― Турыйск…
Трывога павісла ў паветры, потым з’явіўся агонь і дым. І не стала гарадзена. Замільгацеў час. Ізноў той жа груд, на ім поле з калючай пожняй. Нёман намнога ніжэй, нібыта адпіхнуўся ад высокага берагу. Там, дзе калісьці віравала плынь, цяпер квітнеў поплаў з вялікаю ямаю, зарослай густою травой. У бераг утыркнуўся нейкі дзіўны востраносы човен. На груд падняліся муж і двое мальцоў са светлымі галовамі. Яны ходзяць, уважліва ўглядаючыся ў глебу пад нагамі. Вось старэйшы калупнуў зямлю ботам, нагнуўся і падняў плоскі гліняны аскепак . Потым другі, трэці, і яшчэ, і яшчэ. Амаль на кожным кроку трапляліся рэшткі збанкоў, місак, гладышоў, спаткаліся пакрытыя знутры светлаю эмаллю. Мальцы падышлі да дарослага. Ён ім штосьці тлумачыў, паказваючы рукамі ў розных кірунках.
― Дык гэта ж тое месца, дзе стаяў гарадзен, а цяпер віднеецца толькі ўзаранае поле! ― зразумеў Воўч, і ў галаве яшчэ раз пранеслася:
― Турыйск...
Потым усё змяшалася і кудысьці прапала…
― …Воўч! Воўч! Што з табой? ― Ежка турзаў сябра за каўнер, ― На цябе страшна глядзець, увесь мокры і крывішся тварам!
Воўч хутка прыходзіў у прытомнасць. Ён падхапіўся і сеў:
― Не бойся, Ежка. Гэта здараецца са мной. Толькі другі раз не будзі. Лепей, каб я сам апрытомнеў. Так мне дзед Ястр казаў.
Потым ізноў былі зборы і плынь ракі. Нёман асабліва мудрагеліста круціўся на гэтым адрэзку, задаўшы грабцам цяжкую працу, асабліва на плытах, хоць Комат і дадаў туды людзей. Час перайшоў за поўдзень, калі свавольная рака які ўжо раз павярнула да сонца, і яно свяціла проста ў вочы, а з левай рукі прастора ўсё адкрывалася. Высокі хваёвы лес адыходзіў далей ад берага, шырока расхінуўшы рачную даліну з нізкімі берагамі, парослымі дзе хмызамі, дзе ядлаўцом, часам да самай вады падыходзілі цяністыя ўтульныя дубравы.
― Няўжо ж паплывем назад, на ўсход?!
Не, гэта Шчара імкліва ўлівала свае моцныя струмяні ў Нёман, разам з тым паварочваючы ягонае рэчышча ў патрэбным для падарожнікаў накірунку.
Сонца яшчэ было высока, але Комат загадаў спыніцца. Трэба было выпусціць коней, каб тыя супакоіліся на цьвёрдай глебе ад хваляванняў цяжкага дня. Прысталі да берага перад самым упадзеннем Шчары, ў прыгожай дубраве на поплаве, дзе магутня дрэвы вольна стаялі сярод густой высокай травы, дзе-нідзе вышчыпанай турамі. Воўч з Ежкам пабеглі купацца. Яны пырскалі ваду на Шэрага, які не жадаў мачыць лапы і брахаў на хлапцоў, трымаючыся на беразе…
Раніцай, калі ўсе загрузіліся і засталося толькі загнаць на плыты коней, Комат загадаў чакаць. Ішоў час. Ніхто не разумеў, навошта куніг марудзіць, ды неўзабаве на Шчары, вышэй па плыні пачуліся галасы і паказаліся новыя плыты і ладдзі. Да атраду Комата далучыліся яцвягі племені Скрундзя, што сядзелі на берагах гэтай ракі і яе прытоках.
― Заганяй коней! Адыхо-одзім!
Гэтым днём быў зусім кароткі пераход. Яны спыніліся каля яцвяскага паселішча, што стаяла на крутым беразе пры ўпадзенні яшчэ аднаго буйнога прытоку Нёміня ― ракі Зэльвы, якая мала саступала па моцы Шчары.
― Гэй, мальцы! Хадземце штосьці пакажу цікавае! – звярнуўся да Воўча з Ежкам дзядзька Чмель.
Стары прывёў іх на абрывісты бераг, адкуль добра было відаць вусце прытока.
― Глядзіце ўважліва, якая розная па колеру вада ў Зяльве і ў Нёмане.
Сапраўды, гэта было дзіва. Светлыя зеленаватыя струмяні Зяльвы ўліваліся ў больш цёмныя карычневыя воды Нёмана. Яны не адразу змешваліся і доўга плылі побач рознакаляровымі палосамі, і толькі дзесьці перад дальнім звароткам граніца між імі пачынала размывацца.
Падвечар да падарожнікаў прыйшлі з мясцовыя яцвягі. Яны прынеслі свежую ежу, каб пачаставаць куніга, але той разпарадзіўся аддаць усё да агульнага стала. За дарослымі прыбеглі і чацьвёра юнакоў. Яны былі апранутыя па-вайсковаму – у шкуры з ваўчынымі галавамі замест шаломаў, у руках у кожнага суліца. Падыдучы да Воўча і Ежкі, запыталі:
― Гэта праўда, што вы дрыгавічы?
― Так, дрыгавічы, ― адказаў Ежка.
