Усе дружна выпілі, паспрабавалі закускі. Потым узяў слова Комат:
― Добра, што так далёка ад родных мясцін яцвягі маюць сяброў і братоў! Дзякуй і яшчэ раз дзякуй! Ад усіх нас, прымі, высокародны куніг Вармо, знак нашай павагі, ― і Комат паднёс прускаму правадыру адзін са свейскіх мячоў, якімі паморы выкуплялі сваіх палонных, ― і ты, высокародная Эрма, таксама будзь здарова на доўгія гады і прымі наш падарунак, ― Комат перадаў ёй зроблены выдатным майстрам срэбную фібулу ў выглядзе савы.
Вармо і Эрма з вартасцю і падзякай прынялі багатыя дарункі, і шчырая вячэра пайшла сваёй чаргой. Многа было выпіта і з’едзена, праспявана прускіх і яцвяскіх песень. Толькі Віхура адчуваў сябе, як на чужым свяце. Ён добра разумеў песні як яцвягаў, так і прусаў, бо не такімі далекімі былі іхнія гаворкі ад дрыгавіцкіх. Але ўсёткі гэта было не сваё. Ды яшчэ думкі пра лёс даручаных яму ваяроў. Каб не звяртаць на сябе ўвагі, ен імкнуўся выглядаць вясёлым і хмельным.
…Застолле працягвалася доўга. Калі разыходзіліся, Вармо затрымаў Комата і сказаў:
― Куніг, трэба пагаварыць заўтра на свежыя галовы.
Першыя плыты і ладдзі рушылі ўверх па Паслёнве, калі Комат сустрэўся з Вармо сам на сам.
― Куніг, ёсць прапанова, ― напрамкі пачаў гаворку Вармо, ― ты мне дапамагаеш правучыць пагезанаў ― тых, што прадаліся варангам. А я забяспечваю цябе харчам на астатні шлях.
Не адразу адказаў Комат, выбіраў словы:
― Падабаешся ты мне, Вармо, сваёй шчырасцю. Але я выбраны ваяводай зборнага войска ўсіх яцвягаў не дзеля вайны з прусамі, бо няма сярод прусаў ніводнага племені, каб былі нам ворагамі. Без рашэння зборнага веча ўсіх плямёнаў яцвягаў я не маю права пачаць вайну ні з пагезанамі, ні з якімі другімі прусамі. Прабач. За пачастункі дзякуй. А за харчы мы заплацім.
― Шкада. Але я цябе разумею, ― прамовіў скрозь зубы Вармо.
Так і расталіся яцвяскі і прускі кунігі, не зусім задаволеныя адзін другім.
Пачаўся доўгі і цяжкі шлях уверх па Паслёнве. Спачатку, калі рака мела яшчэ добрую шырыню, трымаліся досыць кучна. Але па меры прасоўвання супраць плыні, мінаючы адзін за другім прытокі, рака рабілася ўсё вужэйшай, і ланцуг плаўсродкаў пачаў расцягвацца. Усе меней сустракалася паселішчаў, усё болей дзікімі станавіліся мясціны. Дадавалася працы авангарду па расчытцы рэчышча ад упалых дрэў і затопленых карчакоў. Добра, што конніца і быдла, што гналі з сабой, маглі, хоць і з цяжкацю, ісці па сцежкам, якія выведнікі адшуквалі па берагам.
Скібу на стаянках цягнула да Веверыцы. Ён прыносіў пачастункі для яе і дзяцей. Імкнуўся словамі падбадзёрыць, падтрымаць яе, нічога лішняга не дазваляючы сабе. Ён углядаўся ў яе наўмысна запэцканы твар, які яна хавала пад насунутай на бровы хусткай, і бачыў, што твар гэты даволі прыгожы, а калі яна зрэдку кідала на яго погляд, то вочы яе пранізвалі, здавалася, да самай глыбіні ягонай задубелай ад вайны і крыві душы.
― У цябе прыгожыя вочы, ― не ўтрымаўся ён аднойчы, перахапіўшы такі погляд, ― але надта ж сумныя.
― Бо на душы прыкра. Што з намі будзе? Са мной, з дзецьмі?
― Мне вельмі шкада, Веверыца, што так здарылася. Трэба цярпець.
― Ведаеш, чаго я баюся цяпер больш за ўсё?
― Што пападзеш у рабыні да якога-небудзь звера, які будзе здзеквацца над табой?
― Не адгадаў. Але гэтага таксама баюся.
― А чаго ж тады?
― Што мяне разлучаць з дзецьмі.
― Нават калі не з сваімі?
― Якія ж яны не свае? Гэта ж сястры. Свае. Крэўныя.
Яна прыціснула далоні да твару і ўсхліпнула. Скіба нічога не адказаў. Ён добра ведаў, што хутчэй за ўсё так і будзе. Нават родныя дзеці ці наўрад застануцца з ёй. Бо палонныя пры дзяльбе здабычы будуць самай каштоўнай яе часткай, а іх засталося няшмат.
Дзеці ўжо прывыклі да Скібы. Дзяўчынка, самая малодшая з іх, Сойка, без боязі прасілася да яго на рукі:
― Дзядзька Скіба, а ты нам прынясеш яшчэ арэшкаў?
― А навошта табе арэшкі?
