, дзе толькі яна была адпаведнай глыбіні. Калі галава флатыліі апынулася каля дазорнай вежы, хваста яшчэ не было відаць. Моцнае войска сабралі бужане!

Дрыгавічы, ― тут былі і жыхары з Хільчына, ― цесна стаялі на беразе ― і старым і маладым было цікава паглядзець на такое сборышча ваяроў на вадзе.

― Гэй, бужане! ― крычалі дрыгавічы, ― Кажуць, у вас новае імя?! Вас цяпер валынянамі клічуць?! Хіба з валамі зрадніліся?

― Якія мы валыняне?! Мы дулебы, з’ядаем шмат хлеба!

― Усе мы з дулебаў, але ж вы бужане!..

― Гэй! Дрыгавічы! ― крычалі з чоўнаў, ― Што глядзіце?! Пара і вам выходзіць на раку, а то ўсю здабычу сябе забярэм!

― Даго-онім! ― адказвалі з берагу, ― нашае нам дастанецца.

― Ці ёсць зброя на продаж? ― пыталі некаторыя бужане.

― Ёсць сёе-тое!

Некалькі чоўнаў прысталі да берегу, каб прыкупіць сякеры, корды ды шчыты. Пра мячы ніхто не пытаў. Купіць іх удавалася рэдка. Больш здабывалася ў баі ды перадавалася па спадчыне. І дрыгавічы, і бужане, нават калі хавалі прах ваяра, меч амаль ніколі не клалі ў магілу, ― лічылі, што ён больш патрэбен жывым. Бужане ў той час добра ўмелі гараць ды сеяць, а вось кавалёў, дый другіх рамеснікаў у іх было няшмат. А ў Хільчыне хапала добрых майстроў.

Семірадцы, зразумеўшы, што ў бужан, мабыць, не было злых намераў, злезлі з вежы, каб прывітаць іхняга правадыра. Сівы, але моцны яшчэ Шчодрагор таксама сышоў з ладдзі на зямлю, паважліва прывітаўся з семірадцамі. Дрыгавічы з бужанамі былі ўвогуле ў добрых стасунках, хоць і бывалі мясцовыя сутычкі і недарэчнасці, але да шырокіх ваенных деянняў даходзіла вельмі рэдка. Не так было з драўлянамі. Тыя не раз знянацку нападалі на сваіх суседзяў, даючы волю мячам. З імі заўсёды трэба было трымацца насцярожы, а часам і ладзіць пагоню, калі сусед занадта нахабнічаў. Таму, калі пагутарылі на другія розныя тэмы, старэйшы з семірадцаў спытаў:

― А што там драўляне? Ці многія ідуць па Прыпяці?

― Драўляне? Як заўсёды, скрытна сябе паводзяць. Нашыя, хто сплаўляўся па Гарыні, бачылі іхні лагер каля вусця гарыньскай Случы. Невялікае там войска. Казалі, што асноўныя сілы пайшлі ўверх, каб па волаках перайсці ў Цецярук, ― вы ж ведаеце, ён упадае проста ў Дняпро. Ну, а гэтыя, што былі на Случы, ідуць за намі.

З гаворкай правадыры вярнуліся да вады, і Шчодрагор напрыканцы прамовіў:

― Ведаеце? Я б на вашым месцы пакінуў бы добрае войска ў гарадзене, ад іх што хочаш можна чакаць, ― і, перайшоўшы па сходням у ладдзю, дадаў: ― даганяйце, дрыгавічы!

― Дагонім, Шчодрагор! Дзякуй за параду! Шчаслівай дарогі!

Бужане прайшлі, толькі некаторыя іхнія чоўны яшчэ стаялі, утыкнуўшыся ў бераг, іншыя моцнымі грабкамі весляроў пхнуліся наўздагон.

Семірадцы і раней не мелі намеру пакідаць гарадзен без абароны, але цяпер прыходзілася яшчэ раз усё абдумаць. Пад вечар даведаліся, што прыплылі панямонскія дрыгавічы і маюць патрэбу сустрэцца. Семірадцаў заўжды цікавіла становішча тамашніх супляменнікаў, бо гэта быў авангард няўмольнага дрыгавіцкага рушэння на поўнач, якое адбывалася спрадвеку і не заўсёды гладка і паспяхова. Таму яны адразу запрасілі Ўласа ў вялікі рамейскі шацёр, які паставілі адмыслова для правядзення рад у паходных абставінах

― Семірадцам прывітанне ад конязя Волада Нёманца і ўсіх панямонскіх дрыгавічоў! ― Улас нахіліў галаву і прыклаў руку да сэрца.

― Прывітанне супляменнікам з далёкага Нёмана! ― адказаў старэйшы па ўзросту з семірадцаў.

Яны вольна размясціліся на кароткіх лавах, што стаялі ўздоўж полагаў, утвараючы кола, якое было разтуленае толькі насупраць увахода. Сёння сабраліся ўсе сямёра, рознага ўзросту і мажнасці. Сярод іх не было стрэйшага па грамадскаму становішчу, але малодшыя па ўзросту заўсёды паважалі больш сталых, і раду пачынаў той, хто меў больш летаў, а калі раіліся па якой-небудзь справе, то пачыналі з малодшых, каб узрост сваім аўтарытэтам не ціснуў на меркаванні маладых.

― Чаму не прыбыў сам конязь Волад? ― запытаў другі семірадзец.

― Ужо даўно мы яго не бачылі, ― падтрымаў пытанне трэці.

― Хутка забудзем ягоны твар.

Пытанні сыпаліся на Ўласа адно за адным.

― Ці памятае ён яшчэ свае карані?

― А, можа задумаў зусім аддзяліцца ад нас?

― Волад па-ранейшаму паважае ўладу семірадцаў, ― адказаў Улас, ― але ён даручыў перадаць, што на Нёмане неспакойна. Яцвягі штосці ладзяць, замірэнне хутка, мабыць, скончыцца.

Задумаліся семірадцы. Калі Волад вырашыў застацца і не пайшоў у набег, у якім можна прыдбаць не толькі вайсковую славу, але і добры набытак, то на самой справе на яцвяскім парубежжы маюцца сур’ёзныя праблемы. Тым больш трэба пакідаць добрае войска тут, на Прыпяці..

Яны ўважліва выслухалі усё, што ім паведаміў Улас. Напрыканцы малодшы з семірадцаў спытаў:

― А дзе вы спыніліся?

― Тут, на беразе Прыпяці, сярод другіх.

― То добра, бо ў гарадзене занадта цесна.

― Калі адыходзім да Дняпра? ― спытаў Улас, разумеючы, што размова скончана.

― Нашыя зрушацца, калі пройдуць драўляне, ― прагучала ў адказ.

На тым і разашліся. Улас ведаў, што яму нічога адразу не адкажуць наконт становішча ў Панямонні, бо будуць яшчэ абмяркоўваць пачутае паміж сабой, каб сфармаваць агульнае стаўленне да тамтэйшых падзей. Часпары такое абмяркоўванне ў семірадцаў працягвалася занадта доўга, не абыходзілася і без лаянак і сварак. Некаторыя гарачыя мужы казалі ў такім выпадку, што час семірадцаў ужо прайшоў, і трэба ставіць да ўлады моцнага і рашучага конязя. Але ў народзе семірадцаў паважалі.

54
{"b":"822260","o":1}