Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

― А што ж застаецца? ― амаль шэптам прагаварыў хтосці з мужоў.

― Браць коней і прарывацца! ― адказала Ярына

― Дык гэта ж ганьба, пакінуць сваіх у бядзе!

― А вы прарывайцеся разам з маладымі жанчынамі і юнакамі.

― Коней не хопіць.

― Калі пасадзіце за сабой па кабеце, а юнакі возьмуцца за страмёны і будуць бегчы побач, то хопіць.

― А тыя, што застануцца? Гэта ж рабства!

На нейкі час запанавала цішыня, скрозь якую было чутна баляванне мазаўшан.

― Можа, лепей смерць…

― Памерці паспеем, калі прыйдзе час, ― на ўсе пярэчанні знаходзіла адказ Ярына, ― а калі прарвецеся, то, дадуць багі, наладзіце пагоню. На гэта ўсе мы будзем спадзявацца.

…Доўга спрачаліся дрыгавічы, а калі пераваліла за поўнач, пачалі развітвацца, ― мужы з жонкамі, бацькі з дзецьмі. Чуліся сцішаныя стогны і плач.

Лошна таксама развітваўся. Бацькі ягоныя ўжо даўно не былі жывыя, але блізкіх родзічаў хапала. Моцна абняліся яны з сястрой ― Крынай, маці Воўча. Цяжка было. Сэрцы разрываліся на часткі.

Потым без лішняга шума, патаемна ад ворага гатавалі зброю, кілзалі коней. Да Лоша ціха падышла Ятвінга, вядучы за сабой свайго баявога каня.

― Лошна, я застаюся.

― Ты што, Ятвінга, ашалела?!

― Я застаюся, Лош.

― Не жадаю гэтага чуць. Ты мая жонка і будзеш рабіць, што скажу! ― Лош ўзяў Ятвінгу за талію, каб падсадзіць на каня. Жонка абняла яго і пацалавала:

― Не трэба са мной так, Лошна Заманавіч. Ты ж ведаеш, што я не зусім звычайная кабета. Я кабета-ваяр.

― Але цяпер я цябе не разумею.

― Я табе растлумачу, каханы, ― Ятвінга памаўчала, углядаючыся Лошу ў вочы, ― ты ніколі не пытаў пра маё ранейшае жыццё.

― Гэта мяне не датычыць. Я цябе кахаю сённяшнюю.

― Цяпер датычыць. Ведаеш, у мяне быў муж і двое дзетак, хлопчык і дзяўчынка.

― Ятвінга! Ты магла б расказаць!

― Сам кажаш, табе гэта не трэба было.

― І што?! Што з імі стала?!

― Аднойчы на нашае паселішча нечакана напалі чужынцы. Муж загінуў, як і другія, абараняючы нас. Я з дзецьмі трапіла ў палон. Калі ў мяне іх адбіралі, накінулася на аднаго з ворагаў і ледзь не задушыла яго. Мяне стукнулі чымсці па галаве і я страціла прытомнасць. Выйшла многа крыві. Палічыўшы, што я мёртвая, мяне пакінулі каля забітых. Я выжыла, ачуняла і вырашыла стаць ваяром. Гэтымі днямі я пазнала некаторых…

― Гэта былі мазаўшане?!

― Так, Лош. Гэта яны.

― І ты хочаш знайсці дзяцей!

Ятвінга моўчкі кіўнула. Лош абняў яе:

― Ніколі сабе не дарую, што адпускаю цябе.

― Мы яшчэ сустрэнемся, я веру, ― Ятвінга ўсміхнулася, ― вось, вазьмі, пасадзі Ланю, ― і Ятвінга паклала ў далонь Лошу аброць свайго каня.

Пачалі рыхтаваць калону. Перад брамай ставілі коней па двое, следам другую пару, потым яшчэ і яшчэ… Размяркоўвалі сектары абстрэлу.

Лош сядзеў на сваім кані ў пярэдняй пары, трымаючы напагатове лук. Калчан на прывычным месцы, напоўнены стрэламі. Ззаду, шчыльна абхапіўшы яго, сядзела Ланя, спіна ў яе была закрыта вялікім шчытом. Яна не зладзілася з наравістым канём Ятвінгі, і прыйшлося аддаць яго вопытнаму Крэчу. За страмёны Лошавага каня трымаліся юнакі, Воўчавыя сябры і стрыечныя браты, Ворлік і Росцік, моцна сціснушы ў вольных руках суліцы. Другім у першай пары вершнікаў быў такі ж моцны ваяр, Лошаў заўзяты сябра, лепшы следапыт роду Ліс. У яго за плячамі сядзела дочка, якой мінула тузін зімаў, таксама прыкрытая шчытом, а за страмёны трымаліся пляменнікі. Ззаду гатавалася другая пара вершнікаў, Буг і Крэч са сваімі блізкімі родзічамі, за імі Вой і Заруба, далей яшчэ коні з вершнікамі ― усе свае, родныя. Калона выцягнулася, не змяшчаючыся поперак гарадзішча і закруцілася ўбок. Юнакам, якія былі пры вершніках у хвасце калоны, Комань загадаў замест суліц узяць тарчы, якіх хапіла не на ўсіх. Замыкаў калону Комань. Ён нікога не ўзяў да сябе на каня і ніхто не задаваў яму пытанняў ― вож ведае, што робіць. І толькі Ястр, які стаяў у перадапошняй пары, павярнуўся да яго і прашыпеў:

― Ты што , стары чорт, надумаў?

