Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Жыццё — штука складаная… — Ён здзівіўся, які ў яго хрыплы голас. Загаварыў галасней: — Не заўсёды зразу можна знайсці правільнае рашэнне… Я, канешне, не раз памыляўся. Але я ніколі,— голас Апейкі пацвярдзеў,— не патураў ворагу. І тым больш не змыкаўся з ім, як тут стараўся пераканаць таварыш Галенчык. Такім жа безадказным лічу я i абвінавачванне мяне ў правым ухіле, якое таксама ж блізка да ісціны, як i іншыя. Калі я памагаў каму-небудзь з тых, у кім сумняваецца таварыш Галенчык, то таму, што лічыў, што гэтыя людзі могуць быць карысныя нам. І лічыў подлым таптаць людзей, якія хочуць жыць пановаму. Нават калі гэтая дарога была для ix не простая… Я ведаў, што знойдуцца дзеячы, якія прычэпяць адзін з тых ярлыкоў, якія тут начапілі, але лічыў трусасцю рабіць наперакор свайму партыйнаму сумленню… Я i далей буду рабіць так, як падказвае мне партыйнае сумленне. Не азіраючыся на выкрыкі тых, у каго кульгаюць ці разважнасць, ці, можа быць, сумленне…

— Вы каго маеце на ўвазе? — загарэўся Галенчык.

— Я сказаў усё, — зірнуў Апейка на Белага.

— Будзем галасаваць… — Белы ўстаў, як бы даючы зразумець важнасць хвіліны, памаўчаў.— Хто за тое, каб таварыша Апейку Івана Анісімавіча аставіць у партыі? — Ён сам, першы ж, падняў руку. За ім падняў руку Беразоўскі.— Двое… Хто — супроць?.. Адзін… Такім чынам, большасць — "за"…

Ледзь Белы аб’явіў рашэнне камісіі, не чакаючы, калі сціхнуць воплескі, Галенчык папрасіў слова:

— Я лічу гэтае рашэнне няправільным. Лічу, што камісія ў даным выпадку праявіла палітычную блізарукасць i апартунізм. Я пераканаўся ў гэтым яшчэ раз, слухаючы выступленне Апенькі,— у якім ён не толькі не прызнаў сур’ёзных палітычных памылак, a заявіў, што будзе так жа дзейнічаць i далей. І ў якім ён назваў усіх, хто ідзе прама, трусамі i дурнямі… І я далажу пра гэта вышэйстаячым інстанцыям. Для адпаведнага вываду. — Ён зноў абвёў залу, перш чым сесці. Ён быў упэўнены, што не ўсё кончылася.

4

Поўны хвалявання, думак, Апейка нібы праз завалоку бачыў, як чысцілі трэцяга, Харчава. Паўнацелы, шыракагруды — аж гімнасцёрка як не трашчала, ён стаяў прама, па-вайсковаму, гаварыў коратка, голасна, трымаўся вельмі спакойна. Спакой на яго бураватачырвоным твары, ва ўсёй моцнай постаці быў i тады, калі пачалі чытаць запіскі. Запісак было нямала, i большасцю — нядобрыя. Што п’е часта; што грубы з людзьмі; што без прычыны арыштоўвае людзей.

Харчаў гаварыў: "Што выпіваю часам — гэта праўда. Не адмаўляюся. Але ніякіх парушэнняў па службе з-за гэтай прычыны не было i не будзе. Я выпіваю ў свабодны ад службы час. Калі б я ні піў, я ніколі не прапіваў памяць. І тым больш — сумленне. Я заўсёды помню пра свой абавязак i заўсёды магу выканаць любое паручэнне… Я адмятаю, як паклёп, — голас яго падужэў, пацвярдзеў,— што я — грубы з людзьмі.— Ён перасіліў гоман у зале. — Я, канешне, рассусольваць не люблю, але з людзьмі невінаватымі я гавару вытрымана i ветліва. Я грубы з тымі, з кім трэба быць грубым. Са ўсякай контррэвалюцыйнай сволаччу i спекулянцкай нечысцю. У мяне такая работа… Мне даручана глядзець за ўсякай нечысцю, ахоўваць ад яе савецкую ўладу ў раёне. І савецкі парадак. І я ахоўваю. Не цырымонячыся з тымі, хто падкопваецца пад наш парадак. Я не цырымоніўся i цырымоніцца не буду!.."

"Ну, а што вы скажаце на тое, што вас абвінавачваюць у незаконных арыштах?" — нагадаў Белы.

"Я скажу так, што незаконных арыштаў не было. — Харчаў адужаў гоман у зале: — Гэта паклёп. Калі трэба, я гатоў хоць сягоння даць поўны адказ адпаведнай камісіі. На кожны факт арышту, на кожную меру Аб усіх мерах я дакладваю ў адпаведныя органы. Ніякага самаўпраўства я не дапускаю. — Мабыць, таму, што ў зале гаманілі нядобра, ён дадаў яшчэ цвярдзей: — Усе арышты былі таму, што былі контррэвалюцыйныя дзействія! І пакуль яны, такія дзействія, будуць, мы будзем прымаць неабходныя меры!.."

