Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Кашэба ладзіў пагоню.

Комат падганяў людзей. Адыход, які пачалі у выніку вялікіх спрэчак на ваенным савеце, быў намнога складаней, чым сам набег. Здабыча, у тым ліку ў выглядзе рабоў і быдла, абцяжарвала войска і не давала рухацца хутка. Колькі набегаў скончыліся крахам з-за таго, што моцная пагоня наганяла ап’янёных поспехам рабаўнікоў, і адбірала не толькі палон, але і жыццё захопнікаў!

Яны вырашылі рухацца скрозь Жулавы да мора. Вярнуліся ад Гдані вышей па плыні Лянотвы, і, выбраўшы адну з больш-меньш шырокіх праток, што адыходзіла ад яе на поўнач, увайшлі туды. Але хутка гэтая пратока пачала дзяліцца на некалькі, потым яшчэ. Яны працякалі паміж пясчанымі выспамі-выдмамі, некаторыя з якіх былі досыць высокімі, бо з’явіліся тут пасля вялікіх паводкаў, калі вада ў Вістуле паднімалася на некалькі сажняў і забірала пад сябе амаль усе жулаўскія абсягі. Месцамі пратокі былі зусім мелкімі, і трэба было ладзіць волакі, каб перабрацца ў больш глыбокі рукаў. Мясцовасць дзікая, густыя вербалозы чаргаваліся з голымі пясчанымі выдмамі. Мноства птушак паднімаліся ў паветра з трывожнымі крыкамі, што перашкаджала страціцца ў густых зарасніках. Ды толькі прасцяк мог падумаць, нібыта можна схавацца такому войску, ды чяшчэ з палонам, ад мясцовых следапытаў. Комат добра разумеў, што памаране будуць ведаць аб кожным іхнім руху. Разлік быў на тое, што не маючы пад рукой плаўсродкаў, паморская пагоня не зможа хутка з’явіцца, ― ім патрэбна некалькі дзён, каб прыгнаць да Жулаваў значную колькасць ладдзей. За гэты час яцвягам трэба паспець адысці за Вістулінскую Касу, якая працягнулася вузкай і доўгай паласой ўздоўж узбярэжжа, ужо прускага, утвараючы вялікі заліў. Менавіта ў гэты заліў упадае самы ўсходні рукаў Жулаваў ― Ногат, куды, напэўна і павялі свае дракары варангі пасля сутычкі на Вістуле. Там, недалека ад упадзення Ногата ў мора, знаходзіцца і іх умацаваны гарадзен Труса. Так што існавала верагоднасць другой нежаданай сустрэчы з дракарамі ― ў заліве. Толькі дасягнуўшы паўднёвага берага, пры тым як мага далей ад упадзення Ногата, можна было разлічваць на дапамогу прусаў, бо бліжэйшыя з іх былі у звязе з варангамі, альбо проста падпарадкаваныя ім. Трывожыў таксама моцны вецер з боку мора. Яны бадзяліся па мелкім рукавам і топкім балотам, пакуль не намацалі Смелую Вістулу – адну з асноўных праток, якая не блудзіла, як Лянотва, а ішла напрасткі.

Гуд прыбоя пачулі нашмат раней, чым убачылі мора. Хвалі, нібыта магутныя ўздыхі раз-пораз, няўмольна зыходзілі з самога марскога нутра на пясчаныя мелі ўзбярэжжа. Для яцвягаў і дрыгавічоў яны не прадвесцілі нічога добрага. Чым бліжэй падплывалі да мора, тым больш шырокім рабілася рэчышча Смелай Вістулы, па якім гулялі хвалі з пеннымі баранчыкамі на грабянях. Першая ладдзя ўдарамі вёсел рашуча была накіраваная на выхад да вялікай вады, пераадолела адну высокую хвалю, другую, а трэцяя яе перакуліла. Людзі і паклажа вываліліся ў ваду. Прыйшлося прыставаць да берага і чакаць. А тут яшчэ пайшоў халодны дождж. Ён хвастаў па бартах ладзей і чоўнаў, па адзежы і па тварах. Як ні хаваліся, хутка ўсе змакрэлі наскрозь і былі вымушаны вяртацца назад у хмызы, дзе вецер дзьмуў трохі слабей.

Комат разумеў, што чакаць нельга, бо памаране на вялікіх марскіх ладдзях могуць прайсці па такім хвалям. Ён выслаў конную выведку па берагу і ўлева, адкуль трэба было чакаць пагоню, і ўправа, куды ім трэба было рухацца, на пратоках выставіў дазоры і загадаў рыхтавацца да сухапутнага перасоўвання. Хутка правая выведка вярнулася:

― Куніг! Недалека ад месца выхада Смелай Вістулы у моры знаходзяцца мноства пясчаных выспаў, ― дакладаў змакрэлы, як і ўсе, выведнік, ― яны даюць ветравы цень, і там можна было б на ладдзях плыць!

Тады Комат адправіў некалькі чоўнаў уверх па плыні Смелай Вістулы, каб пашукалі адыходзячыя рукавы, якія ўпадалі б у мора насупраць гэтых выспаў. Неўзабаве чоўны вярнуліся:

― Куніг! Мы адну такую пратоку знайшлі, але яна мелкая, не для ладдзей.