Нічога не адказаў яму Комань, толькі падміргнуў бадзера. З ягонага твара сышоў выраз прыгнечанасці, вочы па-маладому ззялі.

Пастаялі моўчкі. Світанак распачынаў новы дзень. Ужо было добра відаць на палову палёту стралы. Цішыня панавала над старым гарадзішчам, лёгкая смуга драмала над рачным долам. Вялікі лес, з-за якога хутка павінна было паказацца сонца, цямнеў зусім недалека.

Давай, Лош, ― напаўголаса сказаў Комань.

Лош наддаў шпорамі, моцнай рукой накіраваў каня на браму, так, што таму не было як адвярнуць, і ён грудзямі налег на створу, засовы былі адсунуты загадзя. Брама з грукатам адчыніліся. Цішыня разарвалася ад гуду конскага тупату, які хутка набіраў тэмп.

Ці была тая сіла, якая магла б зараз спыніць дрыгавічоў? Многія з іх, калі не ўсе, добра разумелі, што ніколі не даруюць сабе, пакідаючы сваіх дзяцей, жанок, маці, сясцер, і выбралі б лепей загінуць у баі, чым жыць з гэтым далей. Але толькі так заставалася нейкая надзея выправіць у будучыні становішча, якое стварылася. Са страшнымі напруджанымі тварамі, на якіх роспач была змешана з рашучасцю, прышпорылі яны застаялых коней і рынуліся наперад. Сонныя ліўцы не адразу сцямілі, што адбываецца. А дрыгавічы пускалі стралу за стралой, кожны вершнік у загадзя абумоўлены сектар, і атрымлівалася, што стрэлы ляцелі веерам, перакрываючы ўсю прастору вакол калоны вершнікаў, якая ўсё вывальвалася з вузкай брамы умацавання. Юнакі моцна трымаліся за страмёны і беглі побач вялікімі крокамі, часам то адзін, то другі з іх кідалі суліцы ў тых ворагаў, якія апынуліся на шляху калоны.

Пачатак гэтага марша быў даволі ўдалым ― некалькі мазаўшан сустрэлі смерць ці былі паранены трапнымі стрэламі вершнікаў або суліцамі юнакоў. Вось ужо ўся калона вылецела з варот, апошні на магутным рудым кані Комань, за спіной вялікая тарча. Але ліўцы ўжо ачухаліся і пачалі страляць ў адказ. Большасць стрэл ляцела ў вершнікаў, бо ад іх зыходзіла асноўная небяспека, але траплялі яны, у большасці, ў шчыты, замацаваныя ззаду. Калона пачала хутка падаляяцца ад гарадзішча ў кірунку блізкага лесу. І тады ліўцы азвярэлі. Яны беглі з усіх бакоў са злоснымі крыкамі, ― здабыча сыходзіць! Густы струмень стрэл пацягнуўся ўваслед калоны. Вось калі згадзіліся тарчы юнакам якія былі ў хвасце! Але пры такім густым абстрэле не маглі не знайсці мазаўшанскія стрэлы ахвяр. Сярод лютай лаянкі ліўцаў пачуліся тонкагалосыя выкрыкі, і трое падстрэленых дрыгавіцкіх юнакоў, адзін за адным зваліліся, выпусціўшы страмёны з аслабелых рук. Калона шалёна неслася да лесу.

Каля першых дрэў Лош з Лісам ад’ехалі ў бок і спыніліся, прапускаючы тых, хто ехаў следам.

― Па сцежцы! Гужам! ― крычаў Лош, ― Хутчэй! Хутчэй!

Ястр таксама спыніўся.

Апошнім пад’ехаў, запавольваючы рух свайго каня, Комань. Гул конскіх капытоў падаляўся ў нетры лесу па вузкай звярынай сцежцы.

А з боку гарадзішча нарастаў ўжо гул капытоў мазаўшанскіх коней, ― пагоня!

― Што стаіце? Даганяйце! ― прагыркаў Комань.

― А ты!? Паехалі разам! ― крычаў яму ў адказ Лош.

Комань саскочыў з каня, павярнуўся да Лоша, потым паглядзеў на Ліса, на Ястра і спакойна прамовіў

― А хто вам сказаў, што я збіраюся ехаць?

― Лош з Лісам збянтэжана глядзелі на Команя і не знаходзілі слоў.

― Так і ведаў, што гэты стары чорт што-небудзь надумае! ― у роспачы крыкнуў Ястр.

― Ну што стаіце!? Даганяйце нашых! ― загадваў Комань, ― Лошна! Сынок! Бяры старшынства на сябе!

Комань гаварыў і адначасова гатаваўся да бою, здымаючы з каня узбраенне, ― гул мазаўшанскай пагоні няўмольна набліжаўся.

― Усе! Забірайце майго каня і шыбуйце! Зарадзі багоў нашых, едзьце хутчэй!!

― Комань! Тады я з табой! ― крыкнуў Ястр.

Комань замахнуўся мячом, ― ты патрэбен там, дурань стары! Дапамагай Лошну! ― крычаў ён, грозна гледзячы на Ястра. Потым ціха дадаў:

― Бывай, мой добры сябар. Гэта мая памылка, мне і адказваць.

Ястр, не зважаючы на меч, пад’ехаў да Команя, нагнуўся і абняў яго:

74
{"b":"822260","o":1}