Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ён не падганяў сваіх, цярпліва чакаў, пакуль яны выгрузяцца на бераг, падсілкуюцца, даваў кароткія загады наконт пазіцый, і, калі ўбачыў, што гарадзішча узята ў надзейнае кольца, а дружына гатовая да бітвы, сказаў, паказваючы рукой на ўмацаванні:

― Вось вам здабыча і слава! Яны там, на версе! Чуеце іржанне коней і каровіна мыканне? А там яшчэ і салодкія кабеты, і золата-срэбра, і шмат якога дабра яшчэ! ― ён зрабіў паўзу, аглядаючы сваіх ліўцаў, потым рэзка выцягнуў меч з похваў, накіраваў яго на гарадзішча, і крыкнуў, ― То забярыце гэта ўсё сабе!!!

І ліўцы кінуліся на штурм.

Спіслаў недаацаніў умацаванне, інакш ён не кідаў бы сваіх ваяроў у напад без грунтоўнага вывучэння і выведкі. Дрыгавічы паспелі прадумана размяркаваць месца кожнаму абаронцы і падрыхтаваць зброю. Праз лісце галін нападнікі не бачылі іх, а самі былі добрымі мішэнямі для дрыгавіцкіх лучнікаў, якія з блізкай адлегласці мелі магчымасць пацэліць міма шчыта ў неабароненую частку варожай постаці. Тузін параненых і забітых мазаўшан пакаціўся ўніз па адхону. Гэта не пазбавіла рашучасці нападнікаў, і яны падабраліся да завалы, дзе былі сустрэты суліцамі і дзідамі. Трэск прабітых шчытоў і стогны параненых астудзілі ліўцаў, і яны запаволілі рух. Але самыя адважныя здолелі паднырнуць пад галіны, сысціся з абаронцамі тварам да твару і пусціць ў ход мячы. Завязалася лютая сеча са стратамі з абедзьвух бакоў. На вачах Лоша загінуў малады Юрса ― ваяр з Перуновай Старыцы, якога толькі мінулай восенню прынялі ў стан дарослых мужоў. Моцны мазаўшанін знянацку выйшаў на яго і, зрабіўшы падманны рух, зарубаў трапным ударам мяча. Лош кінуў суліцу, але вораг паспеў закрыцца шчытом. Дрыгавіч пайшоў на збліжэнне, выймаючы з похваў меч. У гэты момант збоку, з галля завалы якраз на яго вываліўся яшчэ адзін нападнік. Моцна рызыкуючы, Лош зрабіў нечаканы выпад ў кірунку забойцы Юрсы, падстаўляючы адкрыты бок другому ў адчайнай надзее, што хтосці з сваіх, хто быў побач, займуцца ім. Ягоная рызыка на гэты раз сябе апраўдала – ён удала дастаў мячом у абход шчыта першага мазаўшаніна, які ўжо палічыў, што дрыгавічу не спадручна нападаць, і моцна параніў яго, а другі, які рабіў замах для смяротнага ўдару ў спіну Лошу, атрымаў у свой неабаронены бок суліцу. Лошу не было калі азірнуцца, бо перад ім з’явіўся яшчэ адзін вораг. Пабачыўшы зрынутыя постаці супляменнікаў, і што з розных бакоў да яго набліжаюцца дрыгавічы, а падмогі не бачна, ён з прыкрасці выскаліўся, і адступіў таксама знянацку, як і з’явіўся. Лош павярнуўся і ўбачыў Ятвінгу, якая выцягвала сваю суліцу з забітага мазаўшаніна.

― Лош! Беражыся! ― тонкі жаночы енк перакрыў астатнія гукі бітвы.

Ён інстыктыўна адскочыў у бок, але корд, кінуты з апошніх сілаў паміраючым мазаўшанінам, балюча шоргнуў па скуле.

― “Ледзь не патрапіў,” ― падумаў Лош, адчуваючы гарачую кроў на шчацэ і шукаючы вачамі ворага. Але той ўжо быў мёртвы ад стралы, якую ва ўпор выпусціла з лука Ланя.

Жонкі Лоша ў адным баі двойчы спаслі яму жыццё. Яны з самага пачатку нападу былі побач. Ланя, як і многія іншыя дрыгавічанкі, таксама ўзялася за зброю, папоўніўшы лік абаронцаў.

Мазаўшане адыходзілі, закінуўшы за спіну свае вялікія шчыты, наўздагон ім ляцелі стрэлы, але толькі адна з іх знайшла непрыкрыты кавалак цела няўдачлівага воя. Той кракнуў і паволі апусціўся на зямлю ― страла навылет адштабнавала шыю. Двое іншых падхапілі яго пад рукі і павалаклі з сабой, не забываючы прыкрывацца шчытамі.

Ланя і Яцвінга дапамаглі Лошу спыніць кроў, першая прыкладала зелле з мохам, другая загаворвала па-яцвяску. Лош адмахваўся ад іх, маўляў ― дробязі. Калі кроў спынілася, і стала бачна, што раненне не цяжкае, Ланя засмяялася і спытала яго:

― Ну і што? З кім з нас ты сёння будзеш спаць?

Кабеты дружна засмяяліся, абняліся і пайшлі да буданоў. Яны на дзіва добра ладзілі паміж сабой.

А Лошна стаяў, збянтэжаны, не знайшоўшы што адказаць. Цяпер, калі прайшоў пэўны час з той пары, як Яцвінга стала ягонай, ён ужо не ведаў, хто з іх падабаецца яму больш. Толькі жадаў кожную абараніць ад бяды, нават коштам свайго жыцця.

