Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

― Ці будзе ў нас дзень-два? ― з сумневам прагаварыў малады Заруба.

― Трэба так зрабіць, каб быў.

― Як?

― Трэба на Маўчадзе спыніць іх, на колькі зможам, ― уступіў у размову Лош, ― я тут крыху вышэй па плыні месца добрае знайшоў. Берагі цвёрдыя, і высокія, а далей балота ў абодва бакі. Вось бы там засекі збудаваць. Можна было б надоўга затрымаць іх.

― Засекі зрабіць не паспеем. А завалу можна. Але каб іх тамака затрымаць, трэба сцягнуць туды ўсіх ваяроў. А хто тады будзе будаваць асноўныя ўмацаванні?

― Вось і прыцягнем жанчын. Тых, хто валодае зброяй, паставім разам з ваярамі ў засаду, астатніх ― на будаўніцтва. Гэта дасць магчымасць адцягнуць да працы на асноўных умацаваннях і частку мужоў.

Так і вырашылі.

Калі разыходзіліся, дзень яшчэ не пачынаўся ― ночы ў такую пару года ўжо не былі кароткімі. Некаторыя мужы яшчэ паспелі трыху паспаць.

Арол-Маркут ляцеў да Вялікага Ўзвышша. Пад ім, як заўсёды, колькі хапала вока, распасціраліся лясы ў перамежку з балотамі і рэдкімі пустэчамі, часам іх перарэзвалі звілістыя ручаі, рэчкі, рэкі. Да яго амаль не даносіліся гукі з паверхні зямлі, затое вочы ягоныя бачылі многае. У апошні час гэтыя дзіўныя чалавекі вядуць сябе не так, як заўсёды. На буйных рэках з’явіліся мноства вялікіх і малых лодак. Яны дзень за днём ідуць уверх па плыні, робячы прыпынкі каля паселішчаў, з якіх потым часам у неба паднімаюцца смярдзючыя клубы дыму. Маркуту не падабаліся такія відовішчы, і ён заўсёды адлятаў у другія месцы. Цяпер у яго поле зроку трапіла незвыклая з’ява. Калі на вялікіх рэках прысутнасць чалавекаў было прывычным, то ў гэтых лясных і балотных нетрах, якія павольна праплывалі пад ягонымі крыламі, людзей наогул можна ўбачыць зрэдку, нашмат радзей, чым звяроў, ды і то невялікімі гуртамі альбо нават па аднаму, то зараз на гэтай невялікай рацэ, што блукала сярод лесу, часам выходзячы на балоціну, у двух месцах віднеліся цесныя скупнасці тых самых лодак, на якіх сядзелі чалавекі і заўзята махалі пляскатымі рэчамі і доўгімі палкамі, робячы на вадзе бялёсыя буруны і павольна перасоўваючыся супраць плыні. Там жа былі бачныя і тыя жывёлы, што заўсёды жывуць каля іх. У першай групе было больш жывёл, у другой ― людзей. І што ж прымусіла іх зашывацца ў гэтую глухмень? Арол нядоўга назіраў за нязвыклай з’явай. У яго было сваё жыццё і свае патрэбы. Чалавекі займалі у ім зусім невялікае месца…

Спіславу некалькі разоў здавалася, што вось-вось ягоныя ліўцы дагоняць асноўную частку дрыгавічоў, але чарговая засада або завала надоўга затрымоўвала рух, і тыя ізноў адрываліся, ды яшчэ пры гэтым застрэльвалі аднаго-двух ліўцаў. Сярод ваяроў з’явіліся незадаволеныя.

― Навошта мы ўпляліся ў гэную глухмень?

― На Нёмане, напэўна было б больш толку…

― А колькі ўжо сваіх страцілі…

― Гэтыя дрыгавічы, нібыта здані…

― Куды ні сунься ― паўсюль яны…

Калі конязь чуў такое, то прыходзілася пераконваць, дзе словам, а дзе і кулаком. Ды раты ім не зачыніш, ягоныя ваяры ― людзі вольныя, кажуць тое, што думаюць. Тым не меней, па звычаям вайны, не падпарадкавацца ваяводзе яны не мелі права. І конязь Спіслаў прымушаў іх рухацца наўздагон здабычы, якая здавалася такой блізкай. Ен ведаў, што ўцекачы маюць няшмат ваяроў, бо калі б гэта было не так, даўно бы ўжо адбылася бітва. А пажывіцца ў іх ёсць чым: коні, гавяды і другая жыўнасць, жанчыны, дзеці, чоўны, ладдзі, хатняе начынне, працоўныя прылады. Ды й срэбра з золатам знойдзецца…

― Конязь! Чарговая завала наперадзе! ― крыкнуў вой з першага чоўна, выводзячы Спіслава з прыемных разважанняў.

Калі ягоная ладдзя выйшла з заваротку, і ў поле зроку апынулася гэтая завала, Спіслаў зразумеў, што тут будзе сутычка болей сур’ёзная, чым дагэтуль. І месца выбрана па-майстэрску. Гэта ж трэба, берагі стромкія, а вакол балота. Рака нібыта наўмысна праціснулася паміж дзвума невялікімі грудамі, парослымі дрэвамі, большасць з якіх была паваленая, ды не толькі ў рэчышча, але і па краю саміх грудоў, некаторыя ствалы і сукі тырчалі нават над самым абрывам ― так проста не падбярэшся. Ці не апошні адпор вырашылі даць дрыгавічы?