― Дык яны ж надта смачныя.
― Ну, гэта твая мама павінна есці арэшкі, бо яна вавёрка.
― А яна нам усё аддае.
― Так? А ты ж Сойка ― птушка значыць. Ты павінна есці чарвячкоў.
― Не! Я не ем чарвячкоў! Я хачу арэшкаў.
І Скіба імкнуўся выстарацца ў мясцовых прусаў арэхаў, ці яшчэ якіх-небудзь прысмакаў. Прусы не шкадавалі, калі даведваліся, для каго. Часам і самі прыносілі пачастункі дзецям і другім палонным. Знаходзіліся добрыя душы, якіх кранала чужая бяда.
Хутка і яцвягі і дрыгавічы заўважылі ягоную прыхільнасць і пачалі кпіць над ім.
― Гэй, Скіба! Прывязаўся да падолу?
― Што, па жанчынам здоўжыўся?
― Ты ж глядзі, палон да дзяльбы недатыкальны…
Скіба ніяк не рэагаваў на гэтыя насмешкі, яны яго не краналі. У галаве таўклася адна і тая ж думка:
― Як яе не згубіць?...
Хоць ён яе яшчэ і не набыў.
Рака блукала па шчыльных лясах. Пасля чарговага зваротку плынь раздвоілася, праваднікі упэўнена павялі ў заходні рукав, і зусім нечакана ланцуг плаўсродкаў пачаў выходзіць на вялікую ваду возера Ісонг. Адзін за другім ладдзі, плыты і чоўны выплывалі з вузкага рэчышча на шырокі прастор, ад прыгажосці якога займала дух. На маляўнічых берагах вялікія дрэвы разнастайных парод стаялі ў поўнай прадвосеньскай красе, памнажаючыся адлюстраваннямі ў спакойнай вадзе. Наперадзе, адкрываліся выспы, таксама ў дрэвах. У берагі то тут, то там глыбока ўваходзілі залівы. Дапаўнялі відовішча некалькі невялікіх паселішчаў з трысняговымі стрэхамі, якія змесцаваліся на берагах і зліваліся з наваколлем, ніколькі яго не псуючы. Гэта была краіна вялікага мноства прыгожых азёр, якая праз некалькі стагоддзяў, калі прусы перастануць тут быць гаспадарамі, будзе мець назву Мазурскае Паазёр’е.
Рэшту дня адпачывалі на беразе. Дрыгавічам тутэйшыя паляўнічыя прынеслі свежую дзічыну. Віхура паразмаўляў з імі, распытаў пра далейшы шлях. Цяпер яны будуць прасоўвацца з аднаго возера да другога па вузкім пратокам.
― “Ці не звярнуць убок на якую-небудзь пратоку, каб адарвацца ад яцвягаў?” ― разважаў пра сябе Віхура.
Ён распытаў у паляўнічых, ці адна пратока вядзе з возера. Тыя ахвотна прыняліся расказваць, і выходзіла, што пратокаў шмат і азёр шмат.
― “Без мясцовых праваднікоў не пройдзеш…” ― падумаў ваявода і запытаў паляўнічых, ― А вы змаглі б правесці?
― Змаглі б, але ў вашага куніга ўжо ёсць праваднікі, ― адказаў адзін з іх.
Віхура не адыважыўся больш размаўляць пра гэта з паляўнічымі, каб не насцярожыць іх і не выдаць свае намеры.
― “Не цяпер,” ― сказаў ён сабе.
Наступныя дні былі падобнымі адзін на другі, цягнуліся ў цяжкай працы, у руху супраць плыні на заросшых кустаўём пратоках. Прайшлі возера Лёнгуты, потым Саронг, што звіліста працягнулася з захаду на ўсход больш чым на дзесяць палётаў стралы, потым доўга прасоўваліся па бясконцай звілістай пратоке, дзе часам трэба было злазіць з ладдзей і плытоў і цягнуць іх па плыткаводдзю. Пратаптаных людзьмі сцежак не было, і калі не знаходзілі падыходзячых звярыных, то коней і быдла вялі таксама па пратоке, якая часам была зусім плыткая, а месцамі жывелы і людзі ўвальваліся ў ваду па грудзі. Часам прыходзілася працягвацца волакамі, добра, што невялікімі. Неўзабаве, высунуліся на такую шырокую ваду, што ўсім успомнілася мора, бо вецер гуляў па ім, разганяючы буйныя, з пеннымі баранчыкамі, хвалі. Гэта было возера Вялікае Плужна. Даволі доўга плылі да паўднёвага берага, прыкрываючыся лесам ад заходняга ветру. Назаўтра ізноў пратока, яна працісквалася скрозь ланцужок невялікіх азярцоў. На адным з іх праваднікі сказалі Комату:
― Куніг, мы давялі вас да краю нашае зямлі ― да водападзелу паміж рэкамі, што цякуць на поўнач, у мора, і тымі, што бягуць на поўдзень. Цяпер трэба шукаць волак. Мы пакажам некалькі месцаў, а выбіраць будзеце самі.
Калі выбралі волак, які ўжо даўно не выкарыстоўваўся, быў зарослы маладымі дрэвамі, да таго ж праходзіў сярод грудоў, некаторыя яцвягі сталі наракаць: