На вячэру прыпяцкія ўладары даслалі нёманцам пачастунак ― некалькі добрых шматкоў свежай засмажанай аленіны ды скураны мех медавухі.
Зранку семірацкія дружыннікі, якія ўжо засядзеліся ў адносным бяздеянні, наладзілі паказальную ваенную гульню. Прышлыя воі з цікавасцю глядзелі за ліхімі дзеяннямі дружыннікаў. Тут нёманцы ўбачылі тое, што хоць і прысутнічала ў дружыне Волада, але не на такім узроўні ― сапраўдныя дрыгавіцкія рукапашныя сутычкі. Пачалі самыя малодшыя ― зусім яшчэ дзеці. Усіх уразіла, як ужо добра яны валодаюць прыёмамі. І менавіта ў дрыгавіцкім стыле ― глейкім, знешне невыразным, але зацягвалым, нібыта дрыгва, калі з дапамогай няўлоўнага руху імпэт нападаючага выкарыстоўваецца супраць яго ж. Байцы амаль не рабілі сустрэчных блокаў, на кожнае дзеянне ішоў адразу зваротны прыём, і энерція руху нападаючага была яго пачаткам, нападаючы вымушаны падпарадкавацца волі больш спрактыкаванага суперніка.
― Вось дык та-ак! ― не змог утрымаць свайго захаплення Бор.
― Дык іх жа змалку забіраюць у дружыну, не тое што нашых, калі ўжо юнакамі становяцца, ― сказаў Улас.
― Нас Волад з Віхурам не хужэй вывучылі! ― запярэчыў яму малады воладаў дружыннік Барыска.
― Хужэй ці лепей, ― гэта можна выявіць толькі паспрабаваўшы дужацца з імі, ― умяшаўся ў гаворку Нор, ― а вось рамеі зусім не так дужаюцца.
― Нор, а ты што, і дужацца ўмееш? ― спытаў Бор, які добра памятаў свой паядынак на мячах з Норам. Пасля таго Нор займеў павагу сярод ведзьмядзёўцаў. Некаторыя воі, у тым ліку і Бор, не саромеліся павучыца ў яго і часам прасілі паказаць што-небуць з таго, чым валодаў былы рамей.
― Трохі вучылі, ― нявызначана адказаў Нор.
Маладыя семірацкія дружыннікі змянялі адзін аднаго, у сутычкі паступова ўступалі больш старэйшыя. Вакол пачаў збірацца натоўп зацікаўленых. Некаторыя пачалі падбадзёрваць таго ці іншага барацьбіта і паядынкі станавіліся больш упартымі, бо на людзях ніхто не жадаў саступаць. Але больш сталыя дружыннікі пакуль што не выходзілі ў круг, паблажліва назіраючы з боку.
У гэты час да месца сутычак падышоў ваявода семірадцаў, разпхаў назіраючых, утыркнуў дзіду ў глебу і голасна абвясціў:
― Шаноўныя семірадцы даюць сваю ўзнагароду таму, хто сёння будзе лепшы ў паядынку без зброі!! ― і шірокім жэстам паказаў на канец высокай дзіды, да якога быў прымацаваны корд у багатых царграцкіх похвах.
Галасы адабрэння і захаплення прыцягнулі да месца сутычак усіх ваяроў, падняліся нават тыя, што адсыпаліся пасля дазору.
Турнір пачалі маладыя. Той, хто выходзіў пераможцам у пары, дужаўся з наступным жадаючым. Бор, доўга не чакаючы, уступіў у сутычку з чарговым пераможцам. Ён зрабіў пару крокаў вакол суперніка, потым нечакана хацеў схапіць таго за плечы, каб паваліць, і тут жа апынуўся на пяску, нават не зразумеўшы, ад чаго, пад рогат гледачоў.
― Ну ты ж не дружыннік, то чаго палез? ― прабурчэў Барыска, і сам пайшоў дужацца. Ён з цяжкасцю, але адолеў крыўдніка Бора, чым заслужыў адабрэнне многіх ваяроў, асабліва панямонцаў. А вось з наступным дружыннікам не змог зладзіцца. Тады выйшоў Нор. Ён перамог аднаго за адным трох маладых барацьбітоў, бо дужаўся ў нязвыклай для іх манеры, спрытна і нечакана кідаў іх цераз спіну ці сцягно, перад кідком праводзячы падманны рух, на які тыя трапляліся.
З кожнай перамогай крыкі адабрэння былі ўсё гучней.
― Давай-давай, Нор! ― у захапленні крычаў Бор, ― хай ведаюць нёманцаў!
― Пакажы ім, гэтым дармаедам! ― крычалі мясцовя мужы, якія трыху зайздросцілі сваім дружыннікам, іх забяспечаннасці і сытасці.
― Глядзі, які спрытны! ― здзіўляліся гледачы.
Нейкі час ніхто не выходзіў на сутычку супраць Нора. Некаторыя ўжо думалі, што ён і будзе пераможцам, ды на самой справе турнір толькі пачынаўся. Самыя моцныя барацьбіты яшчэ не выходзілі ў круг, чакаючы, калі нацешыцца моладзь. Але моладзь з Норам не зладзілася, і выйшаў Трыгуб. Мянушка ягоная адлюстроўвала калецтва ніжняй губы, рассечанай у першай жа на яго жыцці бітве. Губа зраслася, але шнар паздзяляў яе на две паловы. Ад гэтага ён меў даволі люты выгляд. Не гэта адразу пасля пачатку сутычкі ўразіла Нора, а тое, што ён зразумеў ― перад ім барацьбіт, які ўмее прадбачыць.