Конязь загадаў спыніцца за межамі прыцэльнага бою лука. Пачакаў, пакуль накопіцца дастаткова ваяроў. Даў час, каб адсапліся ад працы вёсламі ды тычкамі, прыгатавалі зброю, і паслаў ў лабавы напад на правы, меней стромкі бераг. Зароў рог, чоўны і ладдзі хутка падграблі бліжэй да завалы, воі пачалі выскокваць на бераг і караскацца па пяшчанаму адхону ўверх. Зверху на іх досыць густа паляцелі стрэлы. Нападнікі большасць з іх прыймалі ў шчыты, але некалькі вояў атрымалі раненні і ссоўваліся па пяшчаных бруях уніз. Астатнія ўпарта паднімаліся да краю абрыву, за якім адразу ляжалі зваленыя сукаватыя дрэвы. Дрыгавічы пусцілі ў ход суліцы. Каб іх прыцэльна кінуць, ім прыходзілася паднімацца над дрэвамі завалы або нават выскокваць на край адхону, і яны на момант станавіліся добрымі мішэнямі для мазаўшанскіх лучнікаў. Але такіх на гэты раз не было сярод нападнікаў, ― усе яны трымалі ў руках мячы або сякеры ў прадчуванні хуткай рукапашнай сутычкі. Калі самыя ўпартыя ліўцы падняліся ўжо да верху, то тут жа былі скінутыя абаронцамі з дапамогай страшных доўгіх дзід з вострымі сталёвымі джаламі, якія маглі нават прабіваць шчыты. Убачыўшы гэта, Спіслаў даў каманду трубіць адыход.

Разгарачаны боем Лош назіраў, як мазаўшане, нічога не дабіўшыся ў першым нападзе, садзіліся ў судны і сплаўляліся па плыні на зыходныя пазіцыі. Дрыгавічы пакуль што не мелі страт.

― “У другім разе яны, напэўна, высунуць наперад лучнікаў,” ― разважаў Лош ― “трэба сказаць, каб з суліцамі не выходзілі на адкрытае месца.”

Ён далей назіраў за прыгатаваннямі ворага і добра бачыў іхняга правадыра, якога пазнаў па багатаму ахоўнаму ўбору з востраканечным шаломам, доўгай кальчузе і чырвоным плашчы з арнаментам. Да яго ладдзі ўвесь час падплывалі чоўны, ён аддаваў нейкія загады і часам паказваў рукой у кірунку завалы. Некалькі чоўнаў спрабавалі пайсці ў абыход, па балоту. Густы дыван з балотных раслін не даваў ім прасоўвацца, а калі ваяры паспрабавалі на яго ступаць, то адразу правальваліся.

― “Нічога ў вас не выйдзе,” ― са злараднасцю думаў Лошна, ― “прыйдзецца вам нападаць у лоб.”

Да канца дня Спіслаў яшчэ тройчы пасылаў сваё войска на штурм.

Ізноў затрубіў рог. Пачынаўся рашучы напад. На гэты раз сам конязь павёў ліўцаў. Некаторыя ладдзі аддзяліліся ад астатніх, і, як толькі пачаўся цвёрды бераг, прысталі да яго. Воі высаджваліся і паступова перасоўваліся да завалы пакуль што нізкім барагам. Астатнія ладдзі і чоўны шпарка падыходзілі пад абрыў. Раздаліся баявыя заклікі, хваля вояў пад началам Спіслава выплюхнулася на бераг, і, выставіўшы наперад шчыты, пачала караскацца па адхону. Але на гэты раз частка з іх засталася на ладдзях і пачала інтэнсіўны абстрэл завалы з лукаў. Другія лучнікі, што высадзіліся на бераг, хаваючыся за вялікімі шчытамі, таксамі вялі абстрэл, толькі збоку. Некалькі воклічаў ад нечаканага болю, якія данесліся с завалы, паказалі, што абстрэл мае вынікі. Разахвочаныя гэтым, нападнікі хутка паднімаліся ўверх, нягледзячы на тое, што ўвесь час па ім таксама стралялі з лукаў. Ізноў некалькі пацярпелых ад стрэл вояў ссунуліся ўніз. Нягледзячы на папярэджванне Лоша, яго ваяры, на гэты раз, праўда, прыкрываючыся шчытамі, выбяглі на край, каб прыцэльна кінуць суліцы. Двое з іх адразу былі падстрэлены, адзін выпаў насустрач нападнікам, і яго дабілі сякерай. Але і дрыгавіцкія суліцы знайшлі сваю мэту. На светлым пясчаным адхоне з’явіліся крывавыя плямы. Нападнікі былі ўжо каля самага верху. Іх амаль ва ўпор растрэльвалі лучнікі з-пад галін завалы. Усеткі ліўцам удалося выбрацца на самы верх адхона, але дрыгавічы дружна выскачылі з завалы і ў сутычцы на мячах, з вялікай цяжкасцю, але змаглі скінуць нападнікаў уніз. Лош на імгненне сустрэўся позіркам з вожам ворагаў, і ўбачыў у ягоных вачах рашучую няўмольнасць. Вырваўшы з рук бліжэйшага воя дзіду, кінуў яе, цаляючы мазаўшаніну ў твар. Той мячом здолеў адбіць смяротную зброю, але згубіў раўнавагу, і разам з іншымі пакаціўся па стромкаму схілу.

69
{"b":"822260","o":1}