Комат доўга не думаў:

― Трэба ісці туды на плытах і чоўнах. Ладдзі хай яшчэ пачакаюць. Калі вецер не сціхне, прыйдзецца цягнуць і іх па гэтай пратоке, хоць бы па дну кілямі.

Тым часам звечарэла. Дождж паціху скончыўся. Чоўны і плыты пацягнуліся да выведанай пратокі. Іх пераводзілі ўсю ноч.

Пад ранак і вецер паволі сціх. Хвалі гойсалі яшчэ нейкі час, але неўзабаве пачалі змяншацца. Першыя ладдзі адважыліся выйсці ў мора. Ім гэта ўдалося, і яны хутка апынуліся пад ветравым ценем выспаў. За імі ужо больш смела пайшлі астатнія. Апоўдні з малой пратокі ў мора пачалі выходзіць і чоўны з плытамі. Усе плылі недалёка ад берага, бліжэй плыты і вяртлявыя чоўны, і трыху далей махалі вёсламі ладдзі. Траціна войска, а таксама палонныя, ішлі па берегу каля самай вады і на доўгіх вяроўках дапамагалі веслярам цягнуць непаваротлівыя плыты, ім часам выпадала пераходзіць ўброд пратокі, якія ўпадалі ў мора.

Дрыгавічы падзяліліся і перамяшаліся з яцвягамі. Конныя рухаліся берагам. Другія апынуліся на ладдзях і плылі па адкрытаму мору. Трэція дзідамі і доўгімі тычкамі ўпіраліся ў дно і пхалі плыты. Паміж імі ўсюды снавалі чоўны.

Скіба ў складзе коннага войска ехаў сярод другіх па пясчанаму берагу. Вялікія шэрыя вочы выратаванай жанчыны стаялі перад ім. Колькі ў іх адчаю і смутку! Што чакае яе і дзяцей? Рабства і нядоля. Вунь колькі іх, няшчасных памаран, што трапілі ў палон, цэлы натоўп. Жанчыны, старыя, дзеці. Чым яны прагнявілі сваіх багоў?

― Гэй, Скіба! ― перарваў гэтыя разважанні Канабрат, які пад’ехаў збоку, ― ты мне растлумач, што здарылася са мной ў тым пералеску.

Скіба паглядзеў на Канабрата. Галава ў таго была туга сцягнутая павязкай.

― Хто мяне гэтак па галаве смальнуў? ― дапытваўся ён, ― Ніколі не бачыў, каб столькі знічак с неба падала! Да гэтай пары ў галаве гудзіць.

― Я гэта! ― коратка адказаў Скіба.

― Што?! ― Канабрат ад нечаканасці турзануў лейцы, ягоны конь адскочыў у бок, але тут жа быў утаймаваны нацягнутымі цуглямі, ― Але навошта!?

Нечакана для сябе Скіба пад’ехаў шчыльна да Канабрата і нягучна, але цвёрда прамовіў:

― Я не раю табе нават набліжацца да гэтай кабеты!

― Ах, вось яно што?! Дык ты з-за бабы ледзь не забіў мяне?!

― Каб хацеў, то забіў бы.

― Скіба, мы ж з табой сваякі!

― Цмок ненажэрны табе сваяк! Навошта кроў льеш, дзе не трэба?

― Дык мы ж на вайне, Скіба! І гэта ж ворагі!

― А калі на вайне, то не трэба чалавекам быць? Ідзі ў бітву, там забівай ворага, будзе табе гонар і хвала. А ты з дзецьмі і старымі ваюеш. Звер ты, Канабрат!

― А ты мяне бітвай не папракай, я ў карчах не адседжваюся. На вайне і трэба зверам быць! Дзівак ты Скіба! ― і Канабрат прышпорыў каня, дасылаючы яго ў галоп.

Скіба з гаркатой падумаў, што нажыў ворага ў асобе сваяка, з якім вырас разам, і сябраваў дагэтуль.

Сонца выглянула з-за хмар і адразу пачало апускацца ў мора. На змярканні ўсе выйшлі на бераг. Вечар быў цеплы, вярнулася лета.

Палілі вогнышчы, сушылі адзёжу, харчаваліся. Дрыгавічы сабраліся разам ― дружыннікі Волада і дабраахвотнікі. У круг выйшаў Віхура з вялікім рогам медавухі ў руцэ:

― Сябры! Вайна ёсць вайна! Кагосьці богі берагуць, кагосьці не надта. Мы не далічваемся ўжо амаль дзесятка нашых вояў. Жадан і Калода з Медзвядзёў, Апара з Перуновай Старыцы, Пляскач і Бакан з Вусьця, Везнюк з Руды, а таксама дружыннікі Балыш, Грэсь і Лапіч. Усе яны загінулі, як сапраўдныя мужы, са зброяй у руках, у бітве. Шкада, што іх няма ўжо сярод нас, бо былі яны добрымі воямі. Але такая іхняя доля – загінуць са славай, а нашая ― жыць і ваяваць без іх. Дык вып’ем жа за памін загінуўшых! Слава героям!

― Слава! Слава! ― падхапілі дрыгавічы і прыклаліся да кубкаў.

Потым спявалі свае цягучыя дрыгавіцкія песні, успаміналі пра загінуўшых сяброў і пра свае сем’і, ад якіх так далёка сышлі.

Скіба і Канабрат сядзелі ў розных месцах і імкнуліся не глядзець адзін на другога.

59
{"b":"822260","o":1}