― Тады давайце ваяваць!
― Я вам зараз паваюю! ― пачуў іхнюю гаворку Комат, ― вы што, пра замірэнне не чулі?
Яцвяскія юнакі засаромеліся куніга, ды ненадоўга:
― Тады давайце спаборнічаць.
― Давайце, ― адразу згадзіўся Ежка, ― але ў чым?
― Будзем кідаць суліцы, ― адказаў камлюкаваты юнак, відаць, іхні завадатар.
― Згода. Ува што кідаем? ― запытаў Воўч.
― Хацеў бы ў тваю башку, але прыйдзецца ў дрэва.
― А ты павесь на дрэва гэтую башку, што ў цябе на галаве, ― прапанаваў Ежка, паказваючы на ваўчыны даспех.
― Нельга, гэта табе не пудзіла, ― з крыўдай адказаў юнак, і шчыльней нацягнуў на сябе шкуру.
Малады ваяр зрабіў сякерай на ствале дуба вялікую зарубку:
― Вось вам мэта. Кідайце.
Кідалі доўга. Траплялі і прамахваліся. Спрачаліся, хто лепшы, але яўнага пераможцы не было.
― Тады давайце дужацца, ― прапанаваў камлюкаваты, і тут жа напаў на Воўча. Воўч спачатку спрытна абараняўся, а потым знайшоў момант і паваліў суперніка. Астатнія кінуліся на дапамогу свайму завадатару, Ежка таксама не застаўся ў баку.
― Гэй! Чацьвёра на дзвух?! ― Роздум, умяшаўся ў сутычку і пачаў раздымаць барацьбітоў.
― А ты ішоў бы да дарослых, якая табе справа?! ― пракрычаў завадатар. Знянацку яны накінуліся на Роздума і звалілі яго з ног. Воўч з Ежкам ірвануліся на дапамогу і пачалася звалка не на жарт. Ачухаўшыся, Роздум згроб дваіх і адкінуў у бок. Астатнія адступілі, бо Ежка і Воўч таксама не паддаліся.
Ваяры назіралі за гэтай валтузнёй і рагаталі.
Роздум даў пстрычку камлюкаватаму і пайшоў па сваіх справах. Юнакі паселі, яцвягі насупраць дрыгавічоў, пераглядваліся з-пад ілбоў і адсопваліся.
― Гайда купацца, ― падхапіўся камлюкаваты, і ўсе разам пабеглі да ракі.
Да заходу сонца яны здружыліся, пазнаёміўшыся па імёнах.
Камлюкаватага звалі Ганарат.
…Яшчэ перад ўпадзеннем Зэльвы Нёман выпрастаўся, і пакаціўся на захад, толькі часам выпісваючы павольныя вялікія лукі, якія не надта напружвалі грабцоў. Так бы плыць ды плыць. Але ж не! Наблізілася вусце Росі.
― Ну вось! Скончылася лёгкае падарожжа, ― задуменна прагаварыў хтосьці з яцвягаў, ― цяпер пачнуцца пакуты.
Ладдзі і плыты ўваходзілі ў прыток. Мела быць плаванне ўверх па плыні. За вёслы і тычкі ўзяліся ўсе. Добра, што шырыня і глыбіня ракі пазвалялі пакуль што прасоўвацца паміж балоцістых берагоў без асобых перашкод. Толькі вось напрамак рэчышча быў занадта мудрагелісты і выпісваў такія завітушкі, што кружылася галава, і часам здавалася, што няма руху наперад, а толькі мітусня па зарослай чаротам даліне на адным месцы. Галасы весляроў, ледзь перакрываючы бесперапынны птушыны гоман, чуліся з усіх бакоў. Ветру не было, і над далінай навісла спякотнае марыва. Раз-пораз бляяў высока над галовамі бэкач.
― Хіба нас зачараваў Балотнік, ― прамовіў Ежка.
Неўзабаве прайшлі месца, дзе рака Воўпа папаўняла сваімі водамі Рось, і вышэй па плыні тая адразу стала вужэйшая.
Яны рухаліся без перапынку па добра дагледжанай рацэ, няўмольна прасоўваючыся на поўдзень, як раптам проста перад першай ладдзёй, дзе знаходзіўся Комат, з трэскам завалілася папярок русла вялікая альха, за ёй яшчэ некалькі. У гэты ж момант у борт утыркнулася і задрыжэла страла. Ваяры хуценька выставілі шчыты. Заднія павярнулі да берагоў і застапарылі ход, упёршы вёслы і тычкі ў дно сярод прыбярэжнага чароту. Павісла напруджаная цішыня. Комат углядваўся ў берагі, але нікога не бачыў.
― Гэй! Хто вы? І чаго хочаце, Пяркун вас забі!?
Праз нейкі час з зарасніку пачуўся адказ:
― Мы яцвязі з Валкавыі! Раім вам прыбірацца адсюль, пакуль не позна!
― А ці ведаеце вы, колькі нас? ― запытаў Комат.
― Ведаем! Для кожнага знойдзем стралу, як не адмовіцеся ад сваіх намераў!
― Што вы ведаеце пра нашыя намеры?!
― А што тут ведаць? Хочаце здабыць нашае дабро, але атрымаеце стрэлы ды суліцы пад рэбры!
― Нам не патрэбнае вашае дабро! Мы ідзём да Нарава. А хто ваш куніг?