― На бліжэйшых суседзяў няхай нават думкі не будзе нападаць! – ён падняў руку з вялікім кулаком, які ўжо не адну гарачую голаву астудзіў, ― вось гэтай самай рукой прыдушу! А ў далёкія краіны ісці ― трэба мець сілы паболей нашага роду. Буду гаварыць з Воладам, ― што-небудзь вырашым. А пакуль што ляды трэба пашыраць. Ляды даюць хлеб ― свой, крэўны, самы надзейны.
Ён прайшоўся ўздоўж кола вечнікаў, углядаючыся ў твары суродзічаў. Некаторыя адводзілі вочы, ― тыя, што былі нязгодныя, і хто ўжо не хадзіў на ляды сам, а толькі пасылаў рабоў. Нічога не зробіш ― гэта іхняе права.
Комань працягваў:
― А цяпер аб палюддзі. Дык што, даём конязю дабаўку, ці бунтаваць будзем?
― Э-э-эх, трэба даваць!
― А хрэн яму!
― А куды дзявацца?!
― Даём! Даём!
... Доўга яшчэ шумела-бурліла Веча, пакуль вырашылі ўсе важныя для жыцця роду пытанні.
― А цяпер наконт жанок Слава! Ёсць сярод нас такія, каму ўжо карціць заграбастаць маладых кабет, што засталіся без абароны мужа. Гавару ўсім: пакуль не скончыцца тэрмін жалобы ― яны недатыкальныя! Ці, можа, ёсць другія думкі? ― Комань наблізіўся да Дрока. Той апусціў вочы. ― Кажу ўсім! Звычай ёсць звычай! Хто яго парушыць, той стане мёртвым, або ізгоем!
Ён вярнуўся на сваё месца:
― Ці ёсць яшчэ што ў нас?
― Ёсць, Комань, ёсць! ― Лош выйшаў з натоўпу, стаў побач з Команем і павярнуўся да вечнікаў: ― Быў у мяне раб, а цяпер няма!
І куды ж ён падзеўся? ― пачуўся нечы гарэзны голас, ― няўжо забіў пад гарачую руку?
― А можа ўцёк ад тваіх здзекаў? ― спытаў вясёлы Ліс, і многія вечнікі засмяяліся, бо ведалі аб адносінах Лошны да гэтага раба.
Але Лош адказаў з усёй сур’ёзнасцю:
― Не забіў, і не ўцёк. Быў раб, а стаў сябар. Нор, выходзь!
Нор выйшаў з-за бліжэйшых дрэў. На ім былі апранутыя чыстыя парты з шырокім поаясам, ільняная сарочка з трыху патрапанай мехавой камізэлькай паверх, на нагах новыя скураныя поршні ― падарунак былога гаспадара.
― Комань! Вечнікі! Суродзічы! ― ізноў загаварыў Лош, ― скончышўся тэрмін рабства Ніканора. Цяпер ён вольны чалавек. І я прашу за яго. Няхай ён будзе роўны сярод нас, вольных дрыгавічоў!
― Ды хіба можа быць раб, хоць і былы, роўня нам?!
― Мы ж воі, а ён акрамя вілаў ды сахі нічога не трымаў у руках!
― А ці муж ён?! На вайне ці можна на яго паспадзявацца?!
Нор не збянтэжыўся. Ён наблізіўся да Команя:
― Комань, дай мне слова, калі я ўжо не раб.
Комань узяў Нора за плячо і крыкнуў у зноў расхваляваны натоўп:
― Ціха, вечнікі! Хай Нор скажа.
Мужы неахвотна замаўчалі.
― Паважанае Веча! Я не заўжды быў рабом. Я быў вольны рамей, звалі мяне Ніканор і маліўся я адзінаму богу Ісусу Хрысту. І цяпер верую і малюся яму, бо так мяне навучылі бацькі.
― Ну вось, дык дае-е-е!
― У-у-у-у!
― Ды хіба ён моцны, твой бог? Тады чаму ж ты ў палоне апынуўся? Ці маліўся слаба?
Нор адказаў:
― Мой бог паслаў мне выпрабаванне за мае грахі.
Да Нора наблізіўся Ястр. Вяшчун уважліва паглядзеў яму ў вочы і запытаў:
― А як жа нашыя багі? Ты будзеш імі пагарджаць? І не прынясеш ім шчодрай ахвяры?
― Я нічога не маю супраць паганскіх багоў. І мой бог, і вашыя ― гэта розныя праявы адной сутнасці нябеснага Творцы. Настане час, і вы альбо вашыя нашчадкі зразумеюць і палюбяць Хрыста, бо моцна цярпеў ён за род чалавечы. А сваю долю пакласці на ахвярнік вашым багам я не пашкадую.
Нічога не сказаў на гэта Ястр, у задуменні адышоў у бок.
― Што датычыць воінскай справы, ― прадоўжыў Нор, ― то адкажу так: страляць з лука і кідаць суліцу я не вялікі майстра. А што датычыць мяча і дзіды, то мала хто з вас зможа мяне адолець у сумленным баі.
― Ды ну-у-у!
― Зарываешся, раб!!
― Хай пакажа!
― Трэба збіць гонар!!
― Хай пакажа адразу!
Нор паглядзеў на Команя:
― Вож, дай згоду.
Комань знайшоў вачыма Лоша, той ледзь прыкметна, з усмешкай, матануў галавой.
