Месца на лавах усім не хапала, таму малодшыя сядзелі на руках у старэйшых. Было надта цесна, але па-святочнаму весела. Пахі ад сытных страў прыемна казыталі насы. Налілі ў кубкі дарослым хмяльной медавухі, дзецям ― напою з журавін. Усе глядзелі на Лоша, а той узіраўся ў процілеглы канец стала, дзе стаялі пачастункі продкам, нібыта бачыў там кагосьці.
― Дзякуй багам і прашчурам нашым, што мы жывыя і здаровыя, што дапамаглі нам адшукаць Воўча, што дачакаліся новага Сонца. І дай усім нам, Каляда, шчасця…
Калі ўсе добра пад’елі, Лош падняўся:
― Нор, хадзем са мной, дапаможаш.
Яны выйшлі з хаты да хлявоў, у капне сена адшукалі прыхаваную мядзведжую шкуру. Праз кароткі час у кірунку бажніцы падалася постаць, вельмі падобная на мядзведзя.
Там ужо чакалі іншыя маскіраваныя ― задзірлівыя Каза, Дзед і Жораў, змрочныя Смерць і Старчыха, потым падышлі у абдымку забіяцкія Чорт з Ваўком ды важкія Тур і Кабыла, а таксама апрануты па-святочнаму, але без маскі, старэйшына роду Комань.
Святар Ястр, які заўжды меў адмысловае маляўнічае адзенне з багатага меху ды з рознымі падвязкамі і пацеркамі, загадаў усім зайсці ў капішча, і там пачаў каля вогнішча абрад гадання на чарговы год. Ніхто з прысутных не разумеў дзеянняў вешчуна. Той часам патрабаваў дапамогі: штосьці падтрымаць, паднесці або выкінуць, наліць кудысьці вады, кінуць у вогнішча пук нейкага зелля. Раз-пораз агонь рабіўся то больш яркім, то амаль згасаў; дым быў то чорным, то белым, то рудым. Змяняліся і пахі: ад салодкіх да рэзкіх і непрыемных. Вось святар набраў вуголля на шырокі дубовы плашчак, адвярнуўся ад усіх, накрыўся радном і схіліўся. Маскіраваныя на розныя галасы зацягнулі старадаўнюю песню. Ястр доўга штосьці шаптаў, часам гайдаўся з боку ў бок, і ўвесь гэты час доўжылася песня. Калі, нарэшце, яна скончылася, вяшчун павярнуўся да маскіраваных і Команя.
― Каляда і Ярыла прадвяшчаюць ураджайны год, ― урачыста прамовіў Ястр, ― зіма скончыцца звычайна, але сакавік будзе студзёным. У траўні і чэрвені пройдуць своечасовыя дажджы, вырастуць добрыя травы на сенажацях і збожжа на лядах. А вось грыбоў многа не назбіраем, бо восенню прысушыць, і будзе яна доўгая і цёплая.
Узрадаваліся маскіраваныя, бо выходзіла, што год будзе ўвогуле нядрэнны. Гаданне скончылася, самы час ісці калядаваць па хатах. Падскочылі музыкі, зараўла дуда, закалаціўся бубен, і святочны натоўп падаўся да хат.
Ніхто акрамя Команя не заўважыў, што не было радасці ў вачах старога святара. Калі ўсе аддаліліся, ён наблізіўся да Ястра і схапіў яго за пояс:
― А цяпер кажы, што ўтаіў.
― Можа, потым, Комань, ― не хацеў вяшчун псаваць свята старэйшыне, з якім быў, да таго ж, сябрам з дзяцінства.
― І потым таксама пагаворым. Ну?!
― Трэба рыхтавацца да вайны, Комань.
― Да вайны заўсёды трэба быць напагатове. Што, так дрэнна?
― Дрэнна, Комань. Але мне трэба яшчэ паваражыць праз нейкі час.
― Калі чакаць бяды?
― Не цяпер. Яшчэ ёсць час.
― То пагаворым апасля. Цяпер трэба да хаты падавацца. Да мяне ж першага каляднікі прыйдуць. І ты завітвайся. Хоць ты і вяшчун, але ў свята трэба быць з людзьмі, сам ведаеш.
― Дзякуй, Комань, прыйду.
Комань хуткімі крокамі пашыбаваў даганяць маскіраваных, а тыя няспешна, с песнямі і жартамі ўжо набліжаліся да ягонай хаты, якая амаль нічым не адрознівалася ад іншых у паселішчы, хіба была крыху большай.
Вось Дзед, у масцы з бяросты, у кажусе навыварат, з вялікай морквай, якая боўталася спераду ніжэй пояса, трымаючы на вяроўцы Казу, падкраўся да маленькага акенца і пагрукаў кіем у заслону:
― Гэй! Гаспадары! Дазвольце нам пакалядаваць! Нашай Казе ў вашай хаце паскакаць! І вас развесяліць!
― Адкуль вы будзеце?! ― голасна спытаў, падыходзячы, Комань, як быццам бы і не бачыў толькі што маскіраваных каля бажніцы.
― Мы людзі няпростыя, з далёкага краю, з-пад самага выраю! ―
― Адкуль ідзяце?
― Ідзем вакол света, ад лета да лета, Казу вядзём, радасць нясём.
― Дык просім у хату!
Старэйшая жонка Команя ўжо адчыняла дзверы:
― Госці-шчадравальнікі! Заходзьце, мы вас частаваць будзем!
― Вы нас частаваць, а мы вас віншаваць! А яшчэ жадаць, каб дзяцей было многа, каб род быў моцны, каб усе былі здаровымі.
Дзед першы заходзіў у хату і цягнуў за сабой Казу. Следам увальваліся астатнія. Зрабілася цесна. Музыкі былі вымушаны застацца на двары, каля вогнішча перад хатай. Гаспадары, падкідваючы сухія сукі ў полымя, адначасова ўважліва назіралі, каб яно незнарок не перакінулася на пабудовы і не нарабіла бяды.
Калі б цяпер хто-небудзь змог падняцца высока ў неба, куды птушкі не дасягаюць нават удзень, то сярод вялікай прасторы апраметнай начной цемры, ўбачыў бы ўнізе мноства ззяючых кропак. Падобныя на зоркі ў небе, але не смеючы супернічаць з імі ў колькасці, яны былі параскіданы скупнасцямі, паміж якімі пралягалі значныя адлегласці, дзе большыя, дзе меншыя. Яны ззялі паўсюль, дзе жылі людзі, якія верылі і ведалі, што новае Сонца ўжо нарадзілася і абавязкова прыдзе да іх, адгоніць зімнюю сцюжу, абагрэе зямлю, і кожнаму стварэнню, кожнай жывой душы дастанецца ягоная доля ласкавага цяпла і света.
Музыкі стаялі цесным гуртом, старанна прыслухоўваючыся да таго, што рабілася ў хаце, і як толькі пачыналася чарговая песня, дружна і зладжана, без усялякай каманды, пачыналі акампанаваць спяваючым. Асабліва стараўся сталы і сур’ёзны дудар, надуваючы праз трубку-соску мех з цялячай шкуры, што трымаў пад рукой, адначасова лоўка перабіраючы пальцамі па дзірачкам жалейкі, што выходзіла з меха, тым самым ствараючы мелодыю, а гудок-бурдон з загнутай на канцы рагоўняй ўзбагачаў музыку урачыстым тэмбрам. Малады жвавы хлопец дробна біў калатушкай у невялікі бубен, які трымаў над галавой, задаючы рытм. Ім дапамагалі другія музыкі, дуючы ў розныя невялікія драўляныя дудкі і гліняныя свістулькі.
Нечакана дзверы адчыніліся, і зачапіўшыся за высокі парог, на двор лямантуючы і лаючыся вываліўся Дзед. Музыкі, а таксама разявакі, у асноўным дзеці, якія прыбеглі ад другіх хат, паспелі ўбачыць, што ў яго гарыцьу кімсці падпаленая ільняная барада! Пад рогат і жарты Дзед упаў тварам у сугроб і загасіў полымя, потым падняўся, адарваў і адкінуў рэшткі спаленай барады, выцягнуў з кішэні жмут ільну і хуценька прымайстраваў сабе новую. Пад маскай весела блішчэлі маладыя вочы. Ён азірнуўся, пдміргнуў раззявакам.
― Мядзведзь, ты дзе?!
― Тут я, ― адказаў Мядзведзь голасам Лоша.
― Хадзем! ― загадаў Дзед і зноў пераступіў высокі парог.
На нейкі час у хаце сцішыліся, толькі чулася нейкая валтузня і бурчэнне, а за ім выбухнула новая хваля жартаў і смеху. Пад чарговую песню з хаты выскачыла Каза. Яна гучна ляскала драўлянай сківіцай, падскоквала і мэкала, абыходзячы гаспадарскі падворак, каб дабрабыт быў не толькі ў хаце, але і ў хлявах, і ў поле, і паўсуль.
― Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць!
Дзе не бывае, там вылягае!
Дзе каза хвастом, там жыта карчом!
Дзе каза нагой, там жыта капой!
Дзе каза рогам, там жыта стогам!
Калядоўшчыкі абыходзілі усе хаты. Прыход іх з нецярплівасцю чакаўся ў кожнай сям’і, бо яны абавязкова прынясяць шчасце, здароўе, дабрабыт на ўвесь год, а хваробы і нягоды выносяць з сабой. Добра частавалі калядоўшчыкаў, бо ведалі, што чым большыя дары дадуць, тым больш шчодры і багаты будзе год.
Пасля людзей будуць наведваць багі. Сам Каляда прыйдзе зранку, прыгожа ўбраны, на галаве вянок з каласоў, у суправаджэнні вясёлых пясельнікаў. Непрыкметна ноччу пракрадзецца ў хату Зюзя і пачастуецца куццёй, адложанай у асобную місу. Стары, з белымі, як снег валасамі і даўжэзнай барадой такога ж колеру, сам нізенькі і тоўсты, у белым кажусе, з непакрытай галавой і босымі нагамі, у руцэ цяжкая жалезная булава. Усе імкнуцца пачаставаць Зюзю, бо ён у ліхую сцюдзённую пару часам выходзіць з лесу, каб папярэдзіць пра жорсткую суровую зіму, або вызваляе ад холаду таго, хто замярзае. Не трэба зліць Зюзю, бо калі ён зазлуецца, то так магутна стукае булавой па якім-небудзь пні, што зямля і бярвенні ў зрубах гучна трэскаюцца.