Толькі адзін з шасці змалку адабраных у дружыну меў прыроджаныя задаткі для развіцця дара прадбачання у хуткаплыннай сутычцы. Дрыгавіцкая сістэма рукапашнага бою была накіраваная на развіццё гэтага талента, і, аднойчы дасягнуўшы вяршыні ў валоданнем рознымі прыёмамі, далей барацьбіт мог удасканальвацца толькі тады, калі развіваў у сябе здольнасць загадзя разгадваць дзеянні суперніка.
Трыгуб не папаўся на падманныя рухі Нора, а калі той пайшоў на захоп, то лёгка ўвярцеўся, і, надаючы руху Нора дадатковы імпульс, толькі трыху змяніўшы накірунак, легка зваліў яго на глебу.
Калі Нор падняўся, то толькі паглядзеў на сваіх і развёў рукамі. Гледачы сцішыліся. Ці знойдзецца яшчэ той, хто выйдзе на паядынак з Трыгубам?
Знайшліся. Наступны дружыннік, высокі і прыгожы мускулістым целам Беркут з уяўнай лёгкасцю перамог Трыгуба і да яго нетаропка выйшаў яшчэ адзін, ― чарнявы і сухарлявы Смаглей. Ён лагодна пакепліваў:
― Ну што, Беркут, ты сёння дастаткова кашы з’еў, каб адолець мяне?
― Смаглей, сёння я адолею цябе, ― гэак жа лагодна адказаў Беркут.
― Ой, не ўлезе ў цябе столькі кашы, каб адолець мяне.
Было падобна, што яны многа разоў ужо мераліся сіламі, і што перамагаў заўсёды Смаглей. У гэта цяжка было паверыць, бо Беркут знешне выглядаў намнога больш моцным за суперніка.
Яны знешне спакойна размаўлялі, а самі пільна сачылі адзін за адным, нетаропка хадзілі па колу і паступова збліжаліся. Смаглей наўмысна аддаваў ініцыятыву Беркуту, і таму нічога не заставалася, як напасці першаму. Ён маланкава выкінуў руку да пляча Смаглея, той перахапіў і пацягнуў яе далей. Беркут наўмысна паддаўся на гэты рух, адпіхнуўся нагой ад зямлі і па дузе ў паветры перанёсся на другі ад суперніка бок. Не перарываючы гэтага руху, цяпер ужо ён рэзка пацягнуў Смаглея на сябе, адначасова падстаўляючы пад ягонае тулава нагу, каб кінуць міма сябе назад. Але Смаглей ухіліўся ад нагі і здолеў змяніць кірунак руху, завальваючыся набок і перахопліваючы другую руку Беркута. Той, аднак, не пажадаў падаць і вырваўся с захопа. Супернікі на момант разышліся. Смаглей схітраваў, робячы выгляд, што адцягнуўся на тое, каб паправіць пояс, і калі Беркут зрабіў спробу чарговага захопу, ён быў на пагатове. Маланкавы рух, і цела Беркута перакулілася ў паветры. Той адразу стаў на ногі, ды Смаглей ужо праводзіў наступны прыём, звальваючы яго і прыціскаючы да зямлі. У апошні момант Беркут выслізнуў з-пад суперніка і турзануў яго за пояс, надаючы ягонаму тулаву кручэнне, каб пазбавіць арыентыру ў прасторы. Смаглей вымушаны быў выставіць у бок нагу і руку, каб намацаць апору і тады Беркут наваліўся зверху, прыдавіўшы сабой гэтыя руку і нагу, адначасова зрабіўшы захоп другой рукі Смаглея. Той зраўзумеў, што Беркут ужо не зробіць памылкі, і праз невялікую паўзу сказаў:
― Усё. Твая перамога.
Беркут падняўся на ногі, дапамог устаць Смаглею, і яны, абняўшыся за плечы, сышлі з месца сутычкі.
Жадаючых памерацца сіламі з Беркутам не знайшлося. Малодшы з семірадцаў, сам знакаміты ваяр, уручыў узнагароду пераможцу пад агульнае адабрэнне назіраючых.
― Драўляне плывуць! ― данёсся ад ракі голас дазорнага, і натоўп вояў падаўся да Прыпяці.
Драўлян сапраўды было няшмат. Яны моўчкі з-пад ілба глядзелі на бераг, дзе стаялі дрыгавічы, але калі параўняліся, то знялі шаломы і шапкі, трохі нахілілі галовы. Дрыгавічы таксама павіталіся з імі. Драўляне гэтак жа моўчкі пашыбавалі далей.
На другі дзень Прыпяць запоўнілася дрыгавыцкімі плаўсродкамі. Каля вусця Пцічы сабралася ўсё войска дрыгавічоў. Яшчэ праз некалькі дзён увайшлі ў Дняпро, а ў вусці Цецярука даведаліся, што дзень таму адсюль адправілася сборнае войска драўлян.
Наперадзе, на многія палёты стралы, распасціралася шырокая плынь Дняпра.