Гайліс дапёк Харчаву так, што бура-чырвоны твар Харчава стаў барвовы. Спачатку за выпіўку: "Піць на такім пасту ёсць самае вялікае злачынство!", "Чалавек, каторый п’ёт, не можэт не згубіць совесць! І не можэт заўсёды віконаць любое заданне!". Потым за грубасць: "Товарыш Харчэў не верыт іншы раз не толькі простый селянін, але i савецкі актыў, партыйцам не верыт. Сам сабе толькі верыт!.. Поэтому ў товарыш Харчэў ёсць памылкі! Незаконныя арышты! Ві жэ незаконно арыштовывалі грамадзянку Сарока з Курані! Bi выпусцілі скоро, но ві жэ — арыштавалі! Почэму жэ ві гаворыце: незаконных арыштаў не біло!"

За Гайлісам выскачыў ліслівы Зубрыч, заступіўся за Харчава: Харчаў выключна адданы справе, прынцыповы бальшавік!

Потым падтрымаў Харчава Башлыкоў, які зноў трымаўся з гаспадарскай упэўненасцю. Заявіў, што Харчаў працуе ў самым цесным кантакце з райкомам, ніякіх фактаў злоўжывання сваімі правамі не дапускаў. Пахваліў Харчава як члена бюро: справядлівага, сумленнага, актыўнага. У самых складаных i важных справах ніколі не быў убаку, удзельнічаў заўсёды адкрыта, прынцыпова, па-партыйнаму…

Доўга, крыкліва тлумачыў значэнне працы Харчава Галенчык, які, аказалася, мог быць i шчодры на хвальбу. Горача маляваў ён тым, якія сядзелі ў зале, воблік адданага, строгага, але справядлівага бальшавіка, якому выпала на долю такая цяжкая i слаўная праца. Апейка бачыў, як Харчаў, па-свойму праўдзівы, непрыхільны да напышлівых слоў, няёмка крывіўся ды адварочваўся ад Гапенчыка…

Выйшлі на вуліцу пад раніцу. Неба шарэла. Было вельмі холадна: гразь узялася храпаю. Апейка разы тры спатыкаўся. "Пара б ужэ снегу быць… Штоб не пашкодзіла азімыя…" Ішло спачатку побач некалькі чалавек, потым асталіся ўдваіх. Харчаў, які таксама маўчаў, раптам плюнуў:

— Ну i гніда ж гэты крыкун! Ці ганіць, ці хваліць — бляваць хочацца…

Апейка не сказаў нічога. Разам дайшлі да хаты, разышліся кожны на свой ганак.

Па тым, як хутка адчыніла дзверы жонка, Апейка зразумеў, што яна не спала. Можа, таксама была на сходзе…

— Была? — стомлена зірнуў ён на яе, навячэраўшы.

— Была… Усё, як трэба было чакаць… — здагадалася яна.

Калі лёг, пачуў, як стаміўся. Пачуў, якую небяспеку перажыў. "А што, калі б — не Белы, не Беразоўскі?.. Хто-небудзь яшчэ… пад Галенчыка… ці — без характару… Ды i так — ці ўсё яшчэ кончылася?.. Гразіўся — у "вышэйстаячыя інстанцыі"!.. Гніда, праўда!.. Прыпомнілася: "Ці можа займаць адказны савецкі пост чалавек, які звязаны з кулакамі?.." Хто гэта пісаў? Ці мала ix, мала каму ён насаліў!.. І вось жа, таксама ўзяў удзел у чыстцы!.. A Гайліс! Гайліс! Упарты латыш!.."

Разам — дужасцю — адагнаў думкі. Што б ні было i што ні будзе — трэба працаваць! Працаваць, працаваць!.. Час пакажа, чыя праўда! Праўда скажа сваё!..

Раздзел пяты

1

Збоку паглядзець: звычайнае жыццё ішло ў хаце. Яшчэ далека да золаку саскоўзвала з ложка матка, пачынала корпацца пры печы. У водсвеце чырвонага полымя з печы мыла картоплю, ссыпала ў чыгун, налівала вады. Лупіла картоплю на дранікі, спраўна, мерна чыркала па тарцы. Дзед таксама не спаў; доўга, душачыся, кашляў на печы, спусціўшы ногі, курыў люльку, думаў нейкую вечную сваю думу. Пакурыўшы, даставаў падсохлыя, цвёрдыя лапці, цёплыя анучы, з крэктам абуваўся. Стукалі дзверы, i дзед надоўга прападаў на двары: Васілю можна было паляжаць трохі, калi дзед уставаў

Але Васіль не залежваўся. Не так клопат, як звычка i сумленне ўздымалі — таксама абуваўся i выходзіў у сцюдзёную ранішнюю цемрадзь глядзець гаспадарку. Рыпеў журавель, плёскалася ядраная вада ў вядры, i хроп цяплом конь, радуючыся сустрэчы. Пачынаў нязменна з каня, потым ужо ішоў у загарадкі да каровы, да авечак, паіў, падкідваў сена, саломы. Часта вядро свежай вады прыносіў у хату, зачэрпваў першы карцом, плюхаў на рукі, апалоскваў твар… Рана, яшчэ поцемку, будзіла матка Валодзю: дарога чакала няблізкая, пакуль дападзе да тых Алешнікаў, да школы. Калі яна катурхала, Валодзя найчасцей толькі скурчваўся ды залазіў глыбей пад коўдру; тады матцы памагаў нецярплівы i строгі Васілёў загад:

70
{"b":"205308","o":1}