Конязь Спіслаў, з прыкрасцю прызнаўшыся сабе, што ізноў недаацаніў баявую моц дрыгавічоў, загадаў расчысціць шырокую паласу вакол усяго гарадзішча, і калі гэта зрабілі, то коннікі пачалі гарцаваць па колу, назіраючы за умацаваннем ― вышуквалі слабое месца.

― Гэ-э-эй! Дрыгавічы! Хутка вам смерць будзе! А ўсё вашае будзе нашым!

Дрыгавічы зацята маўчалі. І толькі Булаў, каржакаваты сын пакойнага Слава, сазаў у адказ зычным басам:

― А і вас нямала паляжа! Можа, і ты з імі!

Маладыя воі часам пускалі стрэлы у самых нахабных задзірак, але хоць адлегласць і дазваляла прыцэльна стрэліць, вершнікі былі напагатове і лавілі стрэлы шчытамі.

Звечарэла. Мазаўшане запалілі вогнішчы. Хутка з іх боку пачуліся ажыўленыя гутаркі і нават жарты ― мабыць, выпілі моцнага напою. Стала ясна, што да ранку, хутчэй за ўсё, нападу не будзе.

Комань асабіста расставіў баявое ахоўванне, нават высунуў выведнікаў за завалу.

Потым ён палічыў страты.

І раптам зразумеў, што прайграў.

Бо яшчэ некалькі такіх нападаў, і абараняцца не будзе каму!

Заўтра ўсе ваяры ягонага роду, і сталыя, і маладыя, і тасама юнакі, нават не паспеўшыя стаць мужамі, загінуць ад мячоў і стрэл мазаўшан.

Больш чым тры дзясятка гадоў ён быў правадыром роду. За гэты час здаралася ўсялякае. Бывалі ліхія гады, калі мужоў гінула намнога болей, чым жанчыны нараджалі хлопчыкаў, бываў мор быдла і звяроў, недарод на лядах і галодныя зімы, калі да навіны падыходзілі схуднелымі і невясёлымі. Але былі і добрыя гады. Увогуле, род за тэрмін ягонай улады прыбавіў у колькасці людзей больш, чым напалову.

І вось цяпер такая ганьба!

Дзе ён памыліўся?

Комань пракручваў у галаве падзеі апошніх дзён, і не бачыў, што можна было зрабіць інакш.

Хіба што разбегчыся па лесе, бы гарох па траве, кінуўшы быдла і усю маёмасць ворагу? Можа, так было б і лепей, ды цяпер позна …

Усе дрыгавічы бачылі, як раптоўна змяніўся Комань. Быў раней станісты з цвёрдым уладарным позіркам, стаў раптам старым і гарбаватым, з ліхаманкава бліскучымі вачамі.

Сталыя людзі без падказкі ведалі, што назаўтра ўсе ваяры загінуць, а жанчыны і дзеці апынуцца ў рабстве. І ў дрыгавіцкім племені Корчакаў перастане існаваць род Команяў.

Маладыя не жадалі гэтага разумець, і на штосці спадзяваліся.

Веча не склікалі, але, калі сцямнела, усе вольныя ад ахоўвання пазбіраліся каля вогнішча, старыя і малыя, мужы і кабеты.

Маўчалі.

Ізноў, як напярэдадні, наперад высунулася Ярына. На гэты раз яна была не адна. Шчыльна за ёй трымаліся дзве другія жонкі Команя – Хмара і Струга.

― Ну, што , мужы, ― напаўголаса сказала Ярына, ― гінуць сабраліся?

Мужы маўчалі.

― Падмогі чакаць неадкуль, ― дадала Хмара, ― конязь Волад невядома дзе, а і ці жывы ён і ягоная дружына? Можа, злажылі ўжо свае буйныя галовы…

― І што, вы гатовыя не толькі самі загінуць, але і ўсіх юнакоў пад нож падвесці? ― спытала Струга.

Першы не вытрымаў паранены зімой мядзведзям і ўжо ачунялы, толькі галава назаўсёды прыкметна схілілася да пляча, Буй:

― Комань! Я паважаю цябе і тваіх жонак, але навошта яны прыйшлі скавытаць сюды? І без іх нудзіць.

― Так, так ! Няхай бабы адыйдуць! ― пачуліся галасы другіх вояў.

― А ці не стаялі бабы разам з вамі на ўмацаваннях сёння?! ― падвысіла голас Ярына, ― ці не біліся плячом да пляча?

Маўчалі дрыгавіцкія мужы.

― І не скавытаць мы сюды прыйшлі, а з прапановай.

― Прыйшлі, дык кажыце па справе, ― безнадзейна сказаў Комань, апусціўшы галаву.

― Тады слухайце, ― Ярына праціснулася бліжэй да гурта мужоў, ― але гаварыць я буду напаўголаса, бо калі пачуюць мазаўшане, то нічога не выйдзе. Хто хоча слухаць, няхай падсунецца бліжэй.

Яна зрабіла паўзу, пачакала. Мужы нехаця, а жанчыны зацікаўлена наблізіліся і сталі цесным гуртам.

― Канечне, мы ўсе будзем маліцца багам, каб яны стварылі цуд, ― напаўголаса пачала Ярына, ― хто забыўся, як маліцца, Ястр падскажа. Але калі глядзець на наша становішча цвяроза, то няма сумневу, што заўтра усе кабеты, дзяўчынкі і малыя дзеці стануць палоннымі, а вось ці абавязкова гінуць усім мужам і юнакам?

73
{"b":"822260","o":1}