Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ноччу, калі большасць людзей з аднаго і другога боку спалі, працягвалася вайна выведак. Ваяры Команя добра ведалі мясцовасць, таму малі перавагу. Да ранку адбылося некалькі рукапашных сутычак ― дрыгавічы перахоплівалі ў засадах выведку пераследнікаў, трох з якіх забілі, аднаго ўзялі ў палон. Не абыйшлося без страт і ў дрыгавічоў, ― адзін загінуўшы, ды двое атрымалі нажавыя раненні.

Палонны трымаўся дзёрзка. Ён не лічыў патрэбным хаваць звесткі пра сваіх і пра сябе, крычаў, што ўсё роўна ўсім уцекачам канец, што конязь Спіслаў іх ўжо не выпусціць з сваіх рук. Імя конязя для ўсіх было незнаёмым, толькі адна Ятвінга, якая пры пачатку баявых дзеянняў апранулася па-мужчынску і далучылася да выведкі дрыгавічоў, калі пачула гэтае імя, збялела, але ніхто гэтага не заўважыў. Палоннага вырашылі прытрымаць, можа быць, спатрэбіцца для якога-небудзь абмену. Мазаўшаніна звязалі і пасадзілі пад дрэвам. Ятвінга не спускала з яго вачэй, выбрала момант, калі паблізу акрамя іх нікога не было, падышла ўшчыльную, прыставіла нож да горла і спытала:

― На Бебжу хадзіў са сваім конязем тры гады таму?

Палонны па голасу пазнаў, што перад ім кабета і адвярнуў твар убок, даючы зразумець, што з жанчынамі на мужчынскія тэмы не размаўляе.

― Ты не глядзі, што я жанчына, ― з цяжкасцю стрымліваючы нянавісць, сказала Ятвінга, ― с такімі, як ты, з трыма зладжуся.

Лівец уважліва аглядзеў яе постаць, нічога асаблівага не заўважыў, ізноў адвярнуўся і сплюнуў праз плячо:

― Ваяка знайшлася! Тваё месца на лаве пад мужам у гэты час сутак.

Ятвінга ледзь стрымалася, каб не стукнуць яго, адышла ў бок, прылягла нібыта адпачыць, а сама не выпускала палоннага з поля зроку.

С пачатку ваенных дзеянняў Ятвінгу, як пакінутую дрыгавічам заложніцу, павінны былі забіць. Але замужжа з Лошнам карэнным чынам памяняла яе статут, і яна ўжо лічылася не заложніцай, а жанчынай роду Команяў. Таму нікому нават у галаву не прыйшло пытанне разбірацца з ёй. Жанчына-ваяр была з’явай досыць рэдкай, і мала хто з дрыгавічоў здагадваўся аб кандыцыях Ятвінгі ў ваеннай справе. А вось сярод яцвягаў ваяр яна была знакаміты, да таго ж прыбліжанай да куніга. Каб зараз дрыгавічоў пераследвалі яцвягі, то ёй прыйшлося б рабіць нялёгкі маральны выбар паміж каханнем да Лоша і вайсковым абавязкам яцвяскага воя. Але на дрыгавічоў выйшлі ліўцы-мазаўшане.

Пад ранак, калі сон морыць нават самых устойлівых, палонны здолеў развязацца і папоўз да ракі.

― Стой! ― крыкнула Ятвінга, але лівец не паслухаў, падхапіўся на ногі і пабег. Да ракі заставалася некалькі крокаў, як корд яцвяжкі дагнаў яго. Уцякач заваліўся на бок. Калі Ятвінга падышла, ён быў ужо мёртвы ― корд патрапіў у сэрца. Яна спакойна абцерла аб адзёжу ворага лязо і спіхнула цела ў ваду.

Да руху гатаваліся яшчэ да світанка і на золаку пайшлі далей, пераадольваючы мелі, прытопленыя карчакі і стромкія завароткі рэчышча. Быдла гналі дзе берагам, дзе па дне ракі, каровам часам прыходзілася плыць праз глыбокія віры. За дзень прыгатавалі некалькі завал, якія надоўга затрымлівалі пераследнікаў. Некалькі разоў Спіслаў спрабаваў здзейсніць абыходныя манеўры, але кожны раз натыкаўся на засады ― дрыгавічы карысталіся перавагай у веданні мясцовасці. Страціўшы тузін ваяроў, ён сканцэнтраваў увагу на хуткасці перасоўвання па рэчышчы і памяньшэнні марнавання часу на завалах, пасылаючы вояў на іх разбіранне з рызыкай для жыцця. Пад вечар стала відавочна, што нягледзячы на ўсе высілкі дрыгавічоў, мазаўшане даганяюць іх. Комань зразумеў, што яны не адстануць, на што дагэтуль мелася надзея. Ноччу каля вогнішча ён сабраў самых вопытных мужоў на раду.

― Іх амаль пяць саракоў. Нас трыху больш за палову сотні. Мы не можам здзейсніць хуткага манёўру, бо звязаны жанчынамі і дзецьмі. Ды і быдла шкада губляць. Калі ўсё будзе працягвацца, як цяпер, то праз дзень, найбольш два, яны сядуць нам на плечы. Якія ёсць прапановы?

Нейкі час стаяла цішыня. Мужы разважалі.

― Комань, ― пачаў Брадко ― адзін са стрэйшых ваяроў роду , ― можа, нам раздзяліцца і разыйсціся па розным прытокам ды балотам?