― Аб’яўляю сутычку паміж Норам і тым, хто пажадае! Да першай крыві! Ну?! Каму карціць выцягнуць меч з похваў?
Наперад тут-жа выйшаў малады і высокі Бор. Яму надта хацелася паказаць сваё ўменне. Паслалі мальцоў за шчытамі. Лош пазычыў Нору свой меч. Байцы прыгатаваліся да сутычкі. Кожны пільна сачыў за вачамі суперніка. Вось Бор замахнуўся мячом і зрабіў выпад. Нор нібыта нехаця падняў свой насустрач. Жалезы сутыкнуліся. Гэты гук усіх напрог. Бор маланкава зрабіў другі замах і ўдарыў у кірунку грудзей Нора. Той ледзь прыкметным рухам адхіліўся, адступіўшы самую драбніцу, і меч Бора, не сустрэўшы мэты, праваліўся ў пустэчу. Сярод назіраючых пачуліся здзіўленыя галасы, бывалыя ваяры па першым эпізодзе адчулі ў Норы майстра мяча. Але і Бор не разгубіўся, пацягнуў меч касым рубам знізу ўздоўж цела Нора, ды той гэта прадбачыў і падставіў тарчу. Глухі ўдар, і зноў замах Бора. Нор, ізноў, быццам запаволена падняў меч і адбіў удар. Тут Бор маланкава крутануўся і нанёс тры ўдары запар. Нор адбіўся, але ўжо з некаторай напругай, адыходзячы і ўхіляючыся на валасінку ад смяротнага жалеза. Бор нарэшце зразумеў, што перад ім сур’ёзны супернік. Ён пачаў гарачыцца і ўзнімаць тэмп, думаючы гэтым вырашыць ход двубоя на сваю карысць. Бор рухаўся вельмі хутка, кідаючы рукі з мячом і шчытом у розныя бакі, але Нор, нібыта прывід, адыходзіў з-пад удару, і толькі часам мячы сутыкаліся і выбіваліся іскры, добра бачныя ў прадвячорку. Вось Бор рубануў што-сілы, цэлячыся ў галаву, ды зноў рассёк паветра, бо Нор імгненна адхіліўся, але цяпер Бор, не паспеўшы вярнуцца ў зыходную пазіцыю, пачуў на плячы лёгкі дотык мяча суперніка. Кроў не стала чакаць, чырвоны струменьчык выцек на светлую скуру.
― Усё! Хопіць! ― Комань стаў паміж байцамі. Гарачы Бор паспеў узняць меч і толькі на замаху да яго дайшло, што сутычка скончылася і ён прайграў. Малады ваяр, цяжка дыхаючы, нядобра паглядзеў на Нора, апусціў галаву і вярнуўся да сваіх сяброў, баючыся кпінаў. Але мужы ухваляючы гаманілі, пахлопвалі Бора па плячам:
― Ты добра біўся, Бор!
― Не крыўдуй, табе сёння не спрыялі багі.
― Але й ухілісты гэты раб!
― Не-е! Цяпер ужо не ра-аб!
Комань спытаў у веча:
― Ну што?! Хто яшчэ хоча памахаць мячом?
Выйшаў Доўбень:
― Нор! Я нічога не маю супраць цябе. Ды надта ж лёгка ты Бора адолеў, а ён ваяр добры.
― Я не сумняваюся у сіле і спрыце дрыгавічоў. Але ў тваёй руцэ меч. Я гатовы.
― Меньш гаворкі! ― перабіў іх Комань, ― да справы!
І мячы зноў зазвінелі. Гэта быў двубой роўных. Тэмп часам быў такі хуткі, што цяжка было прасачыць за рухамі байцоў. Нору ўдаваліся толькі некаторыя падманныя рухі, і то часткова, ― Доўб быццам прадбачыў іх і сам біў не ў тое месца, куды ныбыта цэліў, увесь час мяняючы траекторыю руху мяча самым нечаканым чынам, таму Нору прыходзілася туга, на мяжы магчымасцяў. Ён больш абараняўся, толькі часам наносячы ўдары, па некалькі запар, якія ўжо Доўб з відавочнай цяжкасцю адбіваў. Сутычка зацягвалася. Тарча Нора не вытрымала і пасля чараговага ўдару развалілася на кавалкі. Нор адкінуў рэшту ў бок. Доўб таксама адразу вызваліўся ад свайго. Байцы перахапілі мячы аберуч, і тыя зазвінелі цяпер безперапынна з узыходзячым тэмпам. Ніхто не заўважыў, ад якога ўдару, але ў Нора на сківіцы паказалася кроў.
― Ско-о-ончана!!! ― Комань грамавым голасам прабіўся да слыху раз’юшаных байцоў, і тыя апусцілі мячы, цяжка і хутка дыхаючы. Яны яшчэ па інэрцыі пільна глядзелі адзін на другога, але ў вачах ужо з’яўлялася добразычлівая ўсмешка — кожны ацаніў суперніка.
Вечнікі голасна загаманілі:
― От, то сутычка!
― Ай, добра біліся!
― Не зайдрошчу таму, хто на іх у баі нарвецца!
― Слава воям!!
― Слава Доўбеню і Нору!!
― Цяпер не раб!
― Во-о-о-льны!
Комань выйшаў у круг:
― Ну, дык што?! Бярэм Нора ў сваё войска?! Прыймаем яго роўным сярод нас?!
― Бярэм! Бярэм!
― Прыймаем!
― Наш чалавек!
― Такога байца, ды не прыйняць!