― Я б так не рабіў, ― запярэчыў яму не меньш аўтарытэтны Крэч, ― нас пераловяць, а разам мы ўсеткі сіла.

― Гэта можна было б здзейсніць, калі б было запасу хоць некалькі дзён, сказаў Комань, ― дажджы змылі б сляды. А па свежаку лёгка адшукаць усіх ― людзей у іх хапае.

У гэты момант да вогнішчу наблізілася жаночая постаць. Гэта была старэйшая з жанок Команя, Ярына, паважаная ў родзе за стромкія сцёгны і не меней стромкі нораў, жанчына мажная і моцная. Мужы незадаволена замаўчалі. Кабетам няма чаго рабіць на ваеннай радзе.

― Комань! Выслухайце мяне. Я ад імя тых баб, якім не падабаецца ў такі час сядзець на клунках.

― І што ж ты можаш сказаць нам, Ярына? ― недаверліва спытаў Комань, ― Мы тут абмяркоўваем не жаночыя справы, ― ішла б ты адсюль.

― Я нікуды не пайду, пакуль не выслухаеце!

― Можа быць, мы потым пагаворымо з табой, бо зараз…

― Менавіта зараз, калі вырашаюцца самыя важкія справы!

― От, прыставучая! Ну, тады гавары ўжо, ― здаўся нарэшце Комань, толькі нядоўга.

― Вось і добра, ― Ярына падышла да Команя, які стаяў у сярэдзіне кола, каля самага вогнішча, ― тады скажы мне, Комань, колькі іх, мазаўшан гэтых?

― Ты лезеш не ў свае справы, кабета, ― пачаў злавацца Комань.

― Не хочаш казаць, каб панікі не было, ― з нейкай, нават, ухвалой ў голасе сказала Ярына, ― ну і не кажы, я і так ведаю: разоў у пяць болей, чым нашых. Так?

Комань і мужы маўчалі.

― Дык чаго ж ты жанчынам, якія паспрытней, не даеш зброю?! ― спытала яна, калі маўчанне зацягнулася.

Гэтае пытанне паставіла ўсіх мужоў у тупік. Нельга сказаць, што дрыгывічы не памяталі выпадкаў, калі жанчыны бралі ў рукі зброю. Але выпадкі гэтыя адносіліся хутчэй да легенд, або выключэнняў, як, напрыклад, з Ятвінгай. А ўвогуле, вайна заўсёды лічылася настолькі мужчынскім заняткам, што жанчыне трапіць ў гэтае асяроддзе было вельмі цяжка. А тут…

― І колькі ж вас такіх? ― з сумневам задаў пытанне Комань.

― Мяркую, што пару-тройку тузінаў набярэцца! ― упэўнена адказала яму Ярына.

Мужы недаверліва адазваліся:

― Адкуль?

― Вось выдумшчыца!

― Што мы, нашых баб не ведаем?

― Ваюйце лепей з козамі ды курамі…

Комань абняў жонку за талію, адвёў ад вогнішча і лёганька падштырхнуў:

― Ідзі ўжо, Ярына, мы абмяркуем тваю прапанову. Раніцой скажу табе. Ідзі.

Абмеркаванне было гарачым, але кароткім. Некаторыя воі ўспрынялі прапанову Ярыны як абразу. Але большасцю вырашылі так: дзявацца некуды, хто можа ўзяцца за зброю, таму яе трэба даць. Няхай возьмуць удзел хоць бы ў бліжэйшай старожы.

Над радай ізноў павісла галоўнае пытанне: што рабіць далей?

На гэты раз спрэчкі былі доўгімі. Абмяркоўвалі з розных бакоў усе прапановы ― і раптоўны начны напад на мазаўшан, і сыход з Маўчады ў балота ці лес, і прапанову пакінуць быдла і другое дабро і ўлёгцы адрывацца ад ворага…

Потым Комань падкінуў ідэю, якая ўпадабалася большасці.

― Мы наблізіліся да тых мясцін, далей за якія нашыя паляўнічыя заходзяць мала калі, ― казаў Комань, ― зараз Маўчада нас вядзе на поўдзень, але хутка яе рэчышча паверне на ўсход. Перад гэтым завароткам у яе ўпадае невялікі прыток, называецца ён Івезь. Ёсць на гэтай Івезі надта цікавае месца. Нейкія старажытныя людзі ў спрадвечныя часы будавалі там гарадню. Ці яны яе пакінулі, ці хто-небудзь іх прагнаў, невядома, але застаўся там пляскаты і амаль круглы груд са стромкімі адхонамі, нібыта перавернутая міска.

Комань замаўчаў, у задуменні пачасаў бараду. Усе чакалі працягу яго гаворкі.

― Даўно я там быў, ― не прымусіў ён доўга чакаць, ― паляўнічыя з Вусця казалі, што там цяпер падняўся малады лес. На гэтым грудзе можна было б пабудаваць добрыя ўмацаванні. Канечне, у нас няма на гэта часу. Ды я мяркую, што за дзень-два, калі па краю груда зваліць лес, паставіць згароду з плытоў, ладзяў і чоўнаў, ды яшчэ паспець ўкапаць там-сям засекі, то можна паспяхова абараняцца. А быдла ды жанок з дзецьмі змясцуем пасярэдзіне.

68
{"b":"822